Каласы пад сярпом тваім — Кніга першая, Раздзел II

Дняпро цячэ між высокіх берагоў спакойна і ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад іх: наздраватыя вапнякі, чырвоныя з ліловым адценнем пліткі жалезняку і векавечныя, варажскіх часоў, дубы.

Яны чорныя, як косць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косць. I калі бачыш на водмелі напаўзанесенае пяском мокрае бервяно — адразу становіцца зразумела, адкуль узяў народ паданне аб волатах, што спяць, засыпаныя жвірам і заплеценыя травой, спяць, пакуль не прыйдзе час вялікай бяды і пакуль іх не пакліча народ.

…Бяда прыходзіла шмат разоў, а яны не ўваскрасалі. Можа, сапраўды скамянелі, як тыя дубы?

Хто ведае?

Але плыве і плыве вялікая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалі міма заток, пушчаў і буславых гнёздаў. А калі нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей і далей, да апошняга, далёкага мора. …Вёску Азярышча, што прыткнулася над Дняпром, на белапясчаным адхоне, вясной залівае вада, і яна стаіць на востраве. Царква — убаку, таксама на востраве, і на вялікдзень папу з прычтам часам даводзіцца не абыходзіць яе, а аб’язджаць на чаўнах. Прайшоў вялікдзень, моцна апала вада. На ўзвышшах ужо адараліся ї адсеяліся. Вёска дрэмле ў лянівых праменнях майскага сонца, пустая, разамлелая. I ўсё ж Дняпро, амаль зусім адступіўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоіцца і ляніва точыць нізы берага… Ціша. Спакой. Дурны крык пеўня над дымным гноем.

…У той майскі дзень на пясчаным адхоне, пад той самай грушай, якой канчаўся цяпер Кагутоў надзел, сядзела чародка дзяцей — тры хлапчукі і дзяўчынка.

Толькі два старэйшыя — кожнаму год па адзінаццаць — сядзелі, абкруціўшы клубы кужэльнымі сарочкамі. Трэці, сур’ёзны мужычок год васьмі, і дзяўчынка, яшчэ гады на два маладзейшая за яго, былі зусім голыя, але ніколькі, відаць, не саромеліся з гэтай прычыны.

З гэтых чатырох два галышы і адзін трохі адзеты былі вельмі падобныя. Залацістыя зблытаныя валасы, дзікаватыя светла-сінія вочы і, нягледзячы на дзіцячую рэзкасць, нейкая асаблівая, няспешная ладнасць у рухах. Кожны, паглядзеўшы на іх, сказаў бы:

— Кагутова племя.

Чацвёрты быў зусім непадобны на іх. Больш тонкі. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнія тры, але з крутымі ноздрамі. Са спакойным, не па-дзіцячаму цвёрдым ротам.

Ён і сядзеў неяк больш вольна і лёгка. Каштанавыя, вельмі іскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалі буйнымі хвалямі. Цёмна-шэрыя шырокія вочы спакойна глядзелі на імклівую плынь Дняпра.

Нічога не было на гэтай плыні, ні ветразя, ні чарады качак, і таму гэты занятак хутка абрыдзеў шэравокаму. Ён лёг на спіну і звярнуўся да суседа:

— Пойдзем яшчэ ў ваду, Павёлка?

— Здурэў, Алесь? — салідна сказаў Павал. — Пачакай, усю ж ваду скаламуцілі.

Вада ў Дняпры была яшчэ халаднаватая, і таму сябры выбралі для купання невялічкую затоку, добра прагрэтую сонцам. Купаліся, відаць, зусім нядаўна, бо валасы ў іх былі мокрыя.

— Горача, халера на яго, — уздыхнуў Алесь і апусціў чорныя вейкі. — Пойдзем праз тыдзень на Равеку. Стафан там надоечы во якога акуня выхапіў.

Павал маўчаў.

— Ты што маўчыш, Павёлка? — сказаў Алесь. I, ужо ўстрывожаны, убачыў, што ў сябра дрыжаць вусны. — Ты чаго, Паўлюк?

— Праз тыдзень цябе, магчыма, тут не будзе, — глуха сказаў Павал.

— Во, дурына. Куды ж гэта я падзенуся?

