На Беларусі бог жыве
«На Беларусі бог жыве», —
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусвет.
Тую праўду сцвярджае
Ўсё зноў і зноў
Ўсім лёсам, —
Няхай спакваля, —
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.
І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын, —
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край —
Твой дом і сабор…
Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.
Нам ёсць што піць,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць.
І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
«На Беларусі бог жыве…» —
І хай сабе жыве.
А калі ён шле на нас кару і гнеў, —
Ну што ж, — мы з ім свае:
Ў вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка з неба б’е.
У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў
Маланка ніколі не б’е.
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
«На Беларусі бог жыве», —
І няхай давеку жыве.
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 5 ліпеня 80 г. 14 г. 4 хв. Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 241, 242.