Каласы пад сярпом тваім — Кніга першая, Раздзел IV

Палявая дарога нырала ў лагчыны, узбіралася на пагоркі і зноў звівіста падала ўніз. I так было без канца, а вакол ляжала густа-зялёная, без аніводнай праплешыны рунь, такая маладая і вясёлая на ўзгорках і бяздонная ў лагчынах, такая прагрэтая на сонцы і сцюдзёна-шызая ў ценю, што аж дух займала.

Вельмі-вельмі рэдка трапляліся пасярод бясконцага зялёнага кіліма вялізныя, як дубы, дзічкі, ды там-сям, дзе ў яры выбівалася крынічка, схілялася над ёй срэбная вярба.

I зноў рунь, адна толькі рунь. А над рунню, прывязаныя нябачнымі ніцямі, трапечуць жаўрукі. А на зямлі, на ўсім яе густа-зялёным абшары, толькі адна рухомая кропка: едзе дарогаю рысорны англійскі кабрыялет, а ў ім хлопчык адзінаццаці год і трыццацігадовы мужчына.

Хлопчык у белым палатне, як мужык. Мужчына ў чашунчовай тройцы, чаравіках і шыракаполым саламяным брылі…

— Можа, вам брыль аддаць, паніч? — голас у мужчыны легкаважны, з выразным польскім акцэнтам. — Галоўку напячэ.

— Не трэба, пане Выбіцкі.

— То добжэ, глядзіце. Нех тылько пані потым не лае Выбіцкага, калі ў дзіцяці забаліць галоўка.

— Я каровы на сонцы пасвіў. То яны часам загізуюць і бягуць як шалёныя, а самому нічога.

Пан Выбіцкі глядзіць на хлапчука, і на яго маладым, наіўным твары з’яўляецца пакутніцкі выраз: дзіця пасвіла каровы, — Езус Марыя! Яму хочацца зрабіць хлопцу нешта прыемнае, і ён лезе пальцамі ў кішэнь камізэлькі.

— На цукерэк.

— Нашто? — сур’ёзна кажа мужычок. — Яны грошай каштуюць. Завязіце лепш сваім дзецям.

— Але ж у мяне няма дзяцей, — непаразумела кажа Выбіцкі. — Зусім няма. Бяры.

— Ну, тады ўжо давайце.

Пан Выбіцкі са скрухаю ківае галавою. «Мужычок, зусім мужычок. I гэта сын загоршчынскага князя. Спадкаемца амаль дваццаці дзевяці тысяч сем’яў, калі прыйдзе час. Дурны звычай!»

Выбіцкаму да слёз шкада хлапчука.

Так яны едуць і едуць. А вакол рунь, рунь і рунь.

…Пан Адам Выбіцкі яшчэ шэсць год назад ледзь не паміраў з голаду разам з бацькамі. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такіх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час.

…Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло і пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасці на худобу, калі па ўсім Прыдняпроўі ледзь засталася дзесятая частка коней і іншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцін зямлі з дзесяці. Ды і апошнюю няма чым было абнасеніць, і яна зарастала гірсаю, і асотам, і, ад вялікай кіслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкі ідзі. Тут яго і падабраў Юры Загорскі. Аканомам хлопца прызначаць было рана, і таму пан зрабіў яго чымсьці накшталт фактара і перакупшчыка, з пенсіяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскім жыллём, вопраткай і ежай. З таго часу Выбіцкі ног пад сабою ад радасці не адчуваў.

Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы і, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкі пад ногаць не зацісне. I таму Загорскі прывык да яго і адпускаць не хацеў.

I вось зараз яны ехалі ў панскім кабрыялеце, белы, як апошні мужык, шэравокі паніч і Выбіцкі, гарбаносы і кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымі вусікамі. Ехалі моўчкі, насцярожаныя адзін да аднаго.

— Што ж, ці падабалася там панічу? — спытаў нарэшце Выбіцкі.

— Вельмі.

— То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.

— Яна не хлопка. Яна Марыля, другая маці мне.

Пан Адам пакруціў галавою.

— За што ж гэта вы іх так паважаеце, паніч?

— Бо яны працуюць, як Адам і Ева, — завучана сказаў хлопец. — Аруць зямлю і прадуць лён. Выбіцкі ўздыхнуў:

— Э-эх, паніч. Прайшоў той час, калі на зямлі былі толькі Адам і Эва. Прайшоў і не вернецца. Цяпер над Адамам і Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.

На вуснах яго з’явілася іранічная ўсмешка.

— А яны з усіх нас пасмейваюцца, бо нічога больш не могуць зрабіць. Пра цара не чуў, а губернатара, як яны кажуць, кулагай аблілі. Князь, па іхняму прыслоўю, «лярва, хоць і ў барве». А я, наогул, «ці пан сам пан, ці пан у пана служыць?». «На назе бот рыпіць, а ў гаршку трасца кіпіць». Так што ніколі вам, паніч, не быць мужыком, а мужыку не быць панам. I таму час вам забыць аб тым, што вы гулялі з хлопскімі дзецьмі ў цыркі1. Час вучыцца панаваць… Ніколі ім, на жаль, не быць вольнымі, як старапольская шляхта. Заўсёды над імі будзе прыгон. Чалавек гэта такая халера што прыдумае…

— А белае жарабя? — спытаў Алесь і схаладнеў ад самага нутра, бо зразумеў, што ледзь не ляпнуў лішняе.

— Якое белае жарабя? — спытаў пан Адам, уважна гледзячы на Алеся.

— Камень унь у яры, — няспрытна выкруціўся Алесь. — Ляжыць у траве, як белае жарабя.

— А-а, — сказаў абыякава Выбіцкі. — Дык гэта, паніч, хутчэй на белую авечку падобна…

Вочы ягоныя амаль зусім непрыкметна смяяліся.

— Дык, значыць, вучылі вас там, паніч?

— Вучылі.

— То і добра. Прынамсі, не зблытаеце льну з пшаніцай.