— Сёння раніцай — ты якраз апошні воз гною на Нізок вазіў — прыязджаў Карп з маёнтка. Сказаў, што паны пагаворваюць: маўляў, досыць. Маўляў, цяжка Міхалу Кагуту без нашай дапамогі, і час браць Алеся… Гэта каб за цябе бацька «пакормнае» і «дзядзькавое»1 атрымаў…

У вачах у Алеся з’явілася трывога. I адразу ж знікла, саступіўшы месца рашучасці.

— А я не пайду. Хто мяне прымусіць, калі мне і тут добра?

— Гэ-эх, брат, — тонам дарослага сказаў Павал. — Тут ужо нічога не зробіш. Возьмуць у двор — і канцы. На тое яны паны. На тое мы мужыкі. Як аддалі яны цябе, так і возьмуць.

— А я ўцяку. Я не іхні. Я — ваш.

— Прывыкнеш, — працягнуў Павал. — Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлі? I страшна ў нас, і чорна. Прывык жа…

— Куды гэта Алеся забяруць? — спытала дзяўчынка.

Стаяла перад імі, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.

— Ідзі ты, Янька, — з прыкрасцю сказаў Павал. — Што ты ведаеш?

— Куды яго забяруць? Ён жа наш, — у голасе дзяўчынкі было неўразуменне.

— Наш, ды не зусім.

I тут Алесь ускінуўся на калені .

— Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкі-дурнічкі?!

На вачах яго накіпалі ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся і адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвіліну яны, адзін цераз другога, каціліся ўніз, да ракі, узнімаючы хмары пяску. За кулакамі — свету відаць не было. Скаціўшыся на самае ўзбярэжжа затокі, чырвоныя, пыльныя, яны малацілі адзін аднаго і раўлі.

Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да іх, густа ссоўваючы нагамі пясок.

— Не трэ-э-э… Але-е-е… Па-а-а!!!

За ёю паважна, адхінаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш «мужэска полу», Юрась Кагут.

Дзяўчынка крычала ўжо зусім без голасу і часта тупала нагамі, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.

I тады васьмігадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею і гучна шалёснуў на абедзве галавы.

Бойка спынілася. Абое глядзелі адзін на аднаго і на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:

— Э-к, важна…

I пайшоў да дзяўчынкі:

— Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў… Бач, запырскалася ўся.

Хлопцы глядзелі, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з’явіліся слёзы.

— Дурні, — сказаў ён, — напалохалі дзяўчо. I ты дурань… Дурань ты, вось хто… Калі я не ваш, дык я і пайду… Не вельмі трэба… Толькі ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцінцы магілёўскіх або мірскіх старцоў з лірамі — з імі рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай і з халернымі вашымі акунямі.

Ён зайшоў па пояс у ваду і пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.

— Чакай, — сказаў Павал. — Давай памагу… Ты… даруй…

Алесь выпрастаўся. Так яны і стаялі адзін супраць аднаго і напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкі была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалі на твар і грудзі шызыя струменьчыкі. Яны цяклі і ад вачэй, і нельга было зразумець, вада гэта ці слёзы.

— Паўлюк, — ціха спытаў Алесь, — няўжо возьмуць?

— Не ведаю, — няшчыра сказаў той. — Можа, і абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.

Яны мыліся моўчкі. Яня і салідны Юрась сядзелі ля самага берага, і Юрась браў вялізнай чарапашкай ваду і паліваў Янін жывот.

— Дзеці, — прагучаў голас з адхону, — досыць вам боўтацца: вярба са с… вырасце.

Над урвішчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавіц. Стаяў, абапіраючыся на кантовы чорны кій з вострым канцом.

— Вылазьце, ці што?

Яны, дзядуля, зараз, — віскнула Янька.

Позірк дзеда адразу памякчэў, як толъкі ён глянуў на дзяўчынку.

— То добра. Вылазьце. Я пайду.

Хлопцы моўчкі дамыліся. Юрась і круглая Янька падняліся ўжо на адхон і зніклі за грушай.

— Вось і печку, у якой летась бульбу пяклі, абурыў Дняпро, — хаваючы вочы, сказаў Алесь.

Сапраўды, у адхоне, на свежай адколіне, відаць была толькі неглыбокая чорная ямка.

