Каласы пад сярпом тваім — Брань, Раздзел II

Ён ішоў па задворках Загоршчыны, мінаючы вёску, і ўжо бачыў наперадзе нагія шаты векавога маёнткавага парку, калі раптам пачуў прыглушаны надвор’ем, але гучны хлапок.

Стралялі. І стрэл прагучэў зусім блізка ад яго, у кароткім завулачку, што прымыкаў да галоўнай вулкі сяла.

Упэўнены, што гэта па ім, — Алесь прыгнуўся за калючай глогавай агароджай. Яна была рэдкая і добра схаваць яго не магла, і таму ён шукаў вачыма надзейны прытулак. Яго трохі здзіўляла толькі тое, што замах зрабілі так блізка ад вёскі: той, хто страляў, рызыкаваў тым, што мужыкі, убачыўшы, разарвуць яго. Але думаць не было часу. Дзе ўбачыў, там і стрэліў.

Весніцы гэтага завулка выходзілі на самае нізкае месца наваколля, усё пакрэсленае канавамі, для дрэнажу. Канавы былі адначасова і межамі гародаў. Зямля, выкінутая з іх, утварала ля канаў высокія валы, а на валах, загадам Вежы, былі калісьці пасаджаны яблыні. Цяпер яны былі спрэс старыя, скарлючаныя, зарослыя, нягледзячы на пабелку, лішаямі. Некаторыя гаспадары сцягвалі на гэтыя валы ўсе каменні, што трапляліся на палёх, ад малых і да вялікіх валуноў, і складалі іх там сценкай.

Прыкмеціўшы бліжэйшую такую сценку, Алесь ірвануўся і перабег туды. Цяпер можна было аглядзецца, што і як.

Гароды тут не былі вялікія — так, абы, не трацячы часу, выдраць нейкую морквіну, — і зусім блізка ад сябе Загорскі бачыў высокія весніцы завулка, а за імі шчапляныя, з вельмі доўгай шчапы, дахі. Людзей вакол не было. Тут наогул мала бывалі людзі. Вялікія гароды кожнай хаты былі на плоднай зямлі над Папараццю. А тут прыйдуць, ускапаюць, кінуць сёе-тое ў зямлю ды і спустошаць да жніўня на штодзённы стол. Толькі ўвосень валы кішэлі народам: дзеці і маладзіцы цягалі кіславатыя яблыкі, круціліся пад грудзьмі дзецюкоў білы дзедаўскіх прэсаў, мутны яблычны сок сцякаў у цэбры, і ў паветры пахнула свежым, трохі трывожным, як маладосць, водарам, і сок гэты потым брадзіў і віраваў у бочках і даваў віно, якое пілі разам з півам і мёдам і крупнікам, а часцей за ўсё проста за абедам, як ваду, ці яшчэ лепей, на пахмелку.

Але цяпер, вядома, валы і гароды былі бязлюдныя. Дзеці не чамкалі посеркамі, старыя не бурчэлі на моладзь, што ўпотай цалавалася пад аховай глогавай ці торнавай сцяны.

Цяпер тут нехта страляў. У поўным непаразуменні Алесь аглядзеў хаты, весніцы, раскіслую глебу гародаў, валы, сценкі з белага каменю, каравыя яблыні. Потым азірнуўся і ўбачыў за спіною ўзгорыстыя верасовыя пусткі, зусім яшчэ бурыя ад сухога леташняга верасу.

Нікога. А між тым ён мог бы паклясціся, што чуў, як наводдаль ад яго, сажэняў за пяць, слаба, бо пры канцы лёту, запляскаў па агароджы шрот.

Не разумеючы, што да чаго, ён яшчэ думаў: прабірацца яму да парку ці, можа, насустрач небяспецы, калі пачуў у завулку немы, на вышэйшых нотах, крык. Чалавек крычаў захлынаючыся, відаць, для таго, каб напалохаць кагосьці, і здалёк гэта чулася як неразборлівае «ла-ла-ла-ла!!!». Была нейкая мітусня, нехта за кімсьці гнаўся. Потым ляснуў яшчэ адзін стрэл. І тады Алесь зразумеў, што гэта не па ім, што ў Загоршчыне чыніцца нешта дзіўнае.

