Развітальная песня
Ці-і-іпак,
Ці-і-іпак.
Сумна. Не хочацца ў шлях далёкі.
Шпак
на галіне бярозы высокай,
Чорны шпак,
Трапёткі шпак.
Чысты абшар халодных нябёс,
Белыя травы засумавалі,
Белыя травы на сонцы адталі,
Плачуць ружовымі нізкамі слёз.
Ці-і-іпак,
Ці-і-іпак.
Шпак не трапеча, ён не ўзвіваецца,
Шчасцем жыццёвым не захлынаецца,
Сёння з радзімаю ён развітаецца.
Сумна,
Працяжна спявае шпак.
Песня шпака халадком цячэ,
Доўгі, празрысты свіст на світанні…
Час адлятаць ад радзімы туманнай,
Светлай для кожных птушыных вачэй.
Ў сэрцы птушыным яна жыве
З дымнаю сушняй, з садамі расянымі…
Вецер над чорным, чужым акіянам
Перыйкі,
Перыйкі,
Перыйкі рве.
Упершыню — У кн.: Вячэрнія ветразі.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 72.