I. РОЗДУМ
Расплата за ўсё:
За чырвоныя макі,
За світанне жыцця,
За блізкі канец,
За тое, што быў,
Што смяяўся і плакаў,
За тое, што ўсе любілі мяне.
За Сірына, што заліваўся ў маі,
За лістападаўскі крык крумкача –
За ўсё, расплата, цябе прымаю
I, сціснуўшы зубы, буду маўчаць.
Нішто не суцешыць,
Не дапаможа,
Таму, што не быў я спакойнай травой,
А быў удалым,
Як Ян Прыгожы:
Ў стрэмя нагой ці аб пень галавой,
Аб пень галавой!
З парванай папругай
Конь самотны тоне ў траве.
Спускаецца ноч.
I голас друга
Не заплача, не крыкне, не пазаве.
Я многія вочы і сэрцы трывожыў
I толькі перад каханай адной
Бляяў рахмана, як агнец божы,
Піў з капытка і цягнуўся струной.
Я ведаў, што трэба кахаць бязмерна,
Што не біць, а песціць павінна рука,
Што лепей ягня, чым тхор крыважэрны,
Лепей юродзівы, чымсьці кат.
А яна мне на шыю стужку ўзвязала,
Як ягня, барола мяне галавой,
I ў кучаравы лоб цалавала,
I гадавала зялёнай травой.
II. КАЗКА
Ну сядай, сядай са мной, калі ласка.
Навальніцы песня старая-старая.
Слухай казку. Апошнюю казку.
Яна на тваіх вачах памірае.
Ў гэтай казцы яліны лапы схілілі.
Візантыйскі захад у алым дыме…
«Зялёная сарока кашку варыла,
Зялёная сарока з дурнымі вачыма…«
У кулінарную кнігу глядзела,
Чухала патыліцу драўлянаю лыжкай,
I дзеткі кашку да лыжкі з’елі,
А нам з табой не далі ані крышкі.
Ты смяешся? Такога няма на свеце?
Не смейся, любая, свет шырокі.
Мы з табою толькі дурныя дзеці.
Нам добра з гэтай чубатай сарокай.
Сарокі розныя рэчы крадуць,
I, можа, ў гняздзе яе, з золатам поруч,
Ляжыць каханне, святло і радасць,
Што прынесла сарока з-за сіняга мора.
Аддайце, сарока. Няма ўжо сілы.
Яна ж не кахае мяне, хоць зарэжце.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Дай я цябе пацалую, мілая.
А каша?
III. СТРАШНЫ СУД
Якія страшныя, шэрыя дні!
Апоўдзень — вячэрні змрок.
Без цябе, без сонца, без цеплыні.
Ў сэрцы — боль, на вуснах — замок.
Імжэў у чацвер халодны дождж.
Я ў ложак лёг і памёр.
Праляцеў праз туман, праляцеў праз буран
I пабачыў ільдзінкі зор.
Мае павекі цяжкімі былі
Ад непралітых слёз.
За мною былі абшары зямлі.
Наперадзе — быў Хрыстос.
I д’ябал сядзеў ля ног яго
На вугалях залатых,
I на ляжках калматых ляжала ў яго
Кніга грахоў маіх.
Уладзімір злева стаяў у карзне,
Справа — маці Хрыста,
I яны загадалі наблізіцца мне.
I я перад тронам стаў.
Паміж богам і мною стаяла сцяна.
Я на жанчыну глядзеў,
Мне здавалася: гэта стаіць яна,
Лепшая з лепшых людзей.
— Любая, што вы са мною зрабілі?
Чым асудзілі на страшны канец?
Чым варажылі, чым апаілі,
Чым, дарагая, забілі мяне?
Трызніцца ўсё мне ліловы вечар,
Вашы сляды на ліловым снягу.
Нават цяпер я чакаю сустрэчы,
Нават мёртвы без вас не магу.
Думаў, што ёсць забыццё у смерці,
I зноў папаў у квітучы твой сад.
Вазьмі маё сэрца,
Вазьмі маё сэрца,
Вазьмі майго сэрца
Чырвоны гранат.
