Яніс стаяў перад Горавай, якая сядзела ў крэсле, і, гнеўна надзьмуўшы таўставатыя губы, глядзеў на яе. У кватэры было трохі холадна ці гэта, можа, здавалася, бо Ірына зябка ўціснулася ў куточак крэсла, схавала рукі пад футравай накідкай.
— Я забараняю вам гаварыць са мной на гэту тэму, — суха, з нейкай асаблівай жорсткасцю сказала яна.
— Я і не хацеў гаварыць. Але ён мой друг, і як вы з ім сябе паводзіце — гэта ўжо занадта.
— А як мне з ім сябе паводзіць? Я замужам.
— Гэта не перашкаджала вам калісь дазваляць яму хадзіць з вамі…
— Вы нічога не ведаеце, Ян.
— I не хачу ведаць. Але гэта бес-ча-ла-вечна. Або будзьце з ім, або пакіньце тлуміць чалавеку галаву.
— Што за тон? — вочы яе былі халоднымі.
— Гэта яшчэ замяккі тон для ўсёй агіднасці, што вы з ім робіце, — кулак Яніса ўладна рассек паветра.
— Яніс, я буду вымушана паказаць вам на дзверы.
— А я не пайду.
— Пабачым.
Вайвадс зразумеў, што яго сапраўды могуць выставіць. Гэта не ўваходзіла ў яго планы, і таму ён сказаў ужо больш мякка:
— Ды не будзьце ж вы Ірынай Сяргееўнай. Будзьце хоць сёння проста Ірынай, другам, што любіць майго друга.
Яна прыўзняла вечка сігарэтніцы. Апусціла вочы:
— Гэты ваш друг апошнімі днямі пазбягае мяне. Ён сухі і жорсткі.
— А што яму рабіць у адказ на тыя словы, якімі вы яго пачаставалі?
— Ён не мае права нічога патрабаваць ад мяне.
Вайвадс зноў выбухнуў:
— Ды зразумейце ж, ён вас кахае. Ка-ха-е!!! Гэта такое каханне, якое раз у стагоддзе бывае на зямлі. Такое каханне, аб якім марыць кожная жанчына, вечнае, магутнае, нязменнае! А вы яго ў бруд! Багатыя занадта! Усё жыццё вам такія пачуцці пад ногі клалі!
Яна падціснула вусны ў нітачку, і твар яе ўпершыню здаўся Янісу непрыемным.
— Дакараеце? — сказала яна. — А я проста бачыла, што ён як адурэў, што нельга адразу ж пакінуць яго без усялякай надзеі, што трэба паступова. Я хацела дапамагчы яму і не дала ніякай падставы спадзявацца.
— Хлусіце! — Яніс наліўся крывёю абурэння.
— Ян!..
— Харошанькае дзела, — бурчаў Ян, уладкоўваючыся ў крэсле. -Як гэта? Я на свае вушы чуў, якія гэта былі авансы з мастаком і псіхіятрам.
— А хіба я казала нешта прама? — яна шырока раскрыла нявінныя вочы. — Вы проста не зразумелі мяне.
— О, вядома, — закалаціўся Яніс. — Вы, жанчыны, усіх абведзяце. Не хапала яшчэ, каб вы прама казалі. Вы ж заўсёды пакінеце для сябе пралазіну. А я тыдзень таму бачыў, як ён ледзь не паміраў, гаворачы пра вас, а потым паляцеў на лыжах з такой стромы, дзе шыю скруціць было — раз плюнуць. Як назнарок смерці шукаў. Я ўжо думаў — мазгі разлятуцца, як бэнкне галавою ў дрэва.
— Хлопчык, — паціснула плячыма яна.
— Ну так, мы хлопчыкі, мы несучасныя, мы — сентыментальныя саплякі ў часіну цыгарэт «Арбіта», мы і кахаем, як у дзевятнаццатым стагоддзі. Але ведайце: менавіта так будуць кахаць, калі чалавек стане дасканалым. А нежаданне ахвяраваць у імя кахання сваім жыццём тады назавуць брыдотай.
— А як тады назавуць залёты да замужняй?!