Ён кінуўся быў туды, але адразу спыніўся, таму што позірк ягоны ўпаў на Алму.

Сабакі — мужны народ. Часам куды больш мужны, чым людзі. Алма, нягледзячы на тое, што яна была спаніэль, а значыць, сабака падатлівы, лагодны і не заўсёды кемны, — не была выключэннем.

Але тут і Алеся здзівіла змена, якая адбылася з сабакам. Сам захоплены палётам гусей, ён пакараў Алму не вельмі строга, пагардай. І тое, што зараз адбывалася з ёю, не магло быць помстай.

Яна не хацела ісці за гаспадаром, цягнулася нага за нагу, нібы нешта прадчувала. Падціснуты, падведзены зад, вушы абляпілі круглую галаву.

— Алма, што такое?

Пёс ціснуўся да ног. Той пёс, у якім Алесь, з дапамогаю Карпа, развіў мала ўласцівую гэтай пародзе мужнасць кідка, настойлівасць і рэдкую для спаніэляў адчайную смеласць (у наваколлі за апошнія гады развялося чорт ведае колькі дзікіх катоў, і без смеласці ў «плотных», «крэпкіх» месцах было — хоць і не палюй).

— За мной!

Нешта здарылася. Сабака ішоў, але так неахвотна, нібы яго збіраліся лупцаваць вязкай для качак, прычым не хвастамі, а спражкай.

Алесь паціснуў плячыма, скочыў на вал і пайшоў паўз яблыні да сцежкі, што вяла ад весніц на верасовыя пусткі. Дайсці да яе ён, аднак, не паспеў. На сцежцы з’явілася нешта буравата-шэрае. Яно хутка кацілася ад вёскі. Па характэрнай дубаватасці тулава, па цяжкім палене здалёк можна было здагадацца, што гэта воўк. Паспрабаваў, відаць, па зімнім звычаі, залезці ў вёску і нешта там сцягнуць. Ну і атрымаў па пысе. Здзіўляла толькі тое, што шэры пан зрабіў сваю вылазку ўдзень і што людзі ў вёсцы ўсё яшчэ так крычаць. Звычайная, ледзь не штомесячная справа — і на табе.

Алесь закінуў стрэльбу за плячо. Да звера было далёка: наўрад ці заб’еш. Акрамя таго, гэты дурны напад Алеся не датычыўся. Бараніцца — калі ласка. Нападаць — не ягоная справа. Загорскі добра памятаў сваё абяцанне. Да таго ж звера напалохалі. Наўрад ці ён сунецца да людзей і хатняй жывёлы цяпер, калі можна здабыць харч і ў лесе.

Ваўкі нават зімою вельмі рэдка нападаюць на людзей. Хіба пад час руі? Кожны звер панічна баіцца чалавека.

Вось і гэты зараз уцякаў так хутка, што рабілася нават смешна. Вушы падціснутыя, зяпа ад жаху сашчэраная, бяжыць да нязвыкласці валка.

Загорскі нават усміхнуўся. І раптам пачуў, як Алма падала голас. Не брэх, не бурчанне, а жаласны віск, нібы гэта бег не звычайны воўк, а ваўкалак. Алесь пакасіўся — на мордзе сабакі быў, без усякага перабольшання, выраз неймавернага страху. Хацеў голасна крыкнуць на пса — нешта стрымала яго.

Воўк пракаціўся сажэняў за пятнаццаць — васемнаццаць, і Алесь паціснуў плячыма:

— Сорам, Алма! Хай сабе бяжыць!

Сабака ўвесь калаціўся. Дробна-дробна. І толькі тут Загорскі, супаставіўшы гэты дзённы напад, і страшны крык чалавека ў вёсцы, і незразумелы спуд Алмы, зразумеў, што воўк, які прабег, нейкі незвычайны, страшны воўк. Магчыма, воўк-людаед. Бываюць і такія, якім не пад сілу ўжо напасці на каня, і яны год ці два да смерці нападаюць на людзей. Бо чалавек не толькі самы моцны і страшны звер, але яшчэ і самы слабы.

А памяць паслужліва падсунула нейкі несаабразны, хісткі бег звера, няўпэўненыя рухі задніх канечнасцей, ашчэраную зяпу, з якой, відаць, падала сліна, — і тады ён пахаладзеў ад страшнай думкі.

