Зямля пад белымі крыламі — Пасля 1812 года

«Дапамагла» разарэнню краіны і вайна 1812 года. Беларусь, захопленая ворагам, была выпалена. Сяляне ўзнімаліся на партызанскую барацьбу. Так сяляне вёскі Жарцы разбілі французскі атрад, удзельнічалі ў дзвюх бітвах за Полацк. Гэта была радзіма, хай жабрачая і рабская, але свая зямля… Дый войска расійскае нанесла першыя паражэнні французам менавіта на Беларускай зямлі (пад Кобрынам, ля муроў Мірскага замка, ля вёскі Салтанаўка). А пасля на дапамогу гераічнай арміі і партызанам, якія 7 кастрычніка вызвалілі Полацк, прыйшоў іх вялікасць беларускі мароз. Адступаючая армія французская раставала на вачах. Няшчасныя людзі, сагнаныя «вялікім чалавекам» пад ружжо, кінутыя на захопніцкую вайну ў чужы край, елі трупы і, звар’яцецеўшы ад холаду, кідаліся «пагрэцца» ў палаючыя хаты. 20 000 чалавек загінула пры пераправе цераз Бярозу-раку ля вёскі Студзёнка.

Мне давялося пабываць там у тую ж самую пару, калі адбывалася і тая злашчасная для французаў пераправа. У сярэдзіне лістапада. Снег, мёртвая чорная вада, ад аднаго позірку на якую б’е холадам, плывуць асеннія крыгі. Страшна было і ўявіць сабе, як па мастах б’е артылерыя, як на іх ідзе звалка, як яны рвуцца і тысячы людзей тонуць у гэтым вадкім свінцы. Ясна, ніхто іх не зваў, ясна, наша справа была святой справай, і ўсё ж, хай яны будуць праклятыя, вайна, уварванне, пагібель людзей, сілком, дзеля нейкіх там «вышэйшых меркаванняў» сагнаных уладарамі душ і імперый пад сцягі.

Дый што змянілася? Ваенныя пасяленні, аракчэеўшчына, голад. Памешчык тых самых Жарцаў уласнаручна хвастаў да паўсмерці былых партызан (а яны ў вайну насілі на шапках крыжы, прысвоеныя апалчэнцам) з прыгаворкаю: «Вот вам французы, вот вам вольность, вот вам крест».

Нават уладары бачылі сілу прыгнёту. У цыркуляры мінскага губернатара Допельмаера (1842 г.) пісалася: «…владельцы предают крестьян своих в руки жестокосердных, грубых и корыстолюбивых управителей… которые обременяют их чрезмерными работами, истязают бесчеловечно наказаниями, невзирая ни на возраст, ни на пол, ни на болезненное состояние… В таком положении дел… неоднократно повторенные убийства владельцев своими крестьянами и… донесения, что такой-то крестьянин умер… вследствие жестокого наказания за маловажные проступки, — обратили на себя внимание…»

Сялянскія хваляванні ахапілі ўсе губерні. З набатам, з доўбнямі, з увядзеннем воінскіх каманд, стрэламі і смяротнымі прысудамі. Нясцерпнасць становішча разумелі і лепшыя прадстаўнікі дваранства. Многія дзекабрысты жылі на Беларусі, некаторыя былі адсюль родам. Былі тут і свае арганізацыі. Грамада «Ваенных сяброў», напрыклад. Яны сарвалі прысягу Мікалаю І у часцях Асобнага Літоўскага корпуса. Зрабілі спробу сіламі Палтаўскага палка захапіць Бабруйскую крэпасць. Верхаводы К.Ігельстром, А.Грынявіцкі, шляхціцы Вронскі і Высоцкі, афіцэры Трусаў і Троіцкі былі прысуджаны да Сібіры, многія «да вечнакатаржнай працы». Беларусь хавала некаторых з іх. Кюхельбекера, скажам, які даўжэй за ўсіх унікаў арышту на бясконцых беларускіх дарогах.

Яшчэ да дзекабрыстаў склалася таемнае таварыства філаматаў у Віленскім універсітэце (1817 г.). У грамаду ўваходзілі беларуска-польскі паэт і фалькларыст Ян Чачот, Адам Міцкевіч, будучы славуты падарожнік Ігнат Дамейка, адзін з першых паэтаў-рамантыкаў Томаш Зан і многія іншыя. Філаматы спачатку толькі чыталі французскіх асветнікаў XVIII стагоддзя, вывучалі побыт селяніна і яго фальклор. Тайныя пасяджэнні яны праводзілі на прыродзе. Ледзь не ўсе яны мелі талент паэтаў. Паступова члены згуртавання зразумелі, што галоўны вораг не цемра і неадукаванасць, а царызм. Яны пачалі рыхтаваць сябе да нацыянальна-вызваленчай барацьбы. 1821 год. Таварыства філаматаў ператворана ў таварыства філарэтаў. Юнакі гараць нянавісцю да царызму, патрыятызм іхніх вершаў і прамоў даходзіць да кіпення. Але, нягледзячы да строгую канспірацыю, таварыства выкрыта. Чачот, Міцкевіч, Зан, іхнія сябры кінуты ў турму, у былы уніяцкі кляштар. Допыт вёў езуіцкімі прыёмамі рэдкі мярзотнік, сенатар Навасільцаў, прыбіты пазней Міцкевічам да ганебнага слупа ў трэцяй частцы паэмы «Дзяды». Юнакі вялі сябе годна. Спявалі ў камерах, чыталі патрыятычныя вершы. Чачот спяваў аднойчы беларускую песню ўласнага сачынення:

Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,
Да нас павязуць да далёкай Русі.

Іх і павезлі. Саслалі ў далёкія губерні. Але і праз шмат год Міцкевіч, мабыць, успамінаў, як ён і сябры збіралі легенды і пісалі па іх сюжэтах балады, як для іх «народнасць» азначала, між іншым, і тую мову, на якой гаварыў народ, сярод якога яны жылі, і якой яны цудоўна валодалі — беларускую мову, як ствараліся на гэтай мове сцэнкі і хоры, як ён прыехаў у Вільню на свае імяніны і яго сустрэлі словамі:

Едзе міленькі Адам,
Глядзіце, а онь, а онь,
Ды ён харашэнькі сам,
Пад ім вараненькі конь.

І ўсё гэта ўспомніўшы, вялікі паляк, да труны ўдзячны Беларусі і закаханы ў яе таксама да труны, сказаў пра занядбаную мову, пра наш і свой народ высокія словы, хаця сам і пісаў на мове польскай.

«…З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць, сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай». І яшчэ: «На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай… гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі».

Гэта з лекцый, чытаных Міцкевічам у Калеж дэ Франс, у Парыжы.

Яндекс.Метрика