Спачатку выпусцілі свае коцікі вербы. Потым, перад вялікаднем, пачалі сачыцца празрыстым сокам пні ссечаных бяроз. Пасля пупышкі сталі зялёныя, а лясы — цёмныя. Пазней заплакалі перад купаллем травы: меліся назаўтра загінуць. А затым прыйшла чарга палегчы каласам.
Год не парадаваў. Ён шмат абяцаў дружнай добрай вясною і спорнымі, цёплымі і буйнымі дажджамі. А потым нічога не даў. Зноў не даў. Каторы ўжо раз.
Дажджы пайшлі бесперапынна. Парасткі захлыналіся ў глыбокай халоднай гразі, жоўклі і гнілі. А з канца красавіка наваліліся халады і ўчэпіста трымалі нівы аж да сярэдзіны чэрвеня. Зямля, калі засунуць у яе руку, была не цёплая, а сцюдзёная і ліпучая, як глей, выкінуты з самага дна магілы.
Дні і ночы сталі цёплыя толькі ў канцы чэрвеня. Голад як быццам падрыхтаваў глебу пад сваё зімняе жніво і шчодра кінуў людзям непатрэбную цяпер цеплыню.
На азіміне не вярнулі насення, тым больш што давялося ратавацца: пераворваць палі і засейваць іх пад ярыну. І гэтую познюю сяўбу ледзь скончылі на купалле, а гэта азначала, што восенню рунь амаль напэўна паб’юць ранішнікі.
І ўсё яшчэ, трэці год, хварэла бульба, і клубні яе былі як гразь: не адрозніш ад зямлі.
Пан Юры і стары Вежа ў канцы ліпеня напалову спустошылі свірны, даючы пазыкі, разумеючы, што спадзявацца няма на што, адпусцілі мужыкоў на гадавы аброк. Хай ідуць з плытамі, хай адпраўляюцца ў звоз, хай дабіраюцца на будову чыгункі, абы не голад, абы не спустошыць свірнаў да дна. Бо невядома яшчэ, што будзе ў наступным годзе.
У канцы ліпеня лямант аб дапамозе даляцеў з мястэчка Свіслач, дзе жыла далёкая сваячка пані Антаніды, стрыечная сястра яе маці, Тацяна Галіцкая. Пан Юры надумаў накіраваць туды абоз насеннага збожжа: на наступны год. Паслалі яшчэ і трыста рублёў грашыма, каб быў заклад на выпадак сапраўднага голаду, каб хоць раз на дзень карміць гарачым дзяцей, жанчын і слабых (у цёткі было нешта каля васьмідзесяці душ, жыла яна адна, прасіла толькі насення — магчыма, нейк і пераб’ецца з людзьмі).
Праводзіць абоз павінен быў Алесь. Па-першае, людзі з канторы былі ў разгоне, па-другое, хай звыкае да спраў, па-трэцяе, час хлопцу, наогул, паглядзець свет. Цэлую зіму яшчэ сядзець яму ў Загоршчыне ды ў Вежы, перш чым пойдзе ў гімназію. Цэлую зіму вучыцца, цэлую зіму практыкавацца ў мовах, слухаць Фельдбаўха, monsieur Jannot і іншых. Бацька і той здзіўляўся сынавым поспехам і доўгацярплівасці… Хай едзе, хай паглядзіць свету.
І пачалася далёкая дарога.
Рыпелі колы вазоў, ішлі каля іх мужыкі. А малады Загорскі то ехаў ля абозу на мышастай Касюньцы, то зварочваў з дарогі і скакаў мяккімі прасёлкамі, праязджаючы вёскі і хутары, то ляжаў на возе, высока-высока, і глядзеў на залатыя аблокі.
Якія бясконцыя дарогі! Якія заблытаныя раздарожжы за дзесяткамі сцежак, што ўліваюцца ў іх! Якія пахілыя драўляныя крыжы, усе шэрыя і ў глыбокіх трэшчынах, стаяць на скрыжаванні шляхоў.
