Леанід Крыгман

Баляда аб школьным сябры

З Валодзяй Караткевічам я пазнаёміўся ў 1945 годзе, калі пачаў вучыцца ў 7 клясе Варшанскай школы № 1. Мне было 13, яму 14, і ён вучыўся ў 8 клясе. Мы былі дзеці галодных ваенных і пасьляваенных гадоў. Худыя і заўсёды галодныя. Гэта потым Уладзімір стаў даволі-такі крупным мужчынам, а ў юнацтве адрозьніваўся ад сваіх часам і дарослых (па 18 — 20 гадоў!) аднаклясьнікаў, як кажуць цяпер, нязначнымі фізычнымі кандыцыямі. Усе мы былі апрануты даволі маляўніча, часам у што-небудзь ваеннае: зялёнае нямецкае або абароннае савецкае, заўсёды на шмат памераў больш, чым патрабавалася для нас. Ня быў выключэньнем і Валодзя.

Я пабачыў яго ўпершыню ў вялікай фуражцы, якая падала яму на вочы. Калі ён падымаў яе, можна было пабачыць яго вялікія, вельмі выразныя вочы, якія былі рознага колеру: адно шэрае, другое карае. Мне сказалі: “Гэта Валодзя Караткевіч”. Сказана гэта было зь нейкім асобым зьместам. Праз некалькі дзён я зразумеў, што нягледзячы на кпіны з поваду добрага спалучэння яго прозьвішча і росту, аднаклясьнікі вельмі паважаюць гэтага хлопчыка і гатовы заўсёды абараніць яго. Хутка я зразумеў, чаму.

Валодзя ў свае 14 гадоў меў літаральна энцыкляпэдычныя веды па літаратуры і гісторыі. У гэты час, калі бібліятэкі былі амаль што пустыя, вы маглі атрымаць усе неабходныя даведкі ў Валодзі. Іх ня трэба было правяраць, бо ўсё было дакладна. Гэта ў сучаснай школе больш за ўсё паважаюць спартсмэнаў, а ў 1-ай варшанскай у 1945 г. перавага аддавалася ведам.

Неяк хутка мы пасябравалі. У нашай кампаніі быў таксама Юра Падво, і мы хадзілі неразлучнай тройкай.

У 8 клясе я дагнаў Валодзю. Нашая матэматычка, Вольга Іванаўна, паставіла яму двойку па свайму прадмэту і пакінула на другі год. Гэтая тыповая школьная настаўніца тых сталінскіх часоў да ўсяго саромілася свайго беларускага паходжання і таму вымаўляла словы своеасабліва. Напрыклад, “дрёбь”, “дотрягиваться”, інакш кажучы, нават больш па-расейску, чым гэта патрэбна было. Валодзя ня мог не сьмяяцца з гэтага і таму застаўся на 2-і год. Магу сьведчыць, хаця матэматыка і ня была яго любімым прадмэтам, але ён ведаў яе ня горш іншых, каго перавялі ў наступны кляс.

Валодзя быў разумны, вельмі таленавіты вучань, меў фэнаменальную памяць. Ён мог адзін раз прачытаць старонку тэксту і запомніць яго на ўсё жыцьцё. З школьных прадмэтаў ён больш за ўсё любіў гісторыю і літаратуру. Выкладала літаратуру Кацярына Іванаўна Грыневіч, вельмі добрая, шчырая настаўніца. Пасьля заканчэньня школы Валодзя пачаў перапісвацца зь ёю. І гэтая перапіска цягнулася да канца яго жыцця. (Зараз К. І. Грыневіч жыве ў Кастрамской вобл.). У той час Кацярыне Іванаўне было 28 год і яна была надзвычайны пэдагог. Разам зь ёю мы выпускалі альманах, у якім Валодзя стала зьмяшчаў свае вершы. Яго першыя творы былі напісаны настолькі таленавіта і па-майстэрску, што многія, хто пачыналі пісаць альманах разам зь ім, скончылі займацца гэтай справай. Ён быў такім узорам для ўсіх, што творы іншых здаваліся бязглузьдзіцай. Акрамя таго Валодзя вельмі добра маляваў. Яго сшыткі былі заўсёды размаляваныя на палях.

