Зямля пад белымі крыламі — Віцебск — месца майстроў

…Пачнем з горада, які мала чым саступае ва ўзросце Полацку і цяпер абласны цэнтр. Віцебск. У 1974 годзе яму стукнула 1000 год.

Мне давялося пабываць на свяце тысячагоддзя. І рэдка мне яшчэ даводзілася бачыць падобную феерыю. Вянкі ля помнікаў, ідуць праз плошчу Леніна тысячы людзей, праязджаюць даўнія воіны і чырвонаармейцы грамадзянскай. Паўсюль танцы і песні, паўсюль карнавал з дзівоснымі жывёламі, з героямі народных казак. А ўвечары на Дзвіне — воднае свята ў мячах пражэктараў. Вось падплывае ладдзя пад ветразем і выходзіць на бераг заснавальніца, княгіня Вольга, вось плывуць яшчэ караблі, плыве «Аўрора». А пасля на ўсё гэта, як тысячы рознакаляровых знічак, падаюць зоры ракет.

Свята мастацтва, свята агню, песні, выдумкі, таленту, свята майстроў, бо Віцебск — месца майстроў. Я ганаруся, што ў маёй «Кнізе працоўнага ўкладу» таксама занесена пару слоў аб працы на карысць горада і тысячагоддзя.

Горад майстроў, горад-гісторыя. Вечная крэпасць, вечны фарпост на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху «з вараг у грэкі». Вялікі культурны цэнтр. Нездарма ў ім знойдзена так многа старажытных берасцяных грамат і надпісных прасліцаў.

Жыхары Віцебска славіліся ўпартай мужнасцю і ваяўнічасцю. Удзельнічалі яны ў бітве на Няве, на Чудскім возеры, грамілі крыжаносцаў у Юр’еве, шмат разоў паўставалі супраць сваіх феадалаў. Вызначаліся яны і страсцю да мастацтва, жывапісу, рамёстваў. Яшчэ і зараз па глухіх мясцінах Віцебскай зямлі можна бачыць цудоўнай старой работы абразы і статуі. Менавіта тут зарадзілася сярод усходніх славян майстэрства рэльефнай, шматкаляровай кафлі (так званая «цанінная справа»). Беларускія даўнія майстры неслі яе і да суседзяў. Так, майстра Ігнат, сын Максімаў з Копысі разам з сябрам Сцяпанам, сынам Іванавым з Мсціслаўля прынеслі гэтую тонкую штуку нават у Маскву, дзе яны і пабудавалі, упрыгожыўшы цанінаю, такія шэдэўры, як нябесна-сіні Круціцкі церамок, некаторыя крамлёўскія палацы, будынкі ў Тройца-Сергіеўскай лаўры і сабор Нова-Ерусалімскага манастыра.

Віцебск і зараз — месца майстроў. У яго майстравітыя, спрытныя рукі. Гэтыя рукі робяць станкі (высокадакладныя зубаапрацоўчыя, што экспартуюцца ў 11 краін, бясцэнтрава-шліфавальныя высокай і асабліва высокай дакладнасці; заточныя станкі з паўатаматычным цыклам работы), радыёдэталі, электравымяральныя прылады.

На першым месцы стаіць у Віцебску лёгкая прамысловасць, гэта ясна. Але хіба не абувае людзей Віцебская абутковая фабрыка або панчошна-трыкатажная фабрыка «КІМ», хіба не апранае іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі»? Хіба не пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі ў кватэрах і хатах дываны Віцебскага дывановага камбіната?

І ўжо калі яны адзначаюцца дыпломам у Дамаску, адным з самых старажытных цэнтраў дывановага ткацтва, то гэта штосьці ды значыць.

Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну. Больш чым 90 працэнтаў тэрыторыi былога горада — кучы бiтай цэглы, бетону i скручанай арматуры, попел i хаос. Больш за 100 тысяч жыхароў забiта, астатнiя выселены. I на гэтым страшным выгары сустракаюць наша войска: сто васемнаццаць жыхароў. Здавалася, канец. Нiколi не разабраць гэтага пекла i лепей будавацца на новым месцы.

Але зірніце на яго зараз. Устаў з попелу, як уся Беларусь.

Вiцебск — гэта цяпер цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькi палацаў, ратуша XVII ст. (цяпер у ёй добры гiсторыка-краязнаўчы i мастацкi музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга i мясцовага, вiцебскага жывапiсу). Вiцебск — горад старых мастацкiх традыцый. Працавалi тут, у прыватнасцi, Ю. Пэн, М. Дабужынскi, славуты К. Малевiч, не менш славуты цяпер М. Шагал i некалькi год

І.Я. Рэпін, маёнтак якога, Здраўднева, быў непадалёку ад Віцебска.

Яндекс.Метрика