Уладзімір Караткевіч і беларуская мастацкая культура — Аркадзь Русецкі

Разгледзеўшы найбольш актуальныя праблемы творчасці У. Караткевіча, мэтазгодна выйсці на абагульняючую тэму, якая магла б адлюстраваць ролю i месца пісьменніка, паэта, драматурга ў нацыянальнай мастацкай культуры. Таму падагульняючы раздзел нашага даследавання мы i вызначылі гранічна канкрэтна — Kaраткевіч i мастацкая культура Беларусі. З аднаго боку, гэта i нейкі вынік даследавання; з другога — запрашэнне спецыялістаў i аматараў творчасці У. Караткевіча да пастаяннага i сістэмнага асэнсавання значэння яго творчасці для сучаснага культурна-творчага працэсу.

У кантэксце пастаўленай праблемы перш за ўсё адкажам на пытанне: «Што ёсць такое „мастацкая культура“? » – паняцце, якое ў нашым сучасным жыцці стала вельмі распаўсюджаным i якое, на жаль, не мае свайго адназначнага вызначэння. Па нашаму разуменню — а гэта вынік шматгадовых аналітычных пошукаў, — мастацкая культура — гэта, з аднаго боку, сукупны спосаб i прадукт мастацкай дзейнасці людзей у канкрэтную гістарычную эпоху i, з другога, поліфункцыянальная сістэма вытворчасці, захавання, размеркавання i спажывання духоўных каштоўнасцей, у якасці сутнаснай з’явы якой выступае мастацтва, яго ўзаемасувязь i ўзаемадзеянне з іншымі сацыяльнымі працэсамі i інстытутамі ў мэтах абнаўлення духоўнага жыцця грамадства i фарміравання па-мастацку развітой асобы.

У дадзеным выпадку для нас вызначальным выступае меркаванне «сукупны прадукт», якое паказвае, што мастацкая культура ахоплівае ўсе віды мастацкай дзейнасці — славесную, музычную, тэатральную, выяўленчую i г.д., i ўсе віды мастацтва, як прафесійнага, так i народнага, самадзейнага. Паняцце «сістэма», у сваю чаргу, уключае ўсе працэсы, звязаныя з функцыяніраваннем мастацтва (успрыняцце, адзнаку, вывучэнне), а таксама тое, што забяспечвае яго далейшае жыццё — выхаванне мастакоў, публікі, caцыялaгiчныя замеры існавання i спажывання мастацва i г.д. У выніку адбываецца зварот не да аднаго ці некалькіх відаў мастацтва, а да ўсяго свету мастацкай культуры — айчыннай i сусветнай, у неадрыўнай сувязі з той сацыяльна-духоўнай атмасферай, у якой адбываецца яе фарміраванне, існаванне i развіццё.

Менавіта тлумачэнне мастацкай культуры як «сукупнасці сістэмы» — г.зн. як у вузкім, так i ў шырокім прачытанні, больш за ўсё зразумела i актуальна ў адносінах да творчасці У. Караткевіча, у якой, з аднаго боку, вельмі тонка адлюстраваны драматычныя абставіны гістарычнага лёсу беларусаў i, з другога, адчута i своеасабліва вызначана выключнасць геаграфічнага (ці, як кажуць цяпер, геапалітычнага) становішча Беларусі, якое ў розныя часы па-рознаму ўплывала на лёс i шляхі беларускай нацыі. Без сумнення, можна зазначыць, што творчасць У. Караткевіча прадстае перад сучасным чытачом як пэўная сукупнасць літаратурных жанраў (прозы, паэзіі, драматургіі, эсэ i г.д.), цесна ўзаемазвязаных, неадрыўных i дапаўняючых адзін аднаго. Але тая ж творчасць не замыкаецца толькі ў межах літаратурнай (хоць i шматпланавай, «сукупнай») дзейнасці. Яна стала сукупнай з’явай, часткай сістэмы нацыянальнай культуры, пры гэтым настолькі адметнай (па асэнсаванні прынцыпаў духоўна-маральнай самакаштоўнасці чалавека i вялікай гуманістычнай ідэі дабра як перадумовы існавання нашага грамадства не толькі ў мінулым, але і ў нашы дні), што мастацкая культура Беларусі як цэлае не магла не адчуць i не адрэагаваць на імпульсы яе актыўнага носьбіта. Як канцэнтраванае выражэнне, як мастацкі згустак, квінтэсенцыя агульначалавечых ідэй i каштоўнасцей, дыялектычная еднасць высокага рамантызму i непадробнай лірыкі i драматызму (а гэта адна з першых спроб у беларускім мастацтве паказаць у такім шырокім маштабе прыналежнасць беларускага народа да еўрапейскай цывілізацыі, якая па cвaix зыходных іпастасях арганічна ўключае арэалы свайго распаўсюджвання i тэрыторыю Беларусі), творчасць У. Караткевіча не проста прыцягнула да сябе ўвагу іншых відаў мастацтва, але абагаціла ix, зарыентавала, падштурхнула на пошук новых тэм i новых падыходаў да ix увасаблення.

Як аднойчы адзначыў В. Быкаў: «…Роўнага яму няма і наўрад ці ўжо будзе, замяніць яго ў нашай літаратуры не можа ніхто. Ужо хоць бы таму, што ніхто з такім бляскам не спалучаў у нас талент паэта з талентам празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, эсэіста, гісторыка. Ён быў аднолькава таленавіты амаль ва ўсіх літаратурных жанрах, што, можа, натуральна для літаратуры мінулага, але рэдка сустракаецца ў сучаснай літаратуры з яе багатымі і дасканала развітымі літаратурнымі жанрамі».

Талент У. Караткевіча быў такі ж шматгранны, як і яго веды і асабістыя інтарэсы. Па словах Адама Мальдзіса, цяжка знайсці той жанр, у якім не спрабаваў свае сілы У. Караткевіч. У яго творчым «арсенале» — раман, аповесць, апавяданне, казка для дзяцей, нарыс, рэцэнзія, навуковае даследаванне, паэма, балада, верш, п’еса, эсэ, кінасцэнарый, лібрэта оперы і балета… А яшчэ пераклады з розных моў, вострапубліцыстычныя артыкулы ў абарону нацыянальных традыцый, помнікаў гісторыі і культуры, роднай і блізкай з дзяцінства прыроды, дробныя нататкі, дзённікавыя запісы.

Даследчыкі творчасці У. Караткевіча зусім справядліва адзначаюць, што шмат якія яго творы «выходзяць за межы чыста літаратурнага мастацтва. Яны напісаны па законах музыкі ці жывапісу, выклікаюць адпаведныя асацыяцыі і далучаюць да ўлады слова не менш адчувальную магію гука, колера, паху».

Што датычыць іншых мастацтваў, то тут спашлёмся на такога аўтарытэта і знаўца жыццятворчасці У. Караткевіча, як мастак Пётр Драчоў (ён, дарэчы, быў тым, хто па-мастацку афармляў «Зямлю пад белымі крыламі», «Чорны замак Альшанскі», «Быў. Ёсць. Буду»). Ён успамінае: «Помню, з якім захапленнем мы, удзельнікі семінара творчай моладзі, слухалі Караткевіча ў Шчорсах, ля дуба Адама Міцкевіча, ці ў Любчы, на левым беразе Нёмана, ля руінаў старажытнага замка. Прычым з непрыхаванай цікавасцю яго слухала не толькі моладзь, але і гісторыкі, археолагі, этнографы. А ён казаў, казаў, нібыта асабіста быў знаёмы з Храптовічамі, Гаштольдамі, Кішкамі, Радзівіламі…

А колькі ён ведаў старажытных народных песень, прыпевак, нацыянальных абрадаў! Памятаю, ён любіў напяваць прыпеўку, што пачынаецца са словаў: „Ад панядзелка да панядзелка смачна п’ецца тут гарэлка“…

…Ён цудоўна ведаў мастакоў не толькі мінулага, але i сучасных, ніколі не падзяляючы ix на „cвaix“ i „чужых“. Яго пастаянна можна было бачыць на мастацкіх выставах, на канцэртах, на літаратурных вечарынах».

А мастак Караткевіч, па сведчанні народнага паэта Беларусі Р. Барадуліна, мог бы спаборнічаць з пісьменнікам Караткевічам. Бездакорна валодаў лініяй, кампазіцыяй. Некалькімі штрыхамі мог перадаць характар, цi ўлюбёна-рамантычны, ці здзекліва-гратэскны. Вядома, што пушкінскія накіды на палях рукапісаў выдадзены неаднаразова. I нельга не пагадзіцца з Барадуліным, які лічыць, што пара i ў Беларусі пабагацець душой i выдаць малюнкі пяром, накіды, шаржы Уладзіміра Караткевіча. Скарбы гэтыя раскіданы па ўсёй Беларусі, па кpaiнax былога Саюза, i ёсць яны ў сяброў i прыхільнікаў творчасці знакамітага пісьменніка (яны, пэўна, адгукнуліся бы на такую выдавецкую ініцыятыву).

