Май быў такі, што каб такіх не бывала на зямлі — яго варта было б выдумаць. Начамі некалькі разоў ласкава шапталіся з дахамі цёплыя, ледзь не парныя дажджы. Раніцамі зямля курэла добрай парай нават праз шматлікія густыя парасткі, а на травах віселі падвескі з расы: зробіш крок і раптам заззяе, зробіш другі — і ўжо ў іншых месцах успыхваюць маленькія аранжава-зялёныя сонцы.
Май абяцаў спакойнае лета, добрую восень, сытую зіму, і мала хто з мужыкоў не бласлаўляў яго.
Акрамя, мабыць, мяне.
Для мяне ён быў не квеценню садоў, якая пасля ўкрыла цёплым снегам зямлю, не дажджамі, не росамі, што прарочылі раскошныя жыватворныя дні, а хутчэй нейкімі змрочнымі падземнымі сутарэннямі, пераходамі, бясконцымі катакомбамі ды кашмарамі па начах.
Я жыў, кажучы словамі старога ананіма:
На мяжы святла і змроку,
На мяжы жыцця і смерці.
А калі прыйшлі тыя падзеі — да ўяўлення аб гэтых лазах, ямінах, правалах, падземных калодзежах прыйшлі і яшчэ радкі (чые, я забыў) аб тым, як:
У змрочным пекле, дзе з чорным
Агністы схапіўся бог.
Таму настрой у мяне, як кажуць браты-палякі, быў «на псы», калі недзе ўжо ў дваццатых чыслах месяца я сядзеў на лавачцы ля Шаблыкавай хаты разам з гаспадаром і Міхасём Змагіцелем, займаючыся вельмі ўхвальнай справай (мы паволі-паволі папівалі «беларускі бальсан», змешаны са слязой божай, і закусвалі з рэшата парніковымі трускалкамі (хай яго бог любіць, гэтага Шаблыку, усё на свеце ў яго ёсць або знойдзецца).
Дундзелі ў залатым вячэрнім паветры хрушчы. Зусім ужо нізкае сонца зрабіла з Альшанкі райскую раку святла. Густыя ўжо шаты дрэў нерухома рыхтаваліся да сну.
І размова ў нас ішла нейкая сонная і, спачатку, ні аб чым.
— Ты вось заўсёды што — «БТ» гэтае курыш? — лянотна спытаў Змагіцель.
— Так.
— А я вось выключна «Нёман».
— Дый я люблю, але як пакуру доўга — кашаль. Кінуць не спрабаваў?
— Раз дзевяць месяцаў не курыў. А тут выбары. Піва рэдкага на вёсцы прывезлі: «Лідскае». Сушаная рыба знайшлася. Ну, а я ўрну вазіў па тых, хто сваімі нагамі прыйсці не можа. Сябры набралі ўсяго на маю долю і, заразы, забыліся, тры пачкі «Нёмана» купілі. Як толькі галасы падлічылі — складчына. А я намёрзся за дзень на марозе, адвёў каня, прыйшоў, ну, выпілі. Забыўся, закурыў. І… як не было гэтых месяцаў.
Шаблыку гэтая бяседа была такая цікавая, што здохнуў бы разам з мухамі. Таму размова перайшла на тэму, ад якой, мяркуючы па нашых літаратурных газетах, здохлі б мухі ўва ўсім свеце: на «кніжнасць».
— Ну вось якой ты, Міхась, думкі пра Быкава?
— А нічога. Не выдумляе. Відаць, што сербануў гэтай ваеннай раскошы аж пад пілотку. Не тое што нейкі піша, як Саня лазенным венікам роту немцаў разагнаў… з танкамі.
Мылі, мылі костачкі інжынерам чалавечых душ (пачулі б яны гэта з трыбуны), і скончылася размова яшчэ на адной асобе, да якой я ўвогуле стаўлюся цярпіма.
— Ну а гэты… Караткевіч? — спытаў Шаблыка.
— А нішто сабе. Толькі чумавы нейкі, дурашны. Левай рукой правае вуха цераз галаву чухае… Ніколі не ведаеш, чаго ад яго чакаць.
— Кажуць, бабнік, — сказаў Змагіцель.