Цягнуцца паўз іх вазы, ідуць вандроўнікі з трохграннымі вострымі кіямі і клункамі за спіною. Ідуць баркалабаўскія старцы з сінявокімі хлопчыкамі празрыстай іканапіснай прыгажосці.
Бабы нясуць за спіной паклажу, з вузлом закруціўшы на грудзях канцы хустаў. І вузкімі, нейкімі асабліва жаноцкімі і пададзенымі наперад здаюцца іхнія плечы, сціснутыя жорсткай тканінай, у якой ляжыць нерухомы цяжар.
Спявае ліра пад прыдарожным вязам. Часам сонца закрые дымна-агатавая завеса мімалётнага дажджу. І тады ногі месяць дарожную гразь, — тысячы ног, — і корчмы робяцца асабліва цёмныя, а паловая шкура коней робіцца гнядой.
І на ўсё гэта — колькі ўжо год! — глядзіць абведзенымі сінькай вачыма, увесь у падцёках, пафарбаваны вохрай і мядзянкай распяты Хрыстос.
…Свіслач, аб якой Алесь дагэтуль нават не чуў, была маленькім мястэчкам.
Сярод будынкаў ці не самым вялікім здаваўся будынак прагімназіі. Але і ён быў запушчаны, як амаль усе астатнія будынкі мястэчка. Там, дзе калісь былі пляцоўкі для гульні ў мяч, куртыны і баскетныя агароджы, цяпер — і на двары і на вуліцы — цягнуліся зарасці пахучых дробных рамонкаў ды трыпутніку, сярод якіх губляліся сцежкі.
Мястэчка рыхтавалася да гадавога кірмашу, які меў пачацца паслязаўтра, пятнаццатага жніўня, і таму на пляцы было ўжо даволі густа і людна. Стаялі запакаваныя вазы, цюкамі ляжала воўна, жавалі жвачку валы.
Цётчын дом быў за нейкія паўвярсты ад канца мястэчка: вялікі, драўляны, пад саламянаю страхою — на галерэях і шчапяным дахам — над жылымі пакоямі. Вялікі сад спускаўся ў вільготны, звонкі ад шматлікіх ручаін, цяністы яр.
Старасвецкія ўтульныя пакоі з нізкаю столлю.
На вокнах акрамя першых рам былі і другія, з каляровымі шкельцамі. Яны замянялі аканіцы. А ў саміх пакоях стаяла даўняя мэбля: пузатыя арэхавыя сакратэры, дубовыя разьблёныя скрыні ля сцен і кутнія — адна на чатыры пакоі — вельмі цёплыя печкі, выкладзеныя галандскімі кафлямі. На белых плітках плылі пад усімі ветразямі сінія караблі.
Цётка, маленькая, рухавая жанчына ў акулярах, сустрэла Алеся абдымкамі.
— Прыехаў, сынок… Ну, вось і добра ўжо, што прыехаў… Кірмаш пачнецца, наедуць навакольныя з хлопцамі і дзеўкамі… Будзе і ў нас весела.
Насенне загадала перамераць і пассыпаць у свірны, але ад грошай адмовілася:
— Дзякуй богу, галадаць не давядзецца. Абнасенімся вашым збожжам, а астатняе можна пусціць на хлеб. Мне што? Ежа — свая, наліўкі — свае. Вопраткі — поўныя скрыні. І нічога мне не трэба, хіба што калода карт — адна на тры месяцы: у «хобаля» згуляць ды часам пасьянец (яна так і сказала — «пасьянец») раскласці.
Мітусілася, збіраючы на стол разам з дзеўкай:
— Дзякую пану Юрыю. Такое ўжо няшчасце! Проста хоць сядай на зямлю ды спявай «Ой вы, гробы, гробы, сусветныя домы»…
Пасур’ёзнела:
— Хай пан Юры не думае. Насенне на тую восень аддам. Дзеля спакойнага сну. Не хачу, каб мне ўначы д’яблы сніліся ды яшчэ, крый божа, язычнікі-салдаты.
— Злітуйцеся, цётухна, — засмяяўся Алесь, — якія ж салдаты язычнікі?
