Нельга забыць — Раздзел XVII

Раніцай яны былі з пахмелу.

Андрэю гэта было тым горш, што ён апошнія месяцы дрэнна спаў. Ён нават еў дрэнна ў тыя дні, калі не бачыў яе. Ік марфініст без морфію. Дзень праходзіў у напружаных думках аб ёй, ва ўпартай, але часта бясплоднай працы, у бязмэтных бадзяннях па горадзе. А вечарам чалавек клаўся ў ложак і гадзін да чатырох не мог спаць. Ліхаманкавыя думкі, уяўленні, часам нейкая блытаная сувязь слоў, знешне стройныя сказы, якія нічога не азначаюць. Потым — цяжкі сон, у якім ён ні разу не бачыў яе. А потым, гадзін у сем, быццам шокавы ўдар, калі прачынаешся, седзячы на ложку. Тое самае было і сёння.

I ўсё ж Андрэй не мог утрымацца ад усмешкі, калі зайшоў у пакой Яніса. У латыша быў, відаць, пахмельны настрой, прыступ тых згрызот сумлення, калі не мілы белы свет і чалавек з агідай успамінае, што трэпанг, якога елі напярэдадні ў рэстаране, мае другую назву — «галатурыя».

Бр-р, брыдка!

Яніс сядзеў ля стала і амаль са слязьмі на вачах глядзеў на фотакартку сына. Сын, увесь пушысты, увесь, з лапкамі, зацягнуты ў пуховага «ведзьмядзёнка», з аптымістычнай усмешкай глядзеў на няшчаснага Яніса, у лікаванні раскрыўшы круглы раток з адзіным зубам.

Андрэй паддаў жару. Змрочна сказаў:

— Смяецца, не ведае, што бацька — мярзотнік.

У наступную секунду з грукатам упала крэсла, а Андрэй ужо ляцеў калідорам, а потым сходамі, ратуючыся ад раз’юшанага вярблюда Яніса.

А яшчэ цераз пяць хвілін яны рагаталі да слёз. Калі хтосьці скажа, што латышы — халодныя людзі, не верце. Ва ўсякім разе, Янісавым выбухам мог бы пазайздросціць і італьянец,

I толькі за сняданнем Яніс зноў спахмурнеў, раптоўна прыгадаўшы нешта.

— Што з табой? — спытаў Андрэй.

— Ведаеш… — цяжкі твар Яніса быў нібы каменна-нерухомы.

Андрэй чакаў. Яніс заўсёды нагадваў яму аднаго з тых жалезных стралкоў, аб лёсе якіх яны часам гаварылі, і таму Андрэй заўсёды чакаў ад яго чагосьці трывалага, хай не заўсёды абгрунтаванага, але свайго, сталага, далёкага ад хістанняў.

— Што? — спытаў Андрэй.

— Не трэба табе валачыся туды, — латыш хваляваўся. — Пабойваюся чагосьці я.

— Дарэмна, — сказаў Андрэй. — Ведаеш, што дарэмна. Усё адно павалакуся.

У той дзень ён павінен быў сустрэцца з Горавай каля выхаду з Крапоткінскага метро. Яна, як заўсёды, спазнілася амаль на дваццаць хвілін. Цямнела ўжо зусім рана, і калі яны ішлі бульварамі, на дрэвы, на аголеныя віцы хмызоў, на пабітыя ранішнікамі вяргіні клаўся ўжо бэзавы цень прысмерку.

Яна круціла ў пальцах апошні лімонны лісток клёна, узяты з бульварнай лаўкі.

— Нашто вы хацелі бачыць мяне?

— Потым, Андруша.

Яна была відавочна ўсхвалявана і, відаць, вагалася, вырашаючы ў думках, зрабіць ёй нешта або не. Андрэй адчуваў гэта. Як яснаглядзец, ён мог за апошні час лавіць самыя неакрэсленыя змены яе настрою.

I тут ён адчуваў: яна задумала нешта такое, што можа паставіць іхнія адносіны пад незваротны ўдар.

А яна, відаць, адчула, што ён нешта падсвядома разумее, і, адцягваючы хвіліны, загаварыла зусім аб другім. I, як заўсёды, ёй удалося захапіць Андрэя спрэчкай і прымусіць яго забыць аб напружанасці. Праз некалькі хвілін яны ўжо спрачаліся.