Такое меркаванне Барадуліна пацвердзіла i выстава рукапісных i надрукаваных твораў У. Караткевіча, якая адбылася ў снежні 1995 г. у Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. «Асаблівую адметнасць „чарнавікоў“ У. Караткевіча, — адзначала акадэмічная газета, — складаюць малюнкі, якія, відаць, дапамагалі аўтару ў пошуках мастацкіх вобразаў герояў. Дарэчы, малюнкі (ад малых да вялікіх) знаходзяцца як ля рукапісных радкоў, так i на асобных аркушах. Цікавая „геаграфічная“ распрацоўка прадстаўлена на аповесць „Чазенія“. Нягледзячы на абмежаванасць экспанатаў, можна зрабіць вывад аб тым, што У. Караткевіч з’яўляецца яшчэ i някепскім мастаком-графікам».

Свае асабістыя адносіны да роднай мастацкай культуры, нацыянальнай культурнай спадчыны У. Караткевіч сфармуляваў у разважаннях галоўнага героя рамана «Нельга забыць» Андрэя Грыневіча. Вось яна, пісьменніцкая i грамадзянская праграма: «…мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб’ездзіць… усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага… Там будуць дарогі, людзі, запісы казак, песняў i сапраўдных апавяданняў аб жыцці, шмат фатаграфій ycix прыгожых i непрыгодных куткоў радзімы…»

Менавіта ў гэтай сувязі адзначым поўную карэляцыю сутнаснай насычанасці творчасці У. Караткевіча з сутнасцю беларускай мастацкай культуры, асабліва ў той ix частцы, якая заключана ў гуманістычна-эстэтычнай праблематыцы.

Цэментуючым, звязваючым разам творчасць У. Караткевіча i мастацкую культуру Беларусі выступаюць ix аднолькава зацікаўленыя, заклапочаныя адносіны да роднай мовы i нацыянальных традыцый, якія даволі часта штучна выключаліся з духоўнага жыцця, парушаючы культурную пераемнасць пакаленняў. Прывядзём толькі два, але дастаткова пераканальныя прыклады, якія сведчаць, што У. Караткевіч ужо напрыканцы 60-х гадоў бiў трывогу за лёс роднай мовы. Вось вытрымка з публіцыстычнага твора «Родная мова», напісанага яшчэ ў 1969 годзе для «Настаўніцкай газеты». Пытанне тут пастаўлена даволі абвострана: калі не будзе мовы, калі не будзе яе носьбітаў, то можна… убіць сабе ў галаву дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе не будзе. А калі так здарыцца, то нашто нам такая будучыня? «Мы (размова тут ідзе аб настаўніках. — А. Р.) ніколі не павінны забываць, наколькі годная наша праца i хто стаяў ля яе вытокаў. А стаялі ля гэтых вытокаў, самі настаўнічалі, самі складалі першыя буквары i чытанкі Цётка, Купала i Колас». А вось тыя думкі, але ўжо ў паэтычнай форме — радкі з малавядомага верша «Мова» (ён надрукаваны ў першым томе Збору твораў У. Караткевіча з заўвагай («паводле аўтографа, які знаходзіцца на адвароце фота Янкі Брыля»), датаванага канцом 50-х гадоў. Нягледзячы на біблейскую запаведзь аб тым, што «няўмольна сальюцца мовы зямлі», У. Караткевіч упэўнена сцвярджае:

Збочу я да пякельных катлоў,
Калі першы жа ангел на мове маёй
Мне скажа: «Братка, здароў».
… Ты мой ясны хлеб i каханы май,
Песня продкаў, нашчадкаў палі.
Без цябе, не з табой — не патрэбен мне рай
На душы. Ў небясі. На зямлі.
(I,363 — 364)

Пройдзе колькі часу, i крык Караткевічавай душы разбудзіць замерлае пачуццё нацыянальнай годнасці палітыкаў i пісьменнікаў, мастакоў i моваведаў. Гістарычны працэс прывядзе рэспубліку да суверэннасці, да з’яўлення i развіцця ў беларускай мастацкай культуры новых якасных рыс, асабліва ў моўнай творчасці.

Далей. Калі мы падыходзім да разгляду мастацкай культуры не як да нейкай раз i назаўсёды вызначанай данасці, а як да жывога сацыяльнага арганізма, які жыве ў грамадстве, пастаянна развіваецца разам з ім, вырашаючы сваю галоўную задачу стварэння гісторыі чалавецтва мастацкімі сродкамі, то ўбачым, што творчасць У. Караткевіча поўнасцю карэліруецца з такім падыходам. Вызначальным пры гэтым з’яўляецца мастацкае асэнсаванне дыялектыкі адносін паміж гісторыяй i сучаснасцю, глыбокае разуменне гістарычнага працэсу i стварэнне на гэтай аснове мастацка-гістарычнага летапіcy Беларусі.

Пранікненне ў тыя далёкія часы (XVI — XІX стст.), кaлi спачатку ішоў пошук, а потым паступова афармляліся i атрымалі паскоранае развіццё розныя сферы нацыянальнай духоўнай творчасці — летапісанне, ананімная літаратура, школьны тэатр, архітэктура i жывапіc, а потым нацыянальная літаратура i мова, дазволіла пісьменніку адчуць i зразумець вытокі палітычнай i духоўнай свядомасці беларусаў. Хоць пытанням Адраджэння ў беларускай мастацкай культуры У. Караткевіч i не прысвяціў спецыяльных твораў (xiбa што ўспомнім вершы «Скарына пакідае радзіму», «Багдановічу», «Кнігі», «Шляхі Ігната Буйніцкага», «Домік Багдановіча», паэму «Зямля дзядоў» i інш.), аднак агульная маральна-эстэтычная напоўненасць твораў, якія закранаюць даволі працяглую i значную для развіцця беларускай культуры гістарычна-мастацкую плынь, даюць сучаснаму чытачу шырокую панараму культурнага i мастацкага развіцця беларусаў, знаёмяць з вобразамі тых нацыянальных асветнікаў, якія муравалі падмуркі i ўзводзілі сцены беларускай духоўнасці. Пры гэтым У. Караткевіч пераканаўча сцвярджае адметнасць уласнага гістарычнага шляху беларусаў i ix нацыянальнай мастацкай культуры, якія неадрыўныя, але ў той жа час не зводзяцца да лёсу i культур іншых славянскіх народаў.

Падкрэслім, што сродкаў, якімі карыстаецца У. Караткевіч пры вырашэнні такой звышзадачы, мноства. Гэта тонкі лipызм i глыбокі псіхалагізм у стварэнні характараў герояў, здольнасць бачыць жыццё ў маштабных вымярэннях i ўменне адслаіць заканамернае ад выпадковага, вечнае ад часовага, шырокае выкарыстанне нечаканых асацыяцый, ідэйна-эстэтычнага багацця фальклору, этнаграфіі i гістарычных дакументаў i моўнае багацце твораў i г.д. I ўсе яны скіраваны i на тое, каб паспяхова рэалізаваць стваральныя патэнцыі паэта ў яго разуменні нацыянальнай грамадскай свядомасці, садзейнічаць яе развіццю, сцвярджаць каштоўнасць чалавека як важнейшай мэты нацыянальна-культурнага будаўніцтва. У якасці прыкладу яшчэ раз звернемся да кнігi «Зямля пад белымі крыламі», праца над першым варыянтам якой была завершана 12 ліпеня 1971 г. (такая паметка ёсць на рукапісе твора, які захоўваецца ў бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь). Як цяпер нярэдка лічаць, гэта быў час застою ў развіцці нацыянальнай культуры, час падаўлення ўсякага іншамыслення, дыктату адной ідэалогіі i г.д. Мабыць, некаторая доля ісціны ў такіх меркаваннях i ёсць. Але, на наш погляд, яна больш за ўсе тычыцца тых твораў i аўтараў, якія спрабавалі за ўсім гэтым схаваць сваё ўсярэдненае майстэрства, тую шэрасць, што прэтэндавала на ролю шэдэўра. Калі ж мастацкі твор вылучаўся глыбокім зместам, арыгінальнымі думкамі, новымі падыходамі да асэнсавання жыцця (як у далёкія, так i ў больш блізкія гады), тады выхад яго на чытацкую ці глядацкую аўдыторыю не магла стрымаць ніякая «аглабельная» крытыка i ніякая цэнзура (успомнім хоць бы з’яўленне першых аповесцей В. Быкава). Так адбылося i з «Зямлёй пад белымі крыламі». Ужо ў 1972 годзе кніга была выдадзена ў Кіеве, а потым з’явілася i ў беларускіх кнігарнях. Дакладнасць фактаў, аб’ектыўны (з нейкім, зусім лёгкім, эмацыянальным налётам) падыход да айчыннай гісторыіі ў спалучэнні з вобразнай беларускай мовай робяць гэту кнігу (на жаль, i сёння прыдбаць яе ў кніжнай краме немагчыма!) сродкам далучэння сучаснага чытача да спасціжэння i разумення складанасцей гістарычнага лёсу беларусаў, бачання таго, што гісторыя нашых продкаў была i застаецца натуральнай асновай існавання адзінай беларускай нацыі на мяжы XX стагоддзя.