— Язычнікі, — упэўнена сказала Тацяна Галіцкая. — Хто ж гэта, акрамя язычніка, будзе страляць у людзей, толькі з-за гэтага зброю насіць ды яшчэ і клясціся нячыстай клятвай, што будзе страляць і не будзе пручацца, калі загадаюць… Язычнікі і ёсць!.. Ну, а каб Хрыстос другі раз прыйшоў? То ж бо! Так бы яны і стаялі са сваёй клятвай другі раз каля крыжа, як, не раўнуючы, рымскія галаногія бандзюкі.
Цётка Алесю спадабалася. Паказвала гаспадарку: чатырох коней, два з якіх былі пад выезд, трох галандскіх кароў, пекінскіх качак і курэй-легорнаў.
Паказвала кветнік з «разбітым сэрцам» і «пантофелькамі маці божай», з мацыёлай і залатым царскім бэрлам.
У самым глухім кутку саду — каб, крый божа, не наелася хатняя птушка — ляжалі на траве выкінутыя з наліўкі барвяныя вішні. Гожы махаон сядзеў на іх і дыхаў апалава-сінімі крыламі. Піў.
П’яны-п’яны, такі шчаслівы махаон.
А вечарам сядзелі на тэрасе, пілі каву з масляністымі халоднымі пірожнымі і гаманілі аб сім-тым.
— Дык вы так і жывяце адна, цётухна?
— Зусім адна. Ды мне ніхто і непатрэбен пасля смерці нябожчыка Яўгена.
— Ён хто быў?
— Ён у дванаццатым годзе набраў купку людзей: дзесяць шляхцюкоў ды тры дзесяткі сваіх мужыкоў. Ну і пайшоў. Спалілі яны аднойчы вісячы мост, папалілі французскае сена. Потым лавілі ды білі гэтых… як бо іх?.. марадзёраў? Фуражыраў? Ну, усё адно. А потым уланы прыйшлі іх лавіць, дык яны і ўланаў пабілі.
— І сваякоў другіх не было? Зусім-зусім?
— Цяпер няма. Толькі твая маці. А яшчэ раней, да смерці мужа, быў у яго стрыечны брат, Багдан. Але той яшчэ, дай бог памяці, васемнаццаць… не, дваццаць год назад знік…
— Як знік?
— А так… Звязаўся з мяцежнікамі, калі тут у нас дваране бунтавалі. А калі яны не бунтуюць? Заўсёды грызуцца, як сабакі нейкія. А жонкам — тачы слёзы. Вось і ён пайшоў са зброяй, ды так і знік. Нічога пасля таго пра яго не чулі. Косці, напэўна, дожджык мочыць, вецер сушыць. Так што ты цяпер мой наследнік. Няхай будзе так. Тут паляванне добрае. Выдры гэтай самай — дык раніцай па берагах як гусі хадзілі. Лапы вялікія, з перапонкамі.
Пайшла і прынесла пажаўцелы касцяны куфэрачак. Седзячы ў крэсле, разбірала яго.
— О, — сказала нарэшце, — гэта адзінае, што ад Яўгенавага брата засталося. Мужыкоў у доме няма. Сабе вазьмі.
Гэта быў амулет старога дзьмутага золата, відаць, танны матэрыялам, але дарагі сваімі гадамі. Памерам з далонь немаўляці, ён таемна і цьмяна ззяў на руцэ ў Алеся. А на ім Белы коннік з дзіцячым, быццам апухлым, тварам бараніў Авечку ад Льва, Змія і Арла.
— Дзякуй, цётухна. — Алесь ведаў: чалавек не павінен манежыцца, калі яму дораць. — Толькі як жа яго?..
— Павесь да медальёна, — сказала цётка. — Бачу ж я ланцужок. І насі. Памагае, кажуць. Хто носіць — ніколі не трапіць у рукі ворагу. Тройчы тры разы ўнікне немінучай смерці. І яшчэ, усе яго будуць любіць, бо ён бароніць Авечку ад Льва, ці бо то ўлады, Змія, ці бо то хітрасці, і Арла, ці бо то драпежнасці… Можа, і Багдан уратаваўся б, ды вось, ідучы ў лес, забыў.
