Ледзь я паспеў на пару дзён вярнуцца ў родныя пенаты, ледзь скінуў рукзак, як забрынчаў у нежылой кватэры званок і я ўбачыў у дзвярах твар «містэра Сміта з Бобкін-стрыт».
— Я на хвіліну да цябе… На вось, тут копіі з тваіх істужак і з тых літар, што не расшыфраваў. Думай. Прыхавай толькі добра. А кніга няхай пакуль застаецца ў Шчукавым ведамстве. Так больш надзейна… Э, брат, ды ты нешта зблажэў на вясковых харчах… Дык вось, прыходзь у восем чай піць. Шчука прыйдзе.
— Дзякуй. — Я ледзь паспеў сказаць гэта, а ён ужо выпарыўся.
Адну копію я занунуў у патаемнік (палову), другую палову засунуў у дзесяты том трэцяга выдання твораў Леніна, стар. 492, дзе «Беларуская сацыялістычная грамада». Тое ж зрабіў і з іншымі паловамі. У «Матэрыялы па археалогіі», выданне АН за 1960 г. Ва ўспаміны А. фон Цірпіца, у «Анталогію беларускага апавядання», т. ІІ, стар. 289.
Калі падчас маёй адсутнасці нехта і зробіць дакладны вобыск, то чорта ператрасе ўсе выпадковыя кнігі. А калі ва ўсе адразу, то палез бы хіба адзін я, балван, дый тое наўрад.
Пры гэтым я ўспомніў, як зайшоў аднойчы з сябрамі да знаёмага, таленавітага лайдака, і ўбачылі мы, што вакол кніжны развал, а гаспадар ліхаманкава гартае нейкі том.
— Ну вось табе. А мы хацелі табе прапанаваць па піва збегаць… А ты… Ды, відаць, ты працаваць пачаў.
— Э-э, — з прыкрасцю адмахнуўся ён. — Не ў тым справа. Вось схаваў ад жонкі сто рублёў у кнігу, дый забыўся, у якую.
Рагаталі мы тады ўсе, як гіены.
Роўна ў восем я ашчаслівіў суседа сваім візітам. І адчуваў бы сябе зусім добра, каб не ўбачыў на тахце побач са Шчукам яшчэ й лейтэнанта Клепчу, якога я па вядомай прычыне не паважаў і паважаць надалей не збіраўся. Цярпець не магу «няўхільнасці», «праніклівасці» і адкрытага любавання сабою. Ды і ўвогуле ён тупак.
Хілінскі, паставіўшы на стол шклянкі, разеткі, вазачкі з трыма рознымі варэннямі і іншае такое, разліваў зараз гарачы, амаль чорны з адлівам у бардовае чай.
— Слухай, можа, ты спачатку пад’еў бы чаго? Кураня ёсць халоднае, можна падагрэць. Аліўкі.
— Ды не, сыты.
— Тады пі чай. Расказвай.
— Толькі занадта ў псіхалогію не лезь, — сказаў Шчука. — Гэтая дама ў нас рэдка начуе.
Я расказаў пра ўсё, што паспеў зведаць. Баюся, што балбатаў досыць доўга і бязладна, але яны слухалі ўважліва.
— Скончыў? — спытаў урэшце Шчука. — Наконт тых, што расстралялі, — вось гэта цікава. Ведалі мы пра расстрэл, а пра абставіны, якія яму спадарожнічалі, на жаль, мала. Наконт пакарання смерцю брата Высоцкага за падполле — таксама не ведаем нічога. Прозвішча толькі — Уладак Высоцкі. А пра таго, каго на смерць палякі ў трыццаць дзевятым асудзілі — ну пра гэта таксама ненашмат болей ведаем.
— Архіў згарэў, — сказаў Хілінскі. — Але чуткі, што забіты быў правакатар, — яны былі. Вось партрэт таго, Крыштофа.
— Крыху падобныя, — сказаў я. — Вы не маглі б мне зрабіць копію?
— Бяры, — сказаў Шчука. — Гэта і ёсць копія. Кепская. Бо і фатаграфія была кепская… А яшчэ бярыце вось гэта. Ледзь адшукаў.
Гэта было некалькі газет, парудзелых ад старасці і пацёртых на сугібах. І адразу ў вочы кінуліся занадта буйныя загалоўкі (ясна, для напаўмяшчанскага тады Кладна гэта была сенсацыя, выбух бомбы).
