Нельга забыць — Раздзел XII

ПЛОШЧА МАЯКОЎСКАГА

Брыдкі, халодны асенні дзень.

Таксі прыцішаюць бег.

Над горадам неба, як шэры цень,

Над горадам мокры снег.

Снег на карнізах бялее палоскамі,

Снег ляжыць на плячах Маякоўскага.

Мокры снег,

Мокры снег,

Мокры снег

Растае на асфальце, на газонах ляжыць,

Шэры асфальт і сівы газон.

Мне да болю, да болю хочацца жыць,

Хочацца жыць,

Хочацца жыць,

Як не хоча снег,

Як не хоча трава,

Як не хоча бронзавы — ён.

Снег зіхаціць на апушчаных веях,

Без капялюха іду, бы ў сне,

А ў валасы мае вецер вее

Мокры, мокры снег.

Мокры снег.

Снег.

I

Любая, помніш?

Была вясна.

(Вясна? На гэтай зямлі?)

На машыну проста ляцела сасна,

Ў неба ўзняўшы крылле галін,

I клаксона гук абуджаў лясы,

Іх празрысты зялёны дым,

I была паўсюль неабдымная сінь:

I ў небе, і ў сэрцы маім.

Ап’янелы ад паху пралесак шафёр

Мог зблытаць дарогу з ракой.

Нават дрэвы цягнулі галіны да зор,

Нават пні гублялі спакой.

I чакалі нас тысячы гарадоў,

З мільёнам людзей і слоў,

З белымі вежамі, з пенай садоў,

З золатам купалоў.

I чакала нас на лугах цішыня,

Месяц, адбіты ў вадзе,

Белыя песні, што ціха звіняць

У вушах дарагіх людзей.

I ты мне была, як святло на вадзе,

Як подых, як верш, як хлеб.

Дзе мне было на рукі глядзець?

Я кахаў, — а значыць, аслеп.

Боль шчаслівы сэрца маё звязаў.

Лёгка жыць было на зямлі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Я нічога, нічога табе не сказаў,

Побач суседзі былі.

Развітанне. Зноў горад. I зноў агні.

Бязладны гоман сяброў.

I хутка мы будзем зусім адны,

Паасобку ў цемры дамоў.

— Ну скажыце што-небудзь. Горад у сне.

Хвіліна — і сам-насам.

— Калі-небудзь заходзьце дамоў да мяне,

Метро «Маякоўская».

Там… .

О, як лёгка май у палон бярэ!

Хто паверыць, што ён адзвінеў?

Я не з тых, я прыйшоў да родных дзвярэй,

Я прыйшоў да самых родных дзвярэй,

I тут

Забілі мяне.

II

На вуліцы неба, як пыльнае шкло,

Снег мокры дае і дае.

Бегчы, бегчы, бегчы трэба было,

Бегчы прэч ад яе.

Як я мог не заўважыць,

Што пралеска другому цвіце?

Як я мог не заўважыць

Пярсцёнка на тонкай руцэ?

Як я мог не заўважыць,

Што розны нам шлях у жыцці?

Як я мог не заўважыць?

Не заўважыў!!!

Плаці!

Зноў перон.

У дальнім яго канцы

Жалеза, цэгла, бетон.

Рамонт.

Нержавеючую сталь

I тую здаюць у рамонт.

А сэрца маё не сталь, не бетон, –

Ад пяшчоты трапеча і мук.

Як гільяціна, дзверы ў вагон:

Мёртвы, халодны стук…

Блытаніна дратоў.

Вагоны мільгаюць,

Абыякавы ляск,

Агні, агні.

Пасажыры ў вокнах

Сябе разглядаюць:

Больш нікога ў жыцці не бачаць яны.

Дратоў блытаніна.

Вагоны. Вагоны.

Часам нейкі далёкі вой…

Дзе ж ты, дзе ты, зямля зялёная

З белаю-белаю песняй сваёй?

III

Уначы плыве папяросны дым,

Я сам-насам з кяліхам віна.