Сёння можна разважаць над тым, каму з беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў удавалася так трапна i пераканаўча мовай літаратуры прыпаднесці сучаснаму чытачу характарыстыкі аб’ектаў старажытнамастацкай культуры беларусаў, як гэта paбіў У. Караткевіч. Па сутнасці, у сучаснай літаратуры мы не знойдзем таго багацця ведаў аб помніках беларускага мастацтва, якое блішчыць непадробным дыяментам у Караткевічавых творах. Але звернемся да фактаў.

Вось звесткі аб Віцебшчыне: «Яшчэ i зараз па глухіх мясіцнах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы i статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай, шматкаляровай кафлі (так званая „цанінная справа“). Беларускія даўнія майстры неслі яе i да суседзяў. Так, майстра Ігнат, сын Максімаў з Копысі, разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля, прынеслі гэтую тонкую штуку нават у Маскву, дзе яны i пабудавалі, упрыгожыўшы цанінаю, такія шэдэўры, як нябесна-сіні Круіцкі церамок, некаторыя крамлёўскія палацы, будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры i сабор Нова-Ерусалiмcкaгa манастыра» (VІІІ, ч.І, 467 — 468).

Яшчэ — аб традыцыйных духоўнасцях Магілёўшчыны: «Гэтыя мясціны, былыя ўрочышчы, забудаваныя новымі гмахамі, носяць назвы „Машакоўка“, „Дзебры“. …Легенда… кажа, што жыў у гэтых нетрах вялікі разбойнік Машэка. Стаў ён гразой наваколля пасля таго, як, жадаючы зарабіць на вяселле, пагнаў на Украіну плыты, а тым часам князь сілай узяў у замак яго нявесту. Уварвацца ў замак нават такі асілак не мог. Машэка зpaбіў сабе ў пушчы, пад каранямі, логава, адзеўся ў воўчыя шкуры, якія так i прысохлі на ім, i хутка ўсе перад ім трапяталі. Аднойчы яму ўдалося перастрэць вазок князя, разагнаць варту, у адзінаборстве забіць уладара, а жанчыну, што ехала з ім, прынесці да сябе. Тая, аднак, за гэты час прывыкла да раскошы i золата, збэсцілася i, калі Машэка заснуў, забіла яго нажом» (VIII, ч.І, 469). (Паданне, мабыць, i далёкае. Але было яно настолькі ўражлівым для Караткевічавай паэтычнай душы, што стала высновай для яго першага літаратурнага твора.)

Пра адметнасць i трапнасць характарыстык пісьменніка можа сведчыць, напрыклад, апісанне горада мяча i волі i свабоды — Гродна.

Гэты горад «далёка не апошні па старажытнасці, па прыгажосці, па тым, што ён з тых гарадоў, якія маюць сваё адметнае аблічча, якое не зблытаеш ні з якім другім» (VIII, ч.І, 477).

Пісьменніка цікавіў гістарычны і культурны лёс не толькі вялікіх гарадоў. Ён вывучаў шляхі развіцця і «вялікіх» малых гарадкоў і мястэчкаў, цікавых і рамантычных, такіх, як Навагрудак з сусветна вядомымі гарадзішчамі і «Курганом Міцкевіча», Нясвіж, на вуліцах якога не рэдкасць барачныя дамы XVII — XVIII стст., Пінск з яго велічным сярэдневяковым гмахам калегіума, Мазыр (гэты «міні-Кіеў»), Орша з яе легендамі, Рагачаў з шыпшынай на курганах. Без увагі У. Караткевіча не засталіся Гальшаны, што на Ашмяншчыне, Вараняны з Астравецкага раёна, цудоўны і непаўторны Мір з яго цыганскімі «каралямі», Давыд-Гарадок над Гарынню. На жаль, пісьменнік не паспеў данесці да чытача і тысячнай часткі таго дзіўнага, што бачылі яго вочы на беларускіх дарогах і ў беларускіх гарадах. Зямля Беларусі — гэта зямля, якая «спрадвеку ўсыпана магіламі, курганамі, згубленай у баі зброяй. Каго тут толькі не было?! Нават готы ў другім стагоддзі ішлі тут са сваёй туманнай поўначы да Чорнага мора, а потым калі паўдзённыя плямёны турнулі іх, — зноў каціліся на поўнач. Археолагі выкапалі ў скарбе другога стагоддзя наканечнік дзіды з рунічным надпісам «Наперад!». А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя тыя ж вуглаватыя суровыя руны: «Назад!» (VIII, ч.І, 474).

Асабліва адметныя адносіны пісьменніка да вальналюбства нашых продкаў, іх самаадданасці і адвагі ў барацьбе за незалежнасць. «І ледзь адбіліся (ад татар. — А.Р.), звалілася новая вялікая бяда. У 1230 годзе Конрад Мазавецкі запрасіў на межы сваіх граніц з прусамі (адным з славянскіх плямён. — А.Р.) Тэўтонскі ордэн. Меч пагражаў цяпер з другога боку. Яшчэ больш жудасны, без літасці і сумнення. У гродзенскім музеі захоўваецца двухручны меч з надпісам па-старанямецку „Drink blut“ — „Пі кроў“. Прусы паступова гінулі пад ударамі ордэнцаў… Такі самы лёс пагражаў і нам — беларусам» (VIII, ч.І, 478).

Але ўсё ж у тыя гады выстаялі, не толькі цярпелі паразы (напрыклад, у 1284 г.), але адбівалі нападкі крыжакоў (1296, 1306, 1311 гг.), білі іх. І ў рэшце рэшт войска пад кіраўніцтвам Давіда Гродзенскага разбіла ўшчэнт. Канчатковую кропку ў процістаянні з ордэнам паставіла Грунвальдская бітва, дзе гродзенцы разам з віцяблянамі, магілёўцамі, мсціслаўцамі, смалячанамі і іншымі славянскімі ваярамі нанеслі ордэну сакрушальнае паражэнне. «…Грунвальд не можа не здзіўляць. Перавага нямецкіх сіл… не памагла ім. 15 000 узялі ў палон, больш 40 000 разам з вялікім магістрам Юнгінгенам забілі» (VIII, ч.І, 479).

У. Караткевіч адным з першых аўтараў у беларускай мастацкай культуры паспрабаваў спасцігнуць i праз асаблівасць свайго літаратурнага метаду выразіць сутнасць i вынікі рэлігійнага (каталіцкага i праваслаўнага, уніяцкага i праваслаўнага) процістаяння на Белаpyci. Ствараючы вобразы езуітаў i ix прыслужнікаў, пісьменнік стварае ўражлівыя карціны духоўнага жыцця (ці, можа, духоўнай затхласці) i ў сярэднявеччы, i ў больш познія часы. Дарэчы, новыя гістарычныя даследаванні даюць нам пераканаўчыя сведчанні пастаяннай жорсткай, наступальнай дзейнасці езуіцкіх ордэнаў у ix авалоданні светапогляднай прасторай Беларусі. I гэты працэс У. Караткевіч адлюстраваў вельмі трапна: «I трыста год існуe твой дамініканскі ордэн. Ён грызе ворагаў Бога, як пёс. Пачынаючы ад вальдэнсаў i катараў вы знішчаеце epaci, вы кіруеце інквізіцыяй, але вы таксама на вачах. Натуральна было б стварыць братэрства, якое жыло б сярод ycix, як мінарыты, i ведала б людзей, як яны, але адначасова рвала б ерэтыкоў, як псы Гасподні. Не грубай сякерай, вядома, — пакінем яе вашаму… гм… цяперашняму ордэну, — а больш тонкай зброяй. — Пагайдаў медальёнам: — Хаця б вось такой. I гэты ордэн павінен быць нябачным i ўсёпранікальным. Як смерць, ведаць усё i ўся, нават тое, што вораг пабаяўся падумадь. Тайны, магутны, розны па вопратцы, з магнатам — магнат i з хлопам — хлоп, з вальнадумцам — вальнадумец, з праваслаўным — праваслаўны, але заўсёды — атрута самога Бога ў целе ворага. Нябачнае войска ў кожнай краіне, якое вядзе войны, рыхтуе вайну забойствам моцных i выхаваннем малых дзяцей і ўсім, што стварыў д’ябал i што мы павінны зрабіць зброяй у абарону Госпада. Нашто грэбаваць нечым? A гpaxi нашы — замоляць» (VI, 19).