Загалоўкі крычалі, абяцаючы раскрыццё злачынства ў вячэрніх ці заўтрашніх нумарах. Тых, на жаль, не было.
— Забойца спайманы!
— Двайнік пойдзе пад суд! (Гэта яшчэ што? Які да ліха двайнік?)
— «Ён забіў асведаміцеля», — кажа памочнік пракурора.
— Меркаванні ці праўда?
— Чытайце ў наступным нумары!
Наступных нумароў не было.
— Іх і не магло быць, — зразумеў Шчука мой непаразумелы позірк. — Праз два ці тры тыдні немцы зрабілі правакацыю на радыёстанцыі Гляйвіц. Што гэта азначала?
— Вайну з Польшчай.
— І не толькі. Гэта яшчэ і бамбёжка Кладна, і наш паход на Заходнюю Беларусь, і два разы, ды не, наконт Кладна — чатыры агнявыя валы. Франты. І горад гарэў, і архіў згарэў. А часткова, можа, пабралі немцы. А астатняе спалілі. Увесь квартал вакол архіва выгараў.
— Адкуль жа тады ведаюць пра страту Крыштофа?
— Дзве адхіленыя апеляцыі аб памілаванні, — сказаў Хілінскі. — Кажуць, занадта жорстка забіў, калі нават правакатара. Ну і прамільгнула ў некаторых газетах і штотыднёвіках звестка, што прысуд выкананы. Не ведаю ўжо, хто іх на грані вайны інфармаваў. Я помню толькі нататкі ў часопісах «Gazeta Polska», «Polska zbrоjnа» (ну, гэта санацыйныя подціркі), ды яшчэ ў «Czas’e» (гэта кансерватысты кракаўскія). У газетах колькі ні шукаў — не знайшоў.
— А ў пазнейшых?
— Пазнейшых не было. Беларуская прэса ў Заходняй толькі стваралася, і рукі не даходзілі, каб пра старое барабаніць. Пра новае трэба было гаварыць. Ну, а акупанты ліквідавалі ўсю польскую прэсу. Толькі пасля пачала з’яўляцца прэса «gadzinowa». А падпольная прэса хаця і пачала існаваць ужо з кастрычніка 1939-га, але і ёй да справы Крыштофа Высоцкага было… Вось, займіцеся вы гэтым.
І тут упершыню падаў голас Клепча:
— Папрацуйце з гэтым. Гісторыка-рэвалюцыйнае мінулае — цікавая штука. І дужа карысная. Выхоўвае людзей… Моладзь… У духу, так бы мовіць…
Шчука зморшчыўся:
— Чорт вас ведае, Якубе, як вы любую думку, нават самую правільную, адным сваім стылем, адной казёншчынай здатны спаскудзіць і апошліць.
Клепча чамусьці на мяне, а не на Шчуку пакасіўся з яўнай варожасцю. Я думаў таму, што графічны аналіз давёў, што не маім почыркам была напісана запіска, якая выбавіла Мар’яна з дому насустрач смерці, а тым самым і гіпотэза Клепчава была падсечаная пад корань і пляснулася ў багно. Шчука неўпрыкметна падміргнуў мне.
Клепча, на шчасце, хутка пайшоў. Мы некаторы час досыць прыгнечана маўчалі. Урэшце Шчука сказаў:
— Ну. Валі.
— Дык вось: «За время службы показал себя как грамотный, но недостаточно дисциплинированный офицер. Как летчик подготовлен хорошо. Летных происшествий и предпосылок к ним не имеет. В общественной жизни никакого участия не принимает. Уставы и наставления… знает хорошо, но в повседневной жизни ими не руководствуется, т.к. нарушает воинскую дисциплину. Имелись случаи самовольного ухода со службы. По характеру упрям. На замечания реагирует болезненно. В обращении с товарищами и старшими вежлив. В быту опрятен, по внешнему виду аккуратен. В вопросах внутренней и внешней политики… разбирается правильно. Государственную и военную тайну хранить умеет.
Вывод: Занимаемой должности соответствует».
Памаўчаў.
— Ну дык «соответствует ли Клепча занимаемой должности…»?
— Ну павесяліў ты нас, — сказаў Хілінскі.
— Улічы, сапраўдны дакумент.