— Каханне не пытае, замужам каханая ці не, здаровая яна або хворая, шчырая ці нядобрая. Яно кахае, і гэтым сказана ўсё.
Вочы Яніса раптам сталі разгубленыя. З нейкай мяккай уладнасцю, быццам гіпнатызуючы, ён сказаў, паклаўшы рукі ёй на плечы:
— Кахайце яго, Ірына. Вам пашанцавала. Ён вялікі ў каханні чалавек. Махніце рукою на ўмоўнасці, на дабрабыт. Усё гэта лухта! Ідзіце з ім, пакуль сэрца маладое, пакуль яно кахае і хоча кахання. Верце мне, няма на свеце нічога над каханнем і трэба яго шанаваць, не забіваць недаверам, не прыніжаць нават жартамі. Кахайце яго.
Яна глядзела ўбок. Потым спытала ціха:
— Гэта ён параіў вам прыйсці да мяне?
— Дрэнна вы яго ведаеце. Ён нічога не ведае. Я сам, бо яму зараз вельмі патрэбна дапамога.
— А дзе ён зараз?
— Мяркую, стаіць перад сінедрыёнам.
— Якім?
— Перад вучоным саветам інстытута і дырэктарам, — знешне спакойна сказаў Яніс. — Трымае адказ.
— У чым гэта?
Латыш прыкурыў ад недакурка другую папяросу.
— Ён страціў раўнавагу з-за гэтай гісторыі. Нервы напятыя. Забыў аб асцярожнасці і лезе на ражон па ўсякім выпадку і без усякага выпадку.
Яна ўважліва глядзела на яго.
— Што сказаў?
— На лекцыі Пружыніна абазваў сяго-таго з нябожчыкаў палітычным прайдзісветам і апрычнікам.
— А хіба не так?
— Так. Але ж вы ведаеце…
— Што? Што вясной шасцідзесятага года ні я, ні вы, ні вучоны савет, ні нават дырэктар… ніхто нічога яшчэ не ведае.
— Менавіта,
— Так, не крыўдуюць толькі на лёс, на натуральную смерць. Што ж, калі так здарылася… А за астатняе трэба адказваць. Так лічыць мой друг, і я з ім у згодзе.
— А вы не думаеце, што збоку Андрэя гэта як запознены ўдар капытам.
— Андрэй мае на гэта права. Ён не любіў і не любіць тых, хто хоча сабою падмяніць лёс чалавечы. Гэта ж падумаць: двухногі лёс нада мною, ім, вамі? I ведаеце што? Каб мне спатрэбіўся таварыш, з якім я мог бы пайсці ў полымя за свае перакананні, — я ўзяў бы яго.
— Як гэта здарылася? — Ірына нарэшце прыкурыла цыгарэту,
— Пружынін сказаў, што некаторыя шумяць вакол апошніх падзей у свеце больш, чым трэба. Я не паспеў стрымаць Андрэя. Ён ускочыў: ноздры трапечуць, вусны непаслухмяныя, белыя. А потым уся кроў у твар.
— Вы літаратурны крытык. Значыць, прэтэндуеце на званне чалавеказнаўцы. Цярпімага і спачувальнага, Дык успомніце хаця б перадваенныя літаратурныя… гм… дыскусіі. Тыя людзі… Яны ў труне перавярнуліся б, каб маглі пачуць ваш цынізм! Адной душы бязвінна загубленай хопіць, каб ніколі не забыць.
Пружынін малінавай чырванню наліўся: «Хлапчынка, дэмагог! Зрабіце спачатку столькі, сколькі мы, я, сколькі ён». А Андрэй: «Я не збіраюся рабіць тое, што ён. I за добрае і за злое — бог і людская памяць яму суддзі. Але я не хачу, каб мяне ўспаміналі, як яго і яшчэ некаторых, Я выхаваны зусім у другіх правілах і не хачу быць прайдзісветам, які робіць першым героем рускай гісторыі апрычніка, бо адчувае сваё ўнутранае падабенства з ім». Пружынін выскачыў з аўдыторыі і пабег скардзіцца да дырэктара. I вось…
— Можа скончыцца дрэнна.