Ў мяне размова мужчынская з тым,

Каго кахае яна.

— Сигареты?

— Дзякуй, куру «Беламор».

— А в Минске?

— «Нёман» куру.

— Закуры маіх.

— Закури моих.

— Дзякуй.

— Благодарю.

— Прости мне, братец.

— Даруй мне, браток.

— Крепкий.

— Ды й твой не трава.

Каб ты спазніўся на пару год,

Я б цябе не пашкадаваў,

Як ты мяне. I значыць, язык

Мне замкнуць і цягаць з сабой.

— А я, ты знаешь, просто привык,

Что она всегда со мной.

— Чуеш, не смей,

Ты аб гэтым — не смей,

Ты проста кахай і жыві.

Ніхто на свеце,

Дальбог,

Ніхто

Не варты большай любві.

Кахай яе,

Да скону кахай,

I ў радасці і ў журбе.

Калі ты паспрабуеш яе не кахаць,

Я проста заб’ю цябе.

— Как же тебе?

— Пражыву адзін.

Але помні:

Кахай і маўчы.

Нельга крыўдзіць рускіх жанчын.

— А белорусских мужчин?

— А мы такія ж, як на Русі:

П’ём гарэлку і лаемся ўсмак.

I любім цягнуць, і любім касіць.

I любім працу. Так.

I верым сэрцу свайму ўвесь час,

I любім кахання дары.

I калі пакрыўдзяць каханыя нас, –

Мы з хвалою ідзём на крыж:

Ave, Regina,

Ззяй між людзьмі

Тысячы тысяч вякоў,

Аvе, родная,

На, вазьмі,

Гэта самы моцны з цвікоў.

IV

Ноч прыйшла на змену гэтаму дню.

Я ў пакоі ўседзець не мог.

Ззянне неонавага агню.

Плошча.

Канец дарог.

— А мы такія ж, як на Русі.

Як сказаць мне хапіла сіл?

Я мог табе і ёй нахлусіць,

Але ночы нельга хлусіць.

Маўчы.

Маўчы хоць тысячу год.

Чуеце?

Я маўчу.

Я пальчатку разам з суставамі — ў рот,

Каб брэху ніхто не пачуў.

На плошчы ціха ўмірае крок.

Нікога ім не кранеш.

I слёз няма, і ў глотцы камок,

I лепей памерці мне.

Я стаю каля цяжкіх тваіх дзвярэй.

Я хаджу пад цёмным акном.

I вось у аблогу мяне бярэ

Садовае кола агнём.

Падступае бліжэй, і бліжэй, і бліжэй:

«Мы сябры, павер нам, павер.

Здавайся! Чуеш, здавайся нам…

Тысячам цёплых кватэр.

— Я не горшая, вер,

Пабудзь са мной…«

— Пакіньце!

Таму, што мяне

Цягне акно хаты адной.

I цемра ў гэтым акне.

V

На бронзе адбітак агню залаты.

Вецер пяе і пяе.

Я, кажуць, ростам амаль як ты,

I вочы амаль як твае.

Мы з табою на плошчы гэтай адны,

Дай руку тваю мякка вазьму.

Мы крылы спалілі ў адным агні,

Толькі розныя назвы яму,

Уладзімір, чуеш?

Хадзем са мной,

Вып’ем шклянку віна.

Не ў шалмане,

Што тут, за тваёй спіной.

Тут можа прыйсці яна.

З плячэй, што аплакаў сваёй тугой,

Паліто бязважкае скінь.

I мужчынскія рукі пагладзяць яго,

Чужыя рукі пагладзяць яго,

I іншым стане «Пекін».

I стане іншай, — як майскі вянок, –

Зала, дзе лыжкі бяруць,

Дзе ў вочы глядзяць, дзе жлукцяць віно,

Дзе галатурый жаруць.

Зала загразнула ў ліпкім віне,

Але тут узнясецца да зор…

Як мне цяжка, мой родны, як цяжка мне.

Лепей бы я памёр!