— Дык вось, шаноўны Андрэй Арсенцевіч, — сказаў Адам, — характарыстыка крыху кульгае. Не зусім ён такі. Не лётчык. Дастаткова дысцыплінаваны. У грамадскім жыцці прымае ўдзел (нават там, дзе не патрабуюць). У паўсядзённым жыцці ўставамі і настаўленнямі карыстаецца (па літары, а не па духу іхняму) занадта старанна, аж нудзіць хочацца. Дысцыпліну не парушае. У самаволку не ходзіць. Упарты, але з дужа старэйшымі падатлівы. На разумныя заўвагі аніяк не рэагуе… «Занимаемой должности»… Ох, давядзецца табе, дружа, узяцца за яго, бо іначай ён такіх дроў наламае, што трэскі паляцяць… А ты што скажаш, Косміч?
Я не хацеў, каб маю шчырую думку палічылі за асабістую непрыхільнасць, і таму адказаў унікліва:
— Гаворыць газетнымі штампамі, але на самай справе больш разумны, але нават па выгляду не здаецца, што распявае раніцай у туалеце розныя там… харалы.
Адсмяяліся. Пасля я спытаў:
— Дык хто быў той, забіты? Ну «правакатар» той? Ці асведаміцель, як яго?
— Сын палясоўшчыка аднекуль з-пад Замшан, — адказаў Шчука.
— Гэта пятнаццаць кіламетраў ад Альшан?
— Ну так.
— Мала надзеі занайсці, — падумаўшы, сказаў я. — Колькіх палясоўшчыкаў у вёскі перасялілі, на іншае месца перавялі. А колькіх немцы расстралялі. Верагоднасць сустрэчы — нуль… Але паспрабаваць трэба.
Я паспрабаваў. І здарылася дзіва. Былы палясоўшчык Андрон Сай па-ранейшаму жыў, праўдзівей, дажываў век у той жа самай леснічоўцы ля Замшан ва ўрочышчы Цёмны Бор.
Дзень ладна ўжо хіліўся да вечара, калі я злез з аўтобуса і заглыбіўся досыць добра ўбітай, хаця крыху і затравелай сцежкаю ў лес. Спачатку празрысты, прабіты наскрозь ружовымі прамянямі сонца, ён з кожным крокам рабіўся ўсё больш і больш цёмны. Сям-там нават пераспелыя хвоі стаялі так густа, што святло пачынала спачатку блытацца ў іх, высвятляючы то мядзяны — не абхапіць — стаўбур, то выварацень велічынёю з хату, цёмны і кашлаты, як мядзведзь (калі ўявіць такога — неіснуючага па велічыні — мядзведзя). Спачатку яшчэ трапляліся крыжыкі заечай капусты, пярэсты падалешнік, плеці завільца, але ўсё радзей і радзей, аж пакуль не саступілі месца пругкай гліцы, якая капілася тут дзесяцігоддзямі.
«Відаць, заказнік», — падумаў я, і пазней выявілася, што меў рацыю.
Цямней і цямней. Сцежка ўжо ледзь святлее ў цемрыве. Зашалахцела нешта ў траве каля сцежкі. Вожык? Або мышкуе куніца?
Мне зрабілася ўжо зусім непрытульна, і гэта ўсяго за нейкі кіламетр ад дарогі, калі наперадзе нібы крыху заяснела. У досыць моцным прысмерку я ўбачыў ці маленькую рачулку, ці вялікую ручаіну, якая трохі лявей пашыралася не то ў копанку, не то ў натуральны ставок, абкружаны вянком з цёмных у гэты час вербаў.
Крыху правей стаўка, чарнейшыя за сцяну лесу, бачныя былі нейкія будыніны, і раптам на адной з іх бліснуў аранжавы цьмяны прастакутнічак. Акно.
Я перайшоў ручаіну — два бярвенцы з хісткімі парэнчамі — і папрамаваў у бок агню. Рэдкімі прывідамі праплывалі паўз мяне беластволыя яблыні і змрочныя высокія грушы.
Перад ганкам — хоць ты яго ў панскі фальварак — шырокі, з драўлянымі слупамі-калонамі навес. Аднекуь з цемры высунуліся бязгучна два чорныя цені. І амаль адразу адчыніліся дзверы, і на парозе ў пляме святла стаў яшчэ адзін цень (бо святло было за ім) са стрэльбаю ў руках.
