На роднай магіле
Тыя цёмныя цісы і цёмныя кіпарысы,
Тыя зарасці лаўраў і леташняй ссохлай травы,
І туманныя горы з Яйлою, марознай і лысай,
Над якімі ўсё цягнуць і цягнуць у родны наш край
журавы,
Тыя, белыя з ярасці, тыя гуллівыя рэкі,
Хмар чароды, што снежнай вадой набіваюць валлё, —
Не забуду я іх, не забуду ніколі, давеку,
Не забуду, як ты, што засыпаны крымскай зямлёй.
І прабач за пралескі. Табе б васількі і рамонкі,
Але доўга яшчэ не цвісці ім на нашых палях.
Там вада памярцвела гайдаецца ў чорных палонках,
Там зіма, там на схілах адных і растала зямля.
Я скажу табе тое, чаго не сказаў бы я людзям,
Пастаю тут з гадзіну з апушчанай галавой,
А пасля… Што пасля?.. Суцяшэння няма і не будзе:
Я вярнуся дадому, а ты — да самоты сваёй.
Не сумуй, што далёка твой край і зялёны і сіні,
Што пралётныя жоравы граюць на весняй трубе:
Я хацеў бы і скону, і смерці ў далёкай чужыне,
Толькі б вочы юнацтва любілі мяне, як цябе.
Гэта дзіўна, што мёртвым часамі зайздросцяць
жывыя,
Тым, што песцілі парасткі, нішчылі ламаўё…
Хай канец, хай атлантаў цяжар на маю
несагнутую выю,
Толькі б вечнае шчасце каханай старонцы маёй.
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.44, з паметай: 29 сакавіка 67 г., Ялта.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 214, 215.