Алесь прывязаў залаты ланцужок медальёна да стальнога Майчынага ланцужка. Сам сабе ён пасмейваўся. Ну якая немінучая смерць можа яму пагражаць? Якія такія ў яго могуць быць ворагі?
…Праз дзень пачаўся свіслацкі кірмаш. «Прачыстая». Гандлёвыя рады плескануліся далёка за пляцовыя межы.
Гандляры спрытна матлялі на медны аршын вішнёвыя і белыя сукны. Свістаў, па-змяінаму павіваючыся ў паветры, шоўк. Паўзла шарсцянка, і весела бегала баваўнянка.
— А-а гарлачы-гарлачы-гарлачы! Звіняць, як званы, звіняць, як войтава галава.
— Жа-леза, жа-леза! — гэта басам. — Кас-са — на аконама, бязмен — на цешчу!
Узляталі, як карабель на хвалях, стракатыя арэлі. Адтуль даносіўся няшчыры дзявочы віск.
— Вось наваліся! Вось наваліся! Усё дорага — маё дзешава. Усё даражэе — маё дзешавее. Дзешавее мыла, дзешавеюць вяроўкі.
Катрыншчык-італьянец спяваў сухотным голасам пра невядомае. Малпа ў зялёнай сукенцы працягвала далонь, скакала ля гаспадара і глядзела ў вочы людзям гаротна-непаразумелымі дзіцячымі вачыма.
Гандляваў тканінамі прыгожы перс з палымянай барадою. Вадзіў «Міхала» цыган.
— Бацю, падыходзь — пажартуем!
Страсна спрачаўся з белавалосым мужыком конскі перакупшчык. Гучна, напэўна, аж пальцы балелі, біў у карычневую, як зямля, далонь, гучна кусаў аброць на знак таго, што не маніць.
Вузкавокі караім, падобны адначасова на дзікага хазара і на вялікага равіна Якава Леві, лаяўся з гарбаносным яўрэем, ля якога шэрагам стаялі гарэлачныя куфлі, кварты, паўкварты і іншае шчасце п’янага.
Алесь хадзіў сярод гэтага рознагалосага, стракатага мора трошкі ачмурэлы і як быццам сонны, але радасна ўзрушаны. Сонныя былі вочы, узрушанае было сэрца.
Віселі залатыя бароды льну, прыемна пахла рыбай і кісла — шкурамі.
Грувасціліся пірамідамі яблыкі, над шызымі, нібы затуманенымі подыхам, слівамі спявалі залатыя восы. Сапяжанкі, ур’янтоўкі, слуцкія бэры пахнулі так, што соладка рабілася ў роце. Усюды ляжала гародніна, бітая птушка, мясныя тушы. А побач — рабчыкі, кражныя качкі, дупелі для панскага стала. Кадаўбцы ляснога мёду і жаўтаватыя колы воску. Шкуры дзікіх звяроў.
Краіна была багатая. Краіну чакаў голад.
…Каля сляпога старца з лірай амаль не было людзей: не даць — грэх, а даць не было чаго. Стары спяваў: цёмны правал рота ў срэбнай барадзе. Лірнік быў такі стары, што барада яму была не ў загану. А ля яго акрамя дзвюх жанчын, якія плакалі, стаяў хлопец, можа, на нейкі год старэйшы за Алеся, невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца былі няправільныя, але буйныя і нават у чымсьці прыгожыя. Цяжкаватае падбароддзе, вялікі цвёрды рот. Жарсткаваты няправільны нос. З тысяч і тысяч людзей, па адной толькі форме носа з крутымі ноздрамі, Алесь заўсёды пазнаў бы ў ім мясцовага, тутэйшага.
Невялікія, сінія з залатымі іскрынкамі, вочы хлопца былі цяпер задумлівыя і мяккія. Пасма валасоў падала на высокі чысты лоб. Ён слухаў. Слухаў, нахмурыўшы тонкія і чорныя, нібы тушшу наведзеныя, бровы.