— Гэта яшчэ каго нячысцік начамі носіць? — хрыплаватым голасам спытаў цень. — Вар! Вецер! Легчы. Дык што вам трэба?
— Я Антон Косміч. З горада. Мне патрэбен палясоўшчык.
— Ну, я палясоўшчык. Салвесь Цяцерыч.
— А-а… Андрон Сай.
— Гэта мой цесць.
— Пабраліся з яго дачкой? — спытаў я, як быццам чалавек можа прыдбаць сабе цесця нейкім іншым спосабам.
— Угм. З Ганнай.
— А цесць дзе?
— Дык ён на спакоі цяпер. Толькі які там спакой? Кожны дзень «вячэрні абход» робіць. Зусім як дзіця. Ды часам на магілцы сына пасядзіць.
— Чуў я гэтую гісторыю.
— Бываюць прасвятленні, але не часта. Вось ужо бліжэй да лета, — ён гаварыў па-ранейшаму суха. Не асэнсаваў падтэксту маіх слоў. — Дачка таксама была сведкай, але цяпер на Нарачы ў санаторыі. А я што ведаю? Я прымак, чалавек старонні.
— А мне вось і трэба паспрабаваць разблытаць гэтае павуцінне.
— Было такое, — зноў жа суха і спакойна казаў ён. — Быў у яе брат… І што быў правакатар, хадзілі такія чуткі. Але гэта я мог бы гэткае казаць, — голас ягоны падвышаўся і раптам сарваўся ледзь не на крык: — Сам пра сваю сям’ю я вольны казаць усё. Тут я сабе пан. А іншаму, які ўздумае паўтараць нахабна мярзотную брахню, я таго абарваць здолею ў секунду. Чым швэндацца пад чужымі платамі — займаліся б справай. Адвальвай, пакуль не пакаштаваў, што такое зарад буйной солі ў с… Цалуй прабой ды прамуй дамой.
Псы, пачуўшы гнеўную інтанацыю, усталі. Утаропіліся ў мяне. Злева здаравенны мардасты ганчак, чорна-рабы, у падпалінах, з шырокай галавой і тупой мордай, магутнага складу, а росту — мінімум васемнаццаць вяршкоў.
Справа — здаравенны кабель (але меншы за сабрата, усяго сантыметраў восемдзесят), шэра-рабы, вышэйшы на нагах, параты. Пры поглядзе на яго стала мне ніякавата.
— Не дрэйф, — з адценнем пагарды сказаў гаспадар, — не калаціся. Пакуль не скажу — не кінуцца.
— А я і не калачуся. — Гаспадар, відаць, быў здзіўлены маім нахабствам, бо я дастаў цыгарэту, працягнуў пачак яму (не ўзяў) і сказаў: — Тут во гэтага, шэра-рабага, трэба баяцца. Камусьці, вядома, іншаму, а не мне.
— Чаму? — пакепліва спытаў Цяцерыч. — Ён жа меншы.
— Парода злосная.
Даводзілася мне калісьці пісаць у адной з прац пра сабакаводства на старадаўняй Беларусі. І, здаецца, гэта быў адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі такая адцягненая матэрыя прыдалася мне ў канкрэтным жыцці. Адсюль вывад: абстрактных, непатрэбных ведаў няма. Такое можа здарыцца ў жыцці, што толькі веданне таго, які чэшскі кароль разбіў манголаў, уратуе табе жыццё, і тады ты з радасці і Кузьму бацькам назавеш.
— Якая ж бы то?
— Гэта вандэйскі грыфон, — сказаў я. — Парода ад «шлюбу», так бы мовіць, вандэйскіх ганчакоў з брэтонскімі грыфонамі (бачыш, ад іхняй рыжай масці і ў гэтага падпаліны ёсць). Страшэнна злосныя. Лепшых пры паляванні на дзікоў не знойдзеш. Ну і ў ганітве на ваўка амаль першыя…
Салвэсь раптам сеў побач са мною і выцягнуў цыгарэту.
— Ну а гэты, гэтыя — добрыя да людзей. І дзіўлюся я, дзе гэта ты, палясоўшчык і, відаць, добры егер, дзве такія рэдкія пароды здабыў. Бо ў Мінску мне сустракаць не даводзілася.
— Удалося дзівам. — Гаспадар відавочна палагаднеў.