Кацярына Іванаўна вяла ў нас і драматычны гурток. Разам зь ёю мы паставілі гогалеўскага “Рэвізора”. Валодзя граў Добчынскага, я Бобчынскага, а Юрка Падво быў Хлестаковым. Пэўна, што роль у Валодзі была маленькая, але ён граў з поўнай аддачай і ахвотай. Шмат жэсьцікуліраваў, пастаянна імправізаваў. П’еса карысталася вялькім посьпехам сярод гледачоў і ня толькі ў школе. Мы паказвалі яе ў Доме соцкультуры, вельмі пашкоджаным вайной будынку, у якім раней зьмяшчаўся ці то касьцёл, ці то манастыр, і нават езьдзілі на гастролі ў суседні гарадок Барань. Валодзя быў ня толькі добрым акцёрам, але і сам спрабаваў пісаць для сцэны. Аднойчы Кацярына Іванаўна дала нам для хатняга заданьня напісаць п’есу. Хто накрымзаў на старонку, хто на дзьве, а Валодзя сваім мелкім почыркам сьпісаў увесь сшытак. Гэта была драма ў 3 актах. Так у 8 клясе ён амаль поўнасьцю напісаў першы варыянт п’есы “Млын на сініх вірах”.

Валодзя пачаў пісаць вершы з 6 гадоў. Дарослым ён быў вельмі патрабавальным да сябе, перакрэсьліваў радкі бясконца, шукаючы патрэбныя словы. Але ён мог напісаць верш на адным дыханьні, без адзінай папраўкі, як сапраўдны імправізатар. Сучасныя літаратары больш любяць слова “праца”, чым “натхненьне”, але Валодзя, на мой погляд, сучасным ніколі ня быў. Ён больш падыходзіў для рамантычных часоў пачатку ХІХ стагодзьдзя. Праўда, зь яго гордасьцю і гатоўнасьцю заступіцца за пакрыўджаных, ён-бы хутчэй за ўсё загінуў на якой-небудзь дуэлі, як Лермантаў ці Пушкін. У мяне ўжо тады хапала літаратурнага густу, каб разумець, што хлапец, які сядзіць са мною на адной парце, бегае купацца на Днепар — гэта сапраўдны паэт. (Тое, што ён стане гістарычным пісьменьнікам, мне ў галаву тады не прыходзіла). Ён быў паэт ня толькі таму, што пісаў выдатныя вершы. Ён быў паэт па прыродзе, па сваіх адносінах да рэчаіснасьці.

Усе юнакі нашага кляса, былі закаханыя ў нашу настаўніцу літаратуры. Але наймацьней Валодзя. Аднойчы мы зь Юрыкам залезьлі на адрын, дзе Валодзя звычайна пісаў і хаваў свае творы. Мы знайшлі яго сшытак зь вершамі й узялі яго. Там былі рамантычныя вершы, прысьвечаныя Кацярыне Іванаўне. Справа амаль не дайшла да бойкі, калі Валодзя даведаўся аб крадзяжу. Ён не размаўляў з намі цэлы месяц. Але потым мы зноў сталі неразлучнымі сябрамі.

Пасьля заканчэньня школы Валодзя паехаў у Кіеў і паступіў ва ўнівэрсытэт, на філёлягічны факультэт. Я-ж стаў студэнтам Маскоўскага энергетычнага інстытута. Пачалася нашая перапіска.

