Дзмітрый Бугаёў — «Рамантычны рыцар чалавечнасці»

Цяпер у нас, мусіць, няма больш папулярнага беларускага пісьменніка, чым Уладзімір Караткевіч. Ён пражыў няпоўныя 54 гады (26 лістапада 1930 — 25 ліпеня 1984). З іх на актыўную мастацкую творчасць прыпадае тры дзесяцігоддзі. Не сказаць каб дужа багата. Ды і перашкод на мастакоўскім шляху Караткевіча было шмат. Бо яму, па словах Васіля Быкава, даводзілася пераадольваць «вялізнае супраціўленне начальства», якое заўсёды вельмі пільна, з насцярожанасцю прыглядаецца да самых таленавітых, адчуваючы ў іх найбольшую небяспеку для ўладатрымальнікаў.

Але Караткевіч паспеў сцвердзіць сябе і ў паэзіі, і ў прозе (ці не ва ўсіх яе мастацкіх жанрах), і ў драматургіі для тэатра, кіно і оперы, і ў публіцыстыцы, і ў крытыцы, і ў літаратуры для дзяцей, і як перакладчык. І ўсюды ён выступаў з бляскам, даючы не толькі добрыя, але і выдатныя рэчы. Ягоны пасмяротна выдадзены Збор твораў складаецца з дзесяці ёмістых кніг. Але і яны не ахопліваюць усяго, што напісаў гэты апантаны працаўнік, які ўяўляецца мне рамантычным рыцарам чалавечнасці. Такім ён быў і ў рэальным жыцці, і ў сваёй творчасці, хоць сам рашуча адмаўляў яе рамантычны характар.

«Я не пісьменнік рамантычнага складу. Хто хоча, каб я яго паважаў, — хай аддасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў», — настойваў пісьменнік у інтэрв’ю Т.Шамякінай. Аб гэтым жа гаварыў ён і ў сваіх запісных кніжках, і ў лістах да ўкраінскага сябра, празаіка Рамана Іванычука, і ў вусных гутарках-спрэчках з Вячаславам Адамчыкам, называючы сябе ў гэтым выпадку суровым рэалістам, але разам з тым сцвярджаючы, што і смерць трэба паказваць узвышана, прыгожа, а не так, як гэта робіцца ў Адамчыка, у ягонай, дадам ужо я, таксама выдатнай, але не рамантычнай, а сапраўды рэалістычнай прозе, дзе людзі не толькі жывуць, але і паміраюць звыкла, па-зямному, без прыгожага арэолу ў пісьменніцкай падачы чалавечай трагедыі. Агаваруся, што я не быў сведкам згаданай размовы двух мастакоў, а звесткі пра яе атрымаў ад Адамчыка ў час працы над артыкулам.

«Не рамантык я! Я — рэаліст. Я так бачу жыццё і пішу толькі праўду», — занатаваў яшчэ адно рашучае выказванне Караткевіча У.Калеснік. Гэты наш выдатны даследчык блізка сябраваў з пісьменнікам, дасканала ведаў яго самога і ягоную творчасць і таму пераканана сцвярджаў: «Караткевіч — рамантык ва ўсім, нават у катэгарычным адмаўленні рамантычнай прыроды свайго таленту». «Адмяжоўваючыся ад абрыджанага дагматыкамі рамантызму, паэт у душы і ў слове заставаўся ваяўнічым рамантыкам», — настойваў Калеснік.

І ён цалкам меў рацыю, бо «загвоздка» сапраўды была ў тым, як ідэалагічна закамплексаваныя савецкія тэарэтыкі трактавалі рамантызм. Яны разглядалі яго як нешта непаўнавартаснае, у лепшым выпадку, другараднае, ў параўнанні з рэалізмам. У артадаксальных песняроў нашай тагачаснай таталітарнай дзяржавы рамантызм і быў далёкім ад праўды жыцця, ператвараўся ў нястрымную апалагетыку тагачасных парадкаў ці ў сусальна-саладжавае праслаўленне так званай трэцяй рэчаіснасці, якую называлі рэчаіснасцю будучага, але справу падавалі так, нібыта яно, тое будучае, ужо стукалася ў дзверы да савецкага чалавека, бязмерна ашчасліўленага (калі верыць такім рамантыкам) жорсткім дыктатарскім рэжымам. Ад усяго гэтага і адхрышчваўся Караткевіч, пратэстуючы супраць таго, каб яго залічалі да рамантыкаў.

Абсалютна слушныя выказванні Калесніка пра Караткевіча як паслядоўнага і нават ваяўнічага рамантыка ў жыцці і ў літаратуры зроблены ў 1987 годзе ў артыкуле «Кантэкст несмяротнасці» (увайшоў у кнігу аўтара «Усё чалавечае». Мн., 1993).

Замежныя даследчыкі, над якімі і раней не было жорсткага цэнзурнага дыктату, без усякіх агаворак пісалі пра рамантызм Караткевіча яшчэ ў 70-я гады. Гэта, у прыватнасці, рабіў Вацлаў Жыдліцкі, вядомы чэшскі даследчык і перакладчык, які ў сябе на радзіме надзвычай актыўна прапагандаваў лепшыя творы беларускай літаратуры, найперш Караткевіча, Быкава, Брыля, Адамовіча. У сваім «Слоўніку пісьменнікаў Савецкага Саюза», выдадзеным у Празе ў 1977 годзе, ён пра Караткевіча напісаў: «Як гістарычныя, так і сучасныя сюжэты ён настройвае рамантычна, даючы перавагу ў першым выпадку класічнаму вальтэрскотаўскаму рамантызму, у другім — „неарамантызму“ з яго звычайнай доляй лірызму і казкавай паэтычнасцю».

Вельмі пэўная і зноў жа зусім слушная думка Жыдліцкага ў нас стала шырока даступнай дзякуючы А.Мальдзісу, які цытуе чэшскага даследчыка ў сваёй не проста надзвычай цікавай, а унікальнай кнізе «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча» (Мн., 1990). Мальдзіс жа абнародаваў і наступнае выказванне ўкраінскага акадэміка Л.М.Навічэнкі, які таксама выдатна ведаў і вельмі высока ставіў нашу літаратуру (на жаль, ён цяпер ужо нябожчык): «На першы погляд гэта дзіўна: запознена, у ХХ стагоддзі ў беларускай літаратуры з’явіўся свой Вальтэр Скот — у асобе Караткевіча. Але гэта не выпадковасць. Тут праявілася мудрасць літаратуры. Беларускай моладзі патрэбны быў прыклад, рамантызацыя мінулага». Ёсць у кнізу Мальдзіса і дакладнае разуменне таго, чаму рамантык Караткевіч адхрышчваўся ад рамантызму, ёсць канстатацыя, што «рамантызм Караткевіча даўно прызнаецца большасцю літаратуразнаўцаў». Здавалася б, усё пастаўлена на сваё месца.

Але ж і Мальдзіс у гаворцы пра Караткевіча-рамантыка ўрэшце не абышоўся без рэалістычнай падпоркі ягонага рамантызму. Так, сцвердзіўшы, што творы Караткевіча набываюць рысы рамантызму, даследчык тут жа робіць уступку сацрэалістычнай дагматыцы: «Будзённае, дакладнае, рэалістычнае ў іх (ад аповесці „У снягах драмае вясна“ да „Чорнага замка Альшанскага“ і „Маці ўрагану“) арганічна спалучылася з узнёсла-рамантычным, таямнічым».

