Быў. Ёсць. Буду

Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі.

За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.

За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,
Хто ратуе краіну ад краху,
За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы
І з плахі.

Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
І ўсё ж узводзіць — нясцерпна далёкі —
Храм наш агульны і светлы.

А калі ён горда заззяе ў зеніце —
Непарушны — ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.
Апошнюю.
Болей не трэба.

І няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць
На граніце любові,
На граніце світанку,
На граніце велічы вашай.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1984.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 9 снежня 76 г., Дубулты 13.15.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 239, 240.