Тэма гэта, як нам падаецца, ніколі не пакідала ўвагі пісьменніка. Яе адбіткі, яе сляды, нават прамое адлюстраванне мы знойдзем у шмат якіх творах. У першую чаргу ў «Званах Віцебска». Сёння цяжка вызначыць, што падштурхнула У. Караткевіча звярнуцца да тэмы рэлігійнага процістаяння, але напісанае застаецца фактам: народная трагедыя, апісаная ў творы, вельмі пераканальна паказвае, як трагічна заканчваецца процістаянне на светапогляднай аснове.

У. Караткевіч быў адным з першых літаратараў, хто звярнуўся да трагічнага лёсу захавальніцы народнай мудрасці, непадробных, унікальных сведкаў роднай гісторыі, сучасніцы непаўторнай Ефрасінні Полацкай, першапачынальніцы бібліятэчнай справы на Беларусі старажытнай Полацкай бібліятэкі. «У склепах ягоных (храма Сафіі Полацкай. — А.Р.) была ў свой час адна з найлепшых нашых старажытных бібліятэк. Яе спалілі ў свой час езуіты» (VIII, ч.І, 465).

Аб шматбаковасці мастацкіх інтарэсаў i захапленняў У. Караткевіча сведчыць i яго пастаянная ўвага да мастацкай спадчыны народа, яе сучаснага супярэчлівага лёсу.

Запісы ў дзённіках сведчаць аб вастрыні эстэтычнага ўспрымання, тонкасці сацыяльна-эстэтычных ацэнак мастацкай спадчыны мінулага, заклапочанасці аб яе захаванасці для нашчадкаў. Колькі прыкладаў з «Запісных кніжак» У. Караткевіча:

«12.VII.70.
Царква ў Бярозавічах. …Могілкі, зарослыя бярвенападобнымі старымі вішнямі, ліпамі. Бярозы звесілі косы. Ажына запляла старыя крыжы. Добра, што ёсць яшчэ такія куткі. Анёлападобныя стогны пеўчых. …Маці Божая. Яшчэ ўніяц[кая] рыса твару азызла-журботная. Прабоіна ад шведскай кулі.
…Каплічка на могілках пры ўездзе, каляровыя шкельцы. Магутныя прысады. …Зламаная ў пятніцу царква. Разбіты купал.
9-га ў 22 г.
…Кашавічы. Драўляная, сціплая цэркаўка. Спераду бярозы, з астатніх 3 бакоў — ліпы. Асуджаная. Не сёння-заўтра знясуць.
13.VII.70
…Пакроў Маці Божай.
У алтары адна ікона — яшчэ уніяцкая. Mixaіл з крыжам i сцягам. Шлем з султанскіх пер’яў. І другая, мабыць, таксама XVIII ст. — (Суздаль?). Скурчаныя пальцы трохперсція.
Перад алтаром — злева — Тройца. Тры анёлы. Сляды уніяцкай манеры. 18 ст. — магчыма, пачатак. Нацюрморт.
I, урэшце, шэдэўр, жамчужына царквы: прабітая асколкам у 1939 г. (батарэя выпусіціла па саборы некалькі снарадаў) Маці Божая.
1970 — 1673 — 297-гадовая царква.
Лілова-карычневая накідка з апельсінавай падкладкай. Цёмна-зялёны, высакародных таноў хітон. Зялёны, ледзь святлейшы хітон младзенца. Ды не, ужо й падлетка нібы. I зялёная яго накідка. I звернутая да яго з невымоўнаю пяшчотай рука маці. I другая, якая трымала яго без напругі, як трымаюць паветра.
Вялікія журботныя вочы. Нос не кратак. I далонь дзіцяці ў двухперсці. I за ўсім гэтым залацістае ззянне згасаючага — i ніколі нязгаснага — візантыйскага, беларускага неба… ».

Розны лёс прыпаў на долю помнікаў нацыянальнай мастацкай культуры. Адны з іх захаваліся да нашага часу i пераканаўча сведчаць нам аб высокім узроўні эстэтычнага развіцця нашых продкаў; другія — не вытрымалі выпрабаваняў гістарычнага часу, згубіліся ці разбурыліся пад уздзеяннем акаляючага асяроддзя; трэція — былі вынішчаны рознага роду «змагарамі за чысціню» народнага светаўспрымання (маўляў, не тую ідэалогію выражалі). Усё гэта старонкі гісторыі нашага мастацкага развіцця. Таму i шкадаваць аб згубленым, i радавацца захаваным, на жаль, прыходзіцца адначасова.

Але У. Караткевіч быў далёкі ад такога «замілавання». Яго пастаянна трывожыла становішча, калі па жаданні палітыкаў мастацкая культура нацыі магла стаць у цуглях, падпарадкоўвацца волі «злоснай задуме, злому капрызу чалавека (людзей) i па ix волі магла чыніцца бязглуздая, вар’яцкая, злачынная жорсткасць як у адносінах да гісторыі нашага народа (да гэтага мы ўжо так-сяк прызвычаліся), так i да культуры нашай.

«Тое, што не вывезена (якое права маюць музеі суседзяў н а н а ш ы я (выдзелена У. Караткевічам. — А. Р.) каштоўнасці), тое, што нельга вывезці (ратуша ў Мінску i Магілёве, Мірскі замак), тое знішчаецца, каб мы засталіся голыя на зямлі, каб нам нават ганарыцца не было чым. Гэта нішчаць усе: абазнаныя — з прынцыпу, народ па неадукаванасці, apxiтэктары, каб на месцы старай жамчужыны збудаваць буйнаблочную каробку з дзвюма гарыламі i трыма каровамі на фасадзе i такім чынам уславіць сваё імя ў стагоддзях (раней толькі жонка ведала, што ён дурань i імпатэнт, прабачце, творчы імпатэнт), а цяпер слава аб гэтым — на ўвесь свет, цяпер пра гэта будуць ведаць усе добрыя людзі).

Дзякуючы турызму ў нас, i ў Смаленску, i ў Маскве гандлююць з-пад крыса беларускай іконай, унікальнай беларускай скульптурай. Бізнес укараняецца нават у тых месцах, дзе не ведалі й дагэтуль, што такое крадзеж, паклёп, падман. Скарбы нашы — у прыватных калекцыях, што асуджаныя на маўчанне. А тое, што на месцы, асуджана на разбурэнне, паталоку, разрабаванне.

Бог наш у рашучую хвіліну здрадзіў нам, стаў богам моцных суседзяў, даў сябе разрабаваць. Стаў саўдзельнікам нашай бяды, нашай агульнай трагедыі. Ён бараніў нас, пакуль непахісныя былі нашы ўладары, а калі яны пахіснуліся — выдаў нас з галавою драпежнікам».

Зaпіc гэты зроблены У. Караткевічам яшчэ 5 красавіка 1982 г. Гэта значыць, ужо тады, у часы застойныя, пісьменнік душой сваёй адчуваў усю небяспеку, якую нясе бескантрольнасць дзяржавы за захаваннем нацыянальнага мастацкага багацця, як бы падказваў кіраўніцтву рэспублікі неабходнасць прыняцця заканадаўчых актаў, якія б рэгулявалі ў Беларусі прынцыпы развіцця, функцыяніравання, спажывання i захавання мастацкай культуры.

А. Асіпенка, які ў 80-я гады працаваў у часопісе «Маладосць», потым успамінаў: «Неяк Уладзімір Караткевіч папрасіўся ў камандзіроўку на Палессе. Тыдні праз два ён сядзеў у рэдакцыі i абурана расказваў, як знішчаюцца старажытныя, можа, адзіныя ў свеце, помнікі культуры i архітэктуры, захапляўся палескай прыродай, сівымі легендамі i сказаннямі.

