Каласы пад сярпом тваім — Кніга першая, Раздзел III

У Кагутовай хаце вячэралі. Позна вярнуліся з поля, і таму даводзілася есці пры святле. На стале трапятаў агеньчык каганца. Каля печкі, дзе корпалася Марыля, гарэла над начовачкамі заціснутая ў лучнік лучына. Ад яе Марылін твар, яшчэ не стары, але зрэзаны глыбокімі ценямі, здавалася, быў таямнічы і нядобры.

На покуці, пад закураным Юрыем і маткай боскай, — толькі і засталіся ад іх адны вочы, — сядзеў дзед. Поруч з ім Міхал Кагут, мажны, з лёгкай сівізной у залацістых патлатых валасах. З асалодаю чэрпаў путру, нёс яе да рота над праснаком. Згаладаўся чалавек. Па левую руку ад яго спяшаўся есці старэйшы семнаццацігадовы сын Стафан. Гэты паспеў яшчэ да вячэры прыбрацца, надзягцярыць бацькавы боты і нават новую чырвоную жычку прыладзіць да каўняра сарочкі. Хлопца час быў жаніць. Міхал глядзеў на яго з усмешкай, але маўчаў. А дзед, вядома ж, не мог стрымацца:

— Чорта зводнага сабе шукаеш?

Стафан маўчаў.

— Спяшайся, брат, — не сунімаўся стары, — там цябе Марта каля Антонавага ўзвозу чакае. Круг нагамі вытаптала.

Уздыхнуў, паклаў лыжку (еў па-старэчаму мала).

— Чаго вы, дзядуля, — буркнуў Стафан. — Хіба я што?

— А я хіба што? Я нічога. Я ж і кажу: дзеўка… як вось наша лава. Хоць садзіся, хоць скачы, хоць цэглу накладай… Векаўшчына!.. А потым, раніцай на касьбе, як толькі бацька адвернецца, дык ты галаву ў кусты і драмаць. На нагах. Як конь.

— Ну вас, — сказаў Стафан, паклаў лыжку і ўстаў.

— Пайдзі, пайдзі, — сказаў другі Міхалаў хлопец, пятнаццацігадовы Кандрат. — Запозна твая Марта марцуе.

Стафан толькі носам чмыхнуў. Пайшоў.

— Цяпер да раніцы не чакай, — сказаў бацька. — А ты, Кандрат, не чапіся да яго. Сам яшчэ горшы. А ён хлопец ціхі.

— Чаму гэта я горшы буду? — усміхнуўся Кандрат.

— Па носе відаць.

Кандрат і Андрэй былі блізнюкі. I калі ўжо ўсе Кагуты былі падобныя, дык гэтых, пэўна, і сама маці блытала. Так яно ў дзяцінстве і здаралася. Дурэў Кандрат, а кухталёў давалі Андрэю, і наадварот. Толькі потым, у восем год, з’явілася ў Кандрата прыкмета, паўкруглы белы шрам на лобе: накінула капытом жарабя.

Але, акрамя вонкавага падабенства, нічога ў блізнюках не было агульнага. На Кандрату шкура гарэла. Біцца дык біцца, скакаць дык скакаць. З раніцы да вечара ўсюды чуліся яго смех і жарты. А ў светла-сініх вачах іскрылася такая прыкметная, а таму бяспечная хітрасць, што дзеўкі нават цяпер, у пятнаццаць год, заглядаліся на яго. Заглядаліся і на Андрэя, хоць той быў зусім іншы.

Той самы, здаецца, твар, і ўсё ж не той. Вочы нават цямнейшага колеру, чым у Кандрата, пэўна таму, што веі заўсёды сціпла апушчаны. Рот нясмела ўсміхаецца. Галава схілена трошкі ўбок, як кветка ў весняга «сну». Слова часцей за ўсё абцугамі не выцягнеш. Але затое з першага разу запомніць і праспявае пачутую на кірмашы ці недзе ў млыне песню. I праспявае так, што ўспомніць маладосць самая старая баба.

Марыля паставіла якраз на стол гушчу наліваную — пшанічную кашу з малаком, калі ў хату зайшоў Павал.

— Як там Алесь? — спытаў дзед.

— Падняўся ўжо ад грушы на сцежку. Ідзе сюды, — змрочна сказаў Павал. — Да заўтра пачакаць з песняй не маглі. Пакрыўдзілі хлопца.

— Ну і дурань, — сказаў дзед. — Бо, можа, сённяшні вечар цябе ад крыўды ўратуе праз пяць год. Ты не забывай, ён твой будучы гаспадар. Пан.

— Не будзе ён панам, — упарта сказаў Павал. — Я ведаю.

— А дурныя ж усе, — азвалася ад печы Марыля. — Сядай во лепей, Павал.

— Я не сяду, — сказаў Павал. — Я Алеся буду чакаць.

— Пачакай! — сказала маці, выглядаючы ў акно. — Унь ён ідзе ўжо, твой Алесь.