— Гэта па-дурному, — казала яна. — Прыйшоў, нарэшце, час сусветнага мастацтва, аднолькава зразумелага для ўсіх: для швейцарскага гандляра і для рыбака з Палінезіі.

— Не думаю. Рана.

— Чаму?

— А таму, што, па звестках «ЮНЕСКА», на зямлі ледзь не палова людзей непісьменныя. Ёсць плямёны, у мове якіх пяцьдзесят слоў. Што ім да Суціна і Дос-Пасаса? Раней за ўсё трэба зраўняць гэтую прорву, вучыць людзей і мастацтву і ўсяму. А гэтаму лепш за ўсё вывучыш на сваім мастацтве… Можа, і сапраўды дурасць: у век, калі чалавек рве зямную цягу, трымацца за нацыянальныя адрозненні.

— Не думаю, — сказала яна.

— А я думаю. Школу нацыянальнага навучання павінен прайсці кожны. Яна — як фундамент. Гэта кажу вам я, грамадзянін зямлі, інтэрнацыяналіст.

— Адкуль такое? Нешта па вашых вершах я не заўважыла.

— Чалавек расце хутчэй, чым яго кнігі. Я за жыццё прайшоў тры такіх прыступкі…

— Першая?

— Артадаксальны патрыятызм…

— Ого! А другая?

— Абражаны нацыянальны гонар.

— Зразумела… А зараз?

— Я вельмі люблю радзіму. Вельмі. Часам да слёз. Але я не ведаю, чаму нягоднік-беларус павінен быць мне бліжэй за высакароднага іспанца.

На яе твары з’явілася хітраватая ўсмешка:

— Ну, а што вам бліжэй пры гэткіх касмічных парывах: негрыцянскія «спірычуэлс» ці свая «рэчанька»?

— Рэчанька. Але гэта ад прывычкі.

— Ну і вось. Усяму шкодзіць гэтая «во поле берёзонька». I ўвогуле атрымліваецца «чаму ж мне не пець?». З-за гэтага не разумеюць адзін аднаго, і агульная культура не можа выйсці на прастор.

— Не разумеюць не з-за гэтага. Вы ведаеце… Тут і вы на правільнай сцежцы, і я. Але вы трохі не дадумалі. Калі б ваш Мусаргскі не ўварваўся ў культуру Захаду — яны дагэтуль лічылі б рускіх музычнымі дзікунамі, і вы не маглі б сесці за стол стварэння агульнай культуры, як роўная.

Спрэчка гэтая была непатрэбнай. I таму ён перавёў размову на іншае.

— Давайце лепей бананаў купім. Вось латок.

Абдзіраючы банан, ён не стрымаўся:

— А сапраўдная антонаўка ўсё ж лепей.

Засмяяліся.

— Вы прыгожа ясцё, — сказаў Андрэй. — Людзі рэдка прыгожа ядуць. Нават унутрана інтэлігентныя нагадваюць у гэты час то малпу з яблыкам, то тыгра над косткаю. А вы…

— У вас ружовы туман у вачах. Мастакам найбольш цяжка маляваць каханую.

— Па-мойму, глупства.

— Ну што вы заўважаеце ў каханай?

-Усё.

— Не. Нічога, Зусім нічога. Калі пачынаеце заўважаць нешта — гэта ўжо канец.

Яна спынілася ля вялізнага шэрага будынка. Стаў і ён.

— Вы не заўважаеце ні майго вялікага рота, ні худых плячэй — нічога. Вы загіпнатызавалі сябе, Андрэй.

Ён стаяў, упарта, па-бугаінаму, нахіліўшы галаву:

— Напляваць. Я ведаю толькі, што для мяне ўсё гэта падстава, каб захапляцца.

У яе вачах зноў быў той разгублены выраз боязі чагосьці і цягі. Але яна хутка справілася.

— Проста вы там у сябе рэдка бачыце такіх жанчын. Вы ведаеце толькі мяне і таму перабольшваеце мае сціплыя добрыя якасці. А такіх, як я, — тысячы. I калі вы зведаеце гэта асяроддзе — я паблякну сярод іншых і застануся звычайнай шэранькай жанчынай… Замужняй… Чужой… I вы забудзеце мяне.

«Вось яно, — штурхнулася ў галаве Андрэя, — падрыхтаванае».

— Зойдзем, — сказала яна.

— Не пайду… — змрочна сказаў Андрэй,

— Але я зайду з вамі, хоць буду нядоўга.

— Вы абяцалі аддаць тэты вечар мне.

