Ўстаў Чатырдаг і ўзнёс агонь і дым,
І цвердзь зямлі прагнулася пад ім,
І ў чашу рынуў і каціўся год
З усіх марэй патоп шалёных вод.
І стала мора
люстра для Яго
І толькі потым для усіх багоў,
Якія разам з царствамі прайшлі
За час яго маўчання на зямлі.
Прастол багоў? Прастол Хрыста? Алы? —
Іх не было, а ўжо снягі з Яйлы
Раўлі вясной.
А замаўчаць яны
Ў той самы дзень, як змоўкне шар зямны.
Ты сніш той дзень. Ты сам той дзень, уцёс.
Ты зараз цень яго. Ты вечнасць, лёс.
І ў сне чакаюць мірна духі гор:
Снягі ім — коўдра, туманы — шацёр,
Як сэрца падае!
Нібы лязо,
Мне рэжа зрок агонь халодных зор.
Мой кожны крок — блюзнерства.
Кожны ўздых —
Замах на грозны сон ільвоў тваіх.
Пан вечнасці, ты пашкадуй, малю,
Імгненне цёплае, маю зямлю,
Слязу любові на тваёй шчацэ,
Крывінку лепшую ў тваёй руцэ,
Святую іскру ў вечнасці ільдах…
Глядзі, цябе пільнуе прорваў жах
І ўверсе зорак лёд, як кроплі слёз,
Закатаваных вечнасцю нябёс.
Смерць пад нагой і смерць над галавой.
Ў мігценні зор, ільдоў, парчы сівой —
Нішто чакае і глядзіць на нас:
Стой, веліч, і спыніся, грозны час!
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.13, з прысвяч. Арсеню Лісу і паметай: 19 сакавіка 68, Брэст.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 193, 194.