Усе замаўчалі. Алесь зайшоў у хату вонкава спакойны. I адразу Андрэй выціснуў з сябе:

— Мы ўжо… думалі…

Глянуў на Алеся, затым пасунуўся, даў месца паміж сабою і Паўлам. Падаў яму праснак.

Алесь сеў. Андрэй падсунуў яму лыжку і ўсміхнуўся.

У Андрэя, наогул, шмат было жаноцкага. Вінаватая ўсмешка, вялізныя васільковыя вочы, нясмеласць рухаў. Марыля заўсёды казала: «Дзяўчынка была б, ды певень закукарэкаў, як мелася раджаць».

— Еш, — сказаў Андрэй, бы праспяваў.

I Алесь узяуся за ежу. Згаладаўся ён вельмі. Але няёмкасць усе ж панавала ў хаце, і развеяў яе, як заўсёды, Кандрат.

Курта села ля яго, дагодліва стала глядзець у вочы. Нават віскнула — ці ад болю, ці, можа, папрасіла.

— Ідзі, ідзі, — сказаў Кандрат паважна. — Бог падасць.

— Нашто ты яе? — сказаў Андрэй і кінуў сабаку кавалак праснака.

— Паскупіўся, — сказаў Кандрат. — Усе вы, спевакі, такія. Што поп, што ты.

Памачаў свой кавалак ў малако і даў сучцы. Тая стала есці, прыцісну ў шы вушы на круглай, як гарбуз, галаве.

— Сёння смехата была, — сказаў Кандрат. — Звончыкаву хату вада ўсе яшчэ трымае. Дык яны човен прымайстравалі. Нават у хмызы на ім ездзяць. Я з ворыва каня павёў паіць. Аж гляджу, Звончыкава старая выходзіць з хаты проста ў човен і пачынае пхацца да хмызоў. А вецер сустрэчны, моцны. Гаравала яна, гаравала. Потым гляджу, пастаяла хвіліну ў чоўне і пачала пхацца назад, у хату.

— Ідзі ты, — адмахнулася, смеючыся, Марыля. — Брэшаш ты ўсё.

Алесь таксама смяяўся, але сядзець вось так апошні раз за іхняй вячэрай было цяжка. Апошні раз каганец, апошняя лучына, апошняя добрая ўсмешка на абліччы Марылі.

— Мацуйцеся, — сказала Марыля, ставячы яму і Паўлюку міску кулагі. — Сёння на начлег паедзеце.

I таму, што гэта быў апошні начлег, Алесь пракаутну ў цяжкі камяк.

Кандрат вырашыў ратаваць становішча і сказаў першае, што прыйшло ў галаву:

— Кулага гэтая… Колерам як мядзведзь н… I адразу аб ягоны лоб гучна лузнула дзедава лыжка.

— Прыемнага апетыту, — сказаў Кандрат, паціраючы лоб.

Тут засмяяўся нават дзед. I ўсе засмяяліся. А ўжо Алесь галасней за ўсіх.

I адразу ж з яго вачэй пырснулі слёзы. Выціраючы іх, ён сказаў глуха:

— Няўжо вы хочаце мяне аддаць, бацька Міхал? Або, можа, вам сапраўды цяжка, а пакормнае і дзядзькавое, пакуль не аддасцё мяне, не належыцца?

Міхал устаў і паклаў руку яму на галаву.

— Гары яно гарам і дзядзькавое тое і пакормнае, — і, махнуушы рукой, пайшоў да дзвярэй.

Алесь звярнуўся да адзінага, хто яшчэ заставаўся, да дзеда:

— Я не хачу туды.

— Ну і што? — жорстка сказаў дзед. — Мужыком будзеш? Не, брат, ад гэтага нам карысці мала. Ды і табе. Ты лепей добры да ўсіх будзь, хлопчык.

Марыля падышла да Алеся:

— Ну пакінь… Што ўжо… Бацькі ўсе  ж яны… А ты да нас прыязджаць будзеш… Будзеце з Паўлючком рыбу лавіць…

— Пакіньце, — сказаў раптам негаваркі Андрэй. — Яму ад вашых слоў яшчэ горш плакаць хочацца. Хай ён лепей з Паўлам на начлег едзе.

Павярнуў Алеся да сябе і зірнуў на яго:

— А хочаш, і я з вамі паеду?

— На чым гэта ты паедзеш? — спытаў дзед. — На кійку верхам?

— Не, — сказаў Андрэй. — Я каня ў Кахноў вазьму. Ім яшчэ лягчэй. Не трэба Петрусю ехаць.

— Вядома, няхай возьме, — з палёгкаю, заўсёдным сваім грубаватым голасам сказаў Кандрат. — Бадай што, і я паеду. Усё адно ж і кабылку Кахнову браць давядзецца.

— Добра, — сказаў Алесь, уздыхнуўшы. — Паедзем тады ўжо.