— І сапраўды, дзівосы на калёсах. Такіх брудастых, як ваш Вецер, мне не даводзілася бачыць. А Вар? Гэта ж стэгхоунд, або аленны ганчак. У мінулым стагоддзі нават Сабанееў Леанід Паўлавіч (а ён паляванне і сабак ведаў, як ніхто, і я хутчэй богу ці сабе самому не паверу, чым яму) налічваў у Англіі — і толькі ў Англіі — усяго дванаццаць зграй, ці свор, бо кожная з адной своркі, з аднаго налыгача спускаецца.
— Ну, можа, з тых часоў развяліся.
— І тое. Толькі вось занадта ён рослы для стэгхоунда. Ці не павязвалі калісьці некага там з ягоных продкаў з гончай святога Губерта? Што ён, злобны, пешы, вязкі? Голас нізкі, моцны?
— Усё гэта ёсць. А рост? — Ён зусім ужо адтаў. — Можа, акселерацыя не толькі сярод людзей ідзе?
— А дзе ўсё ж стары? — занепакоіўся я.
— Прыйдзе. З ім на гэты «вячэрні абход» заўсёды мой Горд ходзіць, ньюфаўндленд. Нават прыцягне ў выпадку чаго.
— Га, ды ў вас тут чыстапародная псярня.
— Ды яшчэ Джальма, лягавая, хорта па-нашаму. — І раптам угледзеўся ў мяне. — А вы выпадкова не з лягавых?
— Выпадкова не з лягавых… Мне тут праўду з забойствам вашага Юлляна ўстанавіць трэба. Бо занадта вяжацца яно з некаторымі цёмнымі справамі. І ў вайну, і цяпер.
— А што толку. Павесілі ж забойцу. Не дапамаглі яму ні апеляцыі, ні касацыі. Ні з кога ўжо той помсты спагнаць нельга… Дый дзед мала што вам сказаць можа. Стаў зусім як дзіця малое. І гаворыць — мала што зразумець можна. А ў вайну ж праваднік у партызан. А ўжо пад семдзесят яму было. І дачка, жонка мая, у партызанах. А дзед ужо і тады быў горам сагнуты ды бядой біты. А зараз яшчэ горш… О, ды вунь ён і ідзе… Самі ўбачыце.
Садам набліжаўся да нас пры эскорце ў два сабакі вельмі высокі (хаця і сагнуты трохі), вельмі кашчавы і вельмі стары чалавек. Ішоў, цягнучы ногі і гледзячы ў нікуды.
Сеў побач з Салвэсем на прыступку, не павітаўся, можа, нават зусім не заўважыў старонняга. Глядзеў у ноч выцвілымі вачыма. А зусім сівыя, вілападобныя вусы (ні даць ні ўзяць перагорнутая дагары нагамі «іжыца») адцянялі выпнутую, нібы ад векавечнай крыўды, ніжнюю губу і няголенае падбароддзе, а пасля спускаліся амаль да сярэдзіны грудзей.
— Тут, бацька, да цябе… наконт Юлляна… падрабязнасці чалавек ведаць хацеў бы.
Стары сядзеў з каменным тварам.
— Трэба хоць сёе-тое ўспомніць, бацька. Добры, відаць па ўсім, чалавек.
— Усе… усе людзі добрыя, — нібы ў трансе або ў трызненні, ціха пачаў стары, — і вось такое. Юллян… сынок… Пра жыццё тваё думаў… на смерць паслаў… Надта ўжо ласкавы, гады на чатыры старэйшы… І шчарбаты, як Юллян… двох пярэдніх… Ляснічым аж у Цешын, пад самыя… чэхі… Дакуманты… Школа повшэхна… Трыста злотых… У лесе… Застрэлены… Рэвальвера няма… І старэйшая мая пасля чэзла-чэзла дый памерла.
І раптам твар ягоны скрывіўся, як ад плачу, хаця вочы былі сухія.
— Няпраўда, што сыпаў, няпраўда, што выдаваў… Не мог сынок… Забіты сынок.
І тут я зразумеў, што мне ўсё роўна, вінен быў ці нявінен Юллян Сай. Мне стала нават крыху шкада яго. Шкада апасродкавана, праз гэтага дзеда, які плакаў з сухімі вачыма.