Падкрэсленыя мною словы «дакладнае, рэалістычнае» ў разважанні Мальдзіса ідуць як вызначэнні аднаго роду. А мне ўяўляецца, што дакладнае і рэалістычнае ў мастацкім стылі не абавязкова тоесныя ці блізкія паняцці. Бо і рамантызм мае дакладнасць, але сваю, адметную, адрозную ад дакладнасці рэалістычнага пісьма. Пісьменнікі-рамантыкі не пазбягаюць цалкам і жыццёвай будзённасці, хоць і звяртаюцца да яе не вельмі часта і падаюць па-свойму, у рамантычным асвятленні. А.Мальдзісам гэта адзначана, а потым усё роўна зроблена рэалістычная падпорка, характэрная для абсалютнай большасці ўсяго, што публікавалася пра Караткевіча ў савецкія часы.

Шмат піша пра караткевічаўскую творчасць А.Верабей. Ягоная нядаўняя кніга пра пісьменніка «Абуджаная памяць» (Мн., 1997) шчодра насычана цікавым фактычным матэрыялам і ўжо атрымала грамадскае прызнанне. Яна адзначана Літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка як лепшая крытычная праца года. Але і ў кнізе А.Вераб’я застаўся непераадоленым стэрэатып пра сумесь у Караткевіча рэалізму і рамантызму. Прызнаўшы, што «Уладзімір Караткевіч — пісьменнік з выразна выяўленым лірыка-рамантычным талентам», даследчык і тут потым збочыў на старую каляіну: «Спалучэнне рамантычнага светаадчування з глыбока рэалістычным разуменнем рэчаіснасці з’яўляецца характэрным для яго творчага метаду».

Думаецца, што такое спалучэнне з-за сваёй прынцыповай унутранай супярэчлівасці ў сур’ёзных мастакоў калі і бывае, дык толькі як з’ява неарганічная, часовая, пераходная. Звыклым яно, гэткае спалучэнне, можа заставацца хіба што ў пасрэдных эклектыкаў, якія выдатных твораў не ствараюць. Праўда, гісторыя літаратуры і мастацтва ведае безліч прыкладаў, калі адзін і той жа мастак карыстаецца рознымі творчымі метадамі, ад адной стылістыкі пераходзіць да другой. Аднак робіцца гэта ў розныя перыяды ці ў розных творах, а зрэдку і ў межах аднаго твора, але ў яго розных выяўленчых пластах, кожны з якіх у добрых майстроў усё роўна захоўвае сваю адметнасць, сваю сістэмную ўнутраную цэласнасць.

Арыгінальны мастак Караткевіч і пачынаўся як рамантык, і заставаўся ім на працягу ўсёй сваёй творчасці. Бо рамантычнае светаадчуванне было для яго надзвычай арганічным, вызначала глыбінную сутнасць яго і літаратурных, і жыццёвых пазіцый. Толькі рамантык ва ўсім мог гаварыць так расчулена, з выключнай пранікнёнасцю, як гаварыў Караткевіч, звяртаючыся да прысутных на вечарыне, прысвечанай ягонаму 50-годдзю: «Сябры мае і сяброўкі! От няўжо вы думаеце, што я быў бы чагосьці варты без вас, якія сышліся сюды з большай ці меншай там кожны дозай сімпатыі да мяне. Мабыць, нічога не быў бы варты без вас, дарагія, без зямлі беларускай вялікай, без вялікага беларускага народа, без вялікай беларускай мовы. І таму дзякуй вам за тое, што вы ёсць. Дзякуй зямлі беларускай за тое, што я еў яе хлеб чорны, піў яе смачную ваду, дыхаў яе паветрам, паціскаў самыя верныя на свеце мужчынскія рукі ў дружбе, рукі нашых мужчын, і зрэдку шанцавала і мне цалаваць рукі самых мілых істот на свеце, нашых жанчын. Дзякуй вам, людзі!

Яшчэ раз, тысячу раз дзякуй вам!

Без вас я нішто».

* * *

Ужо самыя першыя вершы, з якімі Уладзімір Караткевіч выступіў у рэспубліканскім друку, вабілі менавіта сваёй рамантычнасцю (твор баладнага складу «Машэка», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», паэтычная інтэрпрэтацыя народнай прыкметы «Заяц варыць піва» і інш.). Апошні верш у свой час выклікаў шмат нараканняў з боку ахоўнікаў казёншчыны ў літаратуры. А Караткевіч і ў ім паказаў сябе выдатным майстрам. Асабліва хораша гучыць тут вельмі чалавечная канцоўка: «Павінна ж быць і ў зайца радасць // Перад халоднаю зімой».

Гэтыя і шэраг іншых вершаў склалі першую Караткевічаву кнігу з ёмістай назвай «Матчына душа» (1958). Тая кніга стала прыкметнай з’явай у нашай паэзіі. Перачытваючы яе цяпер, бачыш і пэўныя «шурпатасці» ў некаторых творах, нярэдкія моўныя агрэхі ў іх. Але вобразная шчодрасць «Матчынай душы», яе рамантызаваная выяўленчая яркасць захапляюць і сёння.

Для вяскоўцаў, мабыць, няма больш звыклай і ў гэтым сэнсе будзённай карціны, чым пакладзеныя восенню на страху для даспявання гарбузы. Караткевіч жа пра іх напісаў нязвыкла, усмешыста-рамантызавана:

«Да замілавання паўнакроўныя // Гарбузы, узятыя з грады, // Са страхі, як статак парсюковы, // Звесілі ружовыя зады» (верш «Дзеці»). У тым жа ключы і пра слівы з верша «Бабіна лета»: «І слівы сыта луснулі ў баках, // Аб’еўшыся і сонцам, і зямлёю».

Юнацкае захапленне жыццём у паэта-рамантыка б’е цераз край. І ён размаўляе з зорамі («І чуюць зоры клятву маю» — радок з верша «Стаю ўначы ў завіруху»), гатовы сваволіць з самім сонцам (здаецца, «падскочыў і сонца б сарваў», — гаворыцца ў вершы «Праменьчык») ці, зноў жа падскочыўшы, ухапіць за хвост самалёт, што «ляціць у глыб нябёс» (той жа верш «Дзеці»).

«Раска, як русалчына луска», — так рамантызуецца адна з прыкмет роднага краю ў вершы «Бацькаўшчына», дзе паэт, дарэчы сказаць, акрэсліў ужо вызначальную дамінанту сваёй творчасці. Нездарма ж верш заканчваецца радкамі: «Мой чароўны беларускі край, // Бацькаўшчына светлая мая!». Светлая найперш ад роснай травы і белых вяроз.

«Запісаць старыя паданні, // Усё, што думаў і што жадаў, // І легенды, што на кургане // Сумны явар мне праспяваў», — вось запаветная мара схільнага да рамантыкі паэта, выказаная ў праграмным вершы «Матчына душа», сагрэтым зноў жа вельмі моцным патрыятычным пачуццём. Асаблівага напалу яно дасягае ў баладзе «Паўлюк Багрым». Тут Караткевіч, як і ў шэрагу іншых твораў са зборніка «Матчына душа», ужо выходзіць на гістарычную тэматыку, якая з цягам часу стане для паэта пераважнай, самай істотнай. І наша гісторыя асэнсоўваецца як трагічная:

А ў краіне так цяжка
(Асіны ад ганьбы палаюць),
І над ёй фанабэрыцца
П’яны, разбэшчаны гун.
Як пры князі Ўсяславе —
Дзень вялікі, а луста малая.
Як пры князі Ягайле —
На кожную спіну бізун.

Абжыраюць удоў,
П’юць з гарэлкай сірочыя слёзы,
Тлустым задам расселіся
На паднявольнай зямлі,
На шлагбаумы мёртвыя
Пассякалі жывыя бярозы,
На шпіцрутэны гнуткія
Векавечныя вербы звялі.

