Было юнацтва
Так ружы надушыліся
Уласнаю парфумай,
Што іхнія галовы
Ад водару баляць.
А мне няма спакою,
І пра цябе я думаю,
Пакуль блакітны месяц
Не выпаўзе на гаць.
Калі няпэўным сяйвам
Залье ён кола млына,
Заблытае праменні
У тваннай барадзе,
Я зноўку засумую
Па дарагой дзяўчыне,
Халоднай, як лілея,
Што дрэмле на вадзе.
Блакітная і белая,
Жамчужная, ружовая,
Ўсю цеплыню хавае
У самай глыбіні.
Пакут маіх не бачыць,
Майго не чуе слова,
Каханне зневажае
І пра каханне сніць.
Якой адданай песняй
Развеяць мне бяду маю?
Глянь, любая, — вось месяц
Над грэбляю старой.
Што ж ты не заўважаеш,
Што пра цябе я думаю
І раніцай ружовай
І позняю парой?
У руж баляць галовы,
Ім сумна, ім нявесела,
А я да іх хілюся
Гарачай галавой:
«Вы, модніцы бяздушныя,
Што ж вы галовы звесілі?
Скажыце, што рабіць мне
З каханаю сваёй?»
Яна, як кветка, дрэмле
На холадзе празрыстым
І ад усплёскаў рыбы
Праз лёгкі сон дрыжыць.
Далёкая, маўклівая,
Халодная і чыстая —
Зусім яна не думае,
Што мне балюча жыць.
Упершыню, пад назвай «Месяц над млынам» — «Полымя», 1959, № 4.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 268, 269.