Узыход на вяршыні

(Трохі лірыкі аб мастаку)

Мастаку Георгію Паплаўскаму прысуджана індыйская прэмія імя Джавахарлала Нэру. Ён адкрыў Індыю вачам беларускага гледача, а пасля «заваяваў» Індыю, сэрца Індыі сваімі рукамі, рукамі аднаго з найлепшых графікаў Беларусі (як пра аўтара карцін мы тут пра яго казаць не будзем).

Чаму так здарылася. Мне здаецца, не толькі таму, што ён талент і псіхолаг, што ён умее бачыць, а і таму, што рукам ягоным дапамагаюць ногі нястомнага падарожніка. Хаду гэтых ног адчувалі не толькі дарогі Беларусі, але і дарогі Кубы, Аўстраліі, Фінляндыі, шматлікіх іншых краін і вось, урэшце… Індыі.

Ён усё жыццё нібы шукаў сябе. Аджывалі пад яго рукой і ніколі ім не бачаныя людзі старажытнага Полацка, казачныя дзяўчынкі з мудрымі варонамі, умоўныя, але якія ж жывыя «Дзяды і бабы». І людзі Трасцянца, і партызанскія лагеры.

Ён дужа розны на гэтых шляхах. Часам гэта яму шкодзіла. Гэта розныя мастакі. Паплаўскі казачнік («Лясны бацька»), Паплаўскі марскі («Аснастка трала»), той, які «страшыць» («Варатар»), суровы ў ваенных рэчах («Брэст. 1941»), млявы («Чэрвень»), бязмежна гаротны і пагрозны (цыкл «Трасцянец»). Я нават сяк-так, з вялікаю нацяжкай, мог бы падшукаць аналогіі. І ўсё ж паўсюль ён — гэта ён. А розны ён таму, што ўсё жыццё шукае і шукае, што нягледзячы на свае сорак тры, ён расце. І будзе расці ўсё жыццё, колькі яму яго ні адпушчана. Таму што аднастайна акадэмічным яго ўвогуле ўявіць сабе цяжка.

І яшчэ Паплаўскі космасу. Не таго, які бачылі касманаўты, а таго і сённяшняга, і заўтрашняга, і космасу такога далёкага дня, што мы яго не можам уявіць, бо нават самае смелае ўяўленне будзе здавацца абстрактным. Пачынаючы ад «Ікара», які лунае, як перыйка пад чорным сонцам, над сучаснымі небаскробамі, ад труб Бюракана, нацэленых у неба, — і далей, і далей…

У 1971 годзе ногі занеслі Паплаўскага на пыльныя і бетонныя дарогі Індыі, да яе вялікіх гарадой, малых гарадоў і вёсак. Пасля гэтай паездкі з’явілася шмат малюнкаў, літаграфій, афортаў і акварэляў. Гэта і быў «Індыйскі дзённік» мастака.

Каму ж, як не яму, было даць для ілюстравання старажытную (VI? ст.н.э.) кнігу табільскіх двухрадкоўяў, якія прыпісваюць Валювару, кнігу «Цірукурал».

Вось яна. Ажно рукі лашчыць. І вочы. Сінявою і золатам вокладкі, бледна-бледна зеленаватым фонам ілюстрацый, плаўнасцю і акругласцю лініі, сапраўдным, непадробна-індыйскім каларытам таго, што стварыў мастак.

«Ува ўсёй сусветнай літаратуры наўрад ці можна адшукаць збор афарызмаў, роўны гэтаму па высокай мудрасці», — сказаў Альберт Швейцэр. І сапраўды, гэта праведнасць, мудрасць, любоў.

Ці лёгка ілюстраваць такое? Дужа цяжка. Але мастак справіўся. Брахманы, гандляркі, танцоўшчыцы, жанчыны з ношаю, словам, усе дрэвы праведнасці, кобры мудрасці і паўліны кахання, уся шматаблічкая Індыя.

Пачынаюцца індыйскія лісты. Сам Паплаўскі так сказаў пра іх: «Індыя не толькі сонца, не толькі фарбы, рытмы, песні. Індыя не толькі… мудрасць і воля, узвышанасць і мужнасць, мінулае і будучыня — вобраз Індыі, вобраз Зямлі і Чалавека, вобраз Пачуццяў і Веры вялікага народа. Мае работы — гэта роздум…»

Так, гэта роздум над Індыяй, над яе лёсам, праблемамі, над яе мастацтвам, над яе людзьмі, над тым, што яе чакае.

Партрэты. Не кажу пра майстэрства. Але, мяркуючы па «Рою Чаўндхуры», падабенства незвычайнае, нягледзячы на бегласць. І якое вернае спасціжэнне душы.

Але партрэты не галоўнае. Галоўнае — аблічча Індыі. Грандыёзныя «Бан’яны», у ценю якіх дрэмлюць буйвалы («Пад сенню Бан’яна», «Бан’ян»), і адчуваеш, якое гэта дрэва зялёнае, якая настоеная стагоддзямі цень пад яго кронай. Вёскі, дзе хаты падобныя на грыбы ці на старыя вуллі-калоды. Пальмы, што як ні пераломяцца пад цяжарам кроны.

І народ Індыі. Шматпакутны, за тысячагоддзі намучаны, як, мабыць, ніхто іншы, але горды і таленавіты, працавіты і высакародны. А ў гэтым і зарука таго, што з прыходам новых часоў ён пабудуе Шчасце.

Адчувальны звон цыкад, гандляры гаршкамі і шарамі, рыбакі, вясковыя тачыльшчыкі, ганчары. Уся гэта мнагаязыкая, стракатая, бедная і багатая, шумлівая і працавітая, гандлёвая (божа, якая таўкучка і гамарня — так, гамарня, хаця яе і не чуеш — на «Чайным базары ў Мадрасе»!) і думаючая краіна перад намі. І людзі яе не толькі «Соль Бенгаліі». Яны — соль зямлі.

Індыя!

Яе «Горы багоў», яе «Дажджы», да якіх жанчыны цягнуць зграбныя ломкія рукі, яе «Рытмы» і фарбы, яе лініі і гукі.

Цудоўныя рэчы! Не кажу ўжо пра работы жывапісныя, такія, як «Палёт белай птушкі». Сярод іх трапляюцца рэчы сапраўды высокага класа.

Так што мастак Георгій Паплаўскі законна і сумленна заваяваў высокую сваю ўзнагароду. На гонар сабе і на радасць Беларусі.

І таму няхай ён і надалей — і як мага надалей — працуе на яе гонар.

Таму што ён не толькі многа зрабіў для гэтага. Ён яшчэ і наблізіў да нас легендарую Індыю. Ідныю Паплаўскага.

А цяпер — нашу Індыю.

Упершыню — у кн.: Далягляды. — Мн.: Маст. літ., 1976.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 339 — 341.

Яндекс.Метрика