У такіх строфах рамантычная паэтыка з яе схільнасцю да гранічных завастрэнняў дае максімальны эмацыянальны эфект.

Край сагнуўся ў спіне,
Край баіцца размовы пра волю,
Край згубіў сваю мову
І матчынай песні напеў…
Нельга верыць у бога,
Калі ён такое дазволіў,
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сцярпеў. [...]

Беларусь, прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..

працягваецца ў вершы маналог Багрыма. Але ён успрымаецца і як поўны горычы, болю і надзеі голас-кліч самога Караткевіча, які сваёй творчасцю з апантанасцю рамантыка будзіў нас ад рабскай пакорлівасці, уздымаючыся ў сваім будзіцельстве да самых высокіх мастацкіх вышынь, такіх, як у прарочай лірыцы Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.

Пасля «Матчынай душы» ў Караткевіча яшчэ выйшлі паэтычныя кніжкі «Вячэрнія ветразі» (1960) і «Мая Іліяда» (1969). Тут таксама шмат выдатных узораў вялікай паэзіі. Але мне, па неабходнасці адбіраючы нямногае, хочацца вылучыць сярод іх «Баладу аб трыццаць першым сярэбраніку», упершыню апублікаваную ў зборніку «Мая Іліяда». Перыёдыка, мусіць, не прыняла гэты верш з-за яго выразнай апазіцыйнасці ў дачыненні да тагачасных улад, якія заахвочвалі самыя амаральныя даносы, узводзілі іх у норму грамадскага жыцця і лічылі, што «крамольны» твор нязручнага аўтара, змешчаны ў кнізе сярод многіх іншых, не так кідаецца ў вочы, як у газеце ці ў часопісе.

Караткевіч у сваёй баладзе на ўсю моц біў якраз па даносах і здрадніцтве. Звярнуўшыся да шырокавядомай евангельскай гісторыі пра здраду Іуды Іскарыёта, які прадаў Хрыста за трыццацць сярэбранікаў, паэт ускладніў гэтую гісторыю дадаткам пра тое, што здраднік атрымаў і яшчэ адзін, трыццаць першы, сярэбранік, які пайшоў гуляць па свеце, творачы чорныя справы і пасля самагубства хрыстапрадаўцы. Больш таго, гэты трыццаць першы дынар нарадзіў асабліва каварнае здрадніцтва, бо яно прыкідваецца высакародствам, маскіруецца пад барацьбу за «наш гуманізм», хоць не грэбуе даносамі на сяброў, на сына, на бацьку і маці. Абагулены да сімвала здраднік, што аплочваецца трыццаць першым сярэбранікам, за доўгія гады свайго існавання асудзіў на пакуты мільёны сумленных людзей. «І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом… // Вось сядзіць… Вось ідзе… // Вось бярэ вашых дзетак на рукі… // Пнецца ў неба з трыбун… П’е гарэлку за вашым сталом. // Але выпадак дай — распаўзецца чумою па свеце, // Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў… // Дык чаму ж вы тады проста ў вочы яму не плюеце, // Не пінаеце гуртам у подлае рыла яго?!»

Адказ зразумелы: цяжка распазнаць такога здрадніка, які прыкідваецца дабрадзеем. Але ў людзей, развівае паэтычную думку аўтар, няма іншага выйсця, як нарэшце знішчыць «трыццаць першы пракляты сярэбранік», а шматаблічнага ў сваёй хітрасці падлюгу-здрадніка назаўсёды пахаваць «у свінцовай труне». Іначай чалавецтва само загіне. Так выказана мара пра знішчэнне здрадніцтва, мара максімаліста-рамантыка, які не жадае лічыцца з той неаспрэчнай рэальнасцю, што здраднікі на грэшнай зямлі невынішчальныя. Яны заўсёды былі сярод людзей і, відавочна, будуць да таго часу, пакуль існуе карыслівасць.

Сам верш у «Баладзе аб трыццаць першым сярэбраніку» моцна празаізаваны. Ён напісаны грувасткімі пятнаццаці— і шаснаццаціскладовымі радкамі. Але грувасткасць тут запраграмаваная. Яна заклікана падкрэсліць і фактурай твора, і яго эмацыянальным цячэннем цяжар здрадніцтва і складанасць задачы яго вынішчэння.

Кнігу паэзіі «Быў. Ёсць. Буду» (1986) Караткевіч яшчэ сам падрыхтаваў да выдання, але выхаду яе ў свет ужо не дачакаўся. А яна сёння ўспрымаецца як прарочая. Асабліва моцны прароцкі пачатак у загалоўным вершы:

Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
……….
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.

Гэты верш напісаны яшчэ ў 1976 годзе, а ўражанне такое, што паэт ужо ў ім развітваўся з сучаснікамі і таму падводзіў вынікі зробленаму, звяртаючы ўвагу на самае істотнае ў сваёй творчасці. І гаварыў пра ўсё з такімі раскаванасцю і безагляднай размашыстасцю, на якія здольныя толькі самыя апантаныя рамантыкі ў вырашальныя моманты жыцця.

Завершана кніга «Быў. Ёсць. Буду» паэтычнымі творамі, якія з’яўляюцца састаўной часткай рамана «Нельга забыць» (1962). Там яны, хораша спалучаючыся з празаічным тэкстам (сведчанне блізкасці паэзіі і прозы Караткевіча), ідуць як творы галоўнага героя Андрэя Гранкевіча, зноў жа рамантыка па натуры і паэта па жыццёвым прызванні.

Андрэй Грынкевіч — вобраз у многім аўтабіяграфічны (Караткевіч і прозвішча яму даў матчына, яшчэ дзявочае). Таму вершы, якія ў рамане выяўлялі пачуцці гэтага персанажа, былі разам з тым сапраўдным адбіткам душэўнага стану самога паэта. Вось чаму яны вельмі натуральна ўпісаліся і ў развітальны Караткевічаў зборнік «Быў. Ёсць. Буду», складанне якога паэт закончыў за няпоўныя тры месяцы да смерці, інтуітыўна, мусіць, прадчуваючы яе.

У сувязі з гэтай акалічнасцю канчаткова падсумавальнымі сталі паэтавы прызнанні з заключнага верша. Ён мае загаловак «Рагнарадзі». Гэта назва апошняй бітвы са скандынаўскага падання аб сканчэнні звыклага зямнога часу, калі «чалавецтву старому прыйдзе паўсюль канец», і наступіць эра такога жыцця, у якім усё перайначыцца, знікнуць няшчасці і войны. «І лёсам нашчадкаў будуць // Толькі кахання раны, // І толькі аднойчы мужчына // Пралье жыватворную кроў, // І шчасце будзе нясцерпным, // Бы ад зліцця з каханай, // Толькі не два імгненні, // А тысячы тысяч вякоў, // Пралескі спакойна будуць // Квітнець на светлым прадвесні, // А дзеці — гуляць жалудамі // Пасаджаных намі дубоў». Сярод тых прызнанняў перад гіпатэтычным знікненнем ёсць і такая паэтава самаацэнка: «Быў… рыцарам чалавечнасці». Вызначэнне дакладнае. Нездарма ж і Васіль Быкаў сваё жалобнае слова на пахаванні Караткевіча апублікаваў пад загалоўкам «Рыцар чалавечага духу».

Вяртаючыся да рамана «Нельга забыць», зазначу, што ў ім шмат месца займае каханне Андрэя Грынкевіча да Ірыны Горавай. Іх продкі, пра якіх расказана ў пралогу, мелі дачыненне да паўстання 1863 — 1864 гадоў. Адносна Грынкевіча ў пісьменніка былі на гэты конт важкія жыццёвыя аргументы. Бо Грынкевіч — гэта, паўтару, у многім сам Уладзімір Крарткевіч, які выводзіў сваю радаслоўную ад аднаго з паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Рабілася гэта на аснове сямейнага падання, якое пасля публікацыі рамана атрымала дакументальнае пацвярджэнне.