Ён зразумеў нарэшце, што ўсё гэта марна, што нічога не зробіш, і заўтра яму давядзецца пакінуць гэтую хату.

…Яны выехалі з двара, калі дзед залез ужо на печ, а Міхал пайшоў спаць у адрыну. Адна Марыля цёмным высокім ценем стаяла ля варот, быццам праводзячы хлопцаў бог ведае ў якую дарогу.

Наперадзе ехаў на мышастым Кахновым кані Андрэй. Ехаў, высока закінуўшы галаву.

За ім на цісавай Кахновай кабылцы, неяк бокам, па-заліхвацку, ехаў Кандрат. Кабылка няспешна трухала і часам, быццам адчуваючы вільготны водар далёкіх паплавоў, шумна пырхала мяккімі ноздрамі.

За старэйшымі братамі ехалі побач, нага да нагі, Павал і Алесь. Павал на сплова-стракатым жарэбчыку, Алесь на спакойнай белай кабыле. Конскія капыты з мяккім плясканнем паглыбляліся ў цёплы пыл вуліцы.

Вёска ўжо засыпала. Рэдка-рэдка ў якім акне свяціў, як паміраў, ружовы агеньчык. У схаладнелым паветры гучна разлягаўся недзе далёка сабачы брэх. З дубовых шатаў на могілках гучаў часам неўразумелы крык дрэўнага жабяняці-квакшы. Больш нічога.

Хлопцы ехалі, падмасціўшы пад сябе кажухі і сярмягі. У празрыста-сінім небе гарэла на захадзе Вечарніца. Пералівалася, як сцюдзёная кропля.

I Алесь шырока расплюшчанымі вачыма глядзеў на ўсё гэта, быццам з заўтрашняй раніцы яму выпадала жыць зусім пад іншым небам, без гэтай Вечарніцы, без гэтых скупых паўночных сузор’яў, без самотных Стажараў, якія цесна сышліся, каб пагаманіць аб справах нябесных і зямных.

Цёмныя стрэхі вёскі засталіся за імі. Конскія капыты зачвякалі: табунок пераязджаў цераз вільготны лугавы клін каля затокі. Потым дыхнуў халаднаваты павеў з Дняпра і пачалі набліжацца круглыя, як стагі, хмызы.

Табун спусціўся з адхону, і коні па калена зайшлі ў ваду, а яна закалыхалася, расплылася кругамі ад іхніх ног, зрабіла зоркі дрыготкімі і вельмі вялікімі.

Цісавая кабылка зайшла ў ваду глыбей за ўсіх і працягнула мяккую храпу да вячэрняй зоркі ў вадзе. Зорка замітусілася ў трывозе.

— Зараз праглыне, — шэптам сказаў Алесю Андрэй, і Алесь усміхнуўся ўдзячна. Андрэй разумеў яго.

Коні пілі доўга, усмак, часам адрываючыся ад вады. Чуйна слухалі вецер з зарэчных паплавоў, адпачывалі, а потым зноў прагна прыпадалі да зорак, да кругоў, якія бясконца беглі ў змрок.

— Досыць вам, воўчае мяса, — буркнуў нарэшце Кандрат.

Падымаліся на адхон, і чуваць было, як булькоча ў пакруглелых конскіх жыватах вада.

…На лузе Алесь з Паўлам спуталі коней. Старэйшыя хлопцы нацягалі сушняку. Зыркае полымя рвалася ўжо кудысьці ў ноч.

Яны сядзелі на шырокай касе, што ўдавалася ў Дняпро. На ёй былі там-сям раскіданы дубы з рэдкай яшчэ лістотай. Толькі вузкі перашыек паміж касой і высокім мацерыковым берагам быў сухі. Астатнюю частку поймы займаў мокры луг, які цягнуўся вярсты за дзве. За ім былі, невыразныя цяпер у цемры, шаты парку, а над шатамі гарэў яшчэ, як амаль нябачная іскра, далёкі агеньчык.

— У Раўбічавым маёнтку нехта не спіць, — сказаў Павал.

— I наша вогнішча бачыць, — дадаў Алесь.

— Напэўна бачыць, — сказаў Кандрат, — адсюль да Раўбічавага дому вярсты тры якіх. Замаўчалі, гледзячы на агонь.

Полымя шугала высока. Коні даўно разышліся ад яго па касе. Толькі страляла часам у агні вільготная галінка, ды ўтрапёна сакаталі жабы ў далёкай затоцы, ды на другім беразе, у лугах, раз-пораз крычаў драч. Як палатно дзёр.

Хлопцы ляжалі вакол агню на кажухах і світках, ляжалі нерухома, з шырокімі ад задуменнасці вачыма. Толькі Кандрат не мог супакоіцца. Ды і той клаў бульбу ў прысак асцярожна і амаль бязгучна.

Маленькі, меншы за самую маленькую іскру, свяціўся ў цемры далёкі-далёкі агеньчык. Бабухнула недзе: відаць, абваліўся ў ваду бераг.