Абодва зноў маўчалі. Цёплы ветрык павяваў у твары, кабрыялет мякка пагойдвала. Пасля амаль бяссоннай ночы Алеся хіліла ў сон, і ўрэшце ён задрамаў…

…Не было ўжо ні руні, ні жаўранкаў над ёю, ні сонца. Была ноч, і туман, і доўгія конскія шыі над белым возерам. Як тады, у начлежнай няпэўнай дрымоце, ён падступаў траха не да ног, гэты туман, і з туману паступова вырасталі, выходзілі на ўзгорак, як на бераг, дзіўнай прыгажосці белыя коні. Маўклівыя белыя коні, якія павольна перабіралі нагамі. Ён адзін ляжаў ля напалову згаслага вогнішча, а коні стаялі вакол яго і часта, пяшчотна схілялі да яго галовы і дыхалі цёплым і харошым, а іхнія вочы былі такія глыбокія і такія добрыя, якія бываюць толькі ў чалавечай маці, калі яна глядзіць на дзіця… Коні стаялі і журботна, ласкава глядзелі на яго, а паміж імі стаяла яшчэ мокрае белае жарабя са смешным тоўстым хвастом… I гэта было такое незразумелае шчасце, што Алесь ледзь не заплакаў. А малочны туман збягаў з зямлі, як вада, і ўсюдых былі белыя… белыя… белыя коні…

…У сне ён адчуў, што нешта змянілася, што кабрыялет стаіць, і прачнуўся ад няяснай трывогі.

Вакол зноў былі рунь і жаўранкі. А па гэтай руні, здалёку, нехта ехаў на дарашаватым кані.

— Чаго сталі? — спытаў Алесь.

— Ды ён вось гукнуў…

— А гэта што за важны такі, што дарогі яму няма?

— А гэта жандарскі паручнік Апалон Мусатаў… I чаго гэта з Сухадола яго прынесла, ды яшчэ аднаго?

Коннік павольна набліжаўся да руні. Баяўся, відаць, кратовак і хамячыных нор. Часам амаль з-пад самых капытоў вырываліся спуджаныя жаўранкі, конь стрыг вушамі, але, пакараючыся ўладнай руцэ, як па струнцы, ішоў да дарогі.

Урэшце коннік пад’ехаў да самага кабрыялета. Алесь убачыў перш за ўсё вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пад пясочнымі брывамі, храшчаваты нос і маладыя, але ўжо шчэцістыя вусы і бакенбарды. Твар быў бы амаль грубы, хаця і прыгожы, каб не вішнёвыя вусны і зусім юны, празрыста-ружовы румянец тугіх шчок.

Гэты чалавек кепска загараў: твар быў таго самага колеру, што і трыкутнік грудзей пад расшпіленым каўняром блакітнага мундзіра.

Але цікавей за ўсё былі рукі: учэпістыя, вельмі характэрныя і прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі. Адна рука сціскала павады, другая гладзіла карак каня.

Упоперак сядла ляжаў доўгі англійскі штуцэр; два пісталеты былі слаба засунутыя ў сядзельныя сумы.

— Дзень добры, Выбіцкі, — сказаў паручнік.

— Дзень добры, пане Мусатаў.

Рысіныя вочы Мусатава абмацалі каня, кабрыялет, постаць Алеся.

— У вальтэр’янцы гуляеце? — спытаў паручнік. — Глядзіце, звыкне вось такі ездзіць, а потым паспрабуе і вас выпхнуць.

— Гэта загоршчынскага пана сын, — быццам просячы прабачэння, сказаў Выбіцкі. — У Азярышчы быў дзядзькаваны.

У вачах Мусатава з’явілася іскра цікаўнасці.

— Польскія штучкі, — сказаў ён.

-Што вы, пане Мусатаў. Загорскія з карэнных тутэйшых… Спрадвеку праваслаўныя.

— А самі ў каталіцкі лес глядзяць.

— Пабойцеся бога! У які лес?! — Выбіцкі быў відавочна пакрыўджаны і за сябе, і за паноў.

— А чаму ж гэта стары Загорскі-Вежа загадаў малодшага брата вось гэтага хлопца ў касцёле ахрысціць? Скандал быў на ўсю губерню.

Выбіцкі апусціў вочы.

— Я чалавек маленькі. Не мне ведаць намеры старога пана. Але ж зразумейце і вы: чалавек ён старасвецкі, з капрызамі.

— Кацярынінскага веку, — іранічна дабавіў Мусатаў.

— Яго дзівацтвы на грошах стаяць, — сказаў Выбіцкі. — Пад кожным яго капрызам — тысяча рублёў. Стане на ўвесь сухадольскі суд. Так што не нам а з вамі яго судзіць.

На хвіліну замаўчалі. Звінелі над рунню жаўрукі.

— Чаго гэта вы без дарогі? — спытаў пан Адам.

— Зараз нам дарогі непатрэбны… Нічога не бачылі?

— Не, — устрывожыўся Выбіцкі. — А што такое? Мусатаў прамаўчаў. Толькі ўчэпістая рука паправіла штуцэр.

— Чорны Война зноў у губерні, — сказаў ён пасля паўзы.

Пан Адам падаўся наперад.

— Уварваўся аднекуль, як шалёны воўк, — сказаў Мусатаў. — Спяшаецца рэзаць, пакуль пастухі не агойталіся. Два гады не было і раптам, як камень на галаву.

— А казалі, што вы яго тады… падвалілі… два гады таму.

— Я каня ягонага падваліў… На гэты раз буду разумнейшы. Яго звалю, а на яго кані ездзіць буду. I адкуль ён толькі коней такіх бярэ? Стрыжы, а не коні.

— Не ездзілі б вы цяпер адзін, пане паручнік. Гэты не мажа.

— I я не мажу, — сказаў Мусатаў. — Ездзіў вось крыніцы ў ярах паглядзець. А раптам недзе ля вады дрэмле… Чорта з два.

— А дарэмна. З яра далёка відаць. А на аднаго і не трэба многа. Стрэл — і ўсё.

— Многа памагло егерам, што яны не адны былі?