Нямая, бязмежная крыўда лямантавала ў гэтым земляным ужо целе, у гэтай істоце, якая некалі была чалавекам і перастала ім быць усяго за тую секунду, што спатрэбілася для нечага стрэлу. Ужо не было сілы, розуму, нават успамінаў. А крыўда жыла. Крыўда была мацнейшая за ўсё.
Я заскрыгатаў зубамі. Яшчэ раз — і на гэты раз ужо назаўсёды — я зразумеў: нічым на свеце, ніякімі нават вышэйшымі меркаваннямі нельга апраўдваць крыўду, якую наносяць жывому чалавеку.
Адмовіўшыся ад начлегу (я не мог болей быць тут, а дзед жа быў тут са сваімі думкамі звыш за чвэртку стагоддзя), я накіраваўся да сцежкі. Цяцерыч вызваўся праводзіць мяне.
— Бачыце, — сказаў ён, калі мы падыходзілі да дарогі, — няшмат жа мы даведаліся… Нічога, прыедзе жонка — яна, можа, больш раскажа. Я дам знаць.
І ўжо стоячы адзін і гледзячы на агеньчыкі, відаць, апошняга прыгараднага аўтобуся, я ўсё яшчэ нібы бачыў леснічоўку і цень чалавека на ганку. Чалавека, які глядзеў у ноч.
Мне зноў пашанцавала. Калі я вылез з аўтобуса, які не заходзіў у Альшаны, а прамаваў проста на Кладна, я ўбачыў, што месца маё займае нейкі чалавек, які здаўся мне нібы крыху знаёмы, а ад прыпынку збіраецца ад’язджаць на нейкай дзіўнай таратайцы, што памятала, мабыць, бацьку апошняга Альшанскага, пан фальварковец з-пад Альшан Ігнась Якаўлевіч Высоцкі ўласнай персонай.
— Стой, воўк цябе рэж, — прыкрыкнуў ён на каня і ўсміхнуўся мне. — Во і вам пашанцавала. Не трэба тых кіламетраў тэпаць.
— Што, адвозілі кагосьці?
— Ды так, кантралёр-рэвізор адзін быў у Семярыках. Датопаў да Альшанкі гэтыя чатыры кіламетры. Ды Ганчаронка сустрэў. Знаёмыя. Тут бухгалар да старшыні: «Хай яго Высоцкі падвязе. Чаго чалавеку ногі біць? Ну і, глядзіш, прыдасца некалі».
Альшанскі яму:
— Трэба так гаспадарку і твае сальда-бульда весці, каб кантралёр-рэвізораў толькі з далікатнасці на прыпынак вазіць. Каб ведаў, што гэта мы не ад страху, а ласку яму робім. Ладна, хай Высоцкі адвязе.
— А мне што? Я і павёз. Служба такая.
— І што за чалавек?
— Ды дзіўны нейкі, маўчун. Толькі вуса й круціць ды, як каля замка ехалі, спытаў, ці гэта ён і ёсць.
— Нешта ён мне здаўся падобны на кагосьці.
— Ды і мне спачатку, здалёк. Недзе некалі нібыта бачыў. Пасля прыгледзеўся — не, зусім невядомая морда.
Цёмныя купы дрэў часам амаль змыкаліся над дарогай, утвараючы тунель. І ў канцы яго мігцела нізкая калючая зорка. Крыкнуў, заплакаў, зарагатаў у нетрах пугач. Пазнавата. «Песні» іхнія адышлі разам з вясной. Хаця бываюць сярод іх адзінкі, што плачуць і рагочуць летам, нават ранняй восенню.
— Ну а вы адкуль, так бы мовіць? — спытаў Высоцкі.
Маніць не выпадала. Шмат людзей бачыла мяне ў Замшанах, некаторыя (познія смаржкі, відаць, збіралі для аптэкі) — на сцежцы, што вяла да ўрочышча. Дый не люблю я гэтага занятку, акрамя тых выпадкаў, калі іначай — зарэз. І, самае галоўнае, чаму вучыла нябожчыца маці і што я запамятаў на ўсё жыццё: «Хлус павінен мець добрую памяць». Сапраўды, павінен, каб пра нейкія падзеі не збрахаць таму ж самаму чалавеку зусім па-іншаму. Або проста прагаварыцца ненарокам, што не ў Магілёў ты ездзіў, а зусім у Гомель, дзе жыве былая каханка, пра існаванне якой жонка або, яшчэ горш, нявеста вельмі добра ведалі, але лічылі гэта «грахом маладосці, калі ён яшчэ не быў знаёмы са мною».