— А памятаеш, Кандрат, як бацька нас упершыню на начлег узяў? — спытаў Андрэй.

— Анягож. I собіла ж яму якраз у тую ноч.

— А што такое? — спытаў Павал.

— Ноч была, — ціха сказаў ён, — такая ж, як сёння, цёмная. I якраз на пачатку мая. Берагі ў такі час заўсёды бурацца. Мы, малыя, ляжалі на кажусе. I раптам бабухнула. Далёка, глуха, страшна. Зусім не як бераг… I потым звон аднекуль здалёк. Узгоркі і дрэвы яго глытаюць, і таму звон рэдкі. Як на хаўтурах.

Памаўчаў.

— У тую ноч старэйшая дачка Раўбічава нарадзілася. Дык гэта Раўбіч з гарматы стрэліў. Там, пэўна, весела было, а тут страшна. Надта ўжо цёмная ноч была.

Маўчалі. Вадкая барва трапятала на тварах, і тварам было горача, а патыліцы ласкава сціскаў начны халадок.

— А ці праўду гэта кажуць, Андрэйка, што Раўбіч той — чараўнік? — спытаў Кандрат.

— Чаму гэта? — упершыню за ўвесь вечар спытаў Алесь.

— Не ведаю, — сказаў Кандрат.

— I я чуў, — упэўнена сказаў Павал. — Бо ён вуніятам быў.

— Цю на цябе, — сказаў Кандрат. — Гэтак выходзіць, што і наша маці чарадзейка. Яна ж таксама з вуніятаў была, аж пакуль іх ад вуніі не адвялі. Сілком адводзілі. Каб гэта яшчэ поп убачыў, што яна дагэтуль смуткуючага1 ў каморы хавае, дык звону было б, як на сабачае вяселле.

— Наша маці — іншае, — сказаў Андрэй. — Ну забаранілі маліцца як хочацца, дык яна і кінула.

— А Раўбіч, кажуць, сапраўды чараўнік. Бо ні з чым не змірыўся, як унію знішчылі, і, кажуць, у першую ж ноч прадаў д’яблу душу, абы толькі не па-іхняму выйшла…

— Хто гэта бачыў? — вальнадумна спытаў Алесь.

— Я-то не бачыў, — уздыхнуў Андрэй. — Магчыма, і брэшуць… Але нешта ўсё ж ёсць. Начамі ён, кажуць, не спіць. I агнёў ужо нідзе няма, а іскра ўсё свеціць. Аднойчы наш Кастусь Боўда праходзіў апоўначы паўз ягоныя клеці, дык так, казаў, серай з подпалу цягне! I потым, ноччу раптам у яго людзі. Толькі поначы. Невядома як з’яўляюцца, невядома, куды знікаюць. Дый ці людзі яшчэ?

— А можа, яны там фальшывыя грошы робяць? — засмяяўся Кандрат.

— Не, — памаўчаўшы, упэўнена сказаў Андрэй. — Нешта там усё ж няладна. Во і зараз, глядзі, агонь.

Усе мімаволі павярнуліся і доўга глядзелі ў змрок, на далёкую іскрачку, амаль нябачную адсюль і такую кволую, што нават камар мог загасіць яе.

Агонь трохі сцішыўся, стаў ніжэйшы, цемра з-за купін усё часцей лізала цёмнымі языкамі пляму святла ля вогнішча, а гэты далёкі агонь, вельмі самотны ў цемры, усё гарэў і гарэў.

Кандрат падкінуў у цяпло сушняку. Сядзеў нерухома. Усе астатнія таксама як анямелі. Алесь глядзеў на іх і адчуваў, што любіць іх, што няма для яго цяпер на зямлі даражэйшых твараў, чым грубавата-суровы твар Паўлюка, чым мяккае і пяшчотнае аблічча Андрэя, чым твар Кандрата, на якім цяпер блукала хітраватая ўсмешка, быццам ён успамінаў нешта вясёлае.

— З чараўнікамі гэтымі, наогул, бяда, — сказаў Андрэй. — Ведаеце хутар Памярэч?

— Ведаю, — сказаў Павал. — Ля Недабыліхі. Нічога там няма. Толькі некалькі камянёў на балоце ды здзічэлыя слівы… А што?

— Там усе людзі ў чорны год паўміралі. Ды ім нічога, усе хрышчоныя. А вось у малодшай нявесткі толькі што дзіця нарадзілася. Так і не паспелі ахрысціць.

— Чым жа яно віннае? — сурова спытаў Павал.

— Не ведаю, — сказаў Андрэй. — Відаць, і сам бог разумее, што тут нешта не да ладу і справядлівасці тут няма, прымушаць бязвіннага пакутаваць. Таму такая душа і лётае над бліжэйшым раздарожжам і плача, просіць прахожага, каб ахрысціў.