— Ды што ўрэшце здарылася?

— Пазаўчора раніцай абстраляў з пагорка няпоўны ўзвод егераў. У той жа дзень, вечарам, затрымаў фельд’егера ад генерал-ад’ютанта. Пошту спаліў. Учора сустрэў на дарозе спраўніка з людзьмі і разрадзіў па іх стрэльбу. Удзень ледзь не нарвалася на яго земская паліцыя, але ражна дагналі. Толькі жарабцоў хвост бачылі. А ўначы Раўбіч паведаміў: Война праехаў праз вёску.

— I ўсё адзін? — спытаў Выбіцкі.

— Усе адзін. З апошняга мяцяжу адзін. Ну, бывай, Выбіцкі.

I хвастануў карбачом каня. Пан Адам глядзеў яму ў спіну.

— Паехалі, паніч, — сказаў ён пасля паўзы.

Кабрыялет пачаў спускацца ў лагчыну. Паручнік мільгнуў кропкай на далёкім пагорку і знік… Пан Адам сядзеў натапыраны і неяк дзіўна ўсміхаўся.

— Раўбіч яму паведаміў, — буркнуў ён. — Чорнага Войну, бачыце, так лёгка злапаць… Не ты, брат, першы. Ла-ві-лі.

— А хто такі той Чорны Война?

Вусны Выбіцкага няўлоўна пацяплелі.

— Люблю смелых, — сказаў ён. — Можа, таму, што сам не такі. А Война смелы… I страшны. Ездзіць сабе на вараным і страляе.

— Чаго яму ездзіць?

— Дваццаць год ездзіць. Усіх астатніх пабілі, пастралялі, па цытадэлях згнаілі. А гэты ездзіць… Апошні день. Ані спаймаць яго, ані купіць… Як дух… Каб не спалі…

Алесь зразумеў, што Выбіцкі больш нічога не скажа, і не распытваў далей.

Зноў мільганула з левага боку срэбная стужка Дняпра, трохі больш вузкага ў гэтым месцы. Справа пайшлі лясы. Маладыя каля дарогі, яны ўзбягалі на ўзвышша, рабіліся ўсё больш і больш старасвецкімі, пакуль не пераходзілі — на верхавіне грады — у перастойную адвечную пушчу.

Дарога пайшла з грывы ўніз, бліжэй да Дняпра, і тут вачам адкрылася прытульная і даволі вялікая лагчына. Узгоркі абкружалі яе і прыціскалі да ракі. Лагчыну, відаць, утварыла невялічкая рэчка, якая злівалася з Дняпром тут, амаль пад нагамі коней.

— Папараць, — сказаў Выбіцкі. — Жэка цёмна.

Кабрыялет спускаўся да рачулкі па спадзістым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. За ім сталі перад вачыма вясковыя хаты, значна больш дагледжаныя, чым у Азярышчы: амаль усе з садкамі, амаль усе крытыя новай саломай, а сям-там нават і гонтамі.

— Загоршчына, — сказаў пан Адам. — Ваш маёрат, панічу.

А над Загоршчынай, вышэй па адхоне, слаўся пладовы вялізны сад, абрываючыся ўверсе, як па лінейцы, цёмнай і раскошнай сцяной ірэгулярнага парку.

У парку бялела нешта, перакрэсленае па фасадзе серабрыстымі мётламі італьянскіх таполяў.

Чым бліжэй пад’язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгім мезанінам і двума балконамі, над якімі цяпер былі нацягнуты сляпуча белыя, бялейшыя, чым муры, маркізы. Вакол дома ішла галерэя на лёгкіх каменных арачках.

— Ложно понятый провансальскій замковый стіль, — сказаў, чамусьці па-руску, пан Адам, сказаў з такой завучанай інтанацыяй, што адразу можна было зразумець: гаворыць не свае словы.

Здалёк можна было яшчэ заўважыць у парку, лявей і глыбей дома, нейкі круглы павільён, а яшчэ лявей і значна далей — зграбную і вельмі высокую, вузкую цэркаўку на ўзгорку, такую белую і празрыстую, быццам уся яна была пабудавана з сонечнага святла.

Алесь, напэўна, паспеў бы лепей разглядзець усё гэта, але тут здалёк пачуўся тупат капытоў. Потым з вузкага жарала цёмнай алеі вырваўся, як ядро з гарматы, коннік на белым кані і наўскапыта памчаўся да іх.

Асадзіў каня ля самага кабрыялета так рэзка, што конь як быццам урос усімі капытамі ў зямлю. Алесь убачыў касы, нервовы зрак каня, яго раздзьмутыя ноздры. Здзіўлены, амаль спалоханы гэтым нечаканым з’яўленнем, не разумеючы яшчэ, што да чаго, ён баяўся ўзняць вочы і таму бачыў толькі белую скуру сядла і белы гарнітур для верхавой язды. Потым нясмела, спадылба, кінуў позірк вышэй і ўгледзеў вельмі загарэлы, амаль шакаладны твар; усмешку, што адкрывала роўныя белыя як снег зубы; белакурыя, хвалістыя вусы і грыву валасоў і, галоўнае, смяшлівыя васільковыя вочы з нейкім нетутэйшым, доўгім, міндалевідным разрэзам тонкіх павек.

У наступны момант моцныя рукі бесцырымонна схапілі яго, падкінулі ўгору і зноў спаймалі, і легкаважны, гучны голас весела пракрычаў нешта незразумелае і адначасова нібы трохі ї зразумелае, але прызабытае.

— Моn реtіt рzіnсе Zаgоrskі!2

Збянтэжаны, ён паспрабаваў выкруціцца, але рукі трымалі яго моцна, а рот чалавека, які пахнуў нейкім вельмі прыемным тытунём, цалаваў яго твар.

— Мы пратэстуем!.. Тоut vа bіеn! Тоut vа bіеn, mоn реtіt fils!3

Сінія вочы смяяліся, заглядаючы ў зрэнкі маленькага звераняці, што скурчылася на руках, унікаючы чужых вуснаў.

