Саперніца

(Супакоены ўспамін праз трыццаць год)

Зноў у старасці будзе Таўрыда. Але ў сэрцы спакой
скамянее,
І прыпомню без болю словы пяшчотнай і дарагой:
— Што ў цябе часамі, каханы, так вільготна
вочы сінеюць?
Ты кагосьці недзе пакінуў? Ты часамі сумуеш па ёй?
Ветрык нячутны з мора. Цішыня рытмічна ракоча,
У вільготнай пахучай цемры магнолій белы падман.
— У яе, напэўна, мой любы, глыбокія сінія вочы?
— Так ( і Свіцязь успомніў), чысцейшыx
і глыбшых няма.
Рука на грудзях высокіх. Плыве ў нязнанае ложак.
Цёмных вачніц таямніца, і голас — журботны ўздых:
— Яна, мой апошні, напэўна, вельмі-вельмі
прыгожая?
— Так ( і Нёман успомніў). Яна прыгажэй за ўсіх.
На горных вяршынях пад ветрам, дубоў вясёлыя
гульні,
Мора прыбой блакітны, бэзавы скал прыбой.
— Што? Памёрла? Ці, можа, здрадзіла?
Не было ў вас мовы агульнай?
— Так, была калісьці маёю, так, не хоча быці маёй.
* * *
Ўсё мінула. Тады ж мінула… Па-ранейшаму неба
сіняе,
Але нашу ростань апошнюю ўкрыў няўмольнага
часу дым.
Не хацела дзяліць кахання з другой, з вялікай
жанчынай,
Хай сабе ў той час і нялюбай, хай сабе заручонай
з другім.
Ўсё жыццё абрыкосы квеценню дарэмна твой след
замяталі…
Не вынесла ценю ўспамінаў і начнога дрыжання вей,
Бо да скону жадала мяне, бо, як сонца, мяне кахала,
Бо любоў мая пралівалася —
Хай часамі —
Тугою вачэй.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.45, з паметай: май — 27.VІІ.67., Крым — Нарач.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 215, 216.

Яндекс.Метрика