— Нечакана з’явіліся справы. А я не хачу, каб па маёй правіне вы сумавалі цэлы вечар.

— Не.

— Ну… я вас прашу.

Андрэй акінуў яе постаць і цяжка ўздыхнуў:

— Добра. Толькі… ведайце, я знаю, нашто вы гэта робіце. I не ўхваляю.

Яна ўздыхнула нават з нейкай палёгкаю. Абое зайшлі ў пад’езд, падняліся на трэці паверх. Аксамітна праспяваў званок.

За дзвярыма чуліся мяккія спевы. Потым крокі. Потым ляснуў замок.

— Арынушка, — сказаў незвычайна пявучы голас. — Бог мой, заходзь. Заходзьце.

У прыхожай было цёмна, відаць, назнарок, і Андрэй не бачыў той, што адчыніла дзверы. У паўцемры ён адчуваў толькі шолах убору і гаркаваты пах нейкай невядомай парфумы, чуў толькі, як сяброўкі пацалаваліся.

— Андрэй, — сказала Горава, — гэта Ганна. Я яе выдам: яна мне ўсе вушы пратрубіла: «пазнаём» ды «пазнаём». Знаёмцеся.

У поўнай цемры Андрэй працягнуў руку, і тут раптам, быццам сам сабой, пачаў налівацца вадкім святлом матавы шар пад столлю.

Але перш чым убачыць, ён адчуў у сваёй руцэ моцную і вузкую руку гаспадыні, асабліва цёплую пасля знадворнага холаду. А калі ўбачыў — веі яго здрыгануліся. Перад ім стаяла нешта такое, што можна пабачыць… ды не, бадай, нідзе і нельга было такога пабачыць.

Валасы гаспадыні былі заплецены ў касу таўшчынёю з руку. Залацістыя, з адлівам у пшанічны колас, яны высокай каронай ляжалі на галаве. I амаль неверагодным пры такіх валасах быў янтарны румянец скуры, смаляныя бровы і чорныя вочы пад доўгімі, як стрэлы, веямі, такія чорныя вочы, што зрэнкі амаль зліваліся з райком.

«Напэўна, дурніца, — груба падумаў Андрэй. — Такая прыгажосць не можа быць разумнай».

— Мастак, — сказала Ірына.

«I тут пэўна нічога не разумее, — быццам назнарок падумаў Андрэй. — Жыве каля мастацтва ўвесь век, як кот з Трацякоўкі».

А на вуснах гаспадыні — ах, як яны былі абрысаваны! — з’явілася нечакана ласкавая, пры такіх жорсткіх зрэнках, усмешка.

— Распранайцеся, Андруша.. Дапамажыце Ірыне. Ах, як добра, што зайшлі, госцейкі вы мае.

— Я не магу, — сказала Горава, — я павінна бегчы.

Так, поруч з гаспадыняй яна здавалася чымсьці накшталт Золушкі Але Андрэй усё адно зірнуў у яе адразу паспакайнелыя вочы з выразам чалавека, якога пакінулі ў палонцы.

«Завабілі, — сказаў яго позірк, — кінулі, падманулі».

«Ну і добра», — адказаў яе позірк.

I тады Грынкевіч з невыразным пачуццём крыўды пачаў скідадь паліто.

— Бывайце, — сказаў ён.

Ляснулі за Ірынаю дзверы. А шчокі Андрэя гарэлі, ці то з марозу, ці то ад сораму. I адначасова нараджаўся недзе гнеў.

— Які вы румяны, — сказала Ганна. — Проста як макаўка.

— Я правінцыял. Мне належыць быць румяным і немудрашчым, як калатоўка. Або як граблі.

Зрэнкі яе пашырыліся:

— Прычэсвайцеся. Хадзем.

— Я правінцыял. Мне. належыць быць бахматым, як стог.

— Які вы правінцыял, — усміхнулася яна. — Вы проста акварэльны хлопец…

Яна разумела яго стан. Андрэй ведаў гэта, — але гэта яму не падабалася.

— Гэта звонку, — казаў ён дзёрзкасці далей, — а ў душы я лубачны… Такі сабе купідон з латкамі ніжэй спіны.

Ганна ўзяла яго пад руку:

— А ў душы вы разбойнік. I з’явіліся сюды з набегам. I таму вам нельга пайсці адсюль, не пашарпаўшы нашых душ, без здабычы. Вы ўшкуйнік і вараг, а таму вам належыць ваяваць з разумнымі мужчынамі, а не з паненкай, якая з першага ж погляду здалася вам дурной, аж круціцца.