I тады белы сцёбнуў лёскай каня і закурыў у алею, у зменлівы цень, у скокі сонечных зайчыкаў, пакінуўшы далёка за сабою кабрыялет.

Алея разарвалася на два паўколы з дрэў, і наперадзе, за клумбай, за кругам гонару, стаў дом, шырокі ганак, аблямаваны лёгкімі арачкамі, і белакаменная тэраса, на якой — невысока ад зямлі — стаяла жанчына ў шырокім ранішнім уборы.

Белы — проста праз клумбу — падскакаў да тэрасы, зноў узняў Алеся і лёгка перасадзіў яго цераз парэнчы, на рукі жанчыне. Потым стаў на сядло і перакінуў над балясамі свае гнуткае цела.

— Аh, Gеоrgеs! — сказала з дакорам жанчына.

I адразу прыпала да хлопчыка, важліва заглядаючы ў яго вочы сур’ёзнымі, цёмна-шэрымі, як у Алеся, вачыма.

Гаварыла і гаварыла нешта гартанна-страснымі і ціхімі словамі і толькі потым спахапілася:

— Ён не разумее, Жорж.

— Аі-jе bіеn аttасhе lе grelot? Коні — мара хлапчукоў. Вось я і пракаціў.

— З самага пачатку і так па-чужому, Жорж.

— Чорт, я і не падумаў, — сказаў смяшлівы.

I абхапііў жанчьну і хлопчыка, прыціснуў іх да сябе:

— Ну, пацалуй мяне, пацалуй яе… Ну!

Жанчына і Белы, абое яны гаварылі па-халопску з модным акцентам, але ўсё ж гаварылі, і гэта рабіла іх неяк больш блізкімі.

— Пацалуй мяне, — сказаў Белы.

Але хлопчыку было няёмка, і ён, схіліўшыся, пацалаваў, — зусім як Кагутова папу, — руку жанчыны, пяшчотна-тонкую, асабліва белую сярод чорных карункаў шырокага рукава.

— Fасоn dе vоіr d’un сhеvаlіеr, — засмяяўся мужчына. — Я ж казаў, што ён мой сын, мой. Да рукі жанчыны — перш за ўсё. Сhе-vа-lіеr!З

— Gеоrgеs! — зноў з дакорам сказала жанчына.

Алесь на ўсе вочы глядзеў на яе. Не, гэта было не тое. У яе былі маленькія рукі і ногі, непрыгожа танклявая постаць.

Але ж яе твар з такімі цёплымі шэрымі вачыма, з такім спакойным ротам! Але ж каштанавыя іскрыстыя валасы! Усё гэта было роднае, толькі на хвіліну забытае, і вось цяпер усплывала ў памяці.

I ён раптам несамавіта, нечакана крыкнуў:

— Ма-ма!

Крыкнуў амаль як сялянскае малое, на якое рушыць вуліцай карова, крыкнуў, цвёрда верачы, што вось зараз маці прыйдзе і ўратуе. Крыкнуў і адразу засаромеўся.

Ёй толькі таго і трэба было. Абхапіла, пачала шаптаць на вуха. Але ў ім ужо расло абурэнне і сорам, быццам ён здрадзіў хаце, рукам Марылі, вачам братоў. I ён так разрыдаўся ў гэтых вузкіх руках, быццам сэрца яго рвалася на шматкі.

А яна цалавала.

Ён плакаў, бо адчуваў, што злоўлены, што з гэтым шэптам канчаецца для яго ўсё.

…Яго павялі мыць і пераапранаць. I калі бацька і маці засталіся на тэрасе адны — усмешка няёмкасці так і не сышла з іхніх вуснаў. Пазбягаючы глядзець мужу ў вочы Антаніда Загорская глуха спытала ў пана Адама, які стаяў наўздалёк:

— Што, пан Адам, як вам паніч?

Пан Адам мяўся.

— Праўду, — ціха сказала яна.

— Мужычок, проша пані, — наважыўся Выбіцкі. — Але з чыстым сэрцам, з добрай душою.

— Нічога, — нават з нейкай палёгкаю ўздыхнула маці. — Навучым.

Бацька лёгкаважна зарагатаў, паказваючы белыя зубы.

— Бачыце, пан Адам? Так лёгка і навучым. Lеs fеmmеs sоnt раrfоіs vоlаgеs4.

— Гэтую ідэю падаў ты, Gеогgеs, — шэрыя вочы маці сталі вільготнымі. — I ты не маеш права…

— Скажам, і не я, — сказаў пан Юры. — Скажам, бацька мой, і нам нельга было не паслухацца.

— Але чаму яго аднаго?

— Самадурства. Меў на Алеся вялікія надзеі. I ты ведаеш, што ён мне сказаў перад дзядзькаваннем?

— Кажы.

— «Як шкада, што я не аддаў у дзядзькаванне цябе, Юры. Можа, тады ты, сын, быў бы чалавекам, а не прадметам для царквы і псярні».

— Гэта я зноў аднавіла ў Загоршчыне царкоўную службу. I ён не любіць цябе… праз мяне.

— Кінь. Глупства.

— Ну, а чаму не хоча дзядзькавання для Вацлава?

— Баюся, што Вацлаў яму абыякавы.

— Другі ўнук?..

— Я не хацеў, Антаніда. Я ж толькі сказаў аб легка думнасці…

Маці ўжо ўсміхалася:

— Дык што ж зробіш, Gеогgеs, калі ты ўсё бачыш еn nоіr2.

Зноў гаротна задрыжалі яе веі:

— Забыў усё. Забыў французскую. А гаварыў, як маленькі парыжанін… Я прашу цябе, я вельмі прашу, Gеоrgеs, не спускай з яго вачэй, хадзі за ім у першыя дні, бо яму будзе сумна… Ах, жорстка, жорстка гэта было — аддаць!

Пан Выбіцкі далікатна кашлянуў, прастуючы да сходаў, і толькі тут пані Загорская спахапілася, ускінула на яго рахманыя вочы:

— Прабачце, пан Адам, я была такая няўважлівая. Вельмі прашу вас — паснедайце разам з намі.