Яны ўсё яшчэ марудзілі, быццам бачылі Дняпро апошні раз. Алесь паставіў нагу на вялізную камлыгу зямлі, што коса ссунулася ў ваду і напалову затанула ў ёй.

На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшаліся дацвісці гусіныя лапкі і жоўты падбел. А іхнія браты, пад вадою, таксама яшчэ цвілі, але былі бескаляровыя, быццам іх пакінула жыццё.

У Алеся балюча сціснула горла.

— Хадзем, — ціха сказаў яму Павал.

…Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакі ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, і надта белымі і танюткімі здаваліся ствалы яблынь і вішань, пабеленыя вапнай. Бязважкі салатавы пух ахутваў дрэвы, і асабліва шэрай і безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамі, размешчанымі літарай «П». Сцены хаты, сухія, з глыбокімі расколінамі, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такім тоўстым пластом смарагдавага вільготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.

Арабіны і вінаград — так завуць у Прыдняпроўі карычку2 — буянымі хвалямі перахлёствалі цераз мёртвы каравы пляцень, быццам імкнуліся схаваць ад вачэй людскіх яго пачварнасць.

Над дрэвамі ўжо ўзляталі бронзавыя хрушчы. Сонца хілілася на захад, і ў вячэрнім паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.

Дзед з малодшымі сядзеў на прызбе, доўгі, снежна-белы ў сваей кужэльнай вопратцы. Сад садзіў ён. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўі пры кожнай сялянскай хаце было не болыш як тры-чатыры дрэвы. Быў, праўда, загад прыдняпроўскай шляхецкай рады, каб кожны садзіў сады, але паслухаўся яго далёка не кожны.

Дзед сядзеў, бязвольна склаўшы карычневыя рукі, а над яго галавою нездаволена басілі хрушчы.

Непадалёку ад яго ляжала на ўскапанай курамі зямлі Курта. Ляжала на баку, цяжка адваліўшы страшныя льсняныя саскі, пакутліва глядзела на людзей.

«Пэўна, нават не пабачу, якія ў яе будуць шчанюкі», — падумаў Алесь.

Дзед разбіў буркатліва-ласкавым голасам цішыню:

— Дзеткі, Юрась зараз агуркі палье, а вы схадзіце скіньце з вышак карове сена… Доўга, чорт на яго, дажджу няма: паевіцца, пасвіцца, а бруха пустое. Потым парсюкам бульбу пасекчы трэба. Марыля спарыла.

Хлопцы моўчкі пайшлі за хату. Дзед сядзеў нерухома і слухаў, як буркочаць у кошыку пад вільчыкам галубы. Яня ўзлезла яму на калені.

— Дзеда, а баяць калі будзеш?

— Вось хлопцы вернуцца. Сёння я не толькі табе з Юрасём, сёння я і хлопцам баяць буду.

Дзед і ўнучка маўчалі. Цішыня была асабліва поўная ад буркатання галубоў.

…Урэшце вярнуўся Юрась і сеў поруч з дзедам. Нагавіцы ягоныя былі амаль да каленяў мокрыя, між пальцамі босых ног — чорныя земляныя рагі. З хляўца даносілася частае чахканне секача.

— Сёння Павал з Алесем пабіліся, — сказаў Юрась.

— Хто першы?

— Алесь.

— Тады добра… Тады нічога…

— Чаму гэта нічога?

— А ты забыў, чаму вас, дзяцей, вучылі?

Юрась адказаў бойка:

— Пакормнага панскага сына не біць і першым з ім біцца не лезці.

— Правільна, — сказаў дзед.

Яня лашчылася да старога галоўкай. Юрась сядзеў натапыраны, як галчаня, і суровы: відаць, абдумваў нешта. Потым сказаў:

— Я нешта не чуў, дзеда, каб яго нам за грошы аддалі, Сёння Павал казаў пра нейкае «пакормнае» і «дзядзькавое»… Гата што? I чаму гэта толькі ў нас ды ў Маеўшчыне пакормнікі ёсць?