— А пра каго гэтага не кажуць? Ты вось лепей, Антось, скажы, што ты так нарасшыфраваў? — перавёў нудную размову на іншае Шаблыка.
Я коратка расказаў пра літарэю. Сказаў толькі, што цвёрда ўпэўнены, што патрэбная мне вежа — з паўночнага боку, там, дзе была замураваная пасля Слуцкая брама. Сказаў і пра вугал намотвання (я верыў гэтым хлопцам і дужа спадзяваўся, што яны, былыя дзеячы партызанкі і падполля, умеюць, калі трэба, заціскаць у ціскі язык), але сказаў (даруй мне, божа, за хлусню), што прадмета, вакол якога трэба матляць, у мяне няма і што вызначэнне па транспарціры вугла між асявой лініяй стужкі і кірункам напісання слоў мала што дае, а канец мне і зусім няясны (і гэта было праўдай). Няясна было толькі, якую вежу трэба лічыць ад кутняй. Трэцюю?
— А ты яшчэ пачухай свой глобус, — сказаў Змагіцель, — можа, нешта надумаеш.
І сапраўды, што заставалася рабіць?
І тут раптам за шчыкетамі кветніка пачалася дзікая какафонія. На розныя ступені гвалту брахалі дзесяткі сабачых глотак, і нечы голас верашчаў на ўсю вуліцу:
— Забойцы! Забойцы!
Мы падышлі да агароджы. Справа рухаўся ўжо вядомы мне картэж: Лапатуха ў суправаджэнні дзесятка сабак. А насустрач яму ішлі старшыня Альшанскі і бухгалтар Ганчаронак. І адчувалі сябе, відаць па ўсім, як дзве мухі ў місцы з кіслым малаком. Усе робяць вывады, усе бачаць, а задавальнення аніякага.
— Забойца! — гарлаў Лапатуха.
— Чаму, Людзвік? — спытаў Альшанскі.
— І вы! І вы! Заб’ець мяне! Схаваюся!
— Чаму я забойца? — спытаў Ганчаронак.
— Таму, — і да Альшанскага: — Бычкоў забіваеш! Цялятачак! Авечачак! Схаваюся!
— Ідзі, Людзвік, — сумна сказаў старшыня.
Але вар’ят, заўважыўшы, пераключыўся ўжо на мяне:
— Ага, да праўды ідзеш? Тым хутчэй галаву скруціш. Абселі ўжо цябе, абселі. І бац1 табе не паможа. Бац у сутане. Вось Боўбель, Боўбель прыйдзе. Прыйшоў.
І мы, і тая пара рванулі ад яго, нібыта ён размахваў вядром з варам.
Ледзь адсапліся, пакуль не перанеслі рэшткі «бальсану» і рэшата з трускалкамі на другі, садовы, столік, за хатай.
— Ну, джэнтльмены, — спытаў я, — як самаадчуванне? І што гэты сон увогуле павінен азначаць?
— Не ведаю, сказаў Шаблыка. — Можа, сапраўды, з розуму з’ехаў чалавек. А можа… надта ўжо зручны спосаб замаскавацца.
— Ну кінь, — сказаў Змагіцель. — Тут тады такое чынілася, што і самы здаровы чалавек з’ехаў бы з глузду. А ў гэтага, відаць, псіхіка была хірлявая. Добра яшчэ, што хаця душою не загавеў.
— Як гэта ўсё было? — спытаў я.