Што датычыць Горавай, дык яна толькі на падставе аўтарскай фантазіі прылучана да беларускай гісторыі ХІХ стагоддзя — праз вобраз яе вымышленага продка капітана Горава, «карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі», які спачувальна паставіўся да жонкі аднаго з расстраляных паўстанцаў. Рэальны, жыццёвы прататып Горавай — Н.М.Молева, маскоўская выкладчыца, яўрэйка з нацыянальнасці. Яна чытала лекцыі па гісторыі мастацтва. Караткевіч наведваў іх у час вучобы на Вышэйшых літаратурных і Вышэйшых сцэнарных курсах. Молевай адрасаваліся ўсе паэтычныя тэксты з рамана «Нельга забыць». Ёй жа прысвечана і некалькі вершаў у кнізе «Вячэрнія ветразі». Паэт сапраўды быў закаханы ў сваю, кажуць, красамоўную выкладчыцу. Але ягонае каханне не заходзіла так далёка, як у Грынкевіча з Горавай. «Яно было зусім платанічнае», — пасведчыў Калеснік са спасылкай на даверлівае прызнанне Караткевіча.

Сфантазіраваны ў рамане і смерць жанчыны, і захады Грынкевіча пра яе пахаванне ў сябе на радзіме. Усё гэта не мае дачынення да Молевай, якая Караткевіча перажыла. Аб гэтым сказаў мне Вячаслаў Адамчык, які вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах на пяць гадоў пазней за Караткевіча і яшчэ слухаў лекцыі Молевай.

«Забілі лепшую на зямлі. Забілі за тое, што яна была ўвасабленнем кахання і любві», — горка плача ад нясцерпнай пакуты Грынкевіч, які пасля смерці Горавай «хадзіў і хадзіў па крузе, хадзіў, як змучаны сляпы конь у прывадзе малатарні, якому толькі і засталося, што хадзіць вось так».

Натуральна, што з Караткевічам нічога такога не было і быць не магло, раз яго каханая спакойна жыла і працавала. Больш таго. Ён, як піша А.Мальдзіс, гаварыў пра Молеву «няўхвальна, з унутраным болем», бо быў абражаны яе няўвагай да ягоных пачуццяў.

Такім чынам, Караткевіч і там, дзе ён у нечым ішоў ад рэальнай жыццёвай фактуры, пераствараў яе па законах рамантычнай паэтыкі, у якой тыя разбежкі, перабольшанні і завастрэнні, пра якія гаварылася вышэй, былі не толькі апраўданымі, але і заканамернымі. Пісьменніку падказвала іх мастацкае чуццё чалавека з рамантычным поглядам на свет, якое накіроўвала фантазію аўтара.

З рамантычных пазіцый адлюстроўваў пісьменнік і наша гістарычнае мінулае (аповесці «Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», раманы "«Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі» і інш.). У некаторых з іх («Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі») структураўтваральным з’яўляецца прыгодніцка-дэтэктыўны пачатак. Але гэта толькі ўзмацняе іх рамантызаванасць. Караткевіч падаваў беларускае мінулае кідка, ярка, можна сказаць, — расквечваў яго. І рабіў гэта так таленавіта, што стаў знакавай фігурай у нашай гістарычнай прозе, якая сёння можа пахваліцца такімі пісьменніцкімі імёнамі (прыгадаю хоць бы жывых), як Л.Дайнека і У.Арлоў, В.Іпатава і Г.Далідовіч, А.Лойка і В.Коўтун, Э.Ялугін і А.Мальдзіс, К.Тарасаў і В.Чаропка.

Сапраўдную беларускую гісторыю з усімі яе ўзлётамі і жахамі Караткевіч ведаў выдатна, але свядома ўзвышаў і рамантызаваў яе, бо, як сведчыць А.Мальдзіс, лічыў, што стопрацэнтная праўда пра мінуўшчыну не толькі недасягальная, яле і «нікому не патрэбная». «Мяне цікавіць не гісторыя-сапраўднасць, а гісторыя-анекдот, гісторыя-прытча. Кожны бярэ з яе тое, што яму трэба». І яшчэ: «Для мяне важна перадаць дух эпохі. І каб за ёй адчуваўся сённяшні дзень». Гэтыя таксама Мальдзісам занатаваныя выказванні Караткевіча пацвярджаюць, што пісьменнік вытлумачваў гістарычныя падзеі суб’ектыўна, па-свойму, выбіраючы з іх тое, што, на яго думку, здольна найлепш выхоўваць цяперашнія пакаленні. Гісторыя прыўзнятая, рамантызаваная для гэтага прыдатная найбольш. І Караткевіч у адпаведнасці з характарам свайго таленту рамантызаваў нашу рэальную гісторыю. Агульны дух той ці іншай гістарычнай эпохі ён увогуле захоўваў, але ў рамантызаваным абліччы і ў той меры, якая не пярэчыла ягонай устаноўцы на выпрацоўку ў новых пакаленняў цікавасці, павагі і любасці да беларускай мінуўшчыны.

Таму ў вершы «Беларускае мінулае» (кніга «Быў. Ёсць. Буду») ён і называў яго «святым». Таму і сапраўдных гістарычных асоб ён рамантызаваў, упрыгожваў, не баючыся пры гэтым і свядомых, знарочыстых адступленняў ад рэальнай канкрэтыкі засведчаных фактаў, ад свайго навуковага бачання іх. Характэрная ў гэтым сэнсе разбежка паміж рэальным жыццёвым бачаннем Каліноўскага і яго паказам у мастацкіх творах.

У.Калеснік са спасылкай на даверлівыя прызнанні Караткевіча адзначыў, што Каліноўскі бачыўся пісьменніку дыктатарам паўстання, функцыянерам, «заціснутым самадысцыплінай, нават жорсткім. Яго цяжка палюбіць». Бо гэта «палітык, дыктатар, фанатык палітычнай ідэі, запраграмаваны, самаабмежаваны ў сваіх паводзінах».

А ў творах Караткевіча ён далёка не такі. «Варты лепшага ў свеце кахання», — так рамантызуецца ён у вершы «Нявесце Каліноўскага». Рамантызавана ягоная постаць і ў трагедыі «Кастусь Каліноўскі» з яе гучным падзагалоўкам «Смерць і неўміручасць» і вылучэннем сярод дзейных асоб сейбітаў (сам Каліноўскі і яго прыхільнікі) і крумкачоў (кат паўстання Мураўёў-вешальнік і іншыя абаронцы імперыі на чале з Аляксандрам ІІ. Ёсць тут і персаніфікаваны вобраз Беларусі — жанчыны ў чорным. «У яе журботнае аблічча з прадоннямі чорных вачэй». Вялізны цень жанчыны-Беларусі «рухаецца ва ўспышках зарыва, то ападаючы, то вырастаючы амаль да столі».

Гранічна рамантызаваныя ў сваёй узнёсласці і яе вершаваныя маналогі: «Паглядзіце… Рукі… // Стагоддзі працы — шрамамі на іх. // Я — ў чорным. Але быць бы мне ў барвяным // Ад рэк крыві, што працяклі па мне… // Якой была я светлаю дзяўчынай! // Ў каралях арабін, ва ўборы ясным // З зялёнага атласу і ў сапфірах // Маіх азёр бязмежных і крыніц. // І цар прыслаў — мяне ў рабыні сватаць — // Сваіх паноў з мячом, свінцом, агнём… // І вось я скінула свае уборы // І чорны плашч усклала». А вось як таксама вершам гаворыць Кастусь Каліноўскі пра каханне да гатовай на самаахвярнасць дзяўчыны Караліны па прозвішчы Яцына: «Ты мне — дождж яснавокі над полем і борам, // Без цябе я ні дыхаць, ні жыць не магу. // Ты мне сонца і зоры, // Ты мне цёплае мора, // Ты мне ветрык, што з майскай лістотай гаворыць, // Ты мне — зорныя іскры на мурагу».

