Безгаловая Венера

Стаю ля яе ў задуменні
І голас пяшчотны чую:
«Прыйдзіце, мужчыны, ад зброі, —
Ўлонне маё сумуе.
Прыйдзіце, мужчыны, ад сечаў,
Ад турмаў, ад страт на світанні.
Адзінае ёсць на свеце:
Сумленне, братэрства, каханне».
І думаю я неадчэпна:
За што ж ты бяду спаткала?
За што галаву ты згубіла?
Якую праўду сказала?

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1966.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 7, с.39, з паметай: 16.ХІІ.61 ВСК. Напісаў у будынку ВЛК.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 236.

Яндекс.Метрика