Мой век

Было ў ім усякага жыта:
Тысячы добрых гадзін,
І сонца, і шчасце, і літасць,
І космас — на ўсіх адзін.
А ўсё ж такі мне ён сасніцца
Ў агні пякельных начэй
Не добрай васковай пшаніцай, —
Плевеламі хутчэй.
За дрот валакуцца строем…
З “ведзьмаў” высмоктваюць кроў…
Дзяцей, старых і герояў
Бульдозер зграбае ў роў.
Вулканы Мінска і Кіева…
Трэблінкі — вар’яцкі сон…
Вусны жанчын, у якія
Асвенцімскі рвецца “цыклон”.
Забітых халодныя горы…
Котлішчаў вечны спакой…
Дык што ж вы з такім дакорам?
Чаму з пагардай такой?
Што? Рыдаю над даўнімі болькамі?
Што? Валюся ў азёрах крыві?
Падаў…
Плакаў…
Ды толькі
Ў той час, як не бачылі вы.
І які той цяжар ні будзе,
Ён веры маёй не сагне:
Мяне пахаваюць людзі,
Лепшыя за мяне.
І якіх не было гекатомбаў,
Ў ім не згаснула праўды свяча,
І я веру ў хрышчаны бомбамі
Мой крывавы, мой страшны час.
Ў ім цяжка раслося калоссям,
І на большым абшары зямлі
Раскашней паршыўцам жылося,
То адкуль жа Людзі былі?
Тыя, што за радзіму,
За людства, праўду і нас,
Тыя, што за адзіную
Паміралі літару “аз”.
Ваявалі ўпарта са змеем,
Карчавалі ўпарта ляду, —
На іх у мяне надзея
Ў час апошні, калі адыду.
Няхай іх душа жывая
Пакуль што не знішчыла снег.

Яны мяне пахаваюць,
Лепшыя за мяне.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду. Мн.: Маст. літ., 1986.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. [1984 г.?] (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ). Чарнавы аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 17 верасня 69 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 240, 241.

Яндекс.Метрика