— Што ж ён, спаймае яе, у царкву панясе? — усміхнуўся Павал. ·

— Нашто, — сказаў Андрэй. — Проста роўна ў поўнач, калі ідзеш раздарожжам і яна пачне над тваёю галавою лётаць, — назаві першае лепшае імя, мужчынскае ці жаночае.

— А адкуль гэта ведаць? — спытаў Павал.

— А тут ужо ўгадаць трэба. Бо як не ўгадаеш — так душа і будзе лётаць. Сем год будзе лётаць, а потым заплача і паляціць у пекла з вечнаю крыўдаю на людзей.

Алесь пасунуўся бліжэй да агню. Сказаў:

— Чаго ж тады ніхто не пайшоў на Недабыліху? Гэта ўжо свінства, не памагчы.

— Аніхто не ведаў, — сказаў Андрэй. — Дарогай ля Недабыліхі ўначы пайсці, гэта трэба каменнае сэрца мець. I вось зусім ужо нядаўна Пятрок Кахно затрымаўся ў дзяўчыны і ідзе недабыліцкім раздарожжам акурат у поўнач. Толькі стаў на скрыжванні — як заплача нешта над шлавою. Ды так заплакала — адразу зразумець можна, апошнія дні лётае душа. I нізка лётае, аж шолах крылаў чуваць. Пятрок спалохаўся, але перахрысціўся ды і кажа: «Васіль! Васіль будзе тваё імя».

Так і сказаў? — з павагаю запытаў Кандрат. — Ну, я цяперака з Петруся ніколі жартаваць не буду.

— Так і сказаў. Як заплача тут душа, ды яшчэ больш жаласна, як паляціць кудысць. Не ўгадаў Пятрок сказаць імя. I так яна жаласна крычала, што Пятрок прыпусціўся дахаты. Прыбег і ўсё дзеду расказаў. Дзед Кахно не спалохаўся, а ўзяў і ноччу пайшоў на раздарожжа, каб якраз у поўнач патрапіць. I апынуўся на скрыжаванні якраз тады, калі на Раўбічавай званіцы звон пачаў біць дванаццаць.

— Што ж гэта ён так спяшаўся? — спытаў Алесь.

— А ён зразумеў, што гэта душа павінна лётаць апошнюю ноч. Іначай чаго б ёй ледзь не ў твар Петрусю кідацца і так страшна галасіць… I вось ледзь ён пачуў удары — як застогне, як заскуголіць нешта над ім. Як хворае дзіця. Дзед нават павеў крылаў адчуў на твары. I тады дзед перахрысціўся ды і кажа: «Ніна. Ніна будзе тваё імя. А ты памяні жонку-нябожчыцу, Ніну. Скажы, што і я ўжо хутка…» Тут нехта застагнаў, быццам з палёгкаю. А потым душа ўздыхнула. I паляцела далей, і толькі далёка ўжо стала паўтараць: «Ні-іна, Ні-і-на». Панесла імя да госпада.

— Трэба будзе старому рыбы налавіць і прынесці, — грубавата сказаў Павал. — Няхай душою пацешыцца. Ён стары, яму бруха напіхаць абы-чым нельга.

— Добра зробіш, — сказаў Андрэй. — Толькі ты яму не напамінай. Не любіць. Скажы, што цябе хутка ў падлеткі стрыгчы будуць і ты грахі павінен акупляць.

— Якія гэта ў мяне перад ім грахі? — буркнуў Павал.

Андрэй мякка ўсміхнуўся:

— А грушу ягоную хто латашыў?

Усе засмяяліся.

Ноч ляжала над вогнішчам, над спакойным недалёкім Дняпром. Мяккая цеплыня гэтай ночы зрабіла Андрэя гаваркім, а хлопцаў маўклівымі. I гэта было зразумела і добра, як шолах лазы, як песня жаб, што гулі ў пустыя бутэлькі па ўсім абшары затокі. I таму нікога не здзівіла, калі ў свеце нарадзілася пакуль што яшчэ ціхая песня.

А ўжо човен вады повен, з чаўна вада свішча.

Ой, там хлопец дзеўку кліча, не голасам — свішча.

Магутны, мяккі, як гэта ноч, тэнар пачаў з нейкіх асабліва патаемных, глыбокіх таноў. I, здавалася, нічога прыгажэйшага за гэтую песню не раджала глухая ноч і ціхая плынь Дняпра. А голас лёгка пераліваўся, плакаў і маліў кагось:

Няма вёслаў, вецер човен ад берага ўносіць.

Выйдзі, ясачка, на бераг, кінь любаму косу.

Лілася, лілася песня, і гэта было падобна на дзіва. I радасна стала ўсім, калі хлопец выйшаў на бераг і абое пайшлі дахаты, а дзяўчына сказала:

Пі, матуля, тую ваду, што я нанасіла.

Шануй, маці, таго зяця, што я палюбіла.