— Што? — яна падалася наперад, не заўважаючы, што накідка спаўзла з яе плячэй на падлогу. — Вы сапраўды так думаеце?
— Так, — кіўнуў Яніс.
Слупок сіняватага попелу, што нарос на цыгарэце, упаў на падлогу,
— Дрэнна, — сказала яна.
…Якраз у гэты час Андрэй сядзеў у невялікім кабінеце дырэктара. За акном ляжаў адліжны сіняваты скверык, там вецер хістаў мокрыя верхавіны дрэў, а тут было ціха і як быццам глухавата.
За сталом, насупраць Андрэя, сядзелі і моўчкі глядзелі на яго некалькі чалавек. Пружынін, грузлы і сівы, нервова курыў. Поруч з ім сядзеў дырэктар з жаўтаватым стомленым тварам, яўна хваравітым. Вочы яго за шклом акуляраў здаваліся ненатуральна вялікімі, глядзелі на Андрэя з уважлівасцю і нейкім нават грэблівым шкадаваннем. Далей машынальна маляваў чарцянят на клапціку паперы выкладчык Маркаў, па-за межамі інстытута нядрэнны крытык. Хітраваты, з сівінкаю ў цыганскіх валасах, ён зрэдку кідаў на Андрэя вясёлыя позіркі, быццам, казаў: «Што, брат, уліп? Не бянтэж дзядзяў. Дзядзі ціхага жыцця прагнуць».
Быццам нічога не здарылася, сядзеў намеснік дырэктара Копцеў. Андрэя заўсёды нават у нейкае замілаванне прыводзіла вытанчаная інтэлігентнасць яго аблічча, аксамітна-цёмныя, жывыя вочы, рукі артыста. Ды ён і сапраўды быў падобны на нейкага вядомага артыста… Аксёнаў, ці што? Або, можа, нехта з амерыканцаў. Закінуў нагу на нагу, пагойдвае ступою ў люстэркавым туфлі і стракатай шкарпэтцы. Хоць глядзіся ў туфель, быццам і няма на вуліцы слаты.
А ў куточку, у крэсле, прымасціўся гнуткі і ўвесь нейкі моцны, як стылет, дацэнт Бічыкашвілі. Гэты глядзіць таксама даволі непрыхільна. I чырвоныя вусны жорстка складзены пад вусамі.
— Ну, — парушыў цішыню дырэктар, — раскажы ты нам, Андрэй, як гэта ты дайшоў да жыцця такога?
— Да якога жыцця? — спакойна сказаў Андрэй. — Нічога, здаецца, не адбылося, Сказаў тое, што думаў.
— I не сорамна? — з дакорам спытаў Копцеў.
— Які ў іх у халеры сорам! — пачырванеў Пружынін. — Святога ў іх нічога за душою няма. Лічаць, што мы ўсе дурні.
— Не ўсе, — сказаў Андрэй.
— Вы чулі? — здзіўлена абвёў усіх позіркам Пружынін. — Вось яно. Нігілісты нейкія.
— А я не ведаю, чаго слова «нігіліст» павінна быць лаянкай. Мне здаецца, Тургенеў укладваў у яго другі сэнс. Базараў, між іншым, таксама быў «нігілістам». Ну, скажам, Тургеневу ён быў несімпатычны. Мне, калі шчыра казаць, таксама. Але яго зрабіў час. I аб’ектыўнаму гэтаму часу ў вышэйшай ступені напляваць на вашы і мае сімпатыі і антыпатыі. Гэтым словам можна пахваліць, а можна і аблаяць, гледзячы на тое, хто і супраць каго яго ўжыў. А прафесар Пружынін робіць з яго нейкае пудзіла.
Маркаў скрушліва пахітаў галавою.
— Але мы нігілісты не ў тым сэнсе, — пасля паўзы прадоўжыў Грынкевіч. — Мы верым у свой край, і ў нашу працу, і ў патрэбнасць яе для радзімы. Мы толькі не верым вам, прафесар. Магчыма, вы і добры чалавек, але слухаць такія вашы выказванні нам неяк сорамна. Прабачце на гэтым ужо.