Неадвяртальная, немінучая смерць толькі што прабегла паўз яго, і ён даў ёй прабегчы, згубіцца паміж узгоркаў, зарослых верасам, а потым выскачыць на гасцінец, да сяла, яшчэ куды-небудзь. Ён яшчэ думаў аб тым, што гэтага не можа быць: ранняй вясной, у прахалоднае надвор’е, але ўжо лаяў сябе, як толькі мог.

Хто ведае што-небудзь пра вадабоязь, акрамя таго, што ад яе няма паратунку? Старыя людзі сцвярджаюць, што часам жывёла можа хадзіць тры — пяць — восем месяцаў, часам — год, пакуль не пачне кідацца на людзей.

І Загорскі зразумеў, чаму так калаціўся сабака. Ніхто ніколі яшчэ не ўратаваў чалавека, у якога быў хоць трохі запушчаны, глыбокі ўкус. Горш чым праказа, горш за ўсё на свеце.

Ён глядзеў на нізкае неба над верасовымі пусткамі і ўспамінаў, што ён ведае аб вадабоязі. І галоўнае было тое, што ўкушаны быў усё адно што выключаны з ліку жывых… Магчыма, вось якраз цяпер воўк вылецеў з-за гарбоў на лёзнага старога… на жанчыну, што гоніць карову… на дзяцей, якія збіраюць леташнія салодкія журавіны… Ён ляціць і ляціць… Далей… Далей… Далей… Яму застаецца кусаць яшчэ шэсць дзён… А колькі застаецца гэтым?.. Трошачкі болей… Зусім трохі… І прыгожы сівы стары будзе сутаргава глытаць і калаціцца ў канвульсіях нават пры паху вады… Жанчына будзе кусаць сама сябе… Дзеці есці невядомае, магчыма, пясок ці анучы. Так канчаюць усе. Жыцця і ратавання няма.

Дрыжыкі несамавітай абрыдлівасці прабеглі ў яго па спіне. На хвіліну ён уявіў у такім стане сябе, каханага ад Майкі, улюбёнага ад сяброў, вернага і ўвогуле зусім нядрэннага і няшкоднага чалавека, — і зразумеў, што не мае ніякай сілы на тое, каб пайсці ў пусткі, нягледзячы на тое, што ён апошні бачыў шалёнага звера. Гэта было проста вышэй за яго — няхай і не патрабуюць. На мядзведзя пайшоў бы не разважаючы, як на роўнага. Ён цёплы, мядзведзь. І на іншых пайшоў бы, каб не маці і слова, дадзенае ёй. Нават змяю забіў бы, хаця гэта і агідна да нясцямы. А тут не можа. Рызыкаваць жыццём — гэта няхай сабе. Але гэты звер узяў бы ад яго не жыццё, а розум, ператварыў бы ў жывёлу, якая здатная нават жэрці ўласны гной. Такой ахвяры ад яго ніхто не мае права патрабаваць. Пазбавіцца розуму, перастаць быць самім сабой, выклікаць ва ўсіх толькі агіду — што яшчэ можа быць страшнейшае? Алесь адчуваў, што не можа пераступіць цераз гэты цёмны жах.

— Хадзем, Алма, — ціха сказаў ён.

Сабака адразу аджыў, бо гаспадар ішоў да вёскі. Сабака таксама не мог пераадолець падспуднага адчування пагрозы. І сапраўды, гэта ж вышэй здатнасцей жывой істоты.

Загорскі стаў. Нізкія хмары цягнуліся ад вёскі на ўзгоркі, укрывалі верас і шэрыя камяні.

І тады ён уздыхнуў і пайшоў туды, куды плылі хмары. Павольна, як яны.

Усё нутро лямантавала ў страшэнным пратэсце. Ён ведаў, звер у такім стане нахабны, але і асцярожны і часта нападае знянацку, і для жывога досыць і адной драпіны. Ён не мог ісці, але яго нібыта нешта вяло. Два разы ён спыніўся і пастаяў у нерашучасці. І пасля другога разу, нібы апраўдваючыся перад кімсьці (хаця нікога вакол не было), дастаў з кішэні два жаканы і загнаў іх у казённікі ствалоў. Ён сам, яшчэ дома, праверыў кулі, прапхнуўшы іх шомпалам праз канал. Усё было добра. Свінцовыя рэбры халадзілі, а вайлаковы клак пасля іх быў прыемна шорсткі і цёплы.