Голас замоўк, але ўсім здавалася, што ўсё яшчэ адказваюць, адгукаюцца яму і паплавы з шолахам дубоў, і Дняпро, што пялёскаўся ля берага. А Андрэй, не даючы ім апамятацца, заспяваў зноў:

Ад усходу да заходу

Вятры павяваюць,

А там голуб галубачку

З слязамі шукае.

А дзе ж тая галубачка,

Што з намі лятала?

Аддаў бы я свае жыцце,

Каб мяне нахала.

I зноў мякка сарваўся, заплакаў голас:

Не я цябе, сэрца, суджу,

Судзяць на нас людзі,

Што з нашага каханейка

Нічога не будзе.

Песня раптам абарвалася. Алесь убачыў насцярожаныя, утаропленыя ў змрок за вогнішчам Андрэевы вочы. Хлопец павярнуўся і глянуў туды.

Амаль за яго спіною, кронак у пяцёх ад вогнішча, узвышаўся чалавек на вараным кані. Менавіта ўзвышаўся, бо конь быў ледзь не ў два разы вышэйшы за гэтых коней, якіх пасвілі хлопцы. Так, ва ўсякім разе, здавалася.

Коннік гэты ўзнік, як здань, быццам сама цемра спарадзіла яго якраз на тым самым месцы, дзе ён стаяў цяпер. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней…

Конь быў вараны. Пад ільснянай скурай пераліваўся кожны мускул. Цуглі адцягвалі маленькую галаву трохі ўбок, і дзіка бялеў у цемры бялок вока, падобны на аблупленае яйка. А коннік сядзеў на кані, і дарожны плашч, таксама чорны, падаў з яго плячэй на крыж каня ледзь не па самую рэпіцу хваста. Доўгі чорны плашч. Як абвіслыя вялізныя крылы.

— Добра спяваеш, хлопчык, — сказаў чалавек, усміхнуўшыся.

Алесь бадай што перапалохана глядзеў на яго. Больш страшнага твару яму яшчэ ніколі не даводзілася бачыць. Шырокі і загарэлы ледзь не да гарчычнага адцення, ён увесь быў папаласаваны і зрэзаны страшнымі шнарамі2, якія толькі нейкім дзівам не закранулі носа і вачэй. Тоўстага гарбатага носа і бязлітасных блакітных вачэй пад чорнымі брывамі. Вусы былі таксама чорныя і доўгія, але нават яны не маглі схаваць ганарыстых, напышліва падціснутых вуснаў. А вось чорныя кудлы на галаве нехта густа перавіў сівым павуціннем. Павуцінне ляжала цэлымі жмутамі, чаргуючыся з чорнымі пасмамі, і падала на плечы конніка, на каўнер карычневага паляўнічага адзення, калісьці багатага, а цяпер пацёртага і там-сям нават запэцканага.

Вышываныя саквы3 , якія носяць аўчары, былі перакінуты спераду цераз збялелую ад часу скуру сядла. З адной саквы, ля самай рукі, што сціскала павады, тырчала дзяржальна пісталета, відаць, вельмі дарагога, панскага.

— Добра спяваеш, хлопчык, — паўтарыў чалавек.

Алесь устаў. Ужо каму іншаму, а яму не выпадае цяпер хаваць вочы толькі таму, што другі сядзіць на панскім кані.

— Хто вы? — спытаў ён больш ціха.

Чалавек не адказаў. Проста працягнуў руку і кончыкам нагайкі прыўзняў падбароддзе хлопца.

— У зрэб’і, — сказаў ён. — Але гэта не тое. Памаўчаў і ўладна спытаў:

— Чый?

— Загорскі, — адказаў замест Алеся Андрэй,

— Гм, — усміхнуўся чалавек, — не вывеўся, значыць, яшчэ звычай. Што ж, Загорскія, пазней трапіце да д’ябла ў лапы.

I, жорстка ўсміхнуўшыся, дадаў:

— Не думаў, што ў некаторых хрыбціна ёсць… Хлопцы маўчалі, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Маўчаў і чалавек.

— Хто скажа, як праехаць на Раўбічы? — сказаў ён нарэшце. — Разводдзі, дарогу там-сям заліло. Блытаў паплавамі.

Дзеці вагаліся.

— Ну? — сказаў чалавек.

— I тады Алесь узняў руку.

— Туды, — сказаў ён. — Проста туды, цераз паплавы.

— Бачыце, іскра, — дадаў Андрэй, — дык гэта якраз акно ў Раўбічавым доме.

— Акно ў Раўбічавым доме, — паківаў галавою чалавек. — Важна. Што ж, буду кіравацца туды… А ты спявай, хлопчык. Спяваць добра… Спявай, пакуль даюць.

Ён рушыў каня і пачаў агінаць вогнішча, але раптам спыніўся. I на твары яго Алесь пабачыў няўмелую і таму нават вартую жалю ўсмешку.

— Гэй, — няголасна сказаў ён, — гэта вам.

I, дастаўшы з сакваў, кінуў да ног Алеся… змяю. Змяя варухнулася пару разоў і замерла.