Крыху далей верш саступае месца прозе, але яна па сваёй рамантычнай квяцістасці не адрозніваецца ад верша: «Паўсюль — ты. Спявае жаўрук — і гэта твой смех… Стронг б’е ў патоку — і гэта твой гнеў. Вясёлка гарыць у расе — і гэта калі ты смяешся праз слёзы. Уся ты, з усім, стала нада мной — як святло нябёс… як радзіма!.

У фінале твора рамантызацыя даводзіцца да прарочай сімволікі. Цяпер «уся фігура Каліноўскага прамяніцца срэбрам — нібы знутры. Ён ідзе проста на краты, і краты бяссільна падымаюцца перад ім». А паплечнікі правадыра паўстання, і тыя, што загінулі, і тыя, што яшчэ заставаліся жывымі, зноў гуртуюцца. «Яны збліжаюцца моўчкі, сурова. І вось яны — адно. Адна маса, адлітая з расплаўленай медзі… Яны вырастаюць, яны высяцца над зямлёй», бо сталі народам.

Трагедыя і была задумана як твор рамантычны. «Гэта руна, то бок паданне, песня», — тлумачыць аўтар у «Заўвагах для акцёраў», не пазбягаючы тут і самога вызначэння «рамантызм», бо тыя заўвагі не прызначаліся да друку. Тэкстолагі ўжо ўстанавілі, што адзін з варыянтаў трагедыі (а ўсяго іх было каля дзесятка!) меў і назву «Руна пра Кастуся». Руны ж генетычна звязаны з міфам і на рэалістычнасць ніколі не прэтэндавалі. Караткевіч гэта добра ведаў. Ягоная эрудыцыя была энцыклапедычнай, сваім багаццем і рознабаковасцю здзіўляла многіх.

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» Каліноўскі рамантызуецца не так падкрэслена, як у п’есе пра яго смерць і неўміручасць. Але і тут, у творы празаічным, ён не зусім такі, якім бачыўся пісьменніку на падставе дакументальных сведчанняў. Рэальны Кастусь Каліноўскі не быў красамоўным прамоўцам. І пісьменнік у дэкларацыйнай форме згадвае пра гэта, але тым не менш дазваляе свайму герою гаварыць прыгожа-ўзнёсла, шпурляючы афарызмамі: «Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння».

Не чужая Каліноўскаму ў «Каласах пад сярпом тваім» і пэўная сентыментальнасць, хоць у рэальнасці ён, як ужо гаварылася, быў даволі жорсткім дыктатарам. Шмат увагі аддаваў ён арганізацыі паўстання, а ў рамане гаворыць і так: «Не трэба тысячы, каб пачаць. І не трэба ста, каб пачаць. І не трэба … дваіх, каб пачаць…»

Паказальна і тое, што пісьменнік часта дае не жывое, непасрэднае слова паўстанцкаму кіраўніку, а паказвае праз ягоныя лісты, сфантазіраваныя аўтарам рамана. У гэтых лістах самога Караткевіча намнога больш, чым рэальнага Каліноўскага. Ды Каліноўскі ў рамане пра паўстанне пад яго кіраўніцтвам не з’яўляецца галоўным героем. Гэтую ролю выконвае князь Алесь Загорскі, прыдуманы паплечнік дыктатара, яго аднадумца. Хутчэй за ўсё пісьменнік так зрабіў таму, што прыдуманы персанаж лягчэй паддаваўся рамантызацыі, чым рэальная гістарычная асоба. Прастора для аўтарскай фантазіі ў такім разе адкрывалася шырокая і свабодная.

У крытычнай літаратуры Алесь Загорскі ацэньваецца па-рознаму. Выказваліся, напрыклад, сумненні ў яго ідэалізаванасці. Але, думаецца, мае рацыю Г.Кісялёў, які падкрэсліваў, што Караткевіч «увасобіў у гэтым вобразе свае пошукі ідэальнага героя». Ідэальным героем называлі Алеся і некаторыя іншыя даследчыкі. У прыватнасці, А.Сямёнава. Рамантызацыя ж Загорскага сумненняў не выклікае. «Нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны», — так характарызуе яго пісьменнік. «Усё лепшае, што было ва ўсіх нашых, ты ўзяў сабе», — гэтак маці кажа Алесю, маючы на ўвазе яго дабрыню і высакародства. Малады князь Загорскі вызначаецца выключнай працавітасцю. «Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга», — падкрэсліваецца зноў ад імя аўтара ў рамане.

У духу самай узнёслай рамантызацыі гаворыцца пра каханне Алеся да Майкі Раўбіч. Бязмерная пяшчота і дабрыня да дзяўчыны ў Загорскага настолькі вялікія, што «аж не змяшчаліся ў сэрцы». І яшчэ ў сувязі з тым жа каханнем: «Гэта было неймавернае шчасце, якога не бывае на зямлі».

Вяртаючыся да размовы пра рамантызацыю ў п’есах Караткевіча, варта адзначыць, што ў драме «Калыска чатырох чараўніц» ён даў казачныя пралог і эпілог. І зроблена так менавіта для большай рамантызацыі Янкі Купалы, вобраз якога ствараецца ў гэтай п’есе. Тут Караткевіч выкарыстоўвае многія матывы з купалаўскай драмы «Раскіданае гняздо». У аснову гэтага твора Купала, як ён сам падкрэсліваў, паклаў «жыццёвыя факты» — гісторыю пра тое, як ягоны дзед Ануфрый Дамінікавіч Луцэвіч быў сагнаны з зямлі, якую шмат гадоў апрацоўваў і лічыў сваёю. Спробы знайсці справядлівасць у судзе скончыліся няўдачай. І ён урэшце змірыўся, прадаўжаў жыць і клапаціцца пра сям’ю, у якой было пяцёра сыноў. Дачок Ануфрый Луцэвіч не меў.

У «Раскіданым гняздзе» Купала перайначваў рэальную жыццёвую гісторыю ў адпаведнасці з агульным пафасам свайго твора. Драматызм сапраўдных падзей ён істотна абвастрыў і праз самагубства Лявона Зябліка (за ім лёгка ўгадваецца Ануфрый Луцэвіч), і праз вобраз Лявонавай дачкі Зоські, створаны фантазіяй Купалы без апоры на канкрэтныя падзеі з жыцця продкаў. Зоська ў купалаўскай п’есе ўрэшце далучаецца да рэвалюцыйнай барацьбы. Падштурхнутая ваяўнічым братам Сымонам, яна ідзе «на вялікі сход! Па бацькаўшчыну!!!» Аднак была ў дзяўчыны і спроба ўслед за бацькам звесці рахункі з жыццём (з-за няшчаснага кахання да жорсткага паніча, які забраў у Зяблікаў зямлю). Ды перашкодзілі самагубству Зоські дворныя людзі, якія не далі ёй павесіцца каля панскага палаца.