Дзед перабіраў шурпатымі пальцамі валосікі ўнучкі, аж чуваць было, як яны чапляліся за далоні. Сумна ўсміхнуўся:

— Зводзіцца стары звычай, Юрак. Калісь па ўсім Прыдняпроўі і далей гэта як звыклае было. Я помню, да французаў яшчэ, мала хто з паноў, праваслаўных асабліва, не рабіў гэтага… А цяпер усе радзей і радзей…

— А нашто гэга? — спытаў Юрась.

Дзед гаварыў з ім, як з дарослым, і малому гэта, відаць, падабалася, бо слухаў, вушы развесіўшы.

— Каб ведалі, як даецца зямля, — сказаў дзед, — каб не збэсціліся на сабаку. Аддавалі, бывала, як толькі чатыры гады дзіцяці. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусім не дапамагалі халопскай сям’і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор — даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з’еў, і дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькі малому, выхоўвалі яго, розуму вучылі.

— Пойдзе ад нас Алесь, — па-даросламу ўздыхнуў Юрка. — Які яшчэ ён потым будзе?

— Пэўна, усё ж лепшы за іншых, — сказаў дзед. — Чуў, як саха зямлю скрабе. Каб не забыў толькі. З бацькам і дзедам яго нам, можна сказаць, пашанцавала. Акім, прадзед ягоны, таксама нічагоўскі быў. Можа, і яблычка па яблыні. Можа, і не забудзе вас і мяне… Бо, крый божа, калі будзе, як суседскі Кроер…

— Калі яго забяруць? — спытаў Юрась.

— Заўтра. Заўтра яго забяруць, — сказаў дзед. — Толькі маўчыце, дзеткі. А зараз бяжы, Юрка, прынясі ліру.

Калі Павал і Алесь вярнуліся да прызбы, дзед сядзеў ужо з пацьмянелай, залапанай лірай на каленях. Павольна, быццам спрабуючы, пакручваў ручку, слухаў чмялінае гудзенне струн. Курта глядзела на яго і цяжка дыхала.

— Во, — сказаў дзед Паўлюку, які ўжо сеў на траву, — не любяць яны, чэрці брахучыя, нашыйніка… як чалавек… Быў у мяне сабака, ніколі на сворку не ішоў. А тут у мяне скула на шыі села. Жонка-нябожчыца падзерла старую сарочку, закруціла мне шыю. Дык сабака пабачыў, завіскатаў, кінуўся скакаць, за горла хапае. Думаў: у гаспадара нашыйнік. — Уздыхнуў: — Ну то добра, сядайце. Паслухайце, пакуль нашы не вернуцца. Песня пра жарабя святога Міколы… Толькі вось што, Алесь, калі ты ў Загоршчыне пачнеш расказваць, якія тут песні спяваюць…

Алесь пачырванеў:

— Доўга вы тут мяне крыўдзіць будзеце? То адзін, то другі. Я не горш за вас, калі трэба, маўчаць умею… Перад кім мне там языкацца?

Дзед уважліва глядзеў на яго, быццам усё яшчэ вагаючыся.

— Глядзі, сыне. Песня таемная. Не пры ўсіх нават сваіх можна… Але ўсё адно. Я ўжо чалавек стары. Выслухай маю апошнюю навуку…

Дзед павольна павёў ручкай, потым раптоўна і рэзка крутнуў яе. Высокім енкам заплакалі струны, быццам залямантаваў нехта ў роспачы.

Хлопцы сядзелі ля яго ног, Юрась і Янька ляжалі з двух бакоў, грэлі жыватамі прызбу, але стары Кагут нікога ўжо не заўважаў. Зусім ціха пачаў гучаць старэчы і таму слабаваты, але надзіва чысты голас:

Над зямлёю Дняпроўскай і Сожскай

Праляталі янгалы смерці.

Дзе лятуць — там вымерла вёска,

Дзе прыселі — там горад вымер,

Там жыццё папам і далакопам.

У Янькі шырока акругліліся вочы.

Так нарэшце край абязлюдзеў,

Што і янгалам страшна стала:

«Чым пражыць, як памрэ апошні?»

І галоўны сказаў: «Хопіць лётаць,

Трэба нам на зямлі пасяліцца«.

Збудавалі яны палацы,

Збудавалі муры з каменняў,

Увесь Дняпро між сабой падзялілі,

Ўсіх людзей ад краю да краю…

Дзед змоўк на хвіліну, быццам прапусціўшы некалькі асабліва хвосткіх радкоў, але струны скардзіліся, можа, нават не менш выразна за словы…

…Збудавалі цэрквы і касцёлы,

Па малітву ладанам кураць,

Задымілі, як лазню, неба.