Алесь побач з ім таксама пачаў слухаць пад тужлівыя ўздыхі баб.
Ой, то не чорная хмара падступае.
То турэцкі кароль наступае.
Турэцкі кароль наступаў, каб узяць за сябе Андрэеву дачку. І не толькі яе.
Сватаць нівы, бары, і разлогі,
І лугі, і праўдзівага бога.
Сватаць дым у закуранай хаце,
Ўсю зямлю нашу бедную сватаць.
І не вытрымала жаночае сэрца. Андрэева дачка ўцякла ў лес і, седзячы ў разгаліне дуба, рыхтавала падарункі каралю, загадвала сяброўкам вастрыць нажы, каб кроіць імі для яго ручнікі. І вось кароль падступіў з усёй сваёй чорнай сілай. І тады…
Не папала яна ў палаценца,
А папала у шчырае сэрца
І каню пад падковы упала.
Паміраючы ж, так прамаўляла:
Страшна гулі струны:
Ой, не будзеш ты мець, чарнарогі,
Ні лугоў, ні праўдзівага бога,
Ні бароў, ні дзяўчат, ні багацця,
Ані дыму ў закуранай хаце.
За якое ні схопішся сэрца –
Ўсе адкажуць адзінаю смерцю.
І адкажуць пажарамі хаты
І зямелька, якую ты сватаў.
Жабрак змоўк. Хлопец цяжка, быццам ад сну адрываючыся, уздыхнуў і кінуў на ліру тры медныя капейкі. Непаразумела зірнуў на Алеся. І раптам вочы сталі іранічныя і трошкі злосныя: убачыў, што гожы падлетак з шэрымі вачыма хоча пакласці на ліру срэбны паўрубель.
— Здурэў, ці што? — спытаў ён гучным кплівым голасам.
Алесь цярпець не мог, каб з яго кпілі незнаёмыя.
— Цябе не спыталі, — сказаў ён.
— Яно і відаць, што з залатых каптаноў. Галоўка, як макаўка, а розуму — як…
Загорскі ведаў, што працяг прыказкі злосны і трохі непрыстойны.
— Ты б паўтарыў, — з пагрозаю сказаў ён.
— А я не глухому гавару, — сказаў хлопец.
— То і відаць, што скнара. За такую песню паўрубля яму шкада.
— За гэтую песню мне мільёна не шкада. Ды толькі не з тваіх рук.
— А што мае рукі?
— А тое, што іншая дабрыня горшая за дурасць. А дабрыня багатага…
— Затое ты, відаць, з багатых. Сем коп лапцей…
Алесь сказаў гэта з вялікай крыўды. Але падлетак, апрануты сапраўды сціпла, здавалася, не пакрыўдзіўся.
— Люблю Сярка за звычай, — паказаў ён сляпуча белыя зубы. — Ды толькі не тыя паны, што грошы маюць, а тыя, што бога знаюць. Забяры свае бязбожныя грошы.
— Чым гэта яны горшыя?! — спытаў Алесь. — Чаго ты да мяне прычапіўся?!
— А тым, што яны дурной галавой дадзены, гэтыя грошы.
Алесь мераў хлопца вачыма. Так, той быў, відаць, дужэйшы, але ў яго было менш гнуткасці і спрыту.
— А я вось дам, дык ты і нагамі накрыешся, — сказаў хлопец.
— Ану дай. Сам пяты задзярэш.
Праз хвіліну яны малацілі адзін аднаго з усёй заўзятасцю падлеткаў.
Пыл так і курэў над месцам бойкі.
Урэшце яны стаміліся і, сапучы, стаялі, насцярожана сочачы адзін за адным.
— Атрымаў? — спытаў хлопец.
— Дый ты атрымаў.
У хлопца сапраўды распухла і без таго пухлая ніжняя губа; у Алеся вуха было чырвонае і пякло.
— Ну і што? — спытаў хлопец.
— А тое, што дурань, — ужо не так злосна сказаў Алесь.