— Бардзо мі пшыемне, — пачырванеў Выбіцкі, — але ж прабачце, я зусім па-дарожнаму.

— Ах, нічога, нічога… Я вас вельмі прашу, пан Адам.

Выбіцкі ніякава палез у кішэнь па чырвоны фуляр, які нагадваў невялічкі абрус.

Лёгка і па-англійску выкацілі на тэрасу стол на кольцах, прыставілі яго да накрытага ўжо абедзеннага стала. Матуля начала здымаць накрыўкі з місаў.

— Накладайце сабе, пан Адам, — сказала маці. — Вазьміце курыную пячонку «брашэ»… Бачыце, снедаць будзем па-англійску. Першыя дні яму будзе нязручна са слугамі, беднаму.

Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабіць гэта як мага больш далікатна і не абразіць тонкага слыху пані.

I якраз у гэты момант з’явіўся ў дзвярах Алесь у мярэжанай пад народны густ — сарочцы, сініх шальварыках і чырвоных кабціках5. Менавіта так, на думку пані Антаніды, выглядалі ў свята дзеці багатых сялян, і таму хлопчыку можна было не адчуваць нязручнасці. Бацька хацеў быў пырснуць у сурвэтку, але стрымаўся, памятаючы нядаўнюю жончыну крыўду. Таму ён толькі паказаў на крэсла побач з сабою.

— Сядай, сыне.

Алесь, зазвычай такі зграбны, медзведзявата палез на крэсла. Глядзеў на ломкія абрусы, на старое серабро, на двухзубы італьянскі відэлец, на блакітны крыштальны келіх, у ломкіх гранях якога драбілася нейкая янтарная вадкасць.

— Што гэта? — амаль без голасу спытаў ён.

— «Го-Сатэрн», — адказаў бацька. — Гэта, брат, такое віно, што і ты можаш піць.

— Віна не хачу, ад яго людзі дурныя. Лаюцца.

Выбіцкі зморшчыўся ад скрухі, і, убачыўшы гэта, Алесь раптам раззлаваўся. Урэшце, іхняя гэта была віна. Урэшце, гэта самі яны давялі яго, а цяпер яшчэ ўчынілі яму гэткае катаванне.

Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку і лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркі, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блізкае да адчаю.

— Еш, еш, сыне, — спакойна адказаў пан Юры. — Мацуйся. Давай мы і табе на талерку пакладзем.

Але маленькі зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялікі кавалак. Яму было нязручна, і таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калі ўспёрся — з-пад гэтай далонькі ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.

Дзіця начало навольна спаўзаць з крэсла над стол. Спаўзло. Знікла. А потым з-пад стала з’явілася сур’ёзная галава.

Сурова, з адчуваннем важнасці моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогі скібу і сур’ёзна сказаў:

— Даруй, божухна.

I ўжо зусім па-гаспадарску хлопец сказаў наступныя словы:

— Пакладзіце гэта, калі ласачка, каню.

Пан Адам пакутліва пачырванеў. Няёмкасць трывала доўга. Потым бацька, увесь час аглядаючыся на маці, пачаў тлумачыць сыну, што так нядобра, што так не робяць, і выгляд яго, відаць, быў горшы, чым у Алеся, бо маці раптам засмяялася — ласкавым сумным званочкам.

Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяяліся. Ды толькі смех яшчэ гучаў не вельмі весела.

— Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? — спытала пані Антаніда.

— Сёння… на заўтра? — неўразумела перапытаў Алесь.

— Антонида, — сказаў пан Юры. — Если можешь, говори по-мужицки.

— Што ты еў сёння на… сняданне? — спытала маці.

— Крышаныя буракі, — басам адказала медзведзяня. — I курыцу елі… Зарэзалі з такой прычыны старога пеўня… Марыля сказала: «Усё адно ўжо, дык няхай хаця паніч-сынок памятае».

Маці ўсміхалася, яе забаўлялі «крышаныя буракі».

— Жорж, — сказала яна, — няўжо стары певень для іх — свята? I як мог жыць маленькі? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?

Шакаладна-матавы твар бацькі спахмурнеў.

— Я вінен перад табою, Антаніда. Бацька даў толькі лёгкі намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на «дзядзькаванне». Астатняе дадумаў і вырашыў я. Кагуты — лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзі.

Яго моцныя рукі сціснулі край абруса:

— Бачыш, ты і ўсе лічылі мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлі. Няхай сабе яго не кармілі каплунамі. Ты паглядзі на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабіць, як рабілі дзяды. Яны былі не зусім дурні. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькі розумам, а і целам.

Памаўчаў. Потым сказаў:

— Сын графа Хаданскага, даражэнькага суседа, едзе дарогаю між ільноў і кажа ўсур’ёз, што мужычкі будуць з хлебам. Які з яго будзе гаспадар? Якой павагі яму чакаць ад прыгонных? А гэты будзе іншы… Некалькі год сярод жытнікаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фізічныя практыкаванні, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год.

Хітравата ўсміхнуўся у вусы:

— Пад’еў, сынок? На вось табе. Гэта цукраваная садавіна. Гэта называюць цукатамі. Можаш узяць да іх філіжаначку кавы.

Густы карычневы струмень пабег у маленькую — з напарстак — філіжанку. Маці з цікавасцю, нават трошкі грэблівай, сачыла за тым, як сын бярэ загарэлай лапкай цукат, насцярожана кладзе ў рот.

Тое, што першае трапіла на язык, спадабалася Алесю: цукар, які часам прывозілі дзецям і ў Азярышча. Але далей зубы ўлезлі ў нешта вязкае, — груша і не груша, — нечаканае і таму гідкае.

Ён выплюнуў пад стол.

— Нясмачныя твае… марцыпаны.

Бацькаў твар спахмурнеў, бо на матчыных вачах выступілі слёзы.