— Ну ў маі сорак чацвёртага па загаду Гімлера, як вядома, была створана «Коmmеndа 1005», — сказаў Шаблыка. — Знішчэнне слядоў усяго, што яны тут нарабілі. «Акцыі санітарныя». Прысуд загібелі на вёскі і хутары, дзе маглі быць сведкі. Нам яшчэ пашанцавала. Не паспелі знішчыць, надта хутка лыжы падмазвалі. Але выселіць людзей — выселілі. У лес. А акцыі былі падпісаны, гэтыя, аб масавых экзекуцыях. Быў тут такі шэф кладненскай акругі гестапа. І падпісваў ён іх як «Przewodniczacy sadu gestapo». Старшыня «суда» гестапа… Ну і пачалі тут па акрузе машыны гойсаць. А ў машынах — нашы з лесу сачылі за імі. А ў машынах СС — оберштурмбанфюрэр, доктар права (як быццам можа быць нейкае права ў краіне бяспраўя) і ён жа вышэйпамянёны шэф кладненскай гестапаўскай акругі, нехта па прозвішчы Гешцёбер ды з ім нейкі штандартэнфюрэр, палкоўнік, значыць. Ды оберштурмфюрэр Зейтц з памочнікам унтэрштурмфюрэрам Штофкенам (зямля яму бітым шклом, такая сволач). Ну і ў іншых машынах драбнейшыя, шарфюрэр Лінц (гэты аховай кіраваў) і чамусьці фон Эйхгорн, маёр «ТОДТ»аўскіх частак, ваенна-будаўнічай арганізацыі. Ясна, што не будаваць яны нешта тут збіраліся, а хаваць… А мо шукалі нейкага натуральнага яра, каб менш было работы па засыпанню…
— І дакументаў няма? — спытаў я.
— Шукалі мы іх некалькі год назад. Бо некаторыя нашы людзі часам усё ж пракрадаліся ў вёску забраць нешта забытае ці трохі ежы са схованак і, хочаш не хочаш, сёе-тое бачылі.
— Хто?
— Мультан. Арганіст. Ды ці мала яшчэ хто… Ну вось. У сярэдзіне ліпеня падступалі нашы. І тут зноў пачалася катавасія. Гэтай акцыяй кіраваў ужо камендант Альшан граф Адальберт фон Вартэнбург.
— Часам не з тых? Не сваяк таго Іёрка фон Вартэнбурга Іягана-Людзвіга, што з генералам Дзібічам у 1812-м Таўрагенскую канвенцыю заключыў? — спытаў я. — Ну, што немцы з расейскімі войскамі будуць супраць Напалеона ваяваць.
— Угм. А раней, у 1778–1789 удзельнічалі ў вайне за Баварскую спадчыну. Не прамыя нашчадкі, а, здаецца, ад траюраднага брата.
— Ты скуль ведаеш?
— А я ў прамежку паміж дзвюма партызанкамі не толькі па падазрэнню ў «бандытызме» ў гестапа сядзеў, а да гэтага ў гестапа некаторы час перакладчыкам служыў.
— Як?!
— А так.
— Ну і што?
— Сам бачыш. Не з белымі мядзведзямі выхаваўчую работу вяду, а з юнацтвам. Значыцца, ясна, як я немцам наработаў.
— Н-так, — упершыню азваўся «каўбой», — не жыццё, а слоены пірог: лес — перакладчык гестапа — падвальны падапечны гестапа — выкуп — зноў да лесу.
— Добра, канчай. Ну вось. А з графам Франц Керн з айнзацштаба, з ведамства Розенберга. Рабунак каштоўнасцей. Значыць, і іх вывезці не здолелі, бо кальцо амаль замкнулася… А з імі штандартэнфюрэр Зігфрыд (прозвішча не ведаю) і — трымайся за нешта, закачаешся — апошні Альшанскі стары, Юзаф-Ксаверы.
— Ён, кажуць, памёр скора пасля, — сказаў я.
— А я думаю, яго памерлі, — сказаў Змагіцель. — Магло быць і гэта.
— Як?
— А ты што думаеш, Вартэнбургу і Керну патрэбны былі лішнія сведкі? Дык вось, увальваюцца тады ў Альшаны і сюды пад непрабойнай аховай некалькі «опеляў», два «даймлербенцы», адна машына сістэмы «Монці» (дзень п……….ь — год на рамонце) з эсэсманамі і тры легкавушкі: «бээмвэшка» сіняя, «опель-капітан» і «мерседэс» з генералам. І амаль ва ўсіх машынах нейкія скрыні, цюкі, зашытыя ў брызент і цырату рулоны. А ля адной увесь час круціцца, рукамі махае і распараджаецца стары Альшанскі, а на астатнія і плюнуць не хоча… Ну, а пасля пагналі калоны вязняў і проста мірных… Эсэсманы сваімі «вальтэрамі» ды «манліхерамі» трасуць, блокэльтэстары, блочныя старосты ды блокфюрэры кіямі махаюць: «а мо за руплівасць ды дбайнасць не будзе ім апошняй ямы». Бо прадчувалі, ой прадчувалі ўсе. Як добры сабака землятрус ці пажар у доме. Скулля гэтым старостам з макам, і не прысудзілі ім немцы іншы лёс… Там і нашы былі ў напаўвайсковай форме — Мультан бачыў. Некалькі чалавек. Але далёка было, не пазнаеш у твар. А нашы ж, сволачы.