— Досыць, — з усмешкай сказаў Сатана, –
Ты не змяніўся, герой.
Замест таго каб маліць і стагнаць,
Ты ўпадаеш за жонкай чужой.
Занядбаў ён, божа, твае дары,
Талент развеяў, як дым,
Ён гарэлку піў, ён кахаў і курыў,
Брыдка лаяўся ў доме тваім.
Воласа не аддаў за багоў,
Нюхаў дно ў бакалах, як Ной,
I нават памёр ад кахання свайго
Да зямной жанчыны адной.
Ты даў зямлі дзіўных песняў сям’ю,
Ты арган стварыў для яе.
Ён мог грымець у славу тваю,
А славіў адну яе.
I ён самачынна арган паламаў,
I песня знікла з мяхоў,
I ў кнізе чыстага месца няма
Ад яго бясконцых грахоў.
— А ён малайчына, — Ўладзімір сказаў, –
Любіць песню і сечы дым.
Гусляром бы яго я ў дружыну ўзяў, –
I стаў бы Царград маім.
— Я ведаю, — вымавіў рот Сатаны, –
Што ты бараніць яго рад.
Ты такі, як ён, ты — певень дурны,
Да крыжа меў трыста дзяўчат.
— З табой, Сатана, распраўлюся я,
Як мой дружыннік Ілья
Расправіўся з багамерзкай дачкой
Разбойніка Салаўя.
Выспятак суну табе пад зад,
I будзеш ведаць тады,
Што ўзялі маіх цёплых грэшных дзяўчат
У светлага рая сады.
— Панове, тут дама, — ўзмаліўся бог, –
Бярыце рот на замок.
А вы, маман, прыпадаю да ног,
Не рэгардэ ў той бок,
Як мне з такой камарыльяй жыць?
Лаюцца, бы ў піўной.
А ты… ты апошняе слова скажы,
Апраўдайся перада мной.
— Любая, што вы са мною зрабілі?
Чым асудзілі на страшны канец?
Чым варажылі, чым апаілі,
Чым, дарагая, забілі мяне?
Трызніцца ўсё мне ліловы вечар,
Вашы сляды на ліловым снягу,
Нават цяпер я чакаю сустрэчы,
Нават мёртвы без вас не магу.
I адказ. Цішэй скрыпічнай струны.
Голас маці Хрыста і маёй:
— Ён кахаў, і за гэта палову віны
Выкраслі з кнігі сваёй.
I душа яго была, як палі
Ў сонечнай майскай расе.
Ён кахаў прыгажэйшую на зямлі, –
Выкраслі віны усе.
Ён так кахаў, як ніхто з мужчын.
Свет паклаў на каханай далонь.
Жанчына я і стаю за жанчын.
Кідай лісты у агонь.
А ты, што душы можаш будзіць,
Ты, шалёная галава,
Уваскрэсні, на людныя вулкі ідзі,
Грашы, суцяшай, спявай.
Ёсць на свеце гор і лясоў краса,
Акіянаў сіняя соль.
— Але я не хачу, не хачу ўваскрасаць.
Там боль!
— I тут будзе боль.
Забыцця ў каханні і смерць не дае…
— Там змрок!
— I тут будзе змрок.
— Там яна!
— А тут не будзе яе.
Ёй горка,
Вярніся, дружок,
Помніш?
Чым асудзілі на страшны канец?
Чым варажылі, чым апаілі,
Чым, дарагая, забілі мяне?
Трызніцца ўсё мне ліловы вечар,
Вашы сляды на ліловым снягу…«
— Досыць!
Хоць бы адну сустрэчу!
Ўваскрасіце!
Вярніце!
Я не магу!
IV. ГОРАД I ЗАВУЛКІ
Зараддзе. Будоўля. Магутныя краны.
Электразваркі мёртвы агонь.
Звініць у свежых цагляных ранах
Перфаратараў гучная звонь.
Бураць дамы. Для кіно раскоша:
На руіне вісіць чыгунны ліхтар,
Пад нагамі разбіты латок кніганошы
I сарваная «выбухам» шыльда «Бар».
