Памяць

На чашніцкай зямлі бярозы і дубкі,
На чашніцкай зямлі — французскія штыкі.
Іржавых ядзер круглыя галовы
Ў разор выкідвае нарог суровы.

Тут сталі у дванаццатым сцяной,
Каб не прайшоў на поўнач Удзіно,
Салдат штыком і партызан сякерай
Тут затрымалі яраснага звера.

І спачываюць ад жыццёвых бур.
Тут быў уратаваны Пецярбург.
Палацы неўскія не запалалі,
Таму што тут крыві не шкадавалі.

Самаахвярна людзі збераглі
На гэтым полі — Марсавы палі,
Пахмурных сфінксаў, што ў тумане млеюць,
Юнацтва Пушкіна у ліпавых алеях,
Канаўкі Зімняй сонны супакой,
Палёт Пятра над гордаю ракой.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1960 г.?].
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 371, 372.

Яндекс.Метрика