Размашыстага рамантыка Караткевіча ўсё гэта не задаволіла. Па-свойму выкарыстоўваючы ў «Каласцы чатырох чараўніц» сюжэтныя сітуацыі з «Раскіданага гнязда», ён падае здзейсненае самагубства Марыі Гладышэўскай (своеасаблівы аналаг Зоські ў п’есе Караткевіча), якая топіцца таксама з-за нешчаслівага кахання да бессардэчнага панскага сына Казіка Валахоўскага, а закаханы ў яе хлопец Стафан (па тэмпераменту і жыццёвай пазіцыі аналаг купалаўскага Сымона) не толькі падпальвае панскі палац, як гэта робіць Сымон у «Раскіданым гняздзе», але і знішчае самога Казіка і ўвесь ягоны род да апошняга «іхняга птушаняці».

У трагедыі «Маці ўрагану» як тыповы рамантык разважае нават кіраўнік Крычаўскага паўстання Васіль Вашчыла. На заўвагу, што паўстанне немінуча пацерпіць паражэнне, а самі паўстанцы загінуць, ён адказвае: «Я ведаю, браце. Ды лепей паступіцца жыццём, чым сумленнем… Трэба гінуць. Мы зараз як жабяняты, якіх нават зайцы палохаюць». Словам, трэба «ахвяраваць сабой той маці-зямлі, што прыняла ў сябе тваю пупавіну і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў. Але немагчыма жыць без Радзімы, яна ў цябе адзіная, сынок. І ёй плююць у вочы…»

Крайняя ступень рамантычнай завостранасці бачыцца ў тым, як Агна Вецер дабіваецца далучэння да паўстанцаў свайго сына Васіля, які не хоча ніякага кровапраліцця. Яна пасылае яго павячэраць з пракажоным. І робіць гэта для таго, каб Васіль палічыў, што і ён цяпер непазбежна стане пракажоным, і ўжо не трымаўся за жыццёвыя даброты, за маладую жонку, а змагаўся супраць паноў з абсалютнай бясстрашнасцю, як «лепшы з лепшых», усвядоміўшы, што «лепей загінуць нават у катоўні, нават у агні, чым гнісці жыўцом» (ад праказы).

Васіль выконвае матчыну волю і змагаецца належным чынам, хоць з часам і ўсведамляе, што праказа не адразу прыстае да чалавека. «Я ўсё зразумеў, маці. Я толькі раблю выгляд, каб не зламаўся хтось іншы. Я нават без гэтых падпорак даўно ўжо жыў без страху. Без яго і памру», — прызнаецца ён, калі Агна сказала праўду. Сваім жа ранейшым падманам яна фактычна асудзіла сына на няўхільную, абавязковую смерць у паўстанні, хоць і пайшла на гэта з вялікім душэўным болем і высакароднымі мэтамі: «Каб не казалі, што мы — ад Іуды. Каб не плявалі нам у твар». Але патрабуе яна, як і належыць персанажу рамантычнаму, па максімуму: «Шэлег табе цана, Вецер, калі ты не будзеш ураганам», — узвышана-эфектна настаўляе Агна свайго Васіля. Такім чынам, ураганам у нястрымнай барацьбе з ворагамі робіць яго менавіта маці, што падкрэслена і загалоўкам п’есы.

Сама Агна па добрай волі, толькі з пачуцця міласэрнасці насіла пракажонаму ежу, а калі прыйшоў час, і пахавала яго, ведаючы, што з-за такіх працяглых кантактаў і яна потым памрэ ад страшнай хваробы. Сваю заражанасць Агна на поўную сілу выкарыстоўвае супроць панскіх абаронцаў. Нібыта прыніжаючыся, яна аблізвае рукі самым зацятым з іх, прадрашаючы тым самым іхні жахлівы лёс.

Жах праказы ўвогуле бушуе ў творы, вызначае танальнасць многіх сцэн. Шмат месца тут займаюць Агніны праклёны, яе страшныя прароцтвы, якія наводзяць жудасць на ворагаў. Сама смерць жанчыны, якая для паўстання ахвяравала ўсім, зноў жа ўзвышана-рамантызаваная. І прыходзіць яна не ад праказы, якая забівае марудна і агідна, але яшчэ не адабрала ў маці ўрагану ўсе жыццёвыя сілы. Агна ў фінале трагедыі падае, як «падсечанае дрэва» з-за таго, што не вытрымлівае яе чулае спакутаванае сэрца.

Вышэй адзначаўся ўзнёслы стыль маналогаў Васіля Вашчылы. Бадай яшчэ выразней рамантычная ўзнёсласць выяўляецца ў мове Васіля Ветра:

«Хто сказаў, што я малы? Сусвет у вачах, зоры ў мозгу, галасы ўсіх людзей у сэрцы. Я пажадаю — і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі». А вось як прамаўляе Ветрава жонка Надзея, думаючы, што яе Васіль ужо хворы на праказу, якая ад першых дотыкаў нібыта перадасца і ёй: «Усё адно, якія зробяцца твае рукі — яны песцілі мяне ў добрую гадзіну. А сэрца тваё гэткае ж велікадушнае. Чаго б гэта я была вартая, кінуўшы цябе аднаго ў такой бядзе?»

Самаахвярна пагадзіўшыся падзяліць з мужам ягоную бяду, тады яшчэ толькі ўяўную, Надзея потым заплаціць за гэта жыццём, бо загіне ў паўстанні, дзе яна, лічачы сябе ўсё роўна асуджанай, не ведала асцярогі. Але, як гераіня рамантычная, Надзея знаходзіла сілы яшчэ і суцяшаць свякруху: «Маці, ты не гаруй. Хай табе не баліць ні за яго [Васіля], ні за мяне. Не было б у нас так добра, каб не тое, што шчасце наша адмеранае і кароткае, як дзіцячы пальчык. А так ён мне і я яму — усё. Бо абапірацца нам толькі адно на аднаго».

Рамантычныя перабольшанні ў Караткевіча ідуць скрозь. У трагедыі «Маці ўрагану» палахлівыя людзі паміраюць з-за аднаго дотыку да іх яшчэ здаровага Васіля Ветра, лічачы, што ён пракажоны. Там жа князь Радзівіл загадвае павесіць папа, які быў у шэрагах паўстанцаў, але шкодзіў ім і дапамог задушыць паўстанне. «Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць», — афарыстычна тлумачыць князь сваю незвычайную ў дачыненні да памагатага жорсткасць. «Грудзі — як дзве машыны сценабітныя… Азадак — вось як гэтыя дзве бочкі», — зазначаецца пра мажнасць удзельніцы паўстання Магды.

У рэалістычных творах усё гэта выглядала б недарэчна. А ў рамантычнай паэтыцы такія перабольшанні цалкам прымальныя. І яны ніколькі не здзіўляюць. Як не здзіўляе нас гогалеўскае сцвярджэнне з аповесці «Страшная помста»: «Рэдкая птушка даляціць да сярэдзіны Дняпра». Хоць на самой справе і звычайны верабей той Днепр пераляціць без цяжкасці. Але ў Гогаля свет рамантызаваны. І ў ім дзейнічаюць свае вымярэнні. У адпаведнасці з такімі вымярэннямі і Караткевіч у «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» ачалавечвае нават д’ябла, які з-за кахання да прыгожай дзяўчыны пачынае спачуваць людзям і абяцае знішчыць зямное пекла.

Вельмі ярка выявіўся рамантызм Караткевіча ў аповесцях «Чазенія» і «Ладдзя Роспачы». Гэтыя аповесці побач з раманам «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік вылучаў як асабліва дарагія для яго творы.

