Прачынаюся ноччу

Прачынаюся ноччу, — месяц,
Ў садзе сінім спеў салаўя.
І над вокнамі косы звесіла
Пальма поўдня, любоў мая.

Салаўіныя стогны ўтрапёныя…
Нельга спаць. Мы чакалі гады,
І мы дзелім наша бяссонне,
Дзелім месяца срэбны дым…

Насупор усяўладнаму лёсу
Я ільды і пустыні скрышыў,
Я прыйшоў да твайго уцёса —
Кедр каханы з паўночных вышынь.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.19, з паметай: 25 красавіка 67 г., Ялта. Гадзіна ночы.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 198.

Яндекс.Метрика