Цяжка табе, а мне — ўдвая,

Таму і прыйшоў. I стаю.

Тваю гісторыю ведаю я,

Паслухай лепей маю.

VI

У атамны век, у пластмасавы вёк,

Век нянавісці і любві,

Жыў сабе на зямлі чалавек, –

Не з пластмасы, а з плоці й крыві.

Лічылі паэтам. У ранг узвялі.

Ён жыў. Спрабаваў пісаць.

I ён пакахаў, як на гэтай зямлі

Не кожны ўмее кахаць.

I была яна, хай далёка не першая.

I сонца агонь яе залаціў.

Многа вершаў, дурацкіх вершаў

Добрай гэтай паэт прысвяціў.

Ён з ёю плыў за сіняе мора,

Ў глыбіні вякоў накіроўваў свой спеў.

I нават пад зоры, чыстыя зоры,

Не ўмеючы лётаць, з ёю ляцеў,

Прыпомніўшы вочы, шэрыя, сінія,

Ён змяць не мог бы нават травы.

Ён за яе пад скаламі гінуў,

Стократна мёртвы і зноў жывы.

Людзі, людзі, розныя людзі

Пачуйце глухія словы мае:

Нічога, нічога такога не будзе.

Будуць зоры — не будзе яе.

Другу жанчына сказала: «Канец».

Ён доўга моўчкі сядзеў

I сказаў: «Не хочаш глядзець на мяне?

На партрэты будзеш глядзець«.

Ён сказаў — а мяне забівае туга,

Памерлі песні мае,

I сэрца, як птушка у мокрых снягах,

Зламанымі крыламі б’е.

За сонцам ляцеў праз дождж і буран,

За сонцам імкнуў свой бег,

За сонцам.

А сонца спавіў туман

I мокры завеяў снег.

Бронзавы мой, заснежаны, белы.

Зноў да мяне самота прыйшла.

Ў снежны,

Ў чорны мой панядзелак.

Кастрычніка, дванаццатага чысла.

VII

Ўспамінаю мой цёплы дом,

Думак халодны пажар

I над пісьмовым сталом

Сіксцінскай Марыі твар.

Да цябе, да цябе адной

Палёт маіх зблытаных мар,

Злітуйся, дай мне спакой,

Кахання чыстага твар.

Не ведаю, ты ці яна

З’явілася ў гэты дом,

Не ведаю, ты ці яна

Над маім бяссонным сталом?

Калі ты — прыгажосць, якой молімся мы,

Калі рухаеш ты зямлю,

Вызвалі з гэтай бясконцай турмы,

Зрабі мяне моцным, малю.

I калі не можаш такога зрабіць,

Каб мяне кахала яна,

I калі не можаш такога зрабіць,

Каб вярнулася зноў вясна,

I калі не можаш такога зрабіць,

Каб пагладзіла мне руку, –

Зрабі, каб яна нарадзіла сынка

Або найлепей дачку.

На руках насіў бы, не помнячы зла,

Каб яна шчаслівай жыла,

Каб расла, каб на маці падобнай была,

Каб на маці падобнай была.

Адшукаў бы добрага хлопца ёй,

Каб падобны быў на мяне,

I глядзеў бы, і цешыўся іхняй гульнёй,

I гісторыі быў бы канец.

Я кожнаму галаву бы разбіў,

Хто захоча за нейкі барыш

Яе падмануць,

Яе ашукаць,

Ці яго пацягнуць на крыж.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

За дзвярыма дома кватэра твая,

Снег шалёны ў вочы б’е.

Вы, прадажнікі!

Чуеце, гэта я

Стаю на варце яе.

Зныня да веку,

Памятайце і верце,

Я стаю,

Я сціскаю меч і трубу.

Для подласці,

Гора,

Для самой смерці

Гэтыя дзверы будуць — табу.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Хмары над горадам праплываюць,

Над плошчаю прыцішаючы бег,

I ў валасы мае навяваюць

Снег,

Мокры снег, мокры снег,

Мокры, халодны снег.