Андрэй сумеўся.

— Ну пакіньце, — весела і лёгка сказала яна, — я ж ведаю, што вы гэта ў мэтах самаабароны. «…вяршка не аддамо».

Андрэй сумеўся яшчэ больш:

— Ды я ўласна нікому нічога.

— Ну вось і добра.

Яна расчыніла дзверы ў вялікі пакой, і адтуль адразу лінуў шум, галасы, музыка вялікай спрэчкі. Акно на ўсю сцяну глядзела ў ноч, ледзь завешанае збітай шторай колеру асенніх лісцяў.

Усё здавалася трохі пабляклым: і штора, і кілім, і стары вельмі добры раяль ля акна. Усё, акрамя пагрозліва яркіх карцін і малюнкаў на сценах, акрамя груба засунутага ў кут мальберта і гранітнай няскончанай статуі чалавека, які імпэтна крочыў проста на Андрэя. Як жывыя, пераліваліся мускулы на нагах, а галава была толькі намечана, быццам сякерай, і гэта надавала чалавеку нейкую пагрозлівую магутную сілу.

— Бацька не скончыў, — сказала Ганна. — Ён памёр год таму. Была б зусім адна, каб не сябры. Лаюцца вось… Кожны вечар за кулакамі свету не бачыш.

На руцэ ў чалавека, як плашч Апалона Бельвядэрскага, вісела чыёсьці паліто. А ля самых ног статуі мірна спаў мармурова-бледны юнак. Спаў, паклаўшы галаву на пальцы гранітнага ступака.

— Бачыце, які Марфей, — усміхнулася гаспадыня. — Гэта Аленін, бадай, лепшы з маладых мастакоў. Горачка маё! Узяў ды падпіты прыцёгся. Няхай праспіцца, не выганяць жа на холад.

Андрэй быў здзіўлены. На стале з ножкамі ў выглядзе гермаў стаяла толькі некалькі бутэлек сухога віна, але застолле выглядала ці то на парах, ці як злёгку ашалелае.

Мужчына артадаксальнага выгляду грузна сядзеў у крэсле, паклаўшы на падлакотнікі страшэнныя рукі. У жорсткіх, як дзікова шчэць, валасах першым снегам легла сівізна.

— Сюррэалізм, ташызм, — басіў ён. — Сорак год падыходзіць ваша новае цеста. А калі ж вы пекчы будзеце? Вы пакуль што толькі і дбаеце пра тое, каб не перабухаць солі або цукру.

Некалькі чалавек, седзячы вакол, слухалі шчэцістага, а насупраць яго стаяў на падэсце — на крэсле натуршчыцы — худы юнак з прыгожым нервовым тварам і гарачыўся:

— Не прыпісвай мне ташызм!.. А што да цеста, дык гэта ты, гэта Юпіцеры ад мастацтва перашкаджаюць нам. На дзесяць год замарозілі цеста, а цяпер раз-пораз штурхаеце. А цеста не любіць штуршкоў.

— Гэта ўсё інтэлектуальны снабізм, — басіў грузлы.

— У нас снабізм. А маляваць бяздарныя фотапартрэты — гэта не снабізм? I яшчэ горшы, бо кан’юнктурны снабізм.

— У вас кар’ерызм і зайздрасць да «абоймы».

— Не скажы, — іранізаваў юнак. — Добрую мы кар’еру зрабілі. А зайздросціць няма чаго. Старцам не зайздросцяць.

А ўбаку сядзеў насупраць гожай, зусім маладзенькай дзяўчынкі хлопец у акулярах з сумным прасценькім абліччам і казаў:

— Самае лепшае там — лотас. Гэта трэба самой бачыць. Тоўстая сцябліна, і на ёй, адарваўшыся ад смаляной гразі, вырастае масляністая, ружова-белая раскоша.

Дзяўчынка глядзела на яго спуджанымі спачувальнымі вачыма, раз-пораз кранала яго руку і ўмаўляла:

— Не скручыньвайся ты так. Не вартая яна. Не трэба.

Ганна ўсміхнулася Андрэю.

— Не бойцеся цыганшчыны, — сказала яна. — Гэта ўсе добрыя хлопцы. Проста патроху развіваюць лёгкія… Знаёмцеся, хлопцы, гэта Андрэй Грынкевіч.