— Ты не маеш рацыі, Антаніда, — сказаў ён. — Я шчаслівы за хлопца. У яго сяброў страўнік ужо цяпер назаўсёды сапсуты ласункамі. А гэты будзе, калі спатрэбіцца, варыць жалеза. Быстраногі, спрытны, здаровы. Трэба ж камусьці цягнуць па зямлі род наступнае тысячагоддзе.

I ён, прыцягнуўшы жонку да сябе, пацалаваў яе ў скронь.

— Аh, Gеоrgеs, — сказала яна, — часам ты такі, што я пачынаю вельмі, вельмі любіць цябе. Бацька ўстаў:

— Пойдзем, сыне. Буду табе ўсё паказваць. А вы заставайцеся тут, пан Адам. Сёння дакладаў не будзе ні ў вас, ні ў галоўнага аканома. Пасядзіце тут з жонкай, папіце кавы… Дарэчы, пенсію атрымаеце праз тыдзень, за ўсе тры месяцы.

— Што вы, князь, — пачырванеў Выбіцкі. — I так бардзо задоволёны. Што мне трэба, я адзін.

— Ну то і добра… Пойдзем, Алесь… Што спачатку, сады або дом?

З Алеся было ўжо досыць дома. Трэба было хаця на кароткі час ратавацца. I таму ён сказаў:

— Сады.

Яны спусціліся з тэрасы на круг гонару і заглыбіліся ў адну з радыяльных алей. Толькі тут Алесь адчуў сябе лепей, бо ўсё вакол было знаёмае: дрэвы, трава ля іхніх каранёў, жвір пад нагамі.

Некаторы час ішлі моўчкі. Потым бацька, неяк нават вінавата, сказаў:

— Ты любі яе, Алесь… Любі, як я… Яна маці табе… Ты не глядзі, што яна строгая… Яна, брат, добрая.

I яго праставаты прыгожы твар быў такі незвычайны, што Алесь апусціў вочы:

— Буду яе любіць… Што ж, калі ўжо так атрымалася.

Бацька павесялеў.

— Ну вось, вось і добра… Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакі. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шліфаваць… з пяском, каб не пляваўся… марцыпанамі. А потым, калі толькі захочаш, будзеш ездзіць і да Кагутоў, і ў суседнія дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расці, як трава, як бог загадаў. Гэта лепш… Каня табе падару — дык да Азярышча зусім блізка будзе, нейкіх дзесяць вёрст. I помні: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамі… А за Кагутоў не бойся, будзе ім добра.

— Я і цябе буду любіць… бацька.

— Ну вось і добра, брат. Хадзем.

Алея вывела іх праз парк і пладовы сад да доўгіх шэрых будынкаў пад чарапіцай. Будынкі абкружаў глыбокі роў, зарослы лопухамі і гускай. Пад іх узнятымі парасончыкамі бруілася вада. Пад’ёмны масток ляжаў над ровам.

— Тут псярня і стайні, — сказаў бацька.

На манежнай пляцоўцы ганялі на кордзе коней. Англічанін-жакей, даўгазубы і спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаіўся з бацькам за руку.

— Што новага, пан Крэбс?

— Гэты народ… — англічанін адвёў убок сігару, заціснутую паміж простымі, як алоўкі, пальцамі, — яму б ездзіць па-цыганску, без усякі закон… Сёння засеклася Б’янка.

— Можа, яно і лепей, — сказаў бацька, — я заўсёды гаварыў вам, што трэба рыхтаваць на скачкі Змея.

— О, но! — запратэставаў англічанін. — Но, Змей! Склад Змея не ёсць адпаведны склад. Паглядзіце на яго бабкі. Паглядзіце — Меры яго маці, — паглядзіце на яе калмыцкую грудастасць і бадай віслазадасць. Но, но!

З манежа збіраліся да іх конюхі. Старшы конюх, Зміцер, абпалены сонцам да таго, што скура лупілася на носе, як на маладой бульбе, зняў шапку.

— Накрыйся, — сказаў бацька. — Ведаеш — не люблю.

Зміцер няшчыра ўздыхнуў, накрыўся.

— I не ўздыхай, — сказаў бацька, — не падлізвайся. Чуе кошка… Было табе загадана бінтаваць Б’янку ці не?

— О Зміцер, бестыя Зміцер, — сказаў англічанін, — хітры азіят Зміцер. Яны ўсе ў змове, яны не хацелі Б’янкі, яны хацелі выпусціць мясцовага дрыкганта… зусім як сам пан-князь Загорскі.

Бацькавы вочы няўлоўна смяяліся, вельмі сінія і прастадушна хітрыя, як у маладога чорта.

— Што ж зробіш, містэр Крэбс. Тут ужо нічога не зробіш. Відаць, будзем выпускаць на скачкі трохгодак Змея, Чаркеса і Мамелюка.

I раўнуў на Змітра:

— Яшчэ раз гэткае — не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!

Уздыхнуў:

— Падбяры для паніча кабылку з больш ціхмяных і жарабца.

— Глорыю хіба? — спытаў Зміцер.

— Каб галаву скруціў?

— Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкія дзеці? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрці… каб брыкнуць не паспела.

— А мне не трэба, — сказаў пан Юры. — Мне трэба, каб ён за які месяц навучыўся ездзіць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо і сапраўднага жарабца.

— Добра, — сказаў Зміцер і пайшоў у стайні.

Алесь глянуў на англічаніна і нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.

— То гэта малады князь? — спытаў англічанін. — Будучы гаспадар?

— Але, — сказаў бацька.

— Новы мятла будзе месці па-новаму, — сказаў Крэбс. — Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней і свавольнасцю. Га?

— Можна мне сказаць, бацька? — спытаў Алесь.

— Кажы.

— Вам не трэба будзе ісці адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, і я вам буду больш плаціць.

Бацька ўсміхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелі.

— Гуд бой, — сказаў ён. — Тады і я буду рабіць малады пан добра. Я навучу пан ездзіць, як малады лорд з найлепшых фамілій. — I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: — I ён ніколі не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабіць супраць сумлення… і падманваць яго. А Крэбс зробіць, каб трохгодкі пана былі лепшыя нават у Пецярбурзе.