Раяль бутафорскі вісіць ца калоне
(Усё зрабілі, як на вайне),
I струны, як змеі Мядузы Гаргоны,
Свісцяць на вятры і ловяць мяне.
Я ўваскрэс, але я гару, як салома,
На якую вецер іскру нагнаў.
Пажар у шэрым каменным доме:
Дым укрывае пляц Нагіна.
Крывы завулак.
Царква Варвары,
Ліпучы брук і вугальны дым.
Ва ўсіх дамоў непакояцца твары: .
«Чаму ён такі?
Што здарылася з ім?«
Завулкі, завулкі, завулкі змяяцца,
Усе падобныя, шэрыя ўсе,
I я падобны на лісцік акацыі,
Што вецер цяснінамі вуліц нясе.
Я хацеў бы рухаць пачварныя краны,
Класці цэглу.
Закон бы выдаць, каб закаханых
За сабатаж — без жалю страляць.
Людзі ў завулках, людзі ў кватэрах,
Людзі ў вокнах.
Шчасце без меры і гора без меры,
Змрок безнадзейнасці, сонца надзей.
Інвалід бязногі спрытна і ўмела,
Падабраўшы раменьчыкам чуб з ілба,
Ладзіць абцасікі туфлікаў белых,
У якіх дзяўчына пойдзе на баль.
Флюгер — леў на баярскіх палатах –
У дзённым прысмерку цьмяна згас.
Плача дзяўчо за шклом аўтамата,
I трубка каркае ёй у адказ.
Я б не дазволіў, каб горкія слёзы
Проста да трубкі з вачэй цяклі.
Яны ж –
Іх трэба любіць на гэтай зямлі.
Каб мая жанчына мяне пакахала,
Я б не каркаў, як гэты прывык,
А здарыцца так, што слова сарвалася, –
З коранем выдраў бы свой язык.
Не пакахае.
Не можа.
Світанне
Не прынясе мне новых надзей.
Але ёсць яно,
Але ёсць каханне, –
I люблю я больш
Зямлю і людзей.
Больш ні ў чым на зямлі мне няма патрэбы:
Толькі б шчасця болей яе сынам,
Больш любві, пяшчоты, сумленнага хлеба,
Менш хлусні, менш свінцу, менш агню палям.
Толькі б хлопцы былі да дзяўчат, як ветрык,
А дзяўчаты да хлопцаў, як сонца, былі.
Толькі б мукі зямлі ў зямныя нетры
Разам з целам маім навек адышлі.
Толькі б душы свяшчэнным гарэлі знічам…
I яшчэ адно,
I гэта канец:
Калі ты мяне ў бой за сябе паклічаш
I заглянеш пажарамі ў вочы мне, –
Я пайду на гэта з такім жаданнем
I з такою гарачаю верай зямной,
Як ляцеў у асенні дзень на спатканне
З жорсткай, светлай, добрай, харошай маёй.
Ўсіх Святых на Кулішках храм занядбаны
Поруч з плошчаю і тытунёвым латком.
Памалюся ў ім аб смяротнай ране
I аб мужнай славе перад канцом.
Аб трывожнай, крывавай, застрашлівай долі
Папрашу перад тым, як кінуцца ў бой,
Перад страшным полем, смяротным полем,
Куліковым полем любові маёй.
V. ПЕРАД СЕЧАЙ
Над полем агонь бівачны згас.
Два страі. Скора звінець мячам.
Многа вас, вельмі мала нас, –
Літасці нашай не будзе вам,
Сілы зла, што пакінулі нам
Попел, і смерць, і асколкі ў грудзях.
Прыходзіць канец. Звінець мячам.
I ў душах вашых цемра і жах.
Вы каханне забілі у кожным з нас.
Тут кожны, кожны такі, як я.
Мы свядома клічам апошні час,
I на вуснах у кожнага песня мая.
«Коні грымяць капытамі.
Блізка апошні час.
Юры, градучы ў славе,
Будзь справядлівы да нас.
Моцнай не будзь дапамогай,
Стрэлы не кідай свае
I не давай перамогі, –
Самі возьмем яе.