Упала цішыня. Потым грузлы падаў Андрэю руку.

— Чулі. Гэта не вам давалі гэткага здаравеннага выспятка ў пяцьдзесят шостым? — I адрэкамендаваўся: — Яхненка.

— Мне, — сказаў Андрэй. — Нічога, і спіна і іншае, усё на месцы.

— Чулі, а зараз бачым і суцяшаемся, — хітравата ўсміхнуўся нервовы юнак. — I яшчэ тое-сёе ад кагосьці чулі… Я Пятроўскі.

Аленін, відаць, пачуў нешта праз сон, адарваў ад п’едэстала шчаку, на якой чырванеў, як поўха, выразны адбітак гранітнага ступака, і сказаў са змрочнай іроніяй:

— Узыходзячы Купала…

— Спі ўжо, узыходзячы Рэпін, — сказала яму Ганна.

— Не абражай, — сказаў ён. — Я позні Рэпін з ліловымі запарожцамі. А спаць — я магу. Хто спіць, той не піша карцін. I вершаў не піша. Не грашыць.

I, апусціўшы галаву, зноў заснуў сном немаўляці.

— Пакіньце спрачацца, хлопцы, — сказала Ганна. — Што, сапраўды? Як сыдуцца, так і за лаянку. Лепей спявайце. Зайграў бы што, Петрык.

Хлопец у акулярах сапраўды сеў за раяль. Пятроўскі, якога, відаць, цягнула да розных нязручных месцаў, сеў на раяль, выцягнуўшы ногі і абапіраючыся рукамі, адведзенымі за спіну!

— Бачыце вы, Іда Рубінштэйн, — кінуў яму Яхненка, усё яшчэ злосны пасля маральнай лазні. — Пачак, і з яго чатыры запалкі тырчаць.

— А ты архідыякан, — сказаў з кута нехта. — Ты метафізік і кіруючы жораў на балоце мастацтва.

Яхненка шчыра і горача зарагатаў.

— Пляханава начытаўся, — са з’едлівай усмешкай сказала ў кут Ганна. — Глядзі, застанешся са сваёй навукай у дзяўкох.

Потым узяла бутэльку віна, дзве шклянкі і панесла ў кут, да глыбокай канапы.

— Сядайце, — сказала яна Андрэю, — калі хочаце, скідайце туфлі.

I сама скінула туфлі, забілася ў зручны куток. Андрэй з мужнасцю адчаю зрабіў тое самае.

— Піце,- сказала яна. — Расказвайце.

Асветлены толькі ніжнім святлом, спяваў недзе далёка раяль. Скупчыліся вакол яго маўклівыя постаці хлопцаў. Петрык граў Мендэльсона, тую самую яго рэч — Андрэй забыў назву, — дзе музыка быццам гаворыць праз светлы сум: «Нічога не зробіш».

— Ну, — сказала Ганна. — Што там дзеецца?

Непадалёку ён бачыў цяжкую, як золата, карону валасоў і вялікія вочы. Не, ён ніколі яшчэ не бачыў такіх прыгожых жанчын.

— Што расказваць? — сказаў Андрэй. — Я сапраўды правінцыял. Мы дагэтуль ваўчынага хваста баімося.

— А яны? — сказала яна. — Самыя таленавітыя з іх таксама прыйшлі з правінцыі. Лоск набыць лёгка. Вось і вы яго ўжо набылі. Толькі вам патрэбен апошні штрых. Баскскі берэт. З заломам налева. Ці направа? Не, лепей вам направа. Ды гэта глупства… Правінцыя!.. А правінцыя прыносіць сюды свежую кроў. I нейкае асаблівае сумленне, асаблівую цэльнасць мастака. Часта — талент. Сапраўдны талент, а не выкшталцонасць, як кажуць палякі.

Андрэй зірнуў на карціну, што вісела над іх галовамі. На карціне віхура стракатых, чырвоных з золатам лісцяў закруціла жанчыну з закінутым тварам. У гэтым смерчы ледзь вымалёўвалася яе постаць, але вочы глядзелі наўскос, паўзверх галавы гледача, цёмныя, пашыраныя. А павекі былі чорныя, і горка быў сціснуты гожы рот.

— Вы рабілі, — сказаў ён, узрушаны. — А кажаце: «талент правінцыі».