Засаромлены бацька адвёў вочы:

— Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялічваю вам пенсію ўдвая.

— Нашто мне гэта? — сказаў Крэбс. — Лепей бы не трэба стаяць на сваім. Сапраўдны лорд не ўваходзіць у змову з конюхамі і супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабіць конны завод лорда лепшым за ўсе.

— Добра ўжо, Крэбс, прабач, — сказаў бацька. — Больш не буду. Рабі сабе што хочаш.

Конюхі павялі перад людзьмі на ўзбочыне коней. — Ну, якую кабылку бярэш? — сказаў бацька.

Сярод усіх Алесь заўважыў адну, маленькую і ладную, як цацка, усю дзіўна падабраную, чысценькую і як быццам атласную. Масць кабылкі была мышастая, вушкі акуратненькія, капыткі, як сто-пачкі.

— Гэту, — сказаў Алесь. Англічанін пажвавеў:

— У маладога ёсць вока… Варта вучыць… Красуня кабылка… Як маладая лэдзі… Галоўка маленькая, але не злая; шыя — дзіва шыя.

Звярнуўся да бацькі:

— Але вашы імёны… Бог мой, што за імя… Для такой лэдзі і раптам: Ка-сюнь-ка.

— Касюнька! — віскнуў усцешаны Алесь і кінуўся да кабылкі.

— Цукар вазьмі, — сказаў бацька.

Алесь соваў пад храпу Касюнькі кавалак цукру, і тая далікатна ляпала па яго далоні цёплай цвёрдай храпай.

— Касюнька мая, Касюнька.

— Вядзіце яе, — сказаў бацька. — Выбірай другога, Алесь.

Зноў пайшлі коні, і кожны быў прыгожы, бы ў сне, але нейкі не той, без повязі, што вядзе да чалавечага сэрца.

— Пераборлівы, як Мнішкава Анэля, — сказаў бацька.

Але ён дарэмна казаў гэта, бо ў той самы момант з варот стайні з’явіўся Ён, той, без каго жыццё не магло мець сэнсу. Яго вёў пад аброць худы і падабраны хлопец, і Ён, дурэючы, рабіў выгляд, што хоча схапіць хлопца зубамі за плячо.

Ён быў прыгажэйшы за ўсіх на зямлі, прыгажэйшы за ўсіх звяроў і ўсіх людзей. Ён ішоў, прытанцоўваючы на кожным кроку, бязмерна ганарлівы ад здароўя, сілы і немагчымай сваёй прыгажосці.

Белы як снег і бялейшы за яго, з маленькай нервовай галоўкай і доўгай шыяй, увесь дасканаласць і без адзінай заганы, ён касіў залатым і трошку крывавым па бялку вокам, а ягоныя хвост і грыва, неверагодна доўгія і мякка-залацістыя, варушыліся лагоднымі хвалямі.

«Вы, маленькія людцы, — здаецца, казаў зрак каня. — Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамі мае бакі толькі таму, што раблю вам ласку.

І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькі чалавек…«

Бацька глянуў на Алеся і ўздыхнуў: усе было зразумела.

— Логвін, — сказаў бацька конюху, — вядзі Ургу сюды.

Малады і сур’ёзны хлопец падвёў араба да іх.

— Будзеш канюшым маладога пана, Логвін, — сказаў пан Юры. — Будзеш ведаць толькі яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Зміцер, ведай: Логвіну належыць толькі Касюнька і Урга. Нічога больш.

Логвін усміхнуўся сціплай харошай усмешкай.

— Паніча намуштраваць, — сказаў Загорскі. — Навучыць скрэбці, чысціць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.

— Зробім, — сказаў Логвін.

— То тады бывайце… Бывайце, містэр Крэбс.

Яны прайшлі конскія двары і падышлі да старасвецкай каменнай сабакарні. Чалавек сярэдніх год, з прыкметнай ужо сівізною ў доўгіх вусах, буры, як абкураная пенкавая люлька, павольна ішоў да іх. На поясе, што ладна перахватваў яго зялёную венгерку, вісеў доўгі медны рог.

— Карп, — сказаў бацька, — старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.

Карп падышоў да іх і, не вітаючыся, пачаў дакладаць звонкім і трошкі сіпаватым, даязджачым голасам:

— Юнка адышла, пан Загорскі.

— Ведаю, — сказаў бацька, — старасць. А добрая была.

— Знайд, памятаеце, са своркі адбіўся. То схапіў, відаць, ад нейкай вясковай сучкі, скурапею. Мазалі празрысценькім бярозавым дзёгцем і акурвалі. Празз два тыдні будзе як шкло… Сцінай паздаравеў… I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.

— Вось гэта добра. Хадзем, Карп.

Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкімі акенцамі. Каля паўсотні сабак розных парод і масцей ляжалі і хадзілі па загарадках. Тут былі выжлы, ганчакі, норныя, дацкія п’яўкі для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя… Але хлопец яшчэ не мог адрозніваць іх, і таму асабліва зацікавіў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, і куток хартоў.

Харты былі ўсе белыя, з доўгімі шчыпцамі6. Вялізныя іхнія вочы былі, як чорныя слівы.

Бацька на хаду даваў парады, якія Карп слухаў пачціва, але з нейкай сваёй думкай.

— Пайшлі б вы ўжо, княжа, да Азы, — сказаў ён. — Хвалюецца.

Калідорчыкам прайшлі ў парадзільнік. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука іспанскай пароды і махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павісквалі цёплыя шчанюкі.

Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялізныя, усе ў дробных завітках, чорныя вушы раскрыліся.

— Бачыш, — сказаў Алесю пан Юры, — на качак і цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.

— Я вазьму аднаго шчанюка, — сказаў Алесь.

— Ну вось, — сказаў бацька, — цяпер маеш усё. А імя ёй будзе — Алма.

Хадзіць давялося доўга. Аглядалі палі, не вельмі добрыя. Аглядалі бровар і — здалёк — багадзельню. Ля сцежкі, што вяла туды, выпадкова падслухалі размову дзвюх старых. Стаялі, абапіраючыся на кіі.

