Гісторыя з першым каханнем
Шчасце былое ўяўляю
Дзяўчынкаю па вясне.
Загарэлая, кемная, злая,
Дражніла яна мяне.
Памятаю, год у шаснаццаць,
Дурны ад кахання і мук,
Цераз плот я глядзеў на шчасце,
Рамантычны, цыбаты хлапчук.
А шчасце гуляла ў садзе,
Апранутае ў паркаль,
Сабе і птушкам на радасць,
А мне на смутак і жаль.
Разявіўшы рот, як варона,
Гляджу я ў дзівосным сне
На шчасце, што садам зялёным
Ідзе бліжэй да мяне.
Уважна за мною сочыць,
І соладка, як салавей,
Просіць заплюшчыць вочы,
І гладзіць па галаве.
Раскошы цэлыя рэкі
Ў сэрца маё плывуць,
Моцна сціскаю павекі,
Чакаю… Нельга ўздыхнуць…
А дзяўчына з вачыма блакітнымі
Суседу, дурному, як бот,
Адуванчык тыцнула спрытна
Ў шырокі, як ступа, рот.
Упершыню — «Полымя», 1957, № 7.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 43, 44.