Над Аю-дагам
Над Аю-дагам — над Мядзведзь-гарою —
Хрыбет увесь імглой завалакло.
Не ведаю, не знаю, што са мною.
Дзе ты, маё халоднае святло?!
Чакаю. Прагну. А ў душы, бы ў хмарах,
Маланкі незгасальныя гараць,
І як рванецца хоць адна ў абшары —
Да сэрца дрогне ўся Мядзведзь-гара.
Прыйдзі, схілі мне галаву на плечы,
Дай мне сябе, жывучая вада,
Каб піць цябе да скону, вечна, вечна,
Як мора п’е пахмуры Аю-даг.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.20, з паметай: 29 сакавіка 67 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 198, 199.