— Вы думаеце, што вы гаворыце? — ціха спытаў дырэктар. — Ёсць людзі разумнейшыя за вас, і яны лічаць, што гэты чалавек меў заслугі. А паэт Грынкевіч дазваляе сабе не быць адной думкі з гэтымі людзьмі.
Андрэй глянуў у яго ненатуральна вялікія вочы:
— Ды і вы ж не адной думкі з імі.
Дырэктар апусціў вочы.
— Якой я думкі наконт гэтай асобы — гэта мая справа, — буркнуў ён.
— Не, вы глядзіце, — сказаў Пружынін, — глядзіце, якія яны! Раней вы, пэўна, іначай думалі, дыфірамбаў не спявалі толькі таму, што не паспелі, а зараз…
— Я ў тыя часы думаў тое самае. Гэтаму ёсць мноства сведкаў, — спакойна сказаў Андрэй. — Я толькі не ведаў усяго. Але я адчуваў, што нешта няладна.
— Бачыце вы… Касандра-прарочыца, — сказаў Пружынін.
Маркава перасмыкнула ад голасу Пружыніна.
— Паспакайней бы вы, прафесар, — сказаў ён.
— Вы таксама… шаноўны… маглі б сесці поруч з ім.
— Я сядзеў, — сказаў Маркаў, — але, на шчасце, не поруч з гэтым хлопцам. Я сядзеў за тое, што быў супраць Іванова, а потым даведаўся, што Іваноў, здаецца, сядзеў за тры камеры ад мяне.
Копцеў засмяяўся.
Дырэктар закрыў вусны рукою, але вочы яго смяяліся таксама.
— Андрэй, — сказаў Копцеў сваім мяккім, вельмі ласкавым тонам, — вы павінны папрасіць прабачэння ў прафесара, і тады справа не выйдзе з гэтага кабінета.
— Я гатовы, — сказаў Андрэй, — я дапускаю, што мог па-чалавечы пакрыўдзіць прафесара Пружыніна, і гатовы ў гэтым прынесці свае прабачэнні. Але толькі ў тым выпадку, калі прафесар прынясе прабачэнні аўдыторыі.
— Гэтага ніхто не будзе рабіць, — сказаў дырэктар.
— А шкада, — сказаў Маркаў. — Гэта было б па-джэнтльменску. Узаемна. I ні стуку, і ні груку.
— Не, — сказаў дырэктар.
— Тады і я — не, — скалануў галавою Андрэй.
Запанавала маўчанне. Яніс, гаворачы такое ў Горавай, меў рацыю. Ні яны ўсе, ні вучоны савет не ведалі той вясною, а што ім далей рабіць.
— Вы вельмі здольны чалавек, — сказаў Копцеў. — Не псуйце сваіх адносін…
— Я гатовы на горшае. Я помню, і я разумею: самым страшным была не жорсткасць і падазронасць аднаго, а душы, знявечаныя падазронасцю і нявер’ем у свайго суседа. I вось гэтага дараваць нельга.
Бічыкашвілі, які да гэтага сядзеў моўчкі, раптам сказаў з ненатуральным спакоем:
— Гэта нават абразліва. Вы падумалі, як мне, грузіну, слухаць такое?
Андрэй, гледзячы яму ў вочы, сказаў спакойна:
— Вы не маеце рацыі, Георгій Луарсабавіч. Не палічыце за падхалімаж — мне няма ў ім патрэбы, — але я велымі люблю гэтую зямлю і яе людзей. Я ведаю, патрэбна была нечалавечая мужнасць, каб зберагчы мову, і звычаі, і старыя камяні Свеціцхавелі, Сіёні і Джвары. Гэта вялікі народ, і яму ёсць кім ганарыцца і без гэтага чалавека. Славы яго гэта не паменшыць.
Ён нервова закурыў:
— Добра, адзін з арлоў, як выявілася, зусім не арол, але ж ніхто не змяншае гэтым спалучэння «Грузія і рэвалюцыя». …I вы ўспомніце яшчэ Паола Яшвілі, Тыцыяна Табідзе, Гапрындашвілі? Тры паэты з залатымі галасамі. Іх мог слухаць свет, а зараз слухае толькі зямля ды нашы сэрцы, якія ўсё помняць…
Бачыкашвілі не глядзеў у яго бок.