Твар старога стаў паважным, амаль велічным.

Бог гадамі сядзеў і нюхаў,

А пасля сказаў сабе Юр’ю:

«Многа дыму да нас далятае,

Вельмі мала шчырай малітвы.

Твой народ па Дняпры і далей.

Што рабіць з тваім удзелам, Юры?«

I сказаў яму Юры-пераможца:

«Ты пашлі на зямлю Міколу.

Ён з сялян, ён добра рассудзіць«.

Грозна бог свае бровы нахмурыў:

«Добра ведаю я людзей вясковых,

Вечна яны скардзяцца, ныюць,

Хітрасцю ж аплятуць і чорта.

Я пашлю з Міколам Касьяна.

Ён з паноў, ён другое заўважыць«.

Ціха Юры адказвае богу:

«Знаецца Касьян з нячыстай сілай,

Сэрца злоснае ў твайго Касьяна«.

Дзед перастаў граць. Толькі голас, засмучаны і журботны, вельмі ціха вёў песню.

Бог салдата свайго не паслухаў,

Даў загад Міколу і Касьяну.

Вось абодва спусціліся з неба

I пайшлі па сёлах і вёсках.

Быў Мікола ў кужэльнай світцы,

А Касьян у парчы залацістай.

Струны раптам так застагналі, што стала страшна. Гэта былі ўсё тыя ж чатыры-пяць нот, але, здаецца, большай роспачы і болю не было яшчэ на зямлі.

Ходзяць, ходзяць. Ад болю і жалю

У Міколы заходзіцца сэрца:

Панства горш за цароў турэцкіх,

Басурманы не так лютуюць…

Алесь нясмела ўзняў вейкі і ўбачыў, што пальцы малога Юрася, сціснутыя ў кулачкі, аж збялелі на суглобах. Убачыў жорсткі вялікі рот Паўла. Ён і сам адчуваў, што ў яго перарывіста ўздымаюцца грудзі і гарачыя робяцца шчокі…

Раззлаваўся нарэшце Мікола:

«Хопіць іх шкадаваць, сыраядцаў.

Пойдзем, браде Касьяне на неба, –

Хай заб’е іх бог бліскавіцай«.

Адказаў Касьян чорнавалосы:

«До, Мікола, пароць гарачку.

Хлопы лепшых паноў не варты,

П’юць гарэлку, бярвенні крадуць,

На мяжы б’юцъ віламі брата.

Кожны заслужыў свайго пана.

А калі паноў паб’еш маланкай –

Хто тады нам храмы збудуе?

Хто тады нам ладан запаліць?

Здохнем з голаду, дурань, на небе«.

На нейкі асабліва ганарысты і жорсткі твар дзеда падалі апошнія праменні сонца. Ціха гулі струны, прыглушаныя рукой. А голас з жорсткага рабіўся мяккі і спеўны:

Паківаў Мікола галавою,

I пайшлі яны моўчкі на неба…

Вечар крадзецца над зямлёю,

Недзе у пупrчы ваўкі завылі.

Чуе у дрэвах хрыпы Мікола,

Чуе ён няпэўныя рухі.

Янька з круглымі ад жаху вачыма забілася паміж плячом дзеда і сцяной, і дзед толькі на адно імгненне адарваўся ад струн, каб накінуць ёй на плечы крысо дзіравай світкі. Алесь убачыў гэта і сціснуў далонямі скроні, так шкада яму стала сябе і ўсіх.

«Хто такі? — спытаў Касьян Міколу. –

Ці не мішка, барані нас божа?«

«Не, не Мішка, — проста кабыла», –

Адказаў Мікола спакойна…

Паміж хвояў стаіць кабыла, –

Не кабыла, а здань без цела.

Страшна рэбры стырчаць, як латы

З абадранай страхі сялянскай.

Карак збіты, бяльмо на воку…

I… жарэбіцца тая кабыла!

Голас дзеда сарваўся.

Пацягнулася да святога,

Як дзіцёнак хворы, зірнула:

«Можа, гэты мне дапаможа?»