Не нам дрыжаць і баяцца;
Нас раз’юшылі ўкрай,
Дай нам да іх дарвацца,
Моцнага ворага дай.
Яны нам жыццё зламалі,
Каханне, цяпло і дом,
У сэрца нявест плявалі
Сталлю, свінцом, агнём.
Над намі не будзе бога,
За намі — пажараў дым.
Мы не просім нічога,
Мы просім цябе аб адным:
У нас ні жонкі, ні хаты,
Ні дзяўчын, ні ніў, ні каня.
Дай, разграміўшы праклятых,
Смерць на полі прыняць.
Не нам каханых палацы,
Нам — абдоймы ночы пустой.
Нам немагчыма вяртацца.
Нас не сустрэне ніхто.
Няхай і кроку ў тумане
Не зробіць дахаты нага.
Не там, а з намі каханне,
На нашых гнеўных сцягах«.
Вораг мой ляціць на кані вараным,
Над расістай травою заззялі мячы,
Мне перад войскам біцца з ім –
Зубы ў зубы і шчыт на шчыт.
Слухай, — прыходзіць апошні бой,
Я заб’ю ў паядынку ці ён заб’е, –
Перад тым як спаймаю стрэмя нагой,
Слухай, мілая, словы мае.
Не магу я ліць табе цёплых слоў,
Што квітнеюць, як макі на цёплай раллі,
Толькі думы светлыя, толькі кроў,
Толькі жыццё магу праліць.
Мы на смерць як адзін за цябе гатовы.
Мы гатовы грызці ваўчынай гурмой.
I кавыль схіляць пераможным ровам
Перад тым, як кінуцца з дзідаю ў бой.
I над строем тваіх абаронцаў суровых,
Над клінкамі, што п’юць гарачую кроў,
Будзеш ты лунаць
На харугвах пунсовых.
Залатое святло!
Прамаці любоў!
Чуеш — падковам час звінець.
Разышліся — ад пошчаку поле звініць.
Клінок
Два падзенні,
I не плач, не магу ў вачах тваіх сініх
Бачыць слёз.
За цябе так лёгка, так лёгка гінуць.
Бы ў абдоймы каханай нарэшце пайсці.
З перарывістым, лёгкім, шчаслівым уздыхам
Да грудзей прынікнуць і замаўчаць.
Ты не плач. Я скажу табе ціха-ціха,
Што цалую лязо чужога мяча.
Ён дабро мне зрабіў, пракалоўшы грудзі:
Я ўпэўнены ў гэты шчаслівы дзень,
Што цябе ні бог,
Больш це змогуць вырваць з маіх грудзей.
VI. MISERECORDIA1
Стогне поле нясцерпна, няспынна,
Гасяць стогны крылом крумкачы.
Маці шукае забітага сына:
Чорны цень на захадзе алым,
Чорны дзень уначы.
Поле вячэрняе, поле сырое.
Плач плыве, як туман па вадзе.
Маці плачуць і над героямі,
Героі таксама пілі з грудзей.
Яны ж хлапчаняты, няхай з бародамі,
Яны ў калысцы плывуць пад гачком.
Што ж ты, калыска, такая свабодная?
Што ж зарасла ты травой-кавылём?
«Ой, да нары мышка,
Да нары,
Да сваёй залатой
Каморы.
Ў мышкі пад падлогай
Дзеткі спяць,
Хвосцікі толькі
З калысак вісяць«.
Што ж, мышанятка маё, нерухомае,
Што ж ты не можаш узняць галавы?
Дзеці, дзеці, з якое стромы,
З якіх вяршынь абарваліся вы?
Ляжаць, раскінуўшы рукі белыя,
Кліч іх не кліч, заві не заві.
Ляжаць пасечаныя, пастрэленыя
З-за нейкай сваёй, невядомай любві.
Хоць бы пабачыць дзявочыя рукі,
З якіх яны выпілі чашу сваю,
З-за якіх з усмешкаю йшлі на мукі
I шукалі, як шчасця, смерці ў баю.