— Ты куды ідзеш?

— Га?

— Куды ідзеш, кажу?

— А-а… У анвалідны дом.

— Ну і як там?

— Нішто-о.

— Кормяць хаця добра?

-До-обра. Цэбар крупніку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з’еш, хочаш — раздзялі.

I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургі, Касюнькі і Алмы. Не ўзнімаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:

— Гэта праўда, што ім адразу даюць?

— А што ім, дрэнна?

— Але чаму адразу?

Селі адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.

Бацька пакручваў хвалісты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся аліўкавым ад рухомага ценю дрэў.

— Добры ты, сыне. Я вось купіў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў — аж работнікі ўсе ў масках, каб не елі цукру. Гэта Кроер прыдумаў.

— Ну і дурань, — сказаў сын. — Я і чуў, што гадзюка.

— Ды і не ў тым справа. Нельга дазволіць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзі, ці што? Я зняў… Але ж нельга дагаджаць. Будзеш салодкі — згінеш. Багацця аднаго чалавека на ўсіх не выстачыць. Ведаеш, колькі дваран на Магілёўшчыне?

— Не.

— Патомных нешта каля дваццаці сямі тысяч, асабістых — каля трох з паловай, але гэтыя не ў лік. Дык вось, з гэтых дваццаці сямі тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскі сход толькі пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губерні восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа — па тры душы на аднаго двараніна. Дробная шляхта — гэта бочка з порахам. Ненавідзяць і нас, і сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскіх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усіх душ губерні, не лічачы тых, што за яе межамі. I калі будзеш даверліва глядзець у драпежныя зяпы — жывога праглынуць.

— А нашто яна мне патрэбна, тая, трэцяя? — спытаў Алесь.

Бацька аслупянеў.

— Ну, хаця б для таго, каб быць добрым да большай колькасці хрысціян… Ты не Кроер, не Хаданскі, не Таркайла… Нашы людзі бога моляць, каб не трапіць ад нас да іх.

— Усё адно гэта нікуды не варта. Хай добры ты. Хай добры буду я. А што, як памрэм? Яны ж тады сваякам пяройдуць, напэўна… тым. Куды ж такі парадак варты, калі чалавек не ведае, што з ім будзе заўтра? I людзі на вёсцы так гавораць і баяцца.

— З намі нічога не зробіцца, — сказаў бацька. — Не тое перажывалі. Восемсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся ні чумы, ні вайны, ні палітычных забойстваў, ні руднікоў. Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе.

Памаўчаў, водзячы прутком па пяску.

— Справа ў тым, што ты належыш да самай дзіўнай суполкі на зямлі. У гэтага клана было славутае і грознае мінулае, — але і тады ў яго не было імя. У гэтага клана сучаснае, горш за якое цяжка знайсці, і будучае, што губляецца ў тумане невядомага. Гэта грамада не мае свайго аблічча — і пагражала калісь ордэнскім землям. У яе няма душы — і яна выклікае магутны выбух сіл у кожнага суседа, што датыкнецца да яе. Тады яна дае такія ўзлёты генія, што ўсіх бярэ здзіўленне. Часам яна знікае, як рака пад зямлёй, каб усплыцъ у зусім нечаканым месцы, Штохвілінна гіне і адначасова жывучая, як ніхто. У цябе няма адзнак, і менавіта ў гэтым вялікія твае перавагі. Ты бязлікі і ты мнагатвары, ты нішто і ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей. I ты ганарыся гэтым, ганарыся сваей магутнасцю, ганарыся тым, што ты — гэта ты.

Пан Юры паглядзеў на постаць сына і раптам спахапіўся:

— Ах, божа, ты ж яшчэ шмат чаго… Ды добра, добра… Я, ці разумееш, і гаварыць не магу. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнічаць — гэта ўжо іншае.

Зноў абмінулі дом з серабрыстымі фантанамі італьянскіх таполяў. Ад бакавога ўвахода ў яго цягнулася вузкая алейка. У канцы яе стаяў той круглы павільён, што заўважыў Алесь, пад’язджаючы да Загоршчыны. Дах гэтага павільёна перарываўся па кругу суцэльным шкляным акном, а вышэй шкла ўзносіўся зграбны круглы купал.

— Царква, ці што? — спытаў Алесь.

— Гэта карцінны павільён. Зрэшты, ты пакуль мала што яшчэ зразумееш. Я хачу табе паказаць толькі адну карціну.

I ён адчыніў дзверы.

— Тут, брат, усё ёсць. Лепшая калекцыя толькі ў твайго дзеда… Вось глядзі.

Проста перад імі вісела на сцяне даволі вялікая карціна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карціне быў пейзаж, якіх не бывае — празрыста-блакітны і няўлоўны.

— Мантэнья, — сказаў бацька, — славуты італьянскі мастак.

Пейзаж праглядаўся праз галіны высокай яблыні з залацістымі пладамі. А пад дрэвамі ішоў кудысь малады чалавек і вёў за аброць белага каня. На чалавеку была круглая шапачка; доўгія рукавы дзівоснага ўбору адносіў вецер.

У чалавека былі цёмна-шэрыя вочы і прамы нос.

— Увесь дзень думаў, на каго ты падобен, — сказаў бацька. — I вось успомніў. Ды гэта ж ты, гэта ты з белым канём. Гэта ты і Урга. Як дзве кроплі вады.

Ах, як не адступаў ад Алеся ўсе гэтыя дні белы конь! I ўсё гэта было як сон. I вось цяпер ён сам, сам Алесь, ішоў з белым канём у нейкую блакітную далячынь.

_______________

1 Гульня накшталт бабак.

2 Мой маленькі князь Загорскі! (франц.)

3 Усё добра! Усё добра, сынок! (франц.)

4 Жанчыны часам бываюць легкадумныя (франц.)

5 У чорных фарбах (франц.)

6 Шчыпец — пашча ў хартоў (паляўнічы жаргон).