Я пажартаваў: „Выгаварышся i не захочаш пісаць… “ Ён адказаў з болем у голасе: „Не пісаць — крычаць хочацца… “ Нарыс быў надрукаваны. Называўся ён „Званы ў прадонні азёр“. Адзін з лепшых нарысаў Уладзіміра Караткевіча, актуальнасць якога відавочна і сёння.

То быў сапраўдны крык збалелай душы».

Беларускае мастацтва яшчэ да прыходу ў яго У. Караткевіча назапасіла пэўны арсенал сродкаў фарміравання ў грамадства і асобы гістарычнай самасвядомасці. Аднак не было той стрыжнявой лініі, якая б праз яго спецыфічныя падыходы асэнсоўвала розныя сацыяльныя пласты, асаблівасці нацыянальнага менталітэту, вызначала ролю і месца беларусаў у культурна-гістарычным працэсе як з’яву аб’ектыўную і заканамерную. Менавіта творчасць У. Караткевіча (а ён, як нам падаецца, быў першым у нашай літаратуры, хто задачай творчасці вызначыў і рэалізаваў на справе паказ жыцця і гераічнай барацьбы беларусаў за сваю долю і волю) дазволіла ліквідаваць гэты прабел. Доказы?

Па-першае, пісьменнік валодаў вялізнымі ведамі ў галіне тэарытычных праблем гістарычнай навукі (стварыў сваю філасофію гісторыі. Успомнім, да прыкладу, яго вызначэнне эпохі Рэнесансу на Беларусі. Ці размову Алеся Загорскага з прафесарам Сразнеўскім у «Каласах пад сярпом тваім»: «Вы адкрылі новы нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ. Няўжо яны былі такія?

— Якія, пан прафесар?

— Усе ж кажуць аб крайняй забітасці, затурканасці, выраджэнні нашага краю.

— Гэта ёсць, але ў гэтых выказваннях больш палітыкі, чым праўды… Прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых — магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў» (V, 147 — 148).

Па-другое, Караткевіч разумеў гісторыю як працэс, што дазваляе звязаць разам мінулае і будучае (гістарычны сюжэт, на яго думку, гэта матрыца будучага) і ў якім кожнаму народу адведзены свае роля і месца. «А для нас жа беларуская гісторыя — у многім нязведанае, — адзначыў неяк У. Караткевіч. — Мы пакуль што мала ведаем аб жыцці, звычаях, побыце нашых продкаў. Кожны, хто ведае, хто можа ведаць, павінен збіраць гэтыя падрабязнасці і перадаваць іншым. Па меры магчымасці я і рабіў гэта ў „Каласах“. У выніку шматлікія апісанні, вялікі аб’ём рамана. Для тоненькіх гістарычных раманаў, такіх, як у Друона, у Беларусі яшчэ прыйдзе свая чарга».

Па-трэцяе, у спасціжэнні беларускай гісторыі ў Караткевіча было сваё бачанне. Ён знаходзіў і адбіраў тыя факты, якія сілай мастацкага абагульнення (сінтэз легендарна-фальклорнага з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі) знітоўваліся ў сістэму, у якой спалучаюцца выпадковае i заканамернае, нацыянальнае i агульначалавечае, маральнае i эстэтычнае. Па сутнасці, гістарычныя творы У. Караткевіча — гэта літаратурна-эстэтычная матэрыялізацыя гістарычнай памяці народа.

Адбывалася гэта (як нам падаецца) таму, што ў творчасці У. Караткевіча ўдала спалучаліся паэтызацыя i ўвага да простага, звычайнага, чалавечая мудрасць з непасрэднасцю дзіцяці (В. Быкаў), гістарычная праўдападобнасць з народнай легендай ці паданнем. I, вядома ж, асабісты ўдзел у пошуках i даследаваннях помнікаў старога дойлідства, этнаграфіі i фальклору, «рэстаўрацыі» мастацкай культуры народа.

Мабыць, яшчэ можна адзначыць пісьменніцкую цягу да спасціжэння незвычайнага, незалежна ад таго, дзе яно мела месца — у гісторыі цi сучаснасці. Гэта незвычайнае, як лічыць В. Быкаў, пісьменнік умеў бачыць скрозь і ўсюды, падмячаць cваім вострым мастакоўскім вокам, узбагачаць сілай свайго ўяўлення да пераканальных уражліва-эмацыянальных карцін. Сведчаннем таму, што У. Караткевіч, асабліва ў спасціжэнні гісторыі народа, шмат фактаў, асоб i падзей успрымаў па-свойму, як можа бачыць вялікі мастак, майстар прыгожай думкі i слова, з’яўляецца палемічнасць яго твораў. Вядомы даследчык беларускай літаратуры В. Каваленка, аналізуючы аповесць «Сівая легенда», назваў яе творам палемічным «да цэлага перыяду літаратурнага жыцця, калі страх перад „ідэалізацыяй мінулага“ амаль што паралізаваў жывую цікавасць прозы да гістарычнай даўнасці беларускага народа».

На наш погляд, пры асэнсаванні азначанай праблемы нельга абысці ўвагай адносіны У. Караткевіча да вуснай народнай творчасці, якая адыгрывала важную ролю як у развіцці яго прозы i драматургіі, так i праз караткевічаўскае прачытанне, у абагачэнні нацыянальнай мастацкай культуры. Пісьменнік быў цвёрда перакананы, што толькі спасціжэнне вытокаў жыццёвасці народа, пранікненне ў сутнасць народнага мастацтва, i ў першую чаргу фальклору, дазваляе ствараць сапраўды, мастацкія творы, вартыя той зямлі, на якой ён жыве.

Раней (гл. частку VII) мы аналізавалі месца вуснай народнай творчасці ў паэзіі У. Караткевіча. Але таксама ж багатай народнай мудрасцю насычаны яго і проза, і драматургія. У «Дзікім паляванні караля Стаха», напрыклад, цесна пераплецены рыцарская авантурная фабула з казачнымі элементамі, аўтарскія лірычныя і публіцыстычныя адступленні з мудрасцю і трапнасцю народных выразаў, прымаўкамі і прыказкамі, сакавітасцю народнага гумару. Дарэчы, і галоўны герой аповесці Андрэй Беларэцкі — вучоны, фалькларыст, які «абышоў і праехаў Мінскую, Магілёўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні» — рашае сваю галоўную задачу — веданне беларускага народа. Паклаўшы ў канву аповесці вечную духоўную каштоўнасць народнай легенды, пісьменнік паказаў, як людзі ў пагоні за грашыма топчуць і нішчаць народнае багацце — сваю спадчыну, нородную мудрасць, звычаі, дзякуючы якім народ уласна і існуе як народ. «Дзікае паляванне…» вядзе да дзікунства, распусты, згубы еднасці са сваёй Радзімай і нацыяй. Аб пільнай увазе Андрэя Беларэцкага (а значыць, і самога Карткевіча!) да сівой мінуўшчыны сведчаць у аповесці шматлікія ўрыўкі і вытрымкі з гістарычных хронік, паданняў, народныя песні, калыханкі, хаўтурныя галашэнні, легенды і г.д. І выкарыстоўваецца ўсё гэта з адзінай мэтай — апаэтызаваць беларуса, чалавека «тутэйшага», дзяліўшага з роднай зямелькай і шчасце, і горыч.

І зусім ужо ў традыцыях вуснай народнай творчасці напісана «Легенда аб бедным д’ябле і аб адвакатах сатаны», з якой чытач змог пазнаёміцца толькі ў 1996 г. (напісаная ў 1961 г., легенда пры жыцці пісьменніка не друкавалася). Твор гэты нават не легенда (у традыцыйным разуменні), гэта нейкая фантасмагорыя, у якой знітаваны ў адно рэальнасць і фантазія, гісторыя і вымысел, вусная творчасць і яе літаратурная апрацоўка. Як адзначыў сам Караткевіч, яго твор «… аб людзях і духах, злых і прыстойных, і аб іхніх здзіўляючых, мудрых, смеху вартых і ўсякіх іншых прыгодах, якія адбыліся на Беларусі і ў іншых мясцінах, што ляжаць не бліжэй Месяца і не далей Сонца». Андрэй Рогач, выгнаны з пекла за праяўленую дабрачыннасць, па загаду Сатаны адпраўляецца на Беларусь, «у самы паршывы закуток», каб, вынішчаючы ўсё жывое, зноў атрымаць месца ў сатанінскіх палацах. Голад і пакуты, каханне і смерць, шчырасць і подласць — праз усе выпрабаванні пройдзе Рогач, каб адчуць сябе Чалавекам! «Але пекла пад зямлёй не будзе. А зямное пекла мы таксама знішчым, — кажа ён сваёй каханай Дубраўцы, калі яны пасля ўcix прыгод Рогача зноў сустрэліся на палявой дарозе. — …Мы дачакаемся. Вечна жывы чалавек. I вечна будзем жыць ты i я. Пакуты мужчын i каханне жанчын… »

Дабро павінна перамагчы зло. I яно перамагае яго. Чалавек зноў адчувае сябе Чалавекам, які ў імя абароны Дабра i Прыгажосці (як гэтага патрабуюць правілы i прынцыпы створаных народам легенд, казак, паданняў) гатовы на барацьбу з Д’яблам, Сатаной i яшчэ хто ведае з кім i чым, каб толькі на гэтай грэшнай зямлі ўладарылі Праўда, Ісціна i Справядлівасць.