— Якая эпоха, такія і таленты, — з чорным гумарам сказаў Змагіцель.
— Ты б, Міша, і пра іншыя таленты нашай эпохі ўспомніў, — злосна буркнуў Рыгор.
— І ўспомніў бы, ды тыя забыць не даюць.
Ужо ладныя прысмеркі ляглі на вёску, на Альшанку, лясы і грувасткі чорны сілуэт далёкага замка. Шаблыка ўздыхнуў:
— Ну вось. Мультан у лесе сядзеў. Бачыў, як разгружалі скрыні, як валаклі некуды.
— А я думаю — дарэмна там шукаць, — сказаў Шаблыка. — Думаю, не там. Думаю, ці не ў рачулцы пад замкам, там прамоіны пад берагам. Або, вярней за ўсё, недзе ў катакомбах. Бо там д’ябал нагу зломіць, бо да канца іх ніхто не ведае. Ведаў толькі стары Альшанскі, у яго план старадаўні быў.
— Хто бачыў? — уздыхнуў я.
— Лапатуха.
Я бязмерна здзівіўся.
— Ён гады два да трыццаць дзевятага ў замку бібліятэкарам працаваў. Бо куды было паткнуцца беларускаму хлопцу, хай сабе і з універсітэтам.
Памаўчаў:
— І ўвогуле, ён зашмат бачыў. Аж да небяспекі жыццю шмат бачыў. І апошнюю «акцыю» бачыў. Трызніць, балбоча, а сэнс нейкі ёсць. Я вось толькі не ведаю, ці ён яе таксама назіраў аднекуль, ці быў у калоне смяротнікаў. Я з паасобных словаў гэтага ягонага блекатання склаў для сябе такую карціну, можа, і няверную.
— Якую? — спытаў я.
— Бачыў, але не да канца. Цягнулі палонныя скрынкі да гарба (там возера з аднаго боку, а рачулка-роў і замак з другога). Смяротнікам пасля вочы завязалі, павялі туды, а праз пару гадзін, зноў з завязанымі вачыма, — адводзяць назад. І ў лесе — залпы. Жывыя зносілі мёртвых у купы. І тут ці Лапатуха спалохаўся (ён, відаць, ужо і тады быў — таго…) і кінуў назіральны пункт, ці ўдалося яму дзівам уцячы. А астатніх паклалі там, на горцы. Дзе пахаваныя — ведаеш.
— А хто ведаў і ведае, дзе яны тое схавалі?
— Ну нашых туды не пусцілі. Вартэнбург пад бомбы трапіў у Дрэздэне, а «мастацтвазнаўцу» Керна нашы ў Беластоку пасля прылюдна павесілі.
— Вось яно, — уздыхнуў я. — Атрымоўваецца, ніхто не ведае, што хавалі, дзе і як.
— Ускосна здагадацца можна: архіў і нарабаванае і асабістае майно Альшанскіх. То ж бо замак пуставата выглядаў, як мы ўвайшлі. А ведаеш? Лапатуха ведае. Ды гэта ўсё адно што сабака ведаў бы. Не кажа… І ніколі не скажа.
— А можа, так, што прасвятленне?..
— Наўрад ці, — сказаў Змагіцель. — Што могуць даць бязладныя лапатанні накшталт: «І вы… Заб’еце мяне… Забойцы… Запавет іхні там». Калі і ёсць недзе там запавет Альшанскага ды княскія граматы ды сцверджанні годнасці магнацкай — каму яны зараз патрэбны? Апошні, апошні Альшанскі воляю божай «Умре».