Яму не адразу ўдалося патрапіць кожнай куляй у казённік. Воўк за гэты час, вядома, паспеў уцячы далёка, калі толькі не залёг. Алесь сам не ведаў, чаго ён хацеў, але ўсё ж пасля таго, як зарадзіў, пайшоў хутчэй. Гарбы набліжаліся. Шэрыя ад верасу, пагрозлівыя пад нізкім небам, зусім яшчэ мёртвыя. Звер мог ляжаць у кожнай вадамоіне, за кожным камяніскам. І кожны скачок ягоны мог быць апошнім. Сліна набягала ў роце. Алесь паспрабаваў глынуць і адчуў, што не можа, быццам гэта пачыналася ўжо. Вось так яно і пачынаецца.

Так яно заўсёды і пачынаецца.

Уваход у лагчыну быў вельмі вузкі. Сабака «плёў лапці», ішоў за чалавекам, амаль датыкаючыся пысай да ягоных пятак.

Загорскі глынуў. І раптам раззлаваўся невядома на каго. Што, на самай справе?! Ён не Ваўкалака, які забіў ваўка верасовых пустак. Ён звычайны слабы чалавек, і ён ідзе… А хрэн яго ведае, чаго сапраўды ён ідзе?!

Ваўкалаку было што? То быў звычайны воўк, няхай сабе і людажэр, няхай сабе і ўтрая большы за звычайнага. Ідзі сабе ды спявай: «Сёння — цябе, заўтра — мяне». Што б ён заспяваў на ягоным, Алесевым, месцы. Урэшце, ніхто не перашкаджае ў кожную хвіліну пайсці назад. Дый воўк, пэўна, далёка. Як гэта добра, што воўк ужо далёка.

А калі раптам не? Калі залёг вось тут, за каменем? Ці там? А можа, там, дзе яго зусім і не чакаюць?

Загорскі спыніўся, уражаны раптоўным холадам. Ён яшчэ ніколі не бачыў такіх лагчын. Спадзістая, як начоўкі, уся шэрая ад верасу. Бурае неба бяжыць над галавой. Камяні, стойма, сышліся ў кола, на самым дне, як людзі, мяркуючы аб нечым. Ледзяная, жудасная самота вакол.

Калі не патрапіш — пасодзяць у клетку на ўвесь тэрмін. Алесь бачыў аднаго такога ўкушанага ў Тосне, амаль пад Пецярбургам. Сядзеў здаровы, поўны жыцця чалавек, дзікавата глядзеў на людзей і чакаў. Поўны жыцця. Здзек гэта, вось што. Калі ён, Алесь, не патрапіць — ён не дазволіць пасадзіць сябе ў клетку. Даб’е ваўка, што б там ні было, а потым папросіць Мсціслава аб апошняй паслузе, якую можа зрабіць друг.

Гэтая думка надала яму сілы, і ён пайшоў наперад. Глухая застаялася цішыня стаяла ў яміне. Толькі гучалі крокі ды звінеў пад ветрам сухі верас. Сам-насам з небам і верасам, у жаху за сябе і чамусьці за ваўка таксама, бо яны былі аднолькава самотныя, Алесь ішоў.

І раптам — убачыў.

Неасцярожна варухнуўся верас за адным каменем.

Чалавек стаў. Звінела цішыня. І ў гэтай цішыні зусім з другога боку даляцеў рэзкі жаласны гук:

— Кек, — і потым двойчы: — Кек-кек.

І, нібы ў адказ, застагнала:

— Ту-і-ту. Ту-і-ту.

Гэта было так дзіка ў злавеснай цішыні, што Алесь не адразу зразумеў: крычала камышніца, вадзяная курачка, і адказваў ёй недзе ў шлюбным палёце кулік-вераценнік. А калі зразумеў — раз’ятрыўся. Гэтая хвіліна непаразумення і адцягнутай увагі магла каштаваць яму ўсяго на зямлі. І ён зноў зірнуў на камень, зрабіўшы крок са сцежкі. Воўк поўз на яго, поўз значна бліжэй каменя. І стаячыя камяні моўчкі глядзелі на яго, а ён глядзеў на Алеся. Пільна, і дзіка, і шалёна. Вочы ў вочы. Так, як ніколі не глядзіць нармальны звер.