Не абыходзіць пісьменнік i вусную творчасць, традыцыі i звычаі народаў, якія суседнічаюць з Беларуссю ці жывуць на яе зямлі («Зямля пад белымі крыламі», «Казкі янтарнай краіны», «Каласы пад сярпом тваім»). У аповесці «Цыганскі кароль» каларытна выпісана, у прыватнасці, сцэна пахавання цыганскага старэйшыны. За шматлікімі рытуаламі (пахавальныя песні, рытуальнае вогнішча, спальванне цыганскага шатра з памерлым і інш.), якімі суправаджалася пахаванне, за знаёмствам героя аповесці з цыганскімі звычаямі У. Караткевіч убачыў вернасць народа традыцыям продкаў, беражлівыя да ix адносіны.

Асаблівым багаццем, сапраўдным россыпам народнай мудрасці, гумару, алегорый вызначаюцца раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», драма «Маці ўрагану» i некаторыя іншыя творы. Тут i класічныя выразы фальклорнай спадчыны, i тыя простанародныя выказванні, якія з цягам часу ператвараюцца ў народную «класіку», i, наогул, трапныя выразы, якія, як правіла, раскрываюць сутнасць народнага погляду на тыя ці іншыя рэчы i з’явы. Іх проста нельга не прывесці ў якасці пацвярджэння: «Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым», «А быці таму палацу княскаму багату, як касцёл», «Хоць саву аб пень, хоць пнём аб саву — саве ўсё адно», «Гарэлкі не піў, піва не любіў, таму i кар’еры не зрабіў», «Цалуй прабой ды гамуй дамой», «Я здатны быў біць нагамі, як жарабя пасля зімовай спячкі», «Духоўны смурод горшы», «I сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак», «Татка падалом, мамка рукавом, а я сам — сохну», «бручкай па мордзе», «вільнуў языком, як сабака хвастом», «паненкі, як кветкі ў крапіве», «Лупіш ты па краі, як конь на градах», «а дом твой карчма — пасярод дзярма», «напнуўся, як жаба на купіне», «казаў табе Бог, каб сам сабе памог», «язык мой — звонам у роце», «памяць каціная», «голы чалавек на зямлі без чалавека», «у гарэлку ўткнуўшы лыч, задрамаў Фама-шляхціч»…

Выкарыстанне трапных народных выразаў — гэта не толькі абагачэнне мовы герояў, веданне імі бацькоўскіх наказаў, мудрасці i запаветаў. Гэта яшчэ i даніна таму магутнаму народна-мастацкаму пласту культуры, які, па сутнасці, з’яўляецца i калыскай, i нянькай усякага сапраўднага мастацтва.

У творах Караткевіча (бадай, як ні ў кога з белаpycкix аўтараў) даецца шматпланавая характарыстыка майстэрства народных умельцаў, помнікаў мастацтва, народных традыцый. Вось, напрыклад, раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Сярод герояў — народныя майстры — разьбяры («Чакай, вось толькі задніцу святой Інэсе дараблю, — сказаў разьбяр. Дзіўнай прыгажосці была гэтая спіна, схопленая мастаком у лёгкім, амаль непрыкметным, але поўным грацыі выгіне») (VI, 44), ювеліры («Пярсцёнак залаты з хрызапразам зpaбіў ягонай… Няўжо такая праца паловы збожжа бязмена не вартая? ») (VI, 45), збройнікі, кавалі, скамарохі-ліцэдзеі. Тут шырока адлюстраваны i утылітарныя, i эстэтычныя якасці шмат якіх прадметаў народнага ўжытку, дадзена мэтавае ix прызначэнне i мастацкае апісанне. Трапнымі, нават з нейкай доляй іроніі, вызначэннямі вылучаюцца характарыстыкі жаночых аксесуараў: «…за спінамі сядзелі кабеты. Размаляваныя, беленыя, з падплоенымі валасамі пад залатымі з алмазамі сеткамі, з аголенымі амаль да саскоў грудзьмі, на якіх прыслужніцы майстэрска вывелі танюткімі пэндзлікамі сетку блакітных жылак» (VI, 14).

А вось апісанне Гародзенскага, Вітаўтавага замка: «Замкавы палац быў пабудаваны ў выглядзе базілікі, як царква, i меў шэсць нефаў, з якіх сярэдні быў толькі трохі вышэйшы за астатнія. Да яго прылягала па два бакавых нефы з кожнага боку i адзін папярочны, трансэпт. Сярэдні неф быў ва ўсю вышыню будынка i служыў залай для тронных прыёмаў. У трансэпце былі пакоі вялікага князя, а потым караля i іхніх двароў, цяпер даволі запушчаныя. Бакавыя i папярочны нефы былі пасля паходу Вітаўта на Пскоў падзелены на два паверхі. У ніжнім паверсе заходняга нефа жыла варта, у другім — прывілеяваныя воіны. Другі заході неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, i там былі скарбніца i падземны ход за Гароднічанку. У першым, усходнім нефе, на абодвух паверхах, былі жытло для шаноўных гасцей i вялізная дварцовая капліца. I ўрэшце, у першым паверсе крайняга ўсходняга нефа былі цямніцы для радавітых i склады зброі.

На другім паверсе большую частку памяшкання займала вялікая судная зала (малая была ў трансэпце, пад бокам у караля), а меншую, аддзеленую ад яе пры Вітаўце ж мурам у тры цагліны, — катоўня. З катоўні скрыты ход у сцяне вёў праз усе паверхі пад зямлю, дзе былі сутарэнні для вязняў, а яшчэ глыбей — каменныя мяхі, у якіх губляўся назаўсёды след чалавека i адкуль за стагоддзе з лішнім не выйшаў, здаецца, ніхто, нават на могілкі» (VI, 30). Яскравы прыклад, калі мастацтва выконвае i эстэтычную, i сацыяльную ролі. Хочаш — лаві, адчувай асалоду ад уражанняў вонкавага архітэктурнага ансамбля, а хочаш… пазнаёмся з тым варварствам i жорсткасцю, з якой знаходкі архітэктараў i майстроў-будаўнікоў выкарыстоўваліся ўладамі для падаўлення вальнадумства i іншамыслення.

Зyciм узнёслымі выглядаюць характарыстыкі У. Караткевіча, дадзеныя ім невядомаму майстру, які стварыў вобраз Маці Божай у Куцеінскім Аршанскім манастыры: «Гэтая ікона з Куцейны (пад Оршай) лічылася раней узорам для тых, хто пісаў іконы: «Прыгажосць невыказная! »

Як нам здаецца, У. Караткевіч ад асэнсавання старабеларускай культуры з яе універсальнымі набыткамі язычніцтва i юнага хрысіцянства (у кантэксце з заходнееўрапейскім гістарычна-культурным працэсам) прыходзіць сам i падводзіць (праз мастацкі аналіз мноства гістарычных асоб i падзей) чытача да разумення гуманістычных каштоўнасцей новай нацыянальнай мастацкай культуры, яе новых носьбітаў у асобах народных i прафесійных творцаў i, галоўным чынам, народа, які ці прымае, ці адрыньвае пошукі i знаходкі новага мастацтва. Таму ў мностве твораў такім адчувальным з’яўляецца імкненне пісьменніка спасцігнуць шматвяковы эстэтычны, псіхалагічны, эмацыянальны вопыт народа, перадаць яго насычанасць новым духоўным адчуваннем i светаўспрыманнем ідэй свабоды i сацыяльнай роўнасці, народніцкім нацыянальна-вызваленчым гуманізмам.