«Чазенію» за рамантычную ўзнёсласць і нязвыкласць яе фактуры для нашай літаратурнай традыцыі (далёкаўсходняя тайга, каханне герояў пад рык леапарда, які, нібы злы дух, цікуе за мужчынам і жанчынай, і г.д.) Караткевіч называў паэмай у прозе, хаця ўзаконенае жанравае вызначэнне даў больш стрыманае (аповесць). І проза тут з-за сваёй мернасці сапраўды часам набліжаецца да паэзіі: «Ноч няспешна кацілася над акіянам вады, над астравамі, над сейнерам у моры, над скаламі, над паддзю, заціснутай між гор, над бяссоннай рэчкай, над хаткай, што прыціснулася да берага, над двума, што бяссонна ляжалі ў ёй і не хацелі зары».

Такая ж размашыстасць нястрымнага рамантыка і ў іншых апісаннях: «Востраў ляжаў у моры, як кіт. Гарэлі ў гэтага кіта вочы, два агеньчыкі на самым беразе. А над галавою, нібы ўскінуты кітом фантан вады, струменямі клубіўся Млечны Шлях». Марская жыўнасць у «Чазеніі» нават радуецца, што яе ловяць людзі з мокрымі меднымі спінамі: «Звінела, калацілася ў сеці, спявала рыба. І шлёпаў, напінаўся, нібы таксама хацеў падпяваць, ды не хапала голасу, зменліва-вясёлкавы васьміног».

У аповесці «Ладдзя Роспачы», лічыў Караткевіч, яму ўдалося «даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх». Гэта сказана пра галоўнага героя аповесці Гервасія Выліваху, якога пісьменнік называў сваім любімым героем за тое, што ён «нідзе не губляецца».

Гервасій характарызуецца ў творы як чалавек ва ўсіх адносінах незвычайны: «Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін — самых заганных… Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму».

Гэта таксама рамантызацыя. Але непасрэдна ў стылі аповесці, пераважна з’едліва-выкрывальным, яна выяўляецца толькі зрэдку, калі гаворыцца пра «нястрымны, як навальніца», рогат, а яшчэ пра такі моцны зайцаў смех, што ад яго ў касога «трэснула верхняя губа», і згадваецца здольнасць Вылівахі «піць віно, як Дняпро п’е Друць».

Найчасцей жа спрацоўвае тут нязвыкласць сітуацый, у якія зноў і зноў трапляе вясёлы і надзвычай вынаходлівы рагачовец Гервасій Выліваха.

Ён вядзе дыялогі з персаніфікаванай Смерцю, часта насычаныя глыбокім філасофскім зместам, гуляе з ёю ў шахматы і нават выйграе адну партыю, вядома, схітраваўшы, а ўжо трапіўшы на той свет, дамаўляецца з кашчавай пра вяртанне на зямлю. Ды яшчэ бярэ з сабою і цэлую групу людзей, у тым ліку і самую прыгожую дзяўчыну, з якою будзе доўга жыць, плодзячы шматлікіх нашчадкаў.

У «Ладдзі Роспачы» моцны сатырычны струмень. Тут дасталося і кіеўскаму князю Уладзіміру за разарэнне Полацкага княства, і рускаму цару Івану Грознаму, якога ў нас усё часцей называюць Іванам Жахлівым, бо ён асабліва лютаваў на беларускіх землях, перапала і тым здраднікам, якія дапамагалі прыхадням вынішчаць насельніцтва нашага краю.

З’едліва пісаў Караткевіч пра «таўстазадую навалач», пра п’янства рагачоўскіх радцаў, крывадушнасць папоў і іншых несумленных служкаў рэлігіі, хцівасць «падатных начальнікаў», жорсткасць уладароў, якія «смокчуць кроў з народа».

Шырокі розгалас атрымала караткевічаўская прытча пра тое, што Бог выдзеліў працавітым беларусам цудоўны край, але даў разам з тым і «найгоршае ўва ўсім свеце начальства». Гэтая прытча ўпершыню прагучала ў адным з апавяданняў пісьменніка, а свой канчатковы выгляд набыла ў другой кнізе «Каласоў пад сярпом тваім». Там яна ўвязвалася з рэчаіснасцю ХІХ стагоддзя, але, як і многае іншае ў творах Караткевіча пра мінулае, меціла і ў сучаснасць, у нашу камандна-адміністрацыйную сістэму.

Таму мне здаецца не зусім дакладнай наступная агаворка А.Мальдзіса: «Трэба, аднак, падкрэсліць, што свайго непрыняцця застою, непрыняцця канкрэтных асоб Караткевіч ніколі не пераносіў на нашу сістэму, на сацыялізм увогуле. Ён, помню, не раз хваліў ленінскі перыяд у яго будаўніцтве». У кнізе, якая Мальдзісам пісалася ў 1987 — 1988 гадах, а выйшла ў 1990-м, таксама яшчэ да краху савецкага сацыялізму, гэтае выказванне рабілася, мабыць, для таго, каб не пашкодзіць пасмяротнай публікацыі твораў пісьменніка, афіцыйнаму ўшанаванню ягонай памяці. Асцерагацца ж тут было чаго, бо Караткевіч пры жыцці вельмі моцна напакутаваўся ад цэнзурнага ўціску, усталяванага бальшавіцкай сістэмай. У Мальдзіса ёсць красамоўныя прыклады гэтых пакут, з дыпламатычных меркаванняў спісаныя не на сістэму, а на канкрэтных асоб, якія, вядома ж, выконвалі волю ўладаў.

А Караткевіч, як мне бачыцца цяпер, у розныя часы па-рознаму ставіўся да савецкага ладу і яго стваральнікаў. Пра Леніна ён пісаў і цалкам ухвальна. Пра гэта сведчаць напісаная ў 1957 годзе ў многім аўтабіяграфічная аповесць «У снягах драмае вясна» (тут ёсць спасылкі на публічныя, а таму вельмі прыстойныя ленінскія выказванні па нацыянальным пытанні), а таксама апавяданне «Аліва і меч» (1959) і верш «Ленін калыша дзіця» (1960). Два апошнія творы цалкам прысвечаны бальшавіцкаму правадыру. У іх крывадушны дыктатар, які на словах клапаціўся найперш пра народ, а на самой справе быў прыхільнікам бязмежнага тэрору над згвалчанай краінай, паказваецца як вялікі гуманіст. Потым станоўча асветлены Ленін яшчэ мільгане ў рамане «Нельга забыць» (1962), але ўжо не ў разгорнутым ці проста канкрэтным мастацкім паказе, а ў публіцыстычным адступленні: «У лунанні сцягоў, у крыві братазабойчай вайны, у суровых гімнах, у перамогах і горычы ішла на зямлю новая эра.

І чалавек з вялікім лобам, не бронзавы, а жывы, вялікі лесаруб і дойлід, з’явіўся над зрынутым дрэвам [гэта сімвал старога ладу] і высока занёс ззяючую, як справядлівасць, сякеру…

…Потым рыдалі з яго смерці чорныя ад гора цягнікі.

А потым было жыццё са ўсячынай. [...] Была і веліч, была і падазронасць, была і жорсткасць, быў і гераізм».

Больш у мастацкіх творах Караткевіч Леніна, здаецца, не згадваў, аднак у нарысах і публіцыстычных артыкулах, калі трэба было сказаць пра нашу гісторыю, мусіў гаварыць пра яго з тагачасных афіцыйных пазіцый. Рабілася гэта ўжо ў абавязковым парадку, вымушана. Напрыклад, у шырока вядомым нарысе «Зямля пад белымі крыламі» (1971) пра вынікі для нас бальшавіцкага перавароту сцвярджалася: «Пасля цэлых стагоддзяў Беларусь атрымала дзяржаўнасць, і пры тым у якасці дзяржавы рабочых, сялян, працоўнай інтэлігенцыі. Дужа ўсур’ёз ставіўся да стварэння рэспублікі У.І.Ленін».