Іх не пабачыш.
Іх вочы сінія
Халадней сібірскіх спакойных зім.
Той, хто не быў у жыцці з маім сынам,
Ў смерці таксама не будзе з ім.
Мы — маці, і мы ад тугі згараем;
Але нават у смутку ўсё зноў і зноў
Мы на жыццё вас благаслаўляем,
Бо вы забілі нашых сыноў.
Таму, што лепей вісець на нажы,
Кахаць,
Праклінаць.
За каханне багоў,
Чым век пражыць,
І дзяцей нажыць,
І не дажыць да кахання свайго.
Маці, ты памылілася знову:
Ў час, калі ты пакінеш мяне,
Прыйдзе яна і вачыма суровымі
Ў самае сэрца мне загляне.
Пабачыць, што ў полі, крывёю палітым,
На якім заклалі мы нашу вясну,
Я адзін ляжу недабіты.
I гора забітых адзін цягну.
Ўстаюць з уздыхам змятыя травы.
Яны рыхтуюць сябе для жывых.
Чаму я павінен, палегшы са славай,
Слухаць адзін уздыхі травы?
Месяца сяйва ружовае, соннае.
— Гэта вы? Я чую. Вы — спеў зямлі.
— Я прыйшла. Вы шалёны,
Зусім шалёны,
Вы двойчы жыццё за мяне аддалі.
Нашто свае песні, іх ласку і сілу,
Іх сталь і шоўк аддалі на здзек?
Нашто вы сябе дарэмна забілі?
— Нашто?
Вы забылі:
Я чалавек.
Раб прыроды сваёй.
Уладар прыроды.
Зямная персць. I сонца зямлі.
Вы былі разумнейшай заўсёды,
Але я кахаў, і тыдні, як годы,
Над маёй галавою маршам прайшлі,
I абвяваў мяне пекла вецер,
I сэрца маё палала свячой,
I столькі я зразумеў на свеце,
Што сталі вы неразумным дзяўчом.
Слухай:
Закону гэтага сілу
Не заб’юць ні агонь, ні час,
Ні мячы:
Мужчына павінен гінуць за мілых,
Іначай не будзе
Жанчын і мужчын.
Не будзе пяшчоты,
Адвагі дзікай,
Стане зямля,
Як сіта, пустой,
Справы вялікай,
Песні вялікай,
Смерці вялікай
Не будзе на ёй.
Зроблена ўсё
Яшчэ напрадвесні,
Сказана слова для ўсёй зямлі,
Зроблены справы,
Скончаны песні.
Мортусы да мяне падышлі
Чалавечней дабіць.
I ў масках чорных
Чакаюць, на што ты асудзіш мяне:
Пальцы ўгору — жыццё падорыш,
Пальцы ўніз — падорыш канец.
Жыць?
Вышываць санеты на пяльцах?
Чакаць, каб агонь з гадамі згас?
Ну!
Апусці свае тонкія пальцы.
Кожны сам выбірае свой час.
Узрадуй апошнім мяне падарункам,
Грудзі мае прабі і знявеч,
Сэрца маё абпалі пацалункам,
Miserecordia
Літасці меч.
VII REQUIEM
Знічка ўпала — памёр чалавек,
Камень свой катаржны знёс пад гару.
Вечны спакой і святло павек
Сыну свайму, зямля, падаруй.
Не баяўся ён спяваць і любіць,
Жыццё ў няроўнай паліў барацьбе,
Быў такім, якім трэба быць,
Калі завуць чалавекам цябе.
Сонцам пяшчотным быў для дзяўчат,
Другам адданым для добрых сяброў.
Страшным для ворага, як набат,
Літасці богам — для бедных звяроў.
Што яму смерць і што яму змрок?
Смерці няма для людзей на зямлі.
Марш жалезны. Чыгунны крок.
Тысячы.ног за лафетам пайшлі.
Сонца ўстае над новай зямлёй,
Выбух апошнюю рушыць турму…
Вечнае шчасце любай маёй.
Вечны requiem сэрцу майму.
_______________
1 Меч, якім дабівалі параненых.