Зямля пад белымі крыламі — Вайна і рэвалюцыя
Першая сусветная вайна кінула Беларусь на чарговыя выпрабаванні. Пякельныя пакуты людзей, спаленыя вёскі, голад, бежанства, стаптаныя нівы, пасечаныя сады, разабраныя на ўмацаванне акопаў дзівосныя палацы, стварэнні народнага генія. Дагэтуль яшчэ сляды: скруткі праіржавелага дроту на дне азёраў, развалены напалам «камень філарэтаў», сляды акопаў і бетонныя капаніры над Шчарай і Сервеччу. Нязмерныя былі людскія пакуты.
…Непадрыхтаванасць да вайны, крадзеж, неразбярыха, прамая здрада, голад у тыле, разруха, — што здзіўляцца, што спачатку прыйшоў рэвалюцыйны крызіс, затым — лютаўскі, а пасля і кастрычніцкі выбух. На Беларусі гэта адбывалася, як і паўсюль — аднаўленне бальшавіцкіх арганізацый, саветы, рабочыя дружыны, стварэнне прафсаюзаў, разгром маёнткаў і г.д. На працягу нейкіх 20 дзён улада па ўсёй усходняй Беларусі перайшла ў рукі бальшавіцкіх Саветаў. Стаўку ў Магілёве разагналі. Галоўнакамандуючы Духонін быў забіты салдатамі.
У лютай барацьбе з войскам Доўбар-Мусніцкага, з контррэвалюцыяй нараджалася новая рэспубліка. Дэкрэты аб зямлі, аб міры, закон аб рабочым кантролі — улада пераходзіла ў рукі працоўных людзей.
Але тут жа вайна грамадзянская. Напад Германіі, шалёныя рабункі, пасля белапалякі, мяцеж Стракапытава ў Гомелі. Словам, усяго хапіла. Толькі народ, які пакаштаваў волі, нялёгка загнаць у ярмо.
Вось, па-мойму, дужа цікавая быль з запісаў пісьменніка Янкі Брыля пра тое, як немцы ў 1918 г. прымушалі вёску падпісвацца, што людзі хочуць быць пад Германіяй.
" — А то гавораць: Скаціну ўсю пабяром!.." Дык Іван Рыгораў і кажа ім: «Хоць і дзяцей у нас пабярэце — і то не падпішамся».
Шырока разгарнулася партызанская і падпольная барацьба: знішчэнне мастоў, умацаванняў, вадакачак, разабраныя рэйкі. І, урэшце, пад ударамі арміі і партызан, з рэвалюцыяй у тыле, нямецкая ваенная машына пачала развальвацца. Немцы пайшлі прэч.
Пасля вызвалення, 1 студзеня 1919 года, Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Беларусі апублікаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. Рэспубліка была ўтворана. Пасля цэлых стагоддзяў Беларусь атрымала дзяржаўнасць, і прытым у якасці дзяржавы рабочых, сялян, працоўнай інтэлігенцыі.
Дужа ўсур’ёз ставіўся да стварэння рэспублікі У.І.Ленін. Работу па яе ўтварэнні на месцах вялі З.Жылуновіч (Цішка Гартны), А.Чарвякоў і іншыя. На І з’ездзе Саветаў Беларусі (2 — 3 лютага 1919 г.) выступіў Старшыня ВЦВК Я.Свярдлоў.
…І, аднак, па ўмовах Рыжскага міру 1922 г., заходняя частка Беларусі заставалася за буржуазнай Польшчай.
Савецкі ўрад адразу надзяліў зямлёю 30 тыс. беззямельных сялян, 9 тыс. парабкаў. Разбуранай, выпаленай краіне быў дадзен крэдыт у 1 млрд. рублёў. Паступова, хай з неймавернай цяжкасцю, адкрылі ў 1921 годзе чыгуналіцейны завод «Энергія» ў Мінску, 4 шклозаводы, завод запалак у Барысаве. Разгарнулася будаўніцтва школ, бібліятэк, чытальняў. У кастрычніку 1921 года быў адкрыты Беларускі універсітэт, а колькасць школ праз год дасягнула тысячы (і гэта толькі ў той яе частцы, што складала тады БССР, 6 паветаў Мінскай губерні). У 1926 годзе прамысловасць была поўнасцю адноўлена, а ў першыя ж гады сацыялістычнай індустрыялізацыі з’явіўся завод сельскагаспадарчых машын у Гомелі, заводы металаапрацоўчых станкоў, дрэваапрацоўчыя камбінаты, торфапрадпрыемства «Асінторф», і на яго базе пачалося будаўніцтва буйнейшай электрастанцыі БелДРЭС. Цяпер крыху смешныя і тагачасныя тэмпы і тое, як людзі выбягалі на вуліцу глянуць на нясцерпна брынклівы гусенічны трактар «Камунар», і электрыфікаваная карта на плошчы ў Оршы, дзе «тэрыторыя» была амаль цьмяная і толькі макет БелДРЭСа ззяў на палову гэтай плошчы. Але ўсё залежыць ад параўнання. І наша сённяшняя тэхніка здасца кранальна-смешнай недзе ў 2100 годзе. А тут… я зусім яшчэ не стары чалавек, які толькі пераступіў парог сярэдняга ўзросту, а памятаю рамізнікаў на вуліцах і тое, як уначы падковы рамізніцкіх коней выбівалі з бруку іскры.