Землятрус

Пад кайданамі гор акіяны гараць,
Там шалёная лава цячэ…
«Не душы мае грудзі, зямная кара!..
Я жывая яшчэ!
Чуеш? Мне абрыднуў каменны прыгон!
Чуеш? Чуеш? У тоўшчы зямной,
Ў нетрах гор уздыхае вялізны гонг
З мора Чорнае велічынёй».
Тут. Тут. Тут. І там. Там. Там.
Гонг грыміць пад зямлёй,
Ракоча тамтам.
Чуйна вушкі наставіў насцярожаны трус.
Набліжаецца землятрус.
Лані горныя пакідаюць бары,
Захлынаюцца ў рэчках язі.
Вось… Вось-вось пакажа вяршыня гары
Небу першы крывавы язык.
Ўскалыхнула мора сваю тугу…
Глей узняўшы, як кроў, руды,
На дрыготкі бераг цунамі бягуць,
Хмарачосы з чыгуннай вады.
Чуеш? Вось… Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось,
Нівы моршчацца, мнуцца, нібы абрус.
Землятрус!
Землятрус!
Землятрус!
Свет аглух ад архангельскай страшнай трубы.
Горы крычаць: «Ратуй!»
Ад штуршкоў пад падэшвы ўзлятаюць дубы,
Вежы замкаў у неба лятуць.
Вылятаюць з распяццяў, як кулі, цвікі,
І, гнілы уздымаючы пыл,
У крывавыя хмары лятуць мерцвякі
З праслаўленых хцівых магіл.
Чуеш? Вось… Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсне, зломіцца ў курчах зямная вось.
Разляціцца зямля, як пад доўбняй гарбуз.
Землятрус!
Землятрус!
Землятрус!
Бачыш? Бліскаўкі нараджае туман,
Нарастае, клубіцца імгла, —
Гэта лавай з адгор’яў цячэ гурма
Ў чорнай цемры і ў барве святла.
Іх самбрэра — як хмары над светам сляпых,
Іх мачэтэ — як грозны жах,
І маланкі над імі мігцяць, як сярпы,
А сярпы — як маланкі ў руках.
І зямля трасецца пад іхняй ступой.
Гора ж тым, хто, сляпы як крот,
Паспрабуе заціснуць рукою сваёй
Землятруса адверсты рот.

Упершыню — «Полымя», 1967, № 7; «Літ. і мастацтва», 1967, 11 ліпеня.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 237, 238.

Яндекс.Метрика