Стаў Мікола, макаўку пачухаў:

«Брат Касьян, давай дапаможам».

Тут, як чорт, Касьян раззлаваўся:

«Гэтай падле найлепей здохнуць,

Чым цягаць барану і бярвенні

Ды жывіцца гнілою саломай.

Канавал я, ці што, нарэшце?

Хочаш — пэцкай мужыцкія рукі.

Я прыйду на неба незайманым,

Чыстым стану прад божыя вочы«.

Юрась з жахам глядзеў на дзеда. I дзед спаймаў яго позірк, усміхнуўся і без музыкі, — струны яшчэ заміралі, — амаль скорагаворкай, павёў песню далей.

Тут Мікола склаў сваю світку,

Вогнішча развёў між лаўжамі.

Сеў Касьян да цяпла, рукі грэе,

А Мікола стаіць ля кабылы,

Мацае ёй бруха рукамі,

Па крыжы далонямі гладзіць…

Каб ля Оршы ён быў канавалам

Паўрубля яму б заплацілі,

Заваліўся б грашыма Мікола.

Нясмелая ўсмешка дрыжала ў краёчку вуснаў Паўлюка. Ён нягучна крануў Алеся ў бок, і Алесь адказаў усмешкай. Зноў павялі свой напеў, загулі струны. Ціха-ціха.

Не спявалі яшчэ і пеўні,

Як кабыла глыбока ўздыхнула:

Мокры, цёплы белы жарэбчык

Мякка лёг у Міколавы рукі.

Аж да поўдня чакаў Мікола,

А пасля ён пагнаў худобу,

I за ёй жарабятка пабегла.

З палёгкаю ўздыхнула і легла на бок Курта, быццам і яна зразумела, што ўсё скончылася добра. А сонца сядала, і зелень дрэў набыла аранжавае адценне.

Йшлі яны і прыйшлі на паляну.

На паляне — курная хата.

Каля хаты чвэртка валокі

I сухая старая дзічка.

Стаў Мікола у лесе і бачыць:

Гаспадар бяжыць да кабылы.

На нагах падраныя поршні,

Твар змарнелы, на твары слезы.

Адвярнуўся Мікола і кажа:

«Вось і ўсё, хадзем, брат Касьяне,

Паспяшаем хутчэй на неба,

Дасць нам бог за затрымку па шыі«.

Юрась варухнуўся, думаючы, што ўжо канец, але злавіў строгі позірк дзеда і застаўся сядзець нерухома…

Перад богам стаіць Мікола,

Порткі ў се заляпаны граззю,

На кашулі крывавыя плямы,

Твар знябыты, чырвоныя вочы.

На Міколу бог раззлаваўся:

«Ля карчмы аціраўся, вядома,

З дзеўкамі качаўся па гумнах,

Размяжулілі нос табе хлопцы.

Прэч з вачэй!«

Тут Касьян засмяяўся:

«Што табе я казаў, Мікола?

Як прыходзіш, каток, на неба, –

Трэба чыстае мець адзенне,

I не варта таго кабыла,

Каб гнявіў ты госпада бога«.

«Пра якую кабылу ты кажаш

Бог спытаў.

I тады Мікола

Расказаў яму пра кабылу,

Пра зямлю,пра бедныя весі:

«Божа, божа, ты бачыш пакуты.

Крыж у хлопаў паны здзіраюць,

Каб ярмо нацягнуць на шыю.

Мужыкі на зямлі азёрнай.

Ўсю салому са стрэх паздзіралі,

Ўсю кару з сасонак паелі«.

Алесю стала цяжка, ён лёг жыватом на траву і схаваў твар у далоні.

Бог задумаўся, цяжка, глыбока,

I сказаў: «Даруй мне, Мікола.

Я ўсё гэта давеку запомню«.

Гнеўна бог зірнуў на Касьяна:

«Чысты ты, Касьян, і прыгожы.

Край мой бедны ваўкі раздзіраюць, –

Ты ж аб чыстай адзежы дбаеш.

А ці думаў ты, браце Касьяне,

Што для сэрца майго даражэйшы

Нават цёмны, апошні злодзей.

Ён царкву маю абдзірае,

На прастол брудным поршнем лезе,

Але лезе з чыстай душою,

Бо ад голаду дзеці канаюць

I ў яго, і ў яго суседа.