— А хіба гэта можна параўнаць з работамі бацькі? — сказала яна. — Той быў вялікі скульптар. I наогул… нешта робіцца на свеце. Бо сапраўдныя мастакі павінны быць настаўнікамі жыцця, а зараз многія толькі разнастайна «наддаюць». Той малюе блакітных балерын, той — сплаўшчыкаў — ружова так малюе, а той — сцэны ў шахтах, быццам гразёю.

— Ваш бацька быў з правінцыі?

— Так. А маці ў мяне была полька. Самая прыгожая жанчына ў свеце. Яна памерла, калі мне было сем год.

— Цяпер я ведаю, адкуль вы такая. Мужчыны-палякі рэдка бываюць прыгожымі. У іх проста разумныя,

характэрныя твары. Але жанчын такіх няма нідзе на свеце…

— Кіньце. «Сыны Будрыка» столькі іх панавозілі з Польшчы на сваю радзіму, што зараз, мабыць, шукаць трэба ў вас.

— Значыць, мне не зусім пашанцавала.

Запанавала маўчанне. Толькі Петрык граў. Цяпер — «Смерць Азэ».

— Маленькія гарадкі, — сказала яна. — Маці ніяк не магла прызвычаіцца да Масквы. I я. У нас быў такі снег у кветніку. Гурба была высокая, закручаная, як жамчужніца. I ў закруце снег быў перламутрава-ружовы. Бо адбіваў агеньчык з акна. Там было добра. А тут увесь час людзі, акрамя тых пяці гадзін, калі працую. Абрыднуць — іду ў пакойчык і замыкаюся.

— Там вы жылі?

— Так. А тут толькі мастацтва. Я і сама апошні час не ведаю, каму яно патрэбна, як ісці, каб быць патрэбнай? Блукаю, як у лесе. Зняверылася. Плюнуць бы на ўсё, знікнуць, жыць у якім гарадку. Падлога дубовая, аж вылізаная… Цёплая. Чыстая.

— Што ж вы, — сказаў Андрэй. — Няўжо толькі мастацтва. Пры вашай прыгажосці вам бы пакахаць трэба. Патрэбен спакой, добры муж. Дзеці.

— Што вы, — усміхнулася яна. — Я для гэтага занадта добра ведаю людзей.

— Гэта праўда. Я павінен прызнацца: вы здагадаліся, што я думаў аб вас.

— Гэта пра мае разумовыя здольнасці? Я не крыўдую. Вы ж, мабыць, ужо трохі пераканаліся ў адваротным?

— Так. Але як вы?..

— Я часта чытаю думкі людзей. Бо ведаю іх.

— I гэта перашкаджае вам у шчасці.

— Так. Напэўна, у мяне разумовы склад старой дзеўкі.

— Кіньце плявузгаць, — мякка сказаў ён. — Столькі людзей вакол… Не ў лесе жывяце.

— Людзі сталі рацыяналістычнымі. Мала хто можа аддаць сябе. Пажадаць стаць паветрам, якім дыхае другі.

— I каб не хапала паветра — дык Ёй не хапіла б яго апошняй.

— Праўда.

Ад горычы ледзянога віна ў целе разліваўся цёплы сум. Гучала музыка. Быў паўзмрок.

— Вы вельмі харошы і просты, Андрэй, — сказала яна. — Ірына казала праўду.

I, спусціўшы ногі, устала, такая прамая і ўзнесеная ў сваім гранатавым уборы, што Петрык заміргаў і збіўся з такту.

— Хадзем танцаваць, — сказала яна. — Запрасіце, Андрэй, тую, маленькую. Гэткі капрыз жаночай псіхалогіі. Не любіць мяне за Петрыка… А што я магу зрабіць, калі ніхто… ну… ніхто ніколі мне не падабаўся.

Петрык захістаўся, выбіваючы з раяля нешта заліхвацкі-бравурнае. А вочы яго былі сумнымі вачыма.

…Танцавалі за поўнач. I толькі тады зразумелі, што досыць, калі Аленін, устаўшы ад ног гранітнага чалавека, сказаў яму:

— Ну і свіння ж ты! Друг у ножкі яму ўпадае, а ён… Ну хопіць, хопіць паліто трымаць. Заседзеліся. Апранайся і хадзем.

I разрыдаўся, абняўшы граніт.

— Не любяць нас, браце! Не цэняць! Гаі вы мае родныя, бураломчыкі вы мае шышкінскія. Пагляньце, як спіць надзея сусветнага жывапісу.