— Прабачце, — глуха сказаў ён. — Я пагарачыўся.
— Калі патрабуюцца яшчэ тлумачэнні, я магу даць іх, — сказаў Андрэй. — Я выхаваны на веры ў тое, што чалавечае жыццё ёсць самае каштоўнае на свеце. I хай прафесар Пружынін ведае: у гэтым мы ворагі. Да канца. I мы паклапоцімся ўжо, каб нават цень гэтай з’явы знік з зямлі, каб яна не паўтаралася нават у фарсе, нават у адзіным слове знявагі аднаго чалавека да другога.
Цяпер на Андрэя не глядзеў ніхто. Панавала ціша.
— Выйдзіце, Андрэй, — сказаў дырэктар.
Андрэй выйшаў. Яму было душна ў будынку, і таму ён вырашыў чакаць у скверы.
Даволі доўгі час ён хадзіў па алеі. Дрэвы ранялі на яго знобкія кроплі. Пад снегам, калі капнуць яго нагою, была ўжо свежая і празрыстая вада. Андрэй ні аб чым не шкадаваў. Ён проста назіраў, як ветрык моршчыць ясныя лужыны, як ён пругка і вільготна шуміць у верхавінах дрэў.
Пачыналася вясна вады.
…Першым выйшаў з будынка Копцеў.
— Нічога не вырашылі, — сказаў ён, гледзячы на Андрэя добрымі жывымі вачыма. — Будзем рабіць выгляд, быццам нічога не адбылося.
I пайшоў да машыны. Андрэй накіраваўся быў да брамы, але яго аклікнулі зноў. Гэта быў Маркаў. Ідучы поруч з Андрэем, ён маўчаў. I толькі ля самых варот, працягнуўшы руку для развітання, сказаў з нязвыклай для яго пяшчотай:
— Эх, Андрэйка, Андрэйка, усё-та вы разумееце. А паэт павінен быць трошкі дурнаватым.
Так, быць дурнаватым было ў тую вясну — і не толькі — сапраўды лепей, але якраз гэтай раскошы Андрэй і не мог дазволіць сабе.
«Хопіць, пабыў ужо, — думаў ён. — I з жанчынамі і з мужыкамі. Трэба, урэшце, зразумець, што адзінае, дзеля чаго пушчаны чалавек на свет, гэта — кеміць».
…Пераходзячы ўжо вуліцу, Андрэй раптоўна ўбачыў Гораву, якая прамавала ў інстытут і чагосьці вельмі спяшалася. Яна прайшла каля яго ў дзесяці кроках і не заўважыла, а ён не пазваў. З гэтым усё было скончана.
Ён ішоў бульварам і думаў, куды яму падзецца зараз. Горад быў мокры, няўтульны, першыя агні глядзелі ў туман аранжавымі вачыма. Вялікі горад, а месца ў ім для яго няма.
З адчаю ён хацеў быў пайсці ў рэстаран, але тут неяк трапіўся на вочы пад’езд Ганнінага дома. I Андрэй махнуў на ўсё рукою і вырашыў закаціцца туды.
…Сустрэла яго тая самая кампанія. Толькі мармурова-бледны Аленін на гэты раз быў цвярозы і, закасаўшы рукавы на руках, мускулістых, хлапечых, ладзіў на падлозе электрычны чайнік.
— Прывітанне забытаму эпігону Хвелькі Тапчэўскага, — змрочна сказаў ён. — Дапамажы…
— Не магу, — сказаў Андрэй. — Канстытуцыя тандэтных рук не дазваляе.
— Лірык, — з пагардаю сказаў Аленін.
— Я не лірык. Я арыстакрат духа. Я спірытуаліст, нігіліст і заўзяты прапагандыст біметалізму. А ты проста няўдалы спадкаемца «Блакітнай ружы». Цябе выгналі за няздольнасць нават з майстэрні гадзіннікаў, і ты тады вырашыў перавярнуць славянскі жывапіс.
— Малаток, — сказаў Яхненка. — Так яму.
— Ганна дзе? — спытаў Андрэй.
— У Ганны вельтшмерц, яна ў сваім пакоі.