Алесь павольна пачаў падымаць ствалы. Звінела цішыня. Змясціўся час. Можа, гэта Ваўкалака ішоў на ваўка-людаеда, а можа, і ён, Алесь, хто ведае?

І пярун разарваў цішыню.

Трохі пазней, чым трэба, бо вобарацень ужо кінуўся. Заднія ногі ў яго былі ўжо звязаныя няўмольнымі ланцугамі шалёнства, ён не валодаў імі, як трэба, і бег больш павольна, чым бег бы здаровы.

Другі пярун нібы ўзняў яго ў паветра, і ён, звіўшыся клубком, пакаціўся, ляскаючы зубамі, кусаючы траву і сябе. Па жоўтых клыках — Алесь з жахлівай яснасцю бачыў гэта, — па набітай між іх зямлі сцякалі струменьчыкі сліны.

— Ар-ар-ар-ар, ар-ар-ар-ар!

Ён каціўся, набліжаючыся да чалавека. Алесь ліхаманкава загнаў трэці жакан, бо запоўніць другі ствол не хапала часу.

І тут Алма, трохі рахманая і не вельмі рашучая, як усе спаніэлі, раптам кінулася да ваўка, і, забіваючы поўсцю зяпу, схапіла яго за палена. Воўк клацнуў зубамі — на шчасце, міма яе, — і яна адскочыла, пачала «абтанцоўваць» яго.

Гэта не было смешна. Часам нават дзве гончыя скачуць вось так, ля гэткага волата. А гэты яшчэ быў шалёны. І Алесь, атрымаўшы патрэбную хвіліну, адчуваючы, што ён не даруе сабе, калі з сабакам нешта здарыцца, зноў націснуў курок.

Галава ваўка тарганулася і ўпала на верас. Трыма хвілінамі пазней ягоныя сківіцы толькі слаба самкнуліся на сталі ствалоў.

Увесь абмяклы, нібы з яго вынялі косці, Алесь агледзеў сабаку. Старанна, нібы блох шукаў. Ва ўсякім разе, так магло здасца старонняму гледачу. Драпін не было. І тады, усё яшчэ дрыжучы над дрыжачым сабакам, зразумеў са страшнай палёгкай, што гэта ўсё, усё. Зразумеў, што ён перамог нешта такое, пасля чаго ён ніколі, ніколі не будзе баяцца, бо страшнейшага не было, і не будзе, і не можа быць у жыцці. Зразумеў, што ён перамог і сябе, і нават жах сабакі. Зразумеў, што там, дзе трэба, ён перамог і абет, дадзены маці ў яе смяротны час.

Мужык, праўдзівей малады хлопец, калаціўся ад жаху, седзячы на кукішках перад Алесем. Белы-белы. Белы, як палатно на траве ля крыніцы. Рот крывіўся ў чаканні немінучага. Зрэнкі былі з прасяное зернетка, з галоўкі шпількі.

— Не магу! Не магу! Дабіце! Дабіце! — хрыпла прасіў ён.

Загоршчынцы гурміліся вакол яго і войкалі.

— Дзе ён цябе? — спытаў Алесь.

Хлопец працягнуў руку. Левую. На мякаці вялікага пальца чырванела дзёртая рана, падобная на чырвоны рот. І Загорскі зразумеў, што гэта, здаецца, усё.

— Хіба руку адсячы, — сказаў нехта.

Людзі, што стаялі ля вясковай кузні, змоўклі. Потым каваль, запэцканы да апошняга, як арап, Рыгор Лунь пахітаў галавою:

— Што за мужык без рукі?

І раптам з ярасцю ўдарыў нагою ваўка па галаве. Ляснулі мёртвыя сківіцы. Звер жоўта глядзеў на людзей, што ўсё яшчэ не рызыкавалі набліжацца да яго.

— Руку не трэба, — сказаў хлопец. — Калі ўжо так, то дабіце лепей. Дабіце мяне, пане.