Алесь не адскочыў. Яму ўпершыню вось так падымалі нагайкай галаву. З хвіліну ён і коннік глядзелі адзін аднаму ў вочы. Потым чорны адвярнуўся і шэнкелямі крануў каня з месца.

Праз якую хвіліну і каня і конніка паглынула цемра. Быццам іх ніколі і не было. Быццам змрок нарадзіў іх і змрок адразу ж забраў.

Дзеці яшчэ нейкую хвіліну стаялі аслупянелыя і глядзелі ў цемрыва. Потым Алесь нагнуўся.

— Укусіць, — з жахам сказаў Павёлка. — Не бяры яе.

Алесь адмахнуўся і падняў змяю, трымаючы каля галавы.

Падышоў да вогнішча. I толькі тут Кандрат здзіўлена цмокнуў языком.

Змяя была вырабам. З тых вырабаў, што майструюць людзі, якім вельмі доўга і люта няма чаго рабіць. З доўгай цэльнай палкі, рассечаная амаль наскрозь глыбокімі выразамі — праз кожную чвэрць дзюйма — і ўмацаваная па баках, спіне і жываце жыламі на ўсю даўжыню, яна нават пафарбаваная была. Спіна і бакі стракатыя, жывот жоўты. Сям-там бакі і разяўленая пачала былі крануты густым кармінам.

Хлопец варухнуў рукою, і змяя начала выгінацца, зусім як жывая.

Падабенства было такое поўнае, што Павал грэбліва сыкнуў.

— Дай, — кінуў Алесю Андрэй.

Яны зноў паселі вакол вогнішча і пачалі разглядаць пачвару.

— Нават джала ёсць, — сказаў Кандрат. — I вочы. Во, поскудзь!

Андрэй круціў змяю ў руках. Потым плюнуў і кінуў яе ў агонь. Жылы, відаць, сталі карабаціцца, бо змяя зноў пачала выкручвацца і віцца, на гэты раз сама. Драпежна ўздымала галаву і ледзь не ставала на хвост.

— Нашто ты яе? — спытаў Кандрат. — Можна было б суседскіх дзевак пужаць.

— Ды яе ў рукі ўзяць гідка, — азваўся Павал.

— I гэта, — уголас падумаў Андрэй. — Ды яшчэ і невядома, што за чалавек. Чорны ўвесь. А конь злы, як д’ябал.

Змяя ўсё яшчэ выгіналася, ахопленая агнём.

— Не, хлопцы, — пераканана сказаў Андрэй. — З Раўбічам нешта не тое. Можа, гэты якраз па яго душу ехаў. Нездарма на ягоны агонь кіраваўся… Тут ужо добрага не чакай, калі па начах такія шныраць вакол па балоце і з акон вачэй не зводзяць… Прыедзе вось такі — уночы, — абдыме гаспадара, і знікнуць абодва… Вы глядзіце, не кажыце пра гэта нікому, а то поп эпіцім’ямі замучыць.

Кандрат сеў на кукішкі і пачаў разграбаць жар, а потым прысак.

— Гатова, — сказаў ён, выкочваючы на траву адну бульбіну за другой. — I плюньце вы, хлопчыкі, на гэтыя пабрахенькі. Страшна будзе да ветру ў хмызы схадзіць. Ешце во лепей.

I першы абскроб бульбіну аж да ружовай лушпайкі, разламаў, — пара так і паваліла з сопкага разлому, — і, ашчадна пасаліўшы, пачаў есці.

Елі бульбу з тонкімі скрылёчкамі сала. Бульба была смачная, і таму ва ўсіх аж за вушамі трашчала, так наміналі. Павал дык той, наогул, не траціў часу, каб аскрабаць, і таму увесь рот у яго быў чорны, як у злога сабакі.

— А ты не кажы, — сказаў нарэшце Андрэй. — Пабрахенькі-пабрахенькі, а такія вось, як гэты, балотныя паны ча-аста па начах лётаюць. Гаўрыла з Драгавічаў маніў, думаеш?

— А я і не чуў нічога, што ён там баяў, — сказаў Кандрат.

— Дык ты скажы, Андрэйка, -· папрасіў Павал.

Андрэй кашлянуў, збіраючыся з думкамі.