I яшчэ адна праблема. Гэта ўплыў творчасці У. Караткевіча на іншыя віды i жанры беларускага мастацтва. Дадзеная ім гістарычная, культурная i этнатэрытарыяльная панарама развіцця беларускай нацыі, прасякнутая глыбокім пранікненнем у духоўную скарбонку народа, стала арганічным кампанентам сучаснай нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. I ў гэтай якасці творчасць У. Караткевіча не магла не падштурхнуць дзеячаў нацыянальнага мастацтва да асабістага знаёмства, прачытання i выкарыстання раманаў, аповесцей, драматычных твораў у якасці зыходнага матэрыялу для cвaix твораў (успомнім мастацкія кінастужкі «Чорны замак Альшанскі» (1984), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1974), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Маці ўрагану» (1991), сумесны беларуска-польскі кінафільм «Сівая легенда» (1990), тэлефільм «Ладдзя роспачы» (1980) i тэлеспектакль «Лісце каштанаў» (1982); драматычныя спектаклі «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Ладдзя роспачы», оперу «Дзікае паляванне караля Стаха», радыёспектакль «Паром на бурнай рацэ»…).

Высокую ацэнку беларускай i замежнай музычнай грамадскасці, рэцэнзентаў, музыказнаўцаў атрымала опера беларускага кампазітара У. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха», створаная па матывах аднайменнай аповесці У. Караткевіча (опера пастаўлена на сцэне Беларускага опернага тэатра ў 1991 годзе).

Пачатак сваёй кінакар’еры У. Караткевіч датуе вераснем 1959 года, калі быў закончаны «сцэнарый мастацкага фільма «Дзеці ракі». (Не быў пастаўлены. Як адзначае Е. Бондарава, на «Беларусьфільме» лічылі чамусьці Караткевіча «некінематаграфічным».) Потым будуць напоўненыя глыбокім філасофскім роздумам кінасцэнарый «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць каменя» (1966), «Будзь шчаслівая, рака» (1967), «Адам i Марыля» (1968).

У час здымак гэтых фільмаў У. Караткевіч зноў прайшоў пад белымі крыламі Беларусі, праплыў шляхамі яе рэк, пасядзеў пад шатамі яе велічных дрэў, імкнучыся праз слова, праз кінавобраз перадаць любоў да Радзімы. Таму i атрымаліся фільмы ўражліва-эмацыянальнымі, зaпaмiнaльнымi. Заўважым, што, як i для cвaix літаратурных твораў, для сцэнарыяў У. Караткевіч часцей за ўсе выбіраў незвычайных герояў у незвычайных абставінах.

За час вучобы ў Маскве на Вышэйшых сцэнарных курсах У. Караткевіч напісаў два сцэнарыі для поўнаметражных фільмаў — «Легенда аб бедным д’ябле i адвакатах сатаны» і «Гнеўнае сонца пякучае». На жаль, не ўсе кінанамеры ўдалося ажыццявіць — ніводны з гэтых сцэнарыяў не рэалізаваны, хаця спробы такія былі. У лістападзе 1963 г. У. Караткевіч пicaў: «Набор майго рамана (кнігі «Леаніды не вернуцца да Зямлі») рассыпаны: абвінавацілі ў абстрактным гуманізме i іншых смяротных грахах… П’еса («Кастусь Каліноўскі») ляжыць у ЦК ужо шмат тыдняў… I адтуль зноў жа «ни ответа ни привета». Сцэнар («Гнеўнае сонца пякучае») усё яшчэ «катуюць» i, магчыма, таксама «зарежут это дело». Прадчуванні, на жаль, спраўдзіліся, i сцэнарый да сённяшняга часу чакае свайго рэжысёра (на думку Е. Бондаравай, «мог бы атрымацца кінатвор, як кажуць, „з тэкстам i падтэкстам“ у арыгінальным жанры».

Дарэчы, пісьменнік i сам, адчуваючы, што значыць кіно для літаратурнага твора («…Кіно зацягвае, як чароўны вір…»), пісаў арыгінальныя кінасцэнарыі (накшталт двухсерыйнага фільма пра славутую бітву на Нямізе, які атрымаў станоўчыя водгукі і які, на жаль, у тагачаснага кіраўніцтва «Беларусьфільма» і Дзяржкіно БССР выклікаў боязь. «Як жа, даўніна, гісторыя, — пісаў У. Караткевіч. — Можа быць перакос, калі патрабуецца рабіць фільмы на сучасныя тэмы».

Караткевіч добра разумеў, што мастацтва кіно — з’ява сінкрэтычная. I яго аўтарства тут вельмі ўмоўнае: аўтараў шмат — сцэнарыст, рэжысёр, аператар, мастак, кампазітар, а яшчэ i акцёры (нярэдка са сваім поглядам i адносінамі да ролі) i г.д. Такое разуменне часта давала свой плён, але часцей вяло ўсе ж да прыніжэння ролі аўтара літаратурнага твора на карысць кінематаграфічнай вepcii. (Пасля кінапрэм’еры «Дзікага палявання караля Стаха», напрыклад, У. Караткевіч прызнаўся, што стужка атрымалася болей па В. Рубінчыку, чым па Караткевічу.) Адчуванне падаўлення цэласнага духоўнага працэсу адной асобы (пісьменніка) калектыўнай творчасцю над фільмам давала сябе знаць. Не заўсёды рэжысёры, якія працавалі з творамі Караткевіча, разумелі асаблівасці караткевічаўскага рамантычнага светаўспрыняцця, яго мастацкае прачытанне беларускай гісторыі, шматпланавасць i своеасаблівасць яго літаратурных вобразаў. A. Aciпенка, напрыклад, лічыў, што згубілася сутнасць Караткевіча ў кінафільмах «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі». А кінафільм «Жыццё i ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»), нягледзячы на скарачэнні, перапрацоўкі i рэдакцыі, атрымаў, наогул, нізкую катэгорыю.

Пасля некалькіх месяцаў прагляду ён быў наогул адпраўлены на паліцу i праляжаў там больш за дваццаць гадоў (за гэты час яго бачылі ў Рыме i Парыжы, Маскве i на Мальце). I толькі ў эпоху перабудовы — у 1989 г., фільм «Жыццё i ўзнясенне Юрася Братчыка» («Хрыстос прызямліўся ў Гародні») быў вернуты з нябыту. Калі фільм-«гаротнік» праз 22 гады пасля стварэння выйшаў на экран, адносіны да яго аказаліся неадназначнымі. «З аднаго боку, — піша В. Нячай, — гледачы i крытыка радаваліся, што нарэшце яны бачаць гэтую экранізацыю рамана Караткевіча. З другога — зразумела было, наколькі розняцца паэтыка Караткевіча i стылістыка рэжысёра Уладзіміра Бычкова. Замест народнай трагедыі i сакавітага, смелага народнага гумару на экране была вясёлая казка, знятая амаль у аперэтачным ці лубачным стылі».

«Калі я спыталася ў рэжысёра, — піша Е. Бондарава, — што было ў фільме адрэзана цэнзурай, ён адказаў: «Ды нічога, xiбa толькі паменшала планаў лірыка, эпізадычную ролю якога выконваў сам Караткевіч».

Па сутнасці ж, галоўнай думцы рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці — у фільме проста не знайшлося месца.

Рэальны ў дэталях эпохі i разам з тым легендарна-фантастычны свет аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» абнавіў i стварыў у аднайменным кінафільме рэжысёр Валерый Рубінчык (фільм быў прэміраваны на X Парыжскім кінафестывалі фантастычных i навукова-фантастычных фільмаў). Захапленне, з якім успрымалі фільм гледачы (асабліва маладыя, дзякуючы рапіднай здымцы i музычна-шумавому афармленню ў сцэнах дзікага палявання), разыходзілася з думкай мастацкай крытыкі, якая адзначыла няўдалае спалучэнне ў экранным варыянце твора фантастыкі, легенды i гістарычных рэалій у пачатку XX стагоддзя.

Шырокую дыскусію ў беларускім друку выклікаў фільм М. Пташука «Чорны замак Альшанскі» (па аднайменнаму раману У. Караткевіча). З аднаго боку, адзначаліся яго пластычная выразнасць, добрая аператарская работа Т. Логінавай, акцёрскае майстэрства Генадзя Гарбука (ён сыграў ролю Лапатухі, нямога сведкі фашысцкіх злачынстваў); з другога ж, карціну называлі «фантазіяй на тэму У. Караткевіча», гаварылі пра гістарычныя недакладнасці, не зусім аўтарскую філасофскую i псіхалагічную канцэпцыі.

Няроўным аказаўся i фільм-фрэска «Маці ўрагану» (рэжысёр Д. Марухін): найбольш выразнымі аказаліся буйныя масавыя сцэны i найменш тыя, дзе на экране паўставалі асобныя гepoi.