— Тады не будзем яе турбаваць. — Андрэй абвёў позіркам кампанію. — Што гэта з вамі? Твары нейкія авальныя і доўгія.
— Калі Аленін наладзіць чайнік, — змрочна сказаў Петрык, — можа, будзем піць чай.
— Не жэрлі сёння? — здагадаўся Андрэй.
— Мы елі анчоусы, — сказаў Аленін. — Сірэч звычайную камсу. На фунт сто галоў.
— У мяне ёсць грошы, — сказаў Андрэй, вымаючы з кішэні дзве сотні. — У мяне сёння выпадкова ёсць грошы. I ёсць трывалы намер надзерціся.
— Купала, — сказаў Аленін. — Пушкін. Я заўсёды казаў, што няма на свеце больш белакурых і добрых людзей, чым беларусы. Ім належыць будучыня. Яны… звышчалавекі духа…
— Я не звышчалавек, — сказаў Андрэй. — Я проста мецэнат. Я сердабольны стары кавалер, якому нясцерпна глядзець на пакуты галадаючага чалавецтва. Я дам вам частку сваіх нарабаваных дывідэнтаў… А цяпер давай чайнік.
Спрытна арудуючы адвёрткай, ён пакалупаўся ў вантробах чайніка і сунуў штэпсель у разетку.
— Ну вось, зараз будзем піць чай… калі, вядома, кампанія захоча гэтага… Ну дык што, цягнем запалкі, каму пабегчы? Сібірскі закон?
— Не, — сказаў Аленін, — бадай, давядзецца бегчы мне. Не будзем выпрабоўваць лёс. Не хапала яшчэ, каб мецэнаты бегалі па гарэлку для сваіх кліентаў.
I, звярнуўшыся да Андрэя, Пятроўскі сказаў:
— Вас даўно не было, Андрэй. А мы вельмі чакалі. Не прыміце за камплімент, але вы спадабаліся тут. Мы нават падрыхтавалі вам падарунак. Але вас так доўга не было, што сёння той-сёй прапанаваў здаць яго ў антыкварыят.
— Змоўч, — басам сказаў Яхненка. — Не ў антыкварыят, а ў ламбард. Выкупілі б потым.
— Хлопцы, — сказаў Андрэй, — нашто гэта? У мяне пакуль што ёсць грошы. У мяне ўзялі сцэнарый і п’есу, а грошы, выявілася, мне зараз зусім непатрэбны.
Ён не вельмі весела ўсміхнуўся.
— Цяжка камусь — бярыце. Пад вексель будучай славы кожнага. Выб’ецеся ў людзі — падорыце па эцюду. Я стану ганарыцца знаёмствам з вамі.
— Ты дурань, — сказаў Яхненка, — ты вялікі добры дурань! I ты нічога не разумееш ні ў псіхалогіі, ні ў дзяўчатах, ні ў сябрах… Глянь лепей сюды. Гэта зрабілі для цябе Петрык з Аленіным, сабака ты. Кожны намаляваў каго хацеў. I ніхто не шкадуе, дорачы гэта табе.
Упала завеска з невялікага палатна. Андрэй, гледзячы на яго, з цяжкасцю падавіў уздых. На палатне быў салатна-зялёны, росны, увесь у сонечных зайчыках сад, трава, у якую нехта густа сыпануў залатымі манетамі адуванчыкаў. А на траве сядзелі дзве дзяўчыны. Гэта было нешта накшталт гагенаўскай ідыліі, толькі самая ідылія была мяккая, размытая, паўночная, без уласцівых поўдню грубавата-кафейных і глянцава-зялёных адценняў. Трапяткая, здаецца, ледзь дыхаючая, родная зеляніна першых дзён лета.
Адна дзяўчына сядзела ў траве, матаючы на рагульку воўну. У свежым твары, у кароне залацістых валасоў, у белай, трохі занадта па-маскараднаму простай сукенцы было нешта засцянковае, міла старамоднае.
Другая, у значна больш сучасным уборы, не такая прыгожая, але адухоўленая, сядзела на зэдлічку, гледзячы кудысь паўзверх раскрытай кнігі. Вусны няўлоўна ўсміхаліся, але ў схіленай, быццам пад цяжарам вузла валасоў, галоўцы, у шэрых вачах быў сум.