— З Замшан еду.
— І ў Цёмным Бары былі. — Мне здалося, што ён нібы на хвіліну напружыўся, але гэта ён проста крыху пагладзіў каня па рэпіцы. І зноў тая ж лянотная грацыя.
— І там быў.
— Ну і што ж вы там выкапалі? Гэта ж, пэўна, справа таго ж Юлляна Сая?
— Таго.
— А божа, як жа яна мне абрыдла. Столькі год мінула, а ўсё адно як пачне ўспамінаць нехта «дела давно минувших дней» ды што было «за польскім часам», і варта яму тую справу ўспомніць — неадменна нейкая зараза на мяне пакасавурыцца. Хоць ты ад людскіх вачэй у самбук1 бяжы ці ў каноплі.
— То чаму б вам не з’ехаць адсюль?
— Я не адчуваю сябе вінаватым. Не хачу, каб нехта думаў: «Ага, дапякло… Мабыць, ведала аб нечым кошка». Ну і потым, што я ў іншым месцы? А тут мая зямля, спрадвеку мая.
— Родны той куток, дзе рэзан пупок?
— Ды не, проста там, дзе ўпершыню сябе адчуў. Што можаш рабіць сёе і тое, думаць сёе і тое, ісці туды і сюды. Дзейнічаць. Пупок мне маглі недзе і ў Рыме рэзаць, а калі, скажам, немаўляці і месяца не было, як яго адтуль вывезлі, то што яму Рым? Вось і мне так. Маё ўсё тут.
Памаўчаў. Квакша крычала недзе ў шатах дрэў:
— Ну і што? У чым пераканаліся?
— Ні ў чым. Правакатар або не — таямніца сія вялікая ёсць.
— Не лезу я ў гэтыя справы, — хвіліну памаўчаўшы, сказаў ён. — Дый потым справа цёмная, правакатар ці не. Хто давёў? Хто адваротнае, ядры іх у корань, давёў?.. То ж бо… Можа, правакатар, а можа, проста ахвяра. Хто можа судзіць? Торкнуў нехта з вышэйшых пальцам, і добра там разабраліся ці памыліліся — і вось ужо на табе, чалавеча, колькі там залатнікоў свінцовага бобу.
— Так, — сказаў я, — довадаў ніякіх. Пустая справа. Чым хутчэй пра яе забудзем — тым лепей.
Золкай сырасцю павеяла з цёмных нетраў пушчы (відаць, непадалёк дарогі быў вільготны яр). І зноў прарэзаў ноч крык пугача.
— Пагамонім? — спытаў раптам Высоцкі з гарэзлівай усмешкай.
— Як пагамонім?
— А вось так.
Ён прыклаў далоні чоўнікам да рота, і раптам у дваццацёх сантыметрах ад мяне прагучаў злавесны, жудасны кліч-прызыў:
— Ку-га. Ку-га-а-а… Гха-га-га-га-га.
Падмануты пугач адказаў з лесу. І зноў адказаў яму Высоцкі. І зноў. І толькі потым пала ціша. Пугач, відаць, усё ж адчуў нейкую ненатуральнасць у адказе-вызаве. І, можа, яму проста абрыдла.
— Ведай нашых, — засмяяўся Высоцкі. — Падманулі мы ўсё ж яго.
— Совы — сімвал мудрасці.
— Значыць, і мудрасць падманулі.
— Не заўсёды гэта канчаецца дабром.
— У жыцці вельмі многае не канчаецца дабром. — Паціснуў плячыма. — І скажыце вы. Усе гэтую няпэўную гісторыю памінаюць. А я яго толькі раз бачыў на дні нараджэння брата (заскочыў Крыштоф на гадзінку), а вось брата гэтага, Уладка, якога немцы за падполле расстралялі, ніхто і не ўспомніць.
— Людская ўдзячнасць.
— Ну людскую ўдзячнасць і ўзаемадапамогу мы ведаем: «Як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць. А як с…ць і д…ць, дык нас ішчуць».
— Гэ-э, браце, плюнь. З часам усё-ўсё ўсплыве наверх. — Вознік пакасіўся на мяне, але нічога не сказаў.
_______________
1 С а м б у к — бузіна.