Караткевіч тады ўжо ведаў пра ленінскае тыранства многае. Але пільныя бальшавіцкія цэнзары не дазволілі яму сказаць ні пра адыёзнасць сапраўднага Леніна, ні пра тое, што БССР стваралася з тактычных меркаванняў і паўнапраўнай дзяржавай ніколі не была, бо і афіційна падпарадкоўвалася Маскве, ні пра пагром беларускай культуры, асабліва адчувальны, проста катастрафічны ў канцы 20-х і ў 30-я гады, ні пра жахлівасць лёсу ўжо афіцыйна рэабілітаваных самімі бальшавікамі пісьменнікаў, хоць адразу пасля выкрыцця культу Сталіна пра гэта пісалася ў друку.

Уладарнага васпаватага грузіна Караткевіч не любіў, радаваўся хрушчоўскаму выкрыццю яго культу, але напісаў у 1961 годзе наіўна-сентыментальнае апавяданне «Маленькая балерына», апублікаванае толькі пасмяротна (у канцы 80-х гадоў). Тут тыран, яшчэ больш жахлівы, чым ягоны папярэднік і настаўнік Ленін, называецца «самым лепшым чалавекам на свеце», гаворыцца пра яго «нязвыкла добры позірк, чыстую веру ў людзей» і іншыя фантастычныя ў дачыненні да рэальнага Сталіна рэчы. Асабліва смешна чытаць пра сталінскую стомленасць ад улады і жаданне, няхай і мімалётнае, надзвычай прагнага ўладалюбца адмовіцца ад яе, памяняць крамлёўскія палаты «на сціплую хату ў бярозавым гаі».

Праўда, усё гэта хоць неяк апраўдваецца тым, што падаецца пераважна праз успрыняцце гераіні твора Ніны Лядоўскай, маладзенькай, наіўна-даверлівай танцоўшчыцы, за яе незвычайную таленавітасць нібыта па-бацькоўску прылашчанай Сталіным, які не толькі асіраціў мільёны «чужых» дзяцей, але і да ўласнага сына Якава ставіўся з незразумелай жорсткасцю. Да таго ж дзяўчо ўрэшце расчароўваецца ў сваім высока ўзнесеным куміры і потым гіне ў шэрагах маскоўскіх апалчэнцаў, якія восенню 1941 года засланялі сабою сталіцу ад гітлераўцаў.

Як сведчыць тая ж аповесць «У снягах драмае вясна», былі ў Караткевіча і надзеі, што пасля смерці Сталіна савецкае жыццё выкіруецца на прыстойны шлях. Не атрымалася… Вось і даводзілася зноў і зноў расчароўвацца. Але адкрыта выказаць у друку сваё расчараванне было немагчыма. А таму Караткевічава апазіцыйнасць да савецкіх парадкаў заганялася ў падтэкст ягоных твораў, выказвалася праз завуаляваныя намёкі, знарочыстыя алюзіі, якія хоць і са скрыпам, але ўсё ж нярэдка прарываліся праз жорсткія цэнзурныя рагаткі. А наш тагачасны здагадлівы чытач разумеў, што, скажам, у «Ладдзі Роспачы» не так сабе зазначалася пра вялікага канцлера з ХVІ стагоддзя: «Здзірае апошнюю шкуру і яшчэ патрабуе, каб яму за гэта крычалі „дзякуй!“ Начальства, відаць, паўсюль аднолькавае». Апошні сказ выразна падказваў: паглядзі, што робіцца ў нас цяпер, калі даведзеных да жабрацтва людзей прымушаюць пець бясконцую хвалу сістэме, якая ўсё гэта спарадзіла.

І зусім не выпадкова як пра самага страшнага ворага гаварылася ў «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» пра хлусню. Пра вялікую небяспеку хлусні, дэмагогіі, пустога выхваляння і карыслівага славаслоўя, крывадушнасці і даносаў пісаў Караткевіч і ў «Каласах пад сярпом тваім». Тут жа ён рэзка асуджаў людскую сквапнасць і ганебнае прыстасавальніцтва, пагоню за ўзнагародамі: «Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей».

З горыччу разважаў ён у тым жа рамане пра недастатковую прынцыповасць большасці пісьменнікаў: «Літаратура трымаецца на нейкім дзесятку смельчакоў, якіх гналі і распіналі ўсе, пачынаючы ад усерасійскага квартальнага і канчаючы квартальным звычайным. Ды і смельчакі гаварылі часцей за ўсё прыглушаным голасам, бо на кожнага адносна сумленнага было па дваццаць ланцужных псоў, здатных на ўсё.

Большасць не вытрымлівала і, сказаўшы смелае слова, адразу пачынала дыгаць нагою і прасіць прабачэння, жахацца са сваіх былых перакананняў. [...] Вялікія заваёвы чалавецтва імперыя аб’явіла лухтой, праўду — злосным падкопам, іншамысных — злачынцамі, што не хочуць велічы айчыны». Як на маё ўяўленне, дык гэта да нашых часоў стасавалася куды больш, чым да ХІХ стагоддзя, пра якое пісалася ў «Каласах»…

А як рэзка пратэставаў Караткевіч супроць прыніжэння бальшавікамі асобы чалавека, фактычнага звядзення яе да нуля. Трубадуры бальшавіцкай рэвалюцыі віталі і гэткае прыніжэнне. Маякоўскі ў кананізаванай тады паэме пра Леніна прамым тэкстам сцвярджаў: «Единица — вздор, // Единица — ноль…». Відаць, палемізуючы з такімі сцвярджэннямі, наш беларускі пісьменнік настойваў: «Грамадства не можа быць быдлячай чарадой. Не можа яно быць зборышчам нулёў пры некалькіх адзінках, іначай будзе тое, што цяпер: народы будуць сапці і з налітымі крывёй вачыма лезці адзін на аднаго, каб стаптаць, падпарадкоўваючыся волі адзінкі ці некалькіх адзінак, або, што яшчэ горш, знішчаць свае ж нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль — хай ён будзе з яблыка, кола ці нават з цэлую планету — усё ж нуль». Як шмат у такіх выказваннях з’едлівасці і праўды! Зноў жа не толькі пра мінулае, але і пра нас, пра наш час.

А хіба не ў фарысейскую балбатню савецкіх лідэраў меціў Караткевіч, паказваючы ў «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» дзяржаву, у якой адначасова засядаюць Рада па раззбаренні і ваенная Рада, кіруючыся прынцыпам: «Не ўзброішся — не раззброішся. Як жа магчыма раззброіцца, не ўзброіўшыся папярэдне да зубоў?» Парадыйнае завастрэнне? Не такое і вялікае, калі прыгадаць, што менавіта ў нас на працягу цэлых дзесяцігоддзяў бясконца гаварылася пра абарону міру, пра неабходнасць раззбраення, на якое нібыта не пагаджаюцца ворагі сацыялізму. А пад гэтыя дэмагагічныя размовы дзяржава траціла 80 працэнтаў свайго прамысловага патэнцыялу на гонку ўзбраенняў, навыпускаўшы тых жа танкаў больш, чым усе іншыя краіны свету, разам узятыя.

Смела, востра пісаў пранікнёны рамантык з учэпістым вокам Караткевіч. І таму набраўся цэлы том яго твораў («Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» сярод іх), упершыню апублікаваных толькі пасмяротна, пераважна пасля краху бальшавіцкай ідэалагічнай сістэмы.

Вялікае багацце творчасці Уладзіміра Караткевіча з’яўляецца нашым неацэнным духоўным скарбам, які заўсёды будзе надзейным апірышчам для тых, каму дарагая Беларусь, яе гісторыя і яе будучыня.

1. Апублікавана — «Полымя», 2000, № 11. — С. 155 — 175.