У рукі галодных беднякоў
аддасі ты ворагаў усіх краін,
у рукі схіленых да праху — каб
прынізіць магутных людзей
розных народаў.
Кумранскі «Світак Вайны»
МАЦІ МАЁЙ ПРЫСВЯЧАЮ
Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана;
А ўранні: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае.
Крывадушнікі! аблічча неба распазнаць
умееце, а знаменій часу не можаце?
…Мацея, XVI
Груша цвіла апошні год.
Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кіпела, млела і раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы і распасцірала ў яго ззянні маленькія, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная і свежая, так утрапёна спрачаліся ў яе ружовым раі пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца.
I, аднак, надыходзіла яе апошняя часіна.
Дняпро падбіраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнік. У вечным сваім імкненні скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусім блізка да яго, руйнаваў адхоны, зносіў, каб пасадзіць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкі берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлі. Потым адступаў, да наступнай вясны, і трава літасціва спяшалася залячыць раны, нанесеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў і з часам абкружыў грушу амаль з усіх бакоў.
…За грушай канчаўся Кагутоў надзел. Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусім знянацку, Дняпро ўхапіў яе — нават бервяна не паспелі вылавіць. Так, пэўна, і сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане і трэскі не прапускалі.
Новую лазню стары Даніла Кагут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўласную хату. Нявесткі скардзіліся: пакуль нацягаеш вады — рукі адвальваюцца. Даніла слухаў іх і бурчаў у ласкава-з’едлівыя, залацістыя тады яшчэ вусы:
— Абы мой вацок1 з грашыма не адваліўся. Рук — не купляць…
І гнаў сыноў, каб памаглі бабам прынесці балеі дзве-тры.
Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзіны. Сыны па дурным новым звычаі аддзяліліся, з бацькам застаўся толькі старэйшы, Міхал, з жонкаю ды шасцёра іхніх дзяцей: пяць сыноў і дачка-мезеніца. Пойдуць сем «мужыкоў» у першую пару, дык месца — хоць сабак ганяй, і ад гэтай прасторы халодна.
I ўсё ж старой лазні ніхто не шкадаваў. Разам з лазняй сплыла чорная гісторыя.
Было гэта праз некалькі год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад «Кароны». Даніла быў тады яшчэ падлетак, адзіны сын у бацькі, адзіны ўнук у дзеда. Як насланнё нейкае было. За тры пакаленні халера двойчы выкасіла Азярышча. Кагутам пашанцавала. Хоць па адным мужыку засталося на завод.
Астатнія паўміралі. Не памагло і тое, што Раман, Данілаў дзед, лічыўся ведзьмаком. I ён нічога не мог зрабіць, пэўна таму, што справа была новая. Нават самыя старыя не чулі ад дзядоў пра халеру.
Хто не ўцёк у лес — тым было дрэнна. А Раману з сынам, Маркам, не дазволіў уцячы пан. Даў стрэльбу і загадаў застацца у пустой вёсцы, каб не парабавалі сялянскага набытку ліхія людзі. Стрэльбы, бадай, і не варта было даваць. Ад халеры стрэльбай не адаб’ешся, а ліхія людзі баяліся Рамана з яго славай горш як стрэльбы.
Пэўна, Раман не быў бы Раманам, каб не знайшоў сродак. Ён і адпаіў сына рэзкім бярозавым квасам. Не аддаў смерці. Але астатніх не паспеў.
Халера сышла. Забылі і пра яе. Аў Кагутовай хаце так і жылі стары, вялікі ды малы.
I вось тут і здарылася. У адну з цёмных лістападаўскіх начэй Марка забіў бацьку ў лазні. Запароў старога віламі.
Акім Загорскі, стары азярышчанскі пан, пачуўшы, за галаву схапіўся. Чаго ж тады чакаць ад чалавека, калі ён на забойства бацькі ідзе? Што ж гэта робіцца? Ці біблейскія часы вяртаюцца, ці апошнія надыходзяць? А як ён дваццаць год нязменна хадзіў у ганаровых суддзях, і да раздзелу і пасля, у губернскім земскім судзе, то намерыўся ўпячы злачынцу, адкуль і крумкач костак не прыносіў, балазе цяпер абшары былі нямераныя і нават Сібір сваёю была. Схапілі Марку — добра? У ланцугах ён — добра! Хутчэй яго, вылюдка, у Сухадол, на судовую сесію.
А потым узяў Акіма роздум. I не тое каб пан цяпер апраўдаў забойцу. Ён задумваўся: як магло здарыцца, якая выгада была пайсці на такое любаму, ад смерці бацькам уратаванаму, сыну, адзінаму спадкаемцу? I, галоўнае, здзіўляла Загорскага тое, што ніхто з аднавяскоўцаў і словам, і міргам нават не асудзіў Марку. Быццам так і трэба было.
Акім Загорскі ведаў сілу абставін. I ведаў: да самай глыбіні чалавечай душы і таго, што прымусіла яе зрабіць тое ці іншае, не дакапаецца ніколі ніводзін суд. Не на тое людзі суды выдумалі. Суд — гэта расправа. I гаспадары кожнага суда хочуць толькі, каб расправа была хуткая і не вельмі дарагая.
I таму ён аднойчы ноччу з’явіўся у вязніцу скасаванага за непатрэбнасцю замка. Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямі. У вежах новая ўлада размясціла правіянцкія склады, а сутарэнні так і заеталіся вязніцай.
Думаў Акім Загорскі, што пабачыць слімака, раздушанага цяжарам уласнай віны, а ўбачыў чалавека, які нават не хавае вачэй.
— Можа, не твая правіна? — сумеўся Загорскі. — Можа, нехта другі?..