Так, вясёлага было мала. Мы сядзелі ўжо амаль у цемры, і такая ж цемра была ў нашых мазгах. Я ўспомніў пра сваё абяцанне Хілінскаму і першы парушыў маўчанне:
— Хлопцы, а што яно такое — Боўбель? Гэта я для аднаго там чалавека. Ён і сам трохі ведае, але яму цікава, што ведаюць, як глядзяць на гэта тут, на месцы.
— Кгм. — Змагіцель кінуў у рот трускалку. — Гэта, браце, славуты бандыт. Тэрарызаваў з бандаю ўсё наваколле ў 1945–1947 гг. Два іх тут такія былі. Ён ды Кулеш. У акупацыю «партызанілі». А папраўдзе іхняя партызанка ў асноўным была — харчамі разжыцца ды каня ці кажух у мужыка ўзяць. Ну, хлусіць не буду, нападалі часам і на немцаў. Пасты здымуць, камендатуру падпаляць, мост спалілі аднойчы, два эшалоны пад адхон ракам паставілі. Яшчэ пакуль такое — цярпелі. Але перад вызваленнем бывалі ў іх ужо сутычкі і з намі. Амаль як анархісты ў грамадзянскую: «Бі справа — белага, злева — краснага».
— Так, — сказаў Шаблыка, — аж па сорак восьмы пекла было ў нас. Праз іх. Вяртаюся аднойчы са сходу ўначы — аж нехта цыгарку курыць за нядальнім хмызам. Ясна, перастраюць. Засада. Ну я «вальтэр» з кішэні, крадуся, думаю: «Гэта яшчэ хто каго». Падышоў бліжэй — цьху ты, маць тваю не займаць… Светлякі! Звычайны святляк!
Пасмяяліся. І зноў Шаблыка:
— А бывалі і сапраўды засады. Дужа палявалі. За ўсімі, а за мною чамусьці асабліва.
— Можа, баяліся.
— Сам думаю. Магчыма, у бандзе быў нехта з калабарацыяністаў. А я мог яго выпадкова ведаць, бо пэўны ж час «немцам служыў». Мог апазнаць. Цалкам магчыма, што па гэтай прычыне і палявалі… Ну не ўпалявалі, і добра. А пасля міліцыя ды ястрабкі ды звычайныя людзі, якім ён горш за гнілую рэдзьку агоркнуў, пачалі яго ганяць, прыціснулі да балота — і гамон. Боўбель сам, здаецца, забіты.
— Чаму «здаецца»?
— Ніхто з нашых яго ў твар не ведаў, а «ягоныя» ўсе паляглі.
— Так ніхто і не ведаў?
— У цемры — толькі нехта Шчука. Здаецца, у чынах цяпер. У Мінску жыве. А з тых, што бачылі пры няпэўным святле і ўсё ж жывыя выйшлі, — бадай што, ці не адзін Ганчаронак.
— Ганчаронак?
— Ну так. Боўбель паслаў з ім «праважатым у апошнюю дарогу» хлопца, ды, відаць, малавопытнага. А ў Тодара ў кішэні махра была… Другая памылка, рук яму не звязалі… То ён у балоце пасля два дні сядзеў, аж пакуль ноччу ў Альшаны не прыйшоў і ў жонкі не даведаўся, што Боўбеля напярэдадні разбілі ўшчэнт.
— Ніколі б не падумаў, што гэткая мужнасць, — пакруціў я галавой. — Гэты п’янюга, вечна ад яго гарай нясе.
— Ён, кажуць, і піць пачаў з таго часу. А ўвогуле, мужны не мужны, а гадзёнак ён, гэты Тодар Ігнатавіч, — сказаў Шаблыка.
Я зразумеў, што ён не можа дараваць бухгалтару, які справакаваў Альшанскага зрабіць замах на замак.
Я ўстаў.
— Давай праводзім яго, — сказаў Змагіцель Шаблыку. — А то столькі страшнага нагаварылі, што дзіця наша, перш чым бай-бай у люлю, яшчэ дарогаю недзе ўграшыцца.
Мы пасмяяліся і трох рушылі з двара. Месяц, які толькі-толькі пачаў скідацца на ветах, заліваў няпэўным святлом пыл вуліцы, утаптаныя пешаходамі «тратуары», цёмныя садкі. Ішлося і дыхалася лёгка.