Ганна і Ірына. Два бакі адвечнага, прага якога заўсёды жыве ў мужчынскім сэрцы. Андрэю на імгненне аж подых перахапіла, так гэта было зроблена, так хацелася павесіць гэта ў сябе. Але амаль адразу ёй сказаў ціха:
— Дзякуй, хлопцы. Гэтага не забуду. Але нашто мне гэта зараз!
— Дурань, — нячутна сказаў Яхненка. — Ты нічога не разумееш. Не крыўдзі іх і нас.
— Добра, — адказаў Андрэй.
Амаль адразу ён адчуў на спіне чыйсьці позірк. Павярнуўся. Ганна стаяла ў дзвярах. Двайнік той, з карціны, але куды больш прыгожая. I, калі яна сустрэла яго позірк, нейкае нязвыклае сяйва з’явілася ў яе вачах.
— Андруша… О то ж бо вельмі даўно хацела вас бачыць… Пакіньце ўжо гэтых бэйбусаў адных, заходзьце на пару хвілін да мяне.
— Дык што, хлопцы, — спытаў Яхненка, — адпусцім яго на пяць хвілін?
— На дзесяць, — сказаў Пятроўскі, — пакуль не прыйдзе Аленін.
…Грынкевіч упершыню быў у гэтым маленькім пакойчыку са шкляным ліхтаром, што выдаваўся ў сад. Амаль чвэрць пакоя займала тахта, потым былі яшчэ кніжныя паліцы, стол і глыбокае мяккае крэсла.
Ганна была ў просценькай блакітнай сукенцы, нейкая хатняя, вельмі змарнелая і ад гэтага яшчэ больш свойская і гожая.
— Сядайце, дзікун палескі, — сказала яна. — Скідайце пінжак, тут горача. Адчувайце сябе як дома…
Андрэй сеў. Яна выцягнула з аддзялення сэкрэтэра пузатую бутэльку французскага каньяку.
— «Камю», — сказала яна. — Калі ўжо на маю думку, дык дрэнь страшэнная, але больш нічога няма.
Нейкім прасцецкім жэстам пашкрабла пад патыліцай, дзе, як у дзіцяці, кучаравіліся залатыя валосікі.
— А закусваць?.. Ага, здаецца, нешта ёсць.
I дастала вазачку з засмяглымі палачкамі каўказскай чурхелы, якая залацілася інжырнымі зернейкамі.
— А хлопцы «анчоусы» елі, — падкалоў Андрэй.
— Гэта ім не ў каня пакорм, — сказала Ганна.- I да таго ж яны тут амаль кожны дзень, а ваш голас я пачала забываць.
Яны чокнуліся келіхамі, шкло якіх здавалася вясёлкавым, як мыльная бурбалка.
— За вас.
Ганна, відаць, любіла колер асенніх лісцяў. Гэты пакой таксама быў вытрыманы ў іх адценнях. I абажур клаў на ўсё гэта цьмяны аранжавы адбітак, рабіў яе валасы зусім залатымі, а твар зусім янтарным.
— Вы былі ў вёсцы? — сказала яна. — «Распавядайце».
— Быў, але нічога не бачыў. Падарваўся працуючы.
— Што вы мне прывезлі адтуль у падарунак?
— Прывёз, — сказаў Андрэй. — Але я не думаў заходзіць да вас сёння. З сабою няма.
— Што?
— Дзве сапраўдныя народныя выцінанкі. А для душы слоік бруснічнага варэння.
— З грушамі?
— Угу.
— Гэта праўда? — яна глядзела на яго вельмі сур’ёзна.
— Як бога кохам.
— Вы заўсёды памятаеце аб усіх… Бог ты мой, бруснічнае варэнне! Ненавіджу ўсе гэтыя гарадскія «Ружы» і «Дыні». Каб яны папрахлі дзе былі… Ах, як журавіны растуць! На зялёнай нітачцы, нябачныя ў імхах.
— Не пакутуйце вы так, — сказаў Андрэй. — Кіньце ўсё і з’ездзіце на спатканне з пералескамі.