Яны ўсё яшчэ сачылі адзін за адным, але відаць было, што бойка згасне.
— Гэта ты дурань, — сказаў хлопец. — Старога за твой паўрубель маглі б у паліцыю павесці. У бедных людзей бываюць толькі медныя грошы.
— А паперак няма? — буркнуў Алесь.
— Не ў старцоў, ёлуп хвашчоўскі.
Алесь разумеў, што хлопец кажа праўду, але вуха пякло, а незнаёмы яшчэ і лаяўся. Варожасць зноў пачала нарастаць.
— Ты хто такі? — не вельмі ветліва спытаў ён.
— А табе што?
— Ну хто? Паляк? Мазур?
І тут ён пачуў такое, што аж вочы сталі круглыя ад здзіўлення.
— Беларус, — спакойна сказаў хлопец.
— Што-о?
Алесь не мог зразумець, адкуль гэтаму хлопцу стала вядома яго таямніца, ягонае адкрыццё. Але хлопец, відаць, зразумеў пытанне як выгук пагарды.
Алесь не стрымаўся.
— Адкуль гэта ты даведаўся? Гэта ж я адкрыў. Гэта я — беларус.
— Адзін Гаўрыла ў Полацку, — усміхнуўся хлопец. — Тут усе беларусы. А ён адкрыццё зрабіў… Першы… Знайшоўся мне яшчэ — Капернік.
— Але ж я ведаю толькі траіх, якія адказалі мне так. У астатніх няма імя…
Алеся цяпер цягнула да гэтага хлопца. Таму, што ён, не ведаючы Алесевых думак, прыйшоў да таго самага.
А хлопец раптам сказаў:
— Я шкадую, што цябе стукнуў.
— І я таксама шкадую, — Алесь падаў хлопцу руку.
Хлопец зрабіў крок, і падлеткі моцна паціснулі рукі.
— Ты адкуль такі? — спытаў хлопец.
— З Дняпра. А ты?
— Я тутэйшы. Бацька прывёз тавар, а я з ім.
— Твой бацька купец?
— Не, дваранін. Але ў яго ёсць маленькая фабрычка. Абрусы, сурвэткі, усё такое, словам.
— Значыць, вы небагатыя?
— Небагатыя. У нас вялікая сям’я. Адных дзяцей лічыш-лічыш ды саб’ешся.
— Ты вучышся дзе?
— Тут і вучуся, — сказаў хлопец, — у прагімназіі. Праз пятнаццаць нейкіх дзён канец волі. Зубрэнне гэтае. А ты любіш вучыцца?
— Люблю. Толькі я дома вучуся. Мяне рыхтуюць у чацвёрты клас.
— Маеш шчасце. Я таксама вучыцца люблю, ды толькі настаўнікі ў нас дрэнь. — Уздыхнуў. — Скончу, пайду ва універсітэт. Урокамі буду зарабляць, а выб’юся. З нашай зямлі не пражывеш: бацька ўсіх не пракорміць.
Дакрануўся да распухлай губы.
— Б’ешся ты здорава, — засмяяўся ён. — Прыклаў руку, дык не раўнуючы як станавы прыстаў… Давай знаёміцца, ці што?
Алесь падаў яму руку.
— Давай. Я Алесь Загорскі.
— Кастусь Каліноўскі, — сказаў хлопец.
Яны стаялі і разглядалі адзін аднаго.
— Давай уцячом, ці што, — сказаў хлопец. — Пакуль крамы бацькаў тавар бяруць, паходзім, паслухаем.
— Давай… Толькі паўрубель гэты дзеду ўсё ж аддамо. Размяняем на медзь і аддамо. Хай помніць, як мы біліся тут ды мірыліся.
— Вядома, — сказаў Кастусь.
Памянялі грошы, усыпалі старому ў шапку цэлую жменю медзі і пайшлі ў людскі натоўп.
— Чаго гэта ты, братка, так на мяне насыпаўся? — спытаў Алесь.
— Ды стаіць, гляджу, такі павіч, толькі што хваста веерам не распускае. Стаіць і цераз грыб плюе: срэбра яму не шкада беднаму чалавеку.