— Н-на, — сказаў урэшце я, — зямелька ў вас з фокусамі, страшнаватая. І на кожным кроку фардыбачыць, як неаб’езджаная кабыла.
— А гэта таму, — сказаў Шаблыка, — што мы на сабе ездзіць нікому не дазвалялі.
— Наадварот, самі намагаліся, каб камусьці на спіцу ўзлезці, — усміхнуўся «каўбой». — Толькі не заўсёды гэта ўдавалася. Звёў мяне аднойчы лёс, адразу пасля вайны, у Літве з адным такім звышпатрыётам. Я сам Беларусі на мазоль наступіць нікому не даў бы, але тут аж нават мяне крыху нудзіць пачало. «Наш Вітаўт мячом у вароты Масквы стукаў» (як быццам я масквіч). Ну я яму спакойна: «Стукаў, ды не дастукаўся». Бо і праўда ж, не адчынілі. Дый увогуле, малапачцівы гэты занятак: у чужыя дзверы стукаць. У нас дык гэта толькі аднойчы такі выпадак быў з удавой ды п’яным Высоцкім…
— Во! — схамянуўся я. — Пра ўдаву пасля. Але вы ж тут увесь час. Можа, ведаеце, за што расстраляны немцамі ў Кладна Уладак Высоцкі, траюраднік нашага вознага?
— Дужа цёмная, — сказаў Рыгор Шаблыка, — конча заблытаная справа. Ніхто не ведае. Я ўжо і сам шукаў для школьнага музея. Можа, новы нейкі герой невядомы? Не, цемра, і ўсё. Архіў немцы, відаць, спалілі ці схавалі. Можа, нейкія рэшткі-адпіскі ў сталічным засталіся, то пашукаць…
— А што гэта за гісторыя з выкананнем палякамі смяротнага прысуду над Крыштофам Высоцкім? У 1939-м?
— А тая гісторыя таксама невядомая. Кажуць, забіў правакатара. Але тады да гэтага мала каму справа была. Вайной нацягвала. Можа, таксама ў Мінску пашукаць? Ці ў Вільні. Бо ў Кладна судовыя архівы дымам пайшлі… Вой!.. А слухай, што мне ў галаву запала. Трэба-такі разблытаць гэтую справу. Людзей сустрэць, сведкаў, калі архівы згарэлі. Мо дапамогуць даведацца і аб нашай альшанскай галаваломцы.
— Чаму?
— А ты ведаеш, каму было даручана выканаць прысуд над Крыштофам і яшчэ дзесяццю?.. Оберштурмфюрэру Штофхену з падначаленым шарфюрэрам Лінцам.
— Ну то што?
— А тое, што гэтыя дзве быдляціны ўдзельнічалі і ў акцыі знішчэння нашых у Альшанцы. Штофхен — адзін з тых, хто кіраваў расстрэлам на грэблі, а Лінц кіраваў аховай аперацыі. Гэх, памяць твая кашэчая.
Я быў цалкам згодзен з ім і вырашыў сёння ж вечарам усё запісаць па гарачых слядах. Мы якраз праходзілі паўз хату Ганчаронка і ўбачылі ў расчыненым акне між двума вазонамі з алёнчынымі слязьмі ягоную пасечаную дробнымі зморшчынкамі храпу.
— Крапіва ў квяціне, — сказаў непапраўны Змагіцель.
— Гэй, сябры, — азваўся бухгалтар, — калі ўжо міма йдзеце, то чаму не заглянуць?
І, сам не ведаючы чаму, я павараціў да ганка. Астатнія, без вялікай ахвоты, нага за нагу пацягнуліся за мной.
Хата была як хата. Вялікі пакой, адначасова «гасціная» і «сталовая», калі прыйдуць госці. Тахта, над якой дыванок з аленямі і замкамі, буфет, стол і крэслы. У адны такія дзверы Ганчаронак нас і павёў. Выявілася — кухня.