Сустракаліся на вакацыях у Воршы, але толькі да 1952 года. Потым не бачылі адзін аднаго доўгія гады. Валодзя пачаў працаваць пасьля заканчэньня ўнівэрсытэта настаўнікам у Тарашчанскім раёне Кіеўскай воб. Я-ж працаваў у Сібіры, Барнауле, а потым у Данецку, адкуль у 1988 годзе эмігрыраваў у ЗША. Нашыя сустрэчы пасьля апошніх агульных вакацыяў сталі рэдкімі, іх можна пералічыць на пальцах. Але мы перапісваліся з 1954 г. амаль 25 гадоў, і гэту перапіску я лічу сьветлай старонкай у маім жыцьці. Мы былі па-юнацку даверлівыя, сумесна перажывалі нашыя посьпехі і няўдачы. Валодзя амаль у кожным лісьце пасылаў мне свае вершы. Спачатку на расейскай і беларускай мовах, а потым толькі па-беларуску.

Яго доўга не друкавалі. Няцяжка зразумець чаму. Валодзя ня мог, як сумленны чалавек, пісаць, як патрабавалася ў гэты момант. У галодныя гады апавядаць аб заможным жыцьці калгасьнікаў яго нельга было прымусіць нават пад пісталетам. І вось, пакуль рэдакцыі не прымалі ягоныя вершы, ён пасылаў іх мне і, пэўна, яшчэ каму-небудзь зь сяброў. Толькі некалькі зь яго твораў, якія ён даслаў мне, спачатку ў Маскву, потым у Барнаул і Данецк, пабачылі сьвет. Але тое, што было надрукавана, часам нельга было пазнаць. Пасьля бязьлітасных рэдактарскіх ножніц зьнікалі яго багатыя вобразы, настрой, сэнс, ідэя, і на сьвет зьяўляўся твор, які адрозьніваўся ад першакрыніцы, как тэлеграфны слуб ад разгалістага дуба. Валодзя прасіў крытыкі і парадаў, але я заўсёды захапляўся яго творамі і быў вельмі дрэнным крытыкам, за што ён мяне папракаў.

Першая нашая сустрэча пасьля 1952 года адбылася восеньню 1959 г. у Маскве, дзе Валодзя вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах. Там я быў сьведкам напісаньня вельмі асабістай паэмы “Плошча Маякоўскага”. (Потым яна ўвайшла ў кнігу “Нельга забыць”). Валодзя напісаў яе, не адрываючы пяра ад паперы, і прачытаў за сталом, дзе акрамя мяне, маёй жонкі Музы, было некалькі маладых літаратараў зь Сібіры, Літвы, Нямеччыны і г. д. (Добра памятаю іркуцкага паэта Рэуцкага, які чытаў свой верш “Сьмерць ваўкадава”). У той вечар Валодзя таксама прачытаў верш з рэфрэнам “Лиофеля, дочь короля”, навеяны нейкай нямецкай легендай.

Наступныя сустрэчы былі ўжо ў Менску. Часам, я трапляў туды ў час камандзіроўкі, часам, пасьля турыстычных паходаў на байдарцы. Камандзіроўкі ў Менск не былі заўсёды заплянаванымі. Інстытут газавай прамысловасьці, дзе я працаваў, ня быў зьвязаны зь Беларусьсю. Таму прыходзілася знаходзіць мэты камандзіровак і дабівацца іх. Хацелася пабываць зноў у Беларусі, а галоўнае, сустрэцца з маім даўнім сябрам.

Валодзя заўсёды быў вельмі вясёлы пад час нашых сустрэчаў, шмат сьмяяўся, успамінаў нашыя школьныя гады. Запомнілася нашая сустрэча ў 1972 (1973?) годзе. Валодзя прыехаў да мяне на таксі. Выходзіць з машыны і ледзь ня плача.

— Што здарылася? — пытаюся ў яго.

Ён дастае з партфеля рукапіс, які ў страшэнным выглядзе. Валодзя пісаў самапіскай, і таму чарнілы расплыліся так, што нічога нельга разабраць. Я сам ледзь не плачу, пытаюся:

— Што тут было?

— “Пан Тадэвуш”. Разумееш, спэцыяльна адпачынак для гэтай мэты ўзяў, забраўся ў Белавежскую пушчу, каб ніхто не перашкаджаў, сядзеў 10 дзён. Зрабіў пераклад і — на табе. Паклаў у партфель дзьве бутэлькі водкі, а яны разьбіліся й усю працу зьнічтожылі.