У гэтым была такая безнадзейнасць, што ў Загорскага як нешта перавараціла ўнутры. Нельга было прымірыцца з гэтым. Няўжо ніхто нічога не зробіць?

Ён абводзіў вачыма людзей, і тыя хавалі вочы. А ў хлопца ўжо цяпер быў выгляд вар’ята. І ў той жа час ён не верыў. Не верыў, што гэта так нечакана, што вось быў ён жывы, а цяпер неадвяртальна, непапраўна мёртвы і чужы ўсім людзям. Нават горш чым мёртвы. Горш чым чужы.

Алесь глядзеў у вочы Луню. Ён вырашыў. Нельга было так, нічога не зрабіўшы, аддаць чалавека смерці. І Загорскі павёў вачыма ў бок кузні. Лунь зразумеў, непрыкметна знік.

— Хлопча, — сказаў Алесь.

Той не чуў. Ужо на тым свеце, ужо аддзелены ад іншых ледзяным мурам. Алесь крэкнуў. Нікуды не варта гэта было, вось што. І ён штурхануў хлопца:

— Распранайся.

Той паводзіў непаразумелымі вачыма.

— Ну, — сказаў Алесь.

— Н-нашто?

— Жыць хочаш?

Укушаны ўсё яшчэ не прытомнеў.

— Хочаш жыць?

І тут нешта нібы засвяцілася ў каламутных вачах. Нясмелае, спалоханае сваёй нечаканай верай і, аднак, ужо безумоўна веручае.

Гэта было… як неба.

— Пане?.. Пане?..

Алесь падавіў нешта сухое ў глотцы. Усё, усё трэба было зрабіць, абы надзея… Абы толькі на хвіліну надзея… Не даць… Вырваць…

Гэты чужы, зусім чужы для яго чалавек раптам, на хвіліну, стаў яму даражэйшы і Мсціслава, і Кастуся, і самога сябе… «Агульнае з табой няшчасце жыць» — успомніў ён… Ах, якая, якая гэта была лухта!.. І гэтыя саслабелыя ад раптоўнай надзеі рукі, што расшпільваюць вопратку.

Адчуваючы, што яго нешта душыць, Алесь сказаў:

— Транты — праварыць. Ды заадно і ствалы маёй стрэльбы. У крутым вары. Ну — хоць бы ты. Рукамі сам не чапай.

— А вы, пане?

— Я сваё — удома. Ды на мяне сліна і не трапіла.

Невымоўнае захапленне раптам заліло ўсю ягоную істоту. Укушаны стаяў перад ім, белы, як смятана, і глядзеў з надзеяй і верай і неймаверным шчасцем — аж ззялі вільготныя вочы: паверыў у моц другога. А за спіной ягонай, у дзвярах кузні, у горне, ужо зіхацеў пад частымі лятучымі іскрамі кавалак жалеза. Наліваўся паступова. Мацнеў.

— Не бойся жалеза, — сказаў Алесь. — Ты не бойся… брат. Ты ж хочаш жыць.

Моўчкі хіталася галава.

— І будзеш жыць… Абавязкова… Абавязкова, брат.

Ён апускаў паляўнічы кінжал у прынесены вар і паглыбляў укус, рэзаў яго, стараючыся не зачапіць жылы. І кроў — спачатку кроплямі, а потым струменьчыкам сплывала на зямлю.

— Пацярпі, — маліў Алесь.

Гэтая чужая незагарэлая плоць была зараз даражэйшай за сваю. І як некалькі хвілін таму Алесь хацеў кінуць ваўка ягонаму лёсу — так цяпер ён, калі б толькі яму сказалі, што гэты чужы будзе жыць, высмактаў бы кроў з ягонай раны.

— Цярпі, цярпі, калі ласка.

Лунь з’явіўся ў дзвярах з жалезам, заціснутым у абцугі. Звычайная нарыхтоўка на распорку нарога. Толькі вішнёвая, з залатымі бліскаўкамі, што бегалі па ёй.

— Патрымайце чалавека, — сказаў Алесь.

Хлопец паглядзеў на жалеза, на чалавека, на ваўка і ўздыхнуў:

— Не трэба мяне трымаць… Я сам… Я жыць хачу… Я сам патрымаю.

І сціснуў сваё левае запясце правай рукой.