У манеры тыповага «баевіка» з героямі i мастакамі ў гістарычнах касцюмах атрымаўся польска-беларускі фільм «Сівая легенда». На экране — усё (ці амаль усё), як у Караткевіча, ды, на жаль, няма ў фільме Караткевічавага духу.

У мастацтве бываюць i здабыткі, і паразы. У адносінах да твораў У. Караткевіча гэта дылема павінна чытацца так: яшчэ з’явіцца той майстар экрана, які зробіць твор, роўны па сіле таленту і сугучны светаўспрыманню У. Караткевіча. Але ўсё ж і тое, што зроблена кінатворцамі, зроблена для таго, каб лепш данесці да людзей думы і пачуцці У. Караткевіча, накіраваныя на паглыбленне нашай гістарычнай памяці, узвышэнне нашых дум і сэрцаў.

Ёсць яшчэ адна праблема, якая, на першы погляд, не мае прамога дачынення да азначанай тэмы. Гэта тое, што творчасць У. Караткевіча (магчыма, дзякуючы таму, што ён выдатна ведаў польскую, сербскую — спашлёмся на А. Мальдзіса: «За „кавалерскім“ сталом знаходзіўся таксама прафесар Бялградскага універсітэта — выкладчык славянскіх літаратур, былы партызан Стаян Субоцін… Гаворка зайшла пра паэзію — сербскую, славенскую, чарнагорскую. I тут Караткевіч раптам пачаў па памяці чытаць вершы Радуле Сціенскага, якія ягоны зямляк чуў… упершыню. У чым тут жа збянтэжана прызнаўся» — харвацкую, украінскую i іншыя славянскія літаратуры) выконвае звязваючую ролю ў еднасці славянскіх мастацкіх культур, як бы цэментуючы іх (з аднаго боку) i падштурхоўваючы да стварэння ўсёабдымнай мастацкай гісторыі ўсходнеславянсіх народаў (сведчанне — пераклад твораў У. Караткевіча на польскую, украінскую, латышскую, чэшскую i іншыя мовы). Канечне, культура Pacii тут не выключэнне. Менавіта дзякуючы выдавецтву «Советский писатель» ужо ў 1974 г. рускамоўныя чытачы змаглі пазнаёміцца з раманам «Каласы пад сярпом тваім» у перакладзе В. Шчадрыной на рускую мову. Дарэчы, гэта перакладчыца падрыхтавала да друку «Сівую легенду», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Цыганскага караля», «Чорны замак Альшанскі» i іншыя творы.

Адзначым, дзеля справядлівасці, што шлях «Калаcoў… » да рускамоўнага чытача не быў адназначна лёгкім i простым. На навуковай канферэнцыі ў Оршы, прысвечанай 65-годдзю з дня нараджэння У. Караткевіча, перакладчыца з Масквы Валянціна Шчадрына апавядала пра тыя драматычныя калізіі, якія прыйшлося пераадолець раману «Каласы пад сярпом тваім», каб атрымаць рускамоўны чытацкі рэгіён. Аказваецца, што першапачаткова на раман У. Караткевіча (а ён знаходзіўся ў выдавецтве «Советский писатель» з 1969 г.) было арганізавана некалькі адмоўных рэцэнзій, былі прыдзіркі рэдактара рукапісу А. Часнаковай, былі іншыя зачэпкі. Але ж было i заступніцтва народнага пісьменніка Белаpyci Івана Мележа, па парадзе якога ацэнку раману даў знакаміты савецкі гісторык прафесар Мікалай Улашчык, які ў той час працаваў у Інстытуце славяназнаўства i балканістыкі АН СССР (мяркую, што менавіта гэты станоўчы водклік адыграў рашучую ролю ў з’яўленні кнігі ў друку). I ўсе ж, нягледзячы на ўсе перашкоды, «Каласы пад сярпом тваім» з 1974 г. пачалі сваё пераможнае шэсце ў асяроддзі рускамоўных чытачоў.

Беларуская мастацкая культура ніколі не была замкнутай, ізаляванай ад іншых славянскіх (i не толькі) культур cicтэмай. Яна падтрымлівала сувязі з культурамі як блізкіх суседзяў, так i больш аддаленых народаў, абагачалася ix дасягненнямі, дзялілася з імі сваімі набыткамі. Адным з накірункаў такой міжнацыянальнай культурнай дзейнасці былі пастаянныя i моцныя кантакты паміж літаратарамі, мастакамі, музыкантамі, творцамі іншых відаў i жанраў мастацтва. Не здрадзіў гэтай традыцыі i У. Караткевіч. Паміма азначаных ужо фактаў дружбы, знаёмства, творчых сувязей У. Караткевіча з мноствам вядомых дзеячаў мастацкай культуры, у яго «Запісных кніжках» знаходзіш новыя i новыя пацвярджэнні цягі пісьменніка да пазнання i вывучэння мастацкага развіцця розных народаў. Пісьменніка, напрыклад, цікавяць праблемы расійскай публіцыстыкі, жыццё i дзейнасць рускага пісьменніка XІX ст. Юрыя Тынянава, творчасць армянскага літаратара Арташэса Пагасяна, «моднага» калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гapcia Маркеса («А Маркес усё ж застаецца для мяне тым, выдуманым. А для сябе пакіну, што ў яго добрыя вочы i злом броваў i смяецца белазуба. I яшчэ, што ён падобен на Шата Нішніянідзе, дужа харошага чалавека на маім шляху»).

Прыцягваюць увагу разважанні У. Караткевіча пра творчасць савецкага пісьменніка Канстанціна Паўстоўскага: «…Сорак шосты год. Ведаючы абставіны эпохі і жыцця — страшна. Бо гэта і мой час. Не мог (выдзелена У. К. — А. Р.) чалавек пісаць аб тым, аб чым фанфарылі. А не пісаць пісьменніку нельга. І як ён пакутна выкручваўся ў той жа „Калхідзе“ і „Кара-Бугазе“ (і ўсё ж выкруціўся, бо гэта магчыма (выдзелена У. К. — А. Р.) чытаць і зараз, а тысячы кніг балбатыя, горш чым утыль, сённяшнія ваніты, да якіх заўтра нікому не будзе справы, хіба што падцерці за імі), таленавіта выкручваўся, хаця і цаной кровападцёкаў, калі абзывае дачнікам чалавека шырокага і цікавага і вешае Сталіна і Калумба на адну сценку. …А ён і яшчэ пара такіх толькі і былі людзьмі.

43 — 44 гг. памечаны „Стары човен“, „Снег“, „Дажджлівы світанак“, „Тэлеграмма“. Пісаць пра вайну ён не ўмеў, ды так, як піша В. Быкаў, яму б і не далі. Але ён ужо тады разумеў, што самы час пачынаць ратаваць людзей ад азвярэння, нагадваць ім, што свет не толькі рукапашная, што яна толькі непажаданы, брыдкі спосаб абараніць сады і лясы нашы. Адзін ён нагадаў, што паміраць збірайся, а жыта сей».

У спалучэнні са шматлікімі рэцэнзіямі, прыкладамі, заметкамі, заўвагамі У. Караткевіча да твораў беларускіх аўтараў літаратуразнаўчая дзейнасць пісьменніка з’яўляецца значным укладам у развіццё той часткі мастацкай культуры Беларусі, якая сваімі накірункамі скіравана на развіццё міжнацыянальных культуратворчых сувязей, умацаванне кантактаў беларускага мастацтва з іншанацыянальнымі мастацкімі культурамі.

І яшчэ адна заўвага. На наш погляд, менавіта такая, як у Караткевіча, грамадская актыўнасць у адстойванні каштоўнасцей нацыянальнай мастацкай культуры дазваляе развеяць усё яшчэ бытуючы на Захадзе міф аб другаснасці ўсходнеславянскіх культур i непаўнацэннасці народаў як ix носьбітаў (адсутнасць традыцый — адна з галоўных адзнак непаўнацэннасці). Мастацкае асэнсаванне часоў Адраджэння, Рэфармацыі, Асветніцтва, пачатае У. Караткевічам, як нельга больш пераканальна сведчыць, што беларуская культура мае глыбокія карані і паўнацэнныя культурныя традыцыі. Гэта тое гістарычнае дрэва, якое, з аднаго боку, жывіла сокамі культуру агульнаеўрапейскую і з другога, было той жыватворнай крыніцай, якая стала вытокам сучаснай мастацкай культуры беларусаў.

Абагульняючы, адзначым, што творчасць У. Караткевіча і беларуская мастацкая культура — гэта такая дыялектычная еднасць і гармонія, у якой згуба ці ігнараванне аднаго з бакоў можа парушыць цэлае, прывесці да разбурэння яго існуючай сутнасці.

Яндекс.Метрика