— Валодзя, у цябе-ж фэнаменальная памяць. Ты-ж можаш адрадзіць твор.

— Разумееш, я за гэты час настолькі выдахнуўся, працуючы над перакладам, што ў бліжэйшы час, наўрад ці зноў вазьмуся за гэтую працу.

Потым мы паехалі на кватэру Рыгора Барадуліна, дзе сабралося даволі шмат людзей. Ён ненадоўга пакінуў мяне сярод іх, бо паехаў сустракаць будучую жонку Валянтыну2. Калі вярнуўся зь ёю, быў трошкі весялейшы.

Уладзімір Караткевіч быў рыцарам у поўным сэнсе гэтага слова. Па натуры вельмі мяккі, добры, чулы, ён быў у той жа час чалавекам надзвычайнае сьмеласьці. Калі Валодзя лічыў, што ён або нехта пакрыўджаны несправядліва, ён, ня думаючы, што праціўнік мацьнейшы за яго, мужна ішоў у бой. У дзяцінстве гэта часта канчалася разьбітым носам або сіняком пад вокам, але гэта яго нісколькі не вучыла, і ў наступны раз адбывалася тое самое. Як ён напісаў у паэме “Орша”: “А ўсё ж такі мы былі гордымі жабракамі, гордымі, як касцільцы…”

Гэтае рыцарства было зь ім на працягу ўсяго жыцця. Аднойчы ён паказваў мне шрам на руцэ, зароблены ім у Кіеве ў час дзяжурства ў дружыне. Яго паласанулі нажом, добра што толькі па руцэ.

Такім-жа ён быў у сваёй літаратурнай і грамадзкай дзейнасьці. За тое яго любілі сябры (а іх было заўсёды шмат), і не любілі ўлады. У часы, калі гэта было вельмі небясьпечна Валодзя мог, нягледзячы на тое, хто яго слухае, выгукнуць: “Кастуся Каліноўскага на вас няма! Ён-бы паказаў вам вашае месца!”

Наступны выпадак характарэзуе Уладзіміра вельмі тыпова. У час дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ён, едучы ў Маскву, апынуўся ў адным вагоне з Машэравым. Валодзя стаяў ля вакна і паліў. Падыйшоў Машэраў, пахлопаў па спіне і кажа: “Ну, як справы, Валодзя?” На што Уладзімір (а яму было пэўна 40 гадоў) пахлопаў Машэрава ніжэй спіны і сказаў: “Ды нічога сабе, Пеця”.

Апошняя сустрэча зь ім летам 1980 г. была прыкрая для мяне. Мы дамовіліся сустрэцца зь ім на яго кватэры а 5-й. Але я, вярнуўшыся з паходу, настолькі стаміўся, што заснуў і праспаў прызначаны час. Прыехаў я да яго вечарам. Валодзя быў зол. Я ніколі раней не бачыў яго такім. Ён нават крычаў на мяне, што я не шаную яго часу, што ён спэцыяльна прызначыў гэтую сустрэчу на 5 гадзіну, бо пазваў да сябе другога сябра. Я прасіў прабачэньня, але Валодзя быў у гневе. Ён у час адпачынку ў Крыме атрымаў траўму галавы, і яму сказалі, што ён пражыве ня больш месяца.

— Я павінен пасьпець зрабіць яшчэ шмат чаго, а ніхто гэтага не разумее…

Потым Валодзя крыху супакоіўся, мы нават выпілі зь ім за сустрэчу, але той былой сяброўскай атмасфэры ўжо не было. Так мы і разьвіталіся. І больш ніколі ўжо не бачыліся. Засталіся памяць аб ім, яго лісты і вершы, якія ён перасылаў мне, калі яшчэ нідзе ня мог надрукаваць. Усё гэта я перадам будучаму музэю Уладзіміра Караткевіча, які абавязкова павінен быць створаны.

1. Надрукавана: “Полацак”, 1991. № 9.