Ты пра гэта не думаў, Касьяне,

I таму я даю Міколу

Кожны год два вялікія святы,

Каб Міколу славілі людзі,

А табе я даю, неразумны,

Дзень апошні, дваццаць дзевяты,

Ў лютым месяцы, месяцы гурбаў«.

Сонца амаль дакранулася ужо да зямлі. I твар дзеда стаў ружовы.

Тут Касьян, як бабёр, заплакаў:

«Божа, божа, за што караеш?

Ты пакрыўдзіў свайго святога

За адроддзе паршывай кабылы!«

I сказаў яму бог спакойна:

«А ці думаў ты, браце Касьяне,

Што з мячом я з’яўлюся хутка,

Што надыдзе пан бог у славе

Ратаваць свае белыя землі?

З ціхай пагрозай заспявалі струны. Цяпер ужо не толькі колка, але і рука дзеда павольна бегала па іх. Цені ляжалі ў вачніцах і пад вуснамі старога, а твар быў чырвоны, быццам абліты полымем і крывёй.

Час той прыйдзе. I скора прыйдзе.

Стане моцным канём жарабятка,

I на гэтым кані я паеду

Да пачынкаў3 і хат сялянскіх.

Коні іхнія мала елі,

Працавалі, вазілі цяжка, –

Справядлівасці ездзіць належыць

На мужыцкіх пузатых конях.

Гнеўна ўзвіўся напеў.

А калі на крыж мяне пацягнуць-

Мужыкі мяне абароняць.

Ім даю я ў лясах дубіны,

Ім даю я ў зямлі каменне.

А астатняе — самі здабудуць«.

Трывожна-барвяны твар схіліўся над струнам. А напеў зноў стаў ціхі, амаль нячутны, пагрозны.

Над зямлёю гудзе навальніца,

Над зямлёю халодная зліва.

Недзе ў лесе таўсцеюць доўбні,

Недзе ў стайні расце жарабятка.

Павольна заміраў гук струн. I, пакуль ён сціх, доўга яшчэ пасля таго панавала маўчанне.

— Дзеда, — шэптам спытаў Юрась, — а дзе тое жарабятка?

I дзед адказаў таксама ціха:

— Хто ведае. Можа, нават і непадалёку. У Лапаты расце белае жарабя. Ды ці мала яшчэ дзе.

I раптам паветра шумна вырвалася з Алесевых грудзей. Адчуваючы, што яшчэ хвіліна і ён не стрымаецца, ён усхапіўся з месца і кінуўся па сцежцы.

Павал памкнуўся быў за ім, але рука легла яму на плячо.

— Сядзі, — сказаў дзед, — яму лепей зараз аднаму.

…Сцежка вывела хлапчука на дняпроўскі адхон. I там, увесь дрыжучы, ён сеў на траву, прыпаўшы тварам да каленяў.

Думкі былі бязладныя, але ён адчуваў, калі вось тут, зараз, ён не вырашыць, як яму быць, ён не здолее вярнуцца ў хату на апошнюю, — ён адчуваў гэта, — на апошнюю сваю ноч.

«Яны не вінаватыя. Ім цяжка. Араць зямлю — гэта зусім не тое, што ездзіць на кані. Я ніколі не буду такі, як гэты Кроер, пра якога яны часам ка-жуць. Я куплю ў Кроера ўсіх людзей і зраблю, каб ім было добра. I яны, сустракаючы мяне, не будуць збочваць з дарогі, я буду вітацца з імі».

Слёзы высахлі ў яго на шчоках. Ён сядзеў у прыцемку і сачыў, як бярвянае сонца, унутры якога нешта пералівалася, сядала у спакойную плынь.

Груша за яго спіною патанула ўжо ў цемры, і толькі вышэй, усе яшчэ залітая апошнімі промнямі, нерухома клубілася яе асуджаная чырвоная квецень.

_______________

1 Па старому, часоў уніі, звычаю, які амаль знік у XIX ст., беларускія паны аддавалі сыноў на «дзядзькаванне» (выхаванне) у сялянскія сем’і.

2 Какалуша, ірга.

3 Пачынак — хата ў нечапаным лесе.