— Мая правіна, — сказаў Марка. — Мая рука зрабіла, мне і адказваць.
— Дык што ж ты тады святым прыкідваешся?! — ускіпеў пан. — У сабакі вочы пазычыў?!
— Вы не крычыце на мяне, — зусім не па-мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. — Нада мною зямнога суда няма. Мяне апраметная чакае. Я душу сваю навек загубіў, і мне ўжо з агню ніколі не выйсці…
Загорскі так нічога і не дабіўся, пайшоў. I пачаў распытваць у другіх, пераважна ў сваіх жа азярышчанскіх сялян. Доўга нічога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала. У Акіма валасы ўсталі дыбарам.
Нездарма нябожчыка Рамана лічылі за ведзьмака. Сам Акім Загорскі такому глупству, вядома, не верыў, але яны, яны ж усё верылі. Ды і як было не верыць, калі Раман лячыў травамі скурапею2 і скулы, упраўляў звіхі, выводзіў цяменнік, браў на рукі дзяцей з пярэпалахам і глядзеў ім у вочы, і дзецям адразу рабілася лягчэй.
А такія справы без нячыстай сілы, вядома, не робяцца. I кожнаму нават самаму разумнаму варажбіту, нават таму, хто не ўжываў сваёй сілы на злое, даводзіцца пасля смерці расплачвацца.
Прыходзіць такі час, і вядзьмак павінен залезці у падпечча, лепей за ўсё ў лазні. I менавіта так аддаць д’яблу душу. Там і павінен быў Раман зводзіць з д’яблам апошнюю рахубу. I побач з ім абавязкова мусіў быць сын.
Яны і пайшлі ў лазню ўдвух, калі стары адчуў набліжэнне смерці.
Стары залез у падпечча і доўгі час гаварыў нешта. Мо ўспамінаў жыццё, а мо трызніў. Потым апрытомнеў і працягнуў руку, каб сын дапамог яму выбрацца. I вось тут настала самая страшная хвіліна. Усім вядома, калі сын возьме бацькаву руку — уся вядзьмарская сіла пяройдзе да яго. А з сілаю — смерць у падпеччы і тое, што пасля яе. Марка ведаў: ён не можа гэтага. Супраць гэтага было жыццё і словы, якія ён кожную нядзелю чуў у царкве. Каб жа гэта яшчэ ратавала ад пекла душу старога. Але тэта не ратавала, гэта толькі абяцала пекла яшчэ і яму, Марку, не сёння, дык праз колькі год.
I ён не ўзяў рукі, хоць і ведаў, калі не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асабліва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.
Ён сядзеў над старым амаль да раніцы. I той увесь час стагнаў і ўсё часцей і часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над ім і плакаў ад жалю.
Перад світаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабіць, пагражала яму, Марку, апраметнай і вечнымі пакутамі, але ж за адну хвіліну рабіла бацькаву душу вольнай ад кіпцюроў нячыстага.
Усе ведалі, што пакутніцкая смерць, ды яшчэ ад рукі блізкага, адразу нішчыць уладу цёмнай сілы. А хто ж бліжэй Раману, як не ён? Няпісаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут і не пакутаваў там. Што ж, ён зробіць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, і гордасць, што ён зрабіў правільна.
Ён пайшоў на прыгуменне і прынёс вілы.
. . . . . . . . . . . . .
Даведаўшыся, Загорскі пачаў судзіць сябе і забойцу. Так, гэтаму варварству і дзікунству няма апраўдання. Але ж хто вінен у тым, што гэтыя людзі дзікуны? Дзяржава, якой ёсць да іх справа толькі ў часы мяцяжу? Уладары над душамі, якім ёсць да іх справа толькі пасля жніва? Адкуль ім ведаць асновы свету, што вакол іх? Царква крычыць ім аб апраметнай, паданні пагражаюць д’яблам і ведзьмакамі.
Вось і суду толькі цяпер будзе справа да Маркі.
I чым дапамог гэтым сваім людзям ён, Акім Загорскі? Не забіваў, не рабаваў, бо не меў у гэтым патрэбы. Але што агульнага паміж Маркам і ім, які ганарыцца тым, што наведаў у Фернэ Вальтэра? Гаспадар і мужыкі — жыхары розных светаў.
I хутка ад усіх разважанняў у яго сэрцы засталося толькі разуменне таго, што суд зробіць кепска і ён, Загорскі, не здолее нічым перашкодзіць. Сляпыя судзілі сляпога.
Таму Загорскі ўсім сваім уплывам ціснуў на судовых, і прысуд быў мяккі: дзесяць год катаргі.
…Марка з Сібіры не вярнуўся. Даніла, і той даўно стаў дзедам. Памерла імператрыца, і сын, і адзін з унукаў яе. Памёр і Акім Загорскі. Амаль забылася і здарэнне з лазняй, а потым і лазню злізаў Дняпро. Быццам і не было ні людзей, ні закуранай нізкай будыніны на беразе. Толькі груша…
За ёю ляжалі прыдняпроўскія адхоны, вёскі, пушчы і мястэчкі. За ёю стаялі замшэлыя замкі, чорныя хаты і старажытныя белыя званіцы.
А груша цвіла апошні год. Дняпро падбіраўся да яе спакваля, як разбойнік. Гэты апошні год яна стаяла толькі сілай сваіх карэнняў, умацаваўшы імі сабе паўкруглы фарпост.
Чарговая з мільёнаў паводак якія бачыў Дняпро, спадала. Наступная павінна была кінуць дрэва ў хвалі, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвіла ў віраванні пчол, і пялёсткі падалі на быстрыню ракі.
_______________
1 Каліта.
2 Каросту.