— Ну і што?
— Каб ты ведаў, як страшна б’юць гэтых людзей, ты б так лёгка не глядзеў на гэта. Тым больш лірнікаў. Гэтых кожная сытая храпа лічыць за нязлоўленых злодзеяў і злачынцаў.
— За што?
— Падазроныя людзі. Прыедзе аднекуль з Піцера мардастая поскудзь. Такі ўжо магнат, такі нобіль — хвігаю носа не дастанеш: «Дзікуны брудныя, тубыльцы». Па кірмашы ідзе, як чума, ты скажы, ідзе — бязлюдзее кірмаш. А старцы — яны ж сляпыя. Падыдзе, слухае, слухае. «Гэт-то што ж ты, па-дла, спяваеш? Які гэта турэцкі цар?! Намьок!!! На якой гэт-то саб-бачай гаворцы, пр-ра якога гэта Ваську Вашчылу?! Пр-ра якога гэта свінскага Міхася Крычаўскага?!» Ну, стары апраўдваецца: «Ён, паночак, цішайшаму цару спрыяў, Аляксею…» — «Што?! Паганец, быдла, чарвяк мог цару спрыяць?!» Ды старому — у вуха. А на ліру — нагою.
— Ліру нашто?
— Кніг пазбавілі — хочуць і ліры пазбавіць. Ведаюць: пакуль слухаюць людзі хаця аднаго лірніка, не памерла воля.
Ішлі ў чалавечым моры. Вакол стаялі смех, божканне, нязлосныя праклёны.
— Ведаеш, — сказаў Алесь, — я вельмі быў здзіўлены. Стаіць сабе чалавек — і раптам гаворыць аб самым тваім, аб тым, пра што сам думаў.
— Але ж і яны, — рука хлопцава зрабіла круг у паветры, — таксама такія ж, як ты, толькі не знайшлі, як сябе называць.
І паўтарыў, відаць, чужыя словы:
— Безгалосае мора.
— Як гэта яны такія? — спытаў Алесь. — Мы, вядома, усе ад Адама. Адзін народ. Але ж мы дваране.
— Ну і што? Было ж у нас калісь так, што мужык, калі ён ахвотай ішоў на вайну, рабіўся дваранінам. Так, відаць, і ўсе. Твае продкі раней — і таму яны арыстакраты. Мае — пазней, і таму я проста з небагатых дваран. А ёсць яшчэ шляхта, што сама зямлю арэ. Тыя зусім учарашнія мужыкі.
— Дваране нашы цару таксама небяспечныя.
— Ёсць і такія.
— Нездарма ж пасля апошняга паўстання многія тысячы з іх, самых небяспечных, у аднадворцы перавялі. Зганьбілі людзей. Галадаць прымусілі.
— Мы таксама з такіх, — з нейкім выклікам сказаў Кастусь.
— То і вы аднадворцы?
— Але. Сенат не зацвердзіў.
— Дзед казаў, гэта яны назнарок, — сказаў Алесь. — Ну, ва ўладара граматы за стагоддзі згарэць ці струхлець маглі. Дык пашукайце ж у каралеўскіх архівах, у спісах, у кнігах старых… Не. Хочуць як мага больш людзей прынізіць.
Кастусь кусаў доўгую саломінку, што выскубнуў з воза.
— Бацька мой аніяк прымірыцца не хоча. Ездзіць стараецца, столькі грошай марнуе. Сказалі: будзе маёнтак — будзем шукаць. То ён прыцэньваецца да якога-кольвек фальварка. Купіць, відаць, сёлета ці трохі потым. А мне дык усё адно. Я ведаю, скуль ідзём. І продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе. А прозва — гаршком назаві, ды ў печку не стаўляй. Калі захачу — і арапам назавуся. Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў.
Хлопец гаварыў гэта паважна, але відочна завучана.
— Скуль гэта ты такога набраўся?
— Брат казаў, — з нейкім адразу прасвятлелым тварам сказаў Кастусь. — А ты адкуль?