— Хіба так проста? — сказала яна. — Не, гэта, што вакол, — яно трымае. Яно не выпусціць.
— Што з вамі? — спытаў Андрэй. — Скажыце мне.
Яна агледзела яго нават з памяркоўнай усмешкай.
— А вы і сапраўды на зайздрасць румяны і здаровы правінцыял, які дарваўся нарэшце да горада.
— Што з вамі?
— Нічога. Лепей давайце вып’ем… Ну вось… Што з вамі здарылася?
— Сёння лаялі на савеце.
— Цяжка?
— Цяжка.
— А ў астатнім?
— У астатнім таксама цяжка, — прызнаўся Андрэй.
Бровы Ганны здрыгануліся:
— Нясцерпна?
— Амаль нясцерпна, Ганна.
Яна склала рукі на каленях. Наступнае, відаць, каштавала ёй цяжкіх намаганняў:
— Вы пыталіся, што са мной… Добра… скажу… — Памаўчала. — Прынцыповая старая дзеўка, здаецца, нарэшце пакахала.
— Дык гэта ж вельмі добра, — сказаў Андрэй.
— Гэта вельмі дрэнна, — сказала яна.
— Чаму?
— Таму, што ён ніколі не пакахае мяне.
— Хацеў бы я пабачыць, які гэта дурань можа не пакахаць вас. Скажыце мне, я з ім тады пагавару.
— Андруша, — сказала яна, — вы такі недалёкі?
Толькі тут у Андрэя міжвольна пачырванеў твар.
— Няўжо?..
— Так, — проста сказала яна. — I я ніколі не сказала б вам гэтага, каб не бачыла, як вам цяжка. Я ведаю, гэта не надае прыгажосці дзяўчыне, такія прызнанні… Але я падумала, — а можа, вам будзе лягчэй… Няма нічога, чаго я не зрабіла б для вас… Калі вас можа трошкі суцешыць гэта — я… мне больш нічога не будзе трэба.
Глыбока расчулены, Андрэй глядзеў на яе схіленую галоўку.
— Вы лепшая дзяўчына на свеце, — сказаў ён са спазмаю ў горле.
— I ўсё ж вы кахаеце не самую лепшую?
— Так. Я кахаю не самую лепшую.
— Ну вось, — сказала яна быццам з палёгкаю, хоць вочы яе блішчалі, — я прызналася, але з гэтага нічога не вынікае, Андруша. Я проста буду, не спадзеючыся залішне, быць недзе поруч. Буду заўсёды дапамагаць вам. Зраблю ўсё, каб вы былі з Ірынай…
— Гэтага не будзе, — сказаў ён. — Яна чужая. А ад вас я ніколі не прыму такой ахвяры.
— Які вы дурны, — нейкім танюткім, птушыным галаском сказала яна. — Што вы разумееце ў ёй? I як вы можаце думаць, што мне гэта будзе цяжка?! Для ўсяго, што цяпер ажыло ўва мне, гэта не ахвяра, гэта… радасць. I вы не пакутуйце маім болем, Андруша, не ўнікайце мяне. Прыходзьце, калі шчаслівы, прыходзьце, каб паскардзіцца. Я буду бязмерна рада.
— Але ж вам цяжка…
— О то ж, — з сумнаватай усмешкай сказала яна. — А між тым, яно… як у раю ды на краю, то лепей у пекле на сяродцы.
— За што вы мяне так?
— Хіба я ведаю? Але з першым вашым прыходам, як свежым ветрам пранесла па пакоях. Быццам у камяніцу ўнеслі кавалачак зусім іншага жыцця.
— Даруй мне, Ганна, даруй.
— Што ты? — сказала яна прасветлена. — Хіба ты вінен?
Бязважка гладзіла яго валасы.
— Ну вось. Ну вось і супакоіўся. Ты не думай — гэта шчасце. Бо я ўжо зусім перастала спадзявацца, што гэта можа прыйсці. Ідзі зараз. Ідзі да іх. Аленін ужо прыйшоў. Чуеш смех? Я зараз таксама выйду. Толькі пераапрануся. Мне трэба быць прыгожай, каб табе заўсёды хацелася гаварыць са мной.