Ад іншых кухань яе адрознівала толькі наяўнасць газавай пліты з балонам ды паліца, на якой стаялі рэчы зусім нечаканыя і непрыдатныя ў хатняй гаспадарцы. Так бы мовіць, «паліца ўпрыгожванняў». Быў там стары чайнік-самавар для варкі мёду з травамі, відавочна, даўно нялуджаны, а таму непрыдатны, старадаўнія піўныя куфлі (адзін з ручкай у выглядзе чортавай фігуры), розныя збаночкі, вельмі старыя спарышы, глякі ды гарлачы пад малако.
І зусім ужо дзіўнае. Вельмі-вельмі стары таўкачык ад ступкі. Можа, аптэкарскай. Бо на ім былі не толькі медныя «ляпёшкі» на абодвух канцах, але і пашырэнне ўсярэдзіне (гэта калі размешваеш напаўвадкі адвар з густа засыпаных у кіпецень траў). Таўкачык з поўнай пэўнасцю цягнуў год на трыста з вялікім гакам.
— Старадаўняя якая рэч, — сказаў я.
Ганчаронак тым часам наліў з адной вялікай бутэлькі (іх мноства стаяла ля адной са сценак) у гарлач нейкай вадкасці, а пасля напоўніў ёй шклянкі.
— Прысаджвайцеся. Свой мёд пітны.
Я глынуў і ледзь не задыхнуўся. Мёд варылі, відаць, не толькі з гваздзікай, карыцай, перцам і мушкатнай галкай, але і на амаль чыстым спірце.
— Ну, Тодар Ігнатавіч, — ледзь аддыхаўся Шаблыка. — Калі вы кожны дзень ды такое…
— Што, мачымордам празвалі, — усміхнуўся бухгалтар. — А вы менш верце. Прапалашчу рот для дэзінфекцыі ды глыток зраблю, дык усе ўжо і кажуць: п’е.
«Брэша», — падумаў я.
А Ганчаронак з заўсёднай сваёй з’едлівай лагоднасцю (а чалавек інстынктыўна не верыць у такія спалучэнні) дадаў:
— Гарэлкі не піў, піва не любіў, таму і кар’еры не зрабіў.
— А што, — сказаў Змагіцель, — падобна на праўду. Я аднойчы ў Навагрудку зайшоў у рэстаран. Праз колькі там часу і ён заходзіць. Таксама нейкая справа яго прывяла туды. Мяне не заўважыў. Сеў за столік, дае афіцыянтцы заказ, а пасля: «І дзесяць грамаў гарэлкі». У той вочы на лоб палезлі: «Чаму?» А ён: «Ды мне толькі для паху, а дурасці ў мяне і сваёй хопіць».
Усе зарагаталі. Ганчаронак, як мне здалося, вымушана, не зусім натуральна.
Адчуўшы, што тэма размовы яму чамусьці непрыемная, я зноў перавёў размову на таўкачык:
— У музей бы яго.
І раптам ён на хвіліну зусім нечакана ўзбеляніўся, хаця вельмі хутка ўзяў сябе ў рукі:
— Што вы да мяне з гэтым таўкачом! Адзі-ін, другі-і. Калі і аддам, то ў музей, а не вам і не яму.
— Каму яму? — Мне чамусьці захацелася ўзяць яго нашармака, блефануць. — Альшанскаму? Высоцкаму?
Здалося мне ці не, але, па-мойму, ён крыху сумеўся.
— Ды Высоцкі прыстаў, як лазенны ліст да…
«Зноў Высоцкі, — падумаў я, — паўсюль Высоцкі».
Але Ганчаронак ужо толькі рукою махнуў:
— Высоцкі… Аддай ды аддай, усё адно ступкі ў цябе няма, а ў мяне ёсць.
— Што за ступка?
— Ды зусім маладая, год ёй, можа восемдзесят. А я яму таўкач аддай. «Чаму ты, кажу, мне сваю ступку для поўнага камплекта не аддасі?» — «Мая, кажа, навенечкая, а твой таўкач даўно яр — мядзянка паела. А мне прыдасца. Можа, так яе адпалірую, што як новая будзе».
Я зірнуў на таўкач — ён быў спрэс у малахітавым налёце. Часам яр нават выела на ім невялікія воспіны.