— А ў мяне дзед.
— Ясна, — сказаў Кастусь. — Вось і ведаем ужо самы першы запавет. Брата і дзеда не чапаць. І панствам не ганарыцца.
— І тут твая праўда, — сказаў Алесь. — А то зусім выйдзе па прыказцы: «Шумі-гудзі, дуброва, едзе князь па дрова».
Кастусь хораша смяяўся. Белыя зубы вельмі ўпрыгожвалі аблічча. І ўсмешка была шчырая, чыстая. І яшчэ Алесю падабалася, што вочы ў Кастуся былі не зусім сіметрычныя: адно трохі-трохі вышэй за другое. Гэта надавала ягонаму абліччу нейкую незвычайную, уладную і моцную характарнасць.
Гамонячы, яны ішлі бясконцым кірмашом, а вакол іх заліваліся гліняныя свісцёлкі, шалёна круціліся напалову пустыя каруселі, заклікаў у свой балаган дзед з кужэльнаю барадою:
— Заходзьце, браты-сястрычкі родныя, заходзьце, мужы-жонкі зводныя! Дзівосы на калёсах: хлапчук з сажнёвым носам! Марская царэўна! Янка — волат, жарэ адно толькі сырое мяса — па сем фунтаў на дзень. Узгадавала яго мядзведзіха! Ёсць яшчэ дзівосныя звяры… марская свінка і кракадзіл. Той самы, што праглынуў прарока Іёну. Па-біблейску кіт, па-нашаму кракадзіл… Страшны звер… Да нас!.. Да нас!
Граў на гарлачах ганчар, і ў адказ яму ляцеў спявучы перазвон крышталю, па якім вадзіў шкляной палачкай гандляр-венгр. Кубракі-мсціслаўцы совалі пад нос людзям кнігі і малюнкі.
— Багаты які кірмаш, — сказаў Алесь.
— Багаты, — адказаў Кастусь. — Толькі ўтратны. Бацька казаў, што летась ледзь прадалі пятую частку ўсяго завезенага. А сёлета яшчэ горш будзе. Бяднеем.
— Чаму так?
— Няма ні грошай, ні хлеба. Зямля збяднела. Лясы высеклі. У рэках вывелася рыба, у пушчах — звер. Раней-то, кажуць, усяго было: і звера, і птушкі, і дзікага мёду. Ідзі сабе, чалавек, у лес, расчышчай ляды. Сам ты сабе гаспадар. А цяпер адзін паратунак — горад. Ды і там… Ну каму тут патрэбны свечкі? Мыла? Вось гэты чай? Або цукар? Чаю мужык не п’е, мыецца ён венікам, вечарам сядзіць пры лучыне.
…Алесь прабыў у Свіслачы яшчэ тры дні. І ўсе гэтыя дні хлопцы не гублялі адзін аднаго з вачэй. Хадзілі па кірмашы, забіраліся ў сутарэнні разбуранага касцёла. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку, прысвечаную сярэдзіне кірмашу, пасля якой кірмаш ідзе на спад. А Алесь звадзіў яго ў балаганы, бо з грашыма ў новага знаёмага, відаць, было не густа. Хлопец не манежыўся, але, як то належыць сапраўднаму хлопцу, прымаў кожны знак павагі да сябе з пачуццём нязломнай уласнай годнасці.
І, непрыкметна для саміх сябе, яны пасябравалі за гэтыя дні. Пасябравалі той хуткай дружбай падлеткаў, што ўзнікае нечакана, а застаецца надоўга. Часам на ўсё жыццё.
Перад развітаннем яны вырашылі, што будуць пісаць адзін аднаму. І гэта было цудоўна: ведаць, што ўпершыню ў жыцці табе ёсць каму пісаць, ёсць для каго заліваць сургучом канверт, ёсць для каго ўзважваць унцыі і залатнікі ліста, ёсць для каго, нарэшце, зусім па-даросламу ставіць у канцы постскрыптум, так сабе, між іншым, як быццам нешта забыў ды раптам і ўспомніў.