— Гаўрыла гэты з панскага дазволу палюе. Калі там старому Загорскаму-Вежы качкі спатрэ6іцца ці яшчэ што, дык Гаўрылу кажуць. I вось пайшоў ён раз у пушчу і заблудзіў. Бачыць, што да раніцы ўсё адно дарогі не знойдзе, і вырашыў начаваць. А багна вакол, дык ён выбраў сухое месца, расклаў на ім цяпло і сядзіць, грэецца. Пачаў быў ужо драмаць. Аж тут бяжыць з цемры нейкі ягамосць, худы, вёрткі і тварам цемнаваты. «Як ты, мужык, смееш на панскім шляху вогнішча паліць?! Тут паны хутка будуць ехаць!» «Паночак, — узмаліўся Гаўрыла, — якая тут табе дарога, калі адно багнішча ўсюдых. Жыватом хутчэй наложыш, чым канем праедзеш». Той і слухаць не стаў, параскідаў у багну галавешкі, аж тьrя засычэлі толькі, а сам пабег далей. Гаўрыла стаіць і чакае. Во, думае, напасць. Вісус нейкі, басурман, жартаваць надумаў з хрысціянскай душы. А потым чуе: тупочуць капыты, вішчаць колы. Каціць карэта шасцерыком, вакол яе конныя. А зверху на карэце паля прывязана. Крык, рогат, коні ржуць. А паны, — і у карэце, і на конях, — усе чорныя, акурат як тэты, са змяёю. Твары цёмныя, валасы чорныя, вопратка чорная з золатам. I карэта чорная. «Набок, мужык!» — крычаць. Тут Гаўрыла і зразумеў: балотныя паны. Кацяць па дрыгве, як па сухім. Гарэзнікі! I так цэлымі начамі ганяць будуць. Але Гаўрылу губляць няма чаго: яшчэ, можа, і ўдзень з дрыгвы не выйдзеш. Дык ён пачаў прасіць: «Мае вы паночкі, мае галубочкі, пакажыце дарогу, як мне выйсці. Заблукаў». Тыя рагочуць: «Чапляйся ззаду за карэту». Гаўрыла падчапіўся — як памчаліся яны. Памчалі, як куля. Грукат, дрэвы паабапал валяцца, рогат. Блізка-далёка-вузка-шырока і вышэй, вышэй. Дух заняло. Зоры вось-вось ніжэй колаў будуць. I тут якраз над галавою галіна высокага дрэва. Ён — цуп за яе! Карэта з-пад ног ірванула і памчалася далей. Толькі хурман зарагатаў і крыкнуў: «Ну, маеш шчасце!» — ды канцом доўгай пугі — між вушэй. Гаўрыла заверашчаў, але галіны не адпусціў. Трымаецца, крычыць гвалту. А далей агледзеўся — аж гэта ён у сваім двары, вісіць на перакладзіне, на сваіх варотах. Жонка з хаты выходзіць. Якраз першыя пеўні. I жонка яму кажа: «Звечара, — кажа, — прапаў, халера. Чаго ты туды палез, чаго ты гарлаеш, чаго лопаіссі, п’янюга?»

Кандрат паківаў галавою і адразу заўсміхаўся, таксама ўспомніў:

— З Гаўрылавым шваграм яшчэ лепей было. Той дачуўся ад кагось, што калі не есці цэлы дзень у апошнія дзяды перад каляднымі запускамі і потым аднаму легчы ў хаце і не гаварыць, не смяяцца, дык можна ўбачыць «дзядоў». Так і зрабіў. А вечар цёмны, лістападаўскі. Во ён ляжыць і бачыць, — лезуць праз вяршок для дыму… Спачатку бацька ягоны, нябожчык, лезе, потым дзед, потым прадзед. Пэўна, усіх, аж да самога Адама, пабачыў бы. Аж за прадзедам лезе дзядзька. Святога жыцця быў чалавек, службы ніводнай не прапусціў. Вечна яго жыццём малому вочы калолі, як, бывала, забярэцца ў чужы гарох ці рошчыны цішком возьме і наесца. Лезе дзядзька і лезе, амаль увесь ужо прасунуўся, аж тут яго нешта затрымала: як ні тузаецца- не пралазіць, і ўсё. Аж гэта ў яго да пояса барана прывязана. Украў у зямным жыцці і нават на споведзі не пакаяўся. Тут Данілаў швагер прыпомніў усе мукі, што праз дзядзькаву святасць нацярпеўся, ды як зарагоча. Ну і ўсё. Вылецелі яны ўсе ў вяршок і зніклі. Паклаў у вогнішча вялікую сухастоіну.

— Кладзіцеся ўсе, хлопцы. Досыць.

…Усе паклаліся. Алесь толькі як ляжаў, так і застаўся. Андрэй паклаў кажух побач з ім, укруціўся, ціха гукнуў.

— Спіць? — спытаў Кандрат.

— Спіць, — шапнуў Андрэй. — А ты заўважыў, што ў Раўбіча агонь пагас?

«I не сплю зусім», — хацеў быў сказаць Алесь, але адразу праваліўся ў такі глыбокі сон, што не паспеў нават варухнуць вуснамі.

Дзеці спалі. Сухастоіна павольна дагарала, рассыпаючы жар. Туман узняўся з лагчыны і падступіў бліжэй, быццам хацеў паслухаць сонныя подыхі. Коні таксама ўжо танулі ў тумане, і толькі іхнія галовы ды доўгія шыі ўздымаліся над малочным туманным возерам.

_______________

1 Смуткуючы — статуэтка Хрыста ў паставе роздуму.

2 Шнар — шрам.

3 Саквы — перамётныя сумы.