— Аддай, аддай, — бурчаў Ганчаронак, — усім трэба, абы не мне. Аднаму аддасі — другі пакрыўдзіцца. Не, няхай пакуль у мяне паляжыць.
— Як хочаце.
— Высоцкі… Высоцкі… Ясна, рабіць мала чаго трэба, то суне нос, дзе іншым няміла. Толькі нейкі стары кажа, як яно бывала — гэты ўжо тут, самы ўдзячны слухач. Калі арганіст «дзыгар» рапараваў, механізм ды цыферблат, то гэны ўвесь час ля яго сядзеў. Адзін раз і мяне зацягнуў. Цікаўнасць, бачыце, яго брала. Прыглядаўся: «Можа, і самому калі давядзецца». Рабіць няма чаго, то й лазе.
Праз некалькі хвілін мы развіталіся і пайшлі, адмовіўшыся ад другой чаркі «мёду».
…Але хай мяне пярун лясне на божае нараджэнне, калі нашы прыгоды на гэтым скончыліся. Мы падыходзілі да замкавай брамы, і тут мне цюкнула ў галаву:
— Хлопцы, давайце зазірнем. Можа, яны, гэтыя «пані з манахам», і сёння з’явяцца.
Крыху падагрэтыя «мёдам», яны згадзіліся. І вось мы досыць шумліва ўваліліся ў запаскуджаны двор. Месяц асвятляў ягоную палову, ляжаў на вежах касцёла за мурамі. І нічога.
І раптам я, зірнуўшы на галерэю крыху правей, чым у той раз, заўважыў:
— Хлопцы, унь яны.
— Ды дзе? Нічога не бачу, — сказаў Шаблыка. — Ой, не, унь «яны».
Па галерэі, відаць, ужо канчаючы сваё начное шэсце, рухаўся цёмны доўгі цень і цень светлы.
Секунда… трэцяя… зніклі.
— Ну, самі бачылі, што б гэта магло быць? — спытаў я.
— А д’ябал мяне варожы забяры, калі я ведаю, што гэта, — буркнуў Змагіцель. — Містыка нейкая, так яно і так, чэк тваю дрэк.
— Ну, — уздыхнуў Шаблыка, — за лёс маладога пакалення можна не непакоіцца. Настаўнік беларускага прыгожага пісьменства хворы на містыцызм і лаецца, як басяк.
Пакінуўшы замак, мы паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся. Я папрамаваў уздоўж замкавага мура да плябаніі. Тут было цёмна, месячнае святло падала толькі на Альшанку і парк за ёй, і перасякалі гэта аліўкавае святло толькі чорныя цені ад вежаў.
І тут, нібы мала мне было на сённяшні дзень, я пачуў справа, нібы з самога нутра мура, спачатку нейкае невыразнае «бу-бу-бу», а пасля не менш невыразныя словы.
Я ўзняў галаву — у бойніцы ніжняга бою цьмяна вымалёўвалася пляскатая белая пляма. Аблічча. І на гэтай невыразнай пляме варушылася нешта цёмнае. Рот. Я мог бы чыркнуць запалкай, але словы раптам сталі больш выразныя, хаця і ўрыўчатыя, і ў гэтым ужо не стала патрэбы.
— Адыдзі. Адыдзі… Мой дом, мой замак, мая крэпасць. І што над ёй — маё… І пад ёй… Я вам дам, душагубцам, я вам дам цыклон… Людажэры… Фашысцюгі клятыя… Жыць хачу!.. Жыць!.. Дзеткі глядзець, просяцца… Вартую, вартую іх… І патаемнасць вартую… Ізыдзі!
Я міжволі паскорыў крок, абы не чуць гэтага вар’яцкага блекатання, і аж пакуль не выйшаў на азораны месяцам краёчак става, наўздагон мне далятала:
— Бу-бу-бу-бу.
Падыходзячы ўжо да плябаніі, я падумаў, што так, магчыма, і вар’яцтва, але нейкае дужа ўжо асэнсаванае. Зручнае для чалавека вар’яцтва. Лапатуху таксама нельга было пакуль выкрасліць са спіска. На яго, пакуль тое, таксама яшчэ падала падазрэнне.
_______________
1 Б а ц — пацук (дыял.).