Вуліца Касманаўтаў

У горадзе без тралейбусаў,
над імклівай няўмоўчнай ракой,
На вуліцы Касманаўтаў — хата маці маёй,
На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,
На самай мне любай вуліцы з усіх,
што ёсць на зямлі…
Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін —
Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін.
А поруч з імі узносяцца над стромай садоў залатыx
Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх.
Хто там смяецца з’едліва? Лепей няхай маўчыць!
Па гэтым па цёплым пыле я вуды нёс на плячы.
Тут маці мая ля брамы, як выплыве месяца рог,
Чакае нястомнага сына з далёкіх-далёкіх дарог…
Асенняй імжой безнадзейнай і вясной,
калі гоняць кароў,
Адзіная з тысяч вуліц, ты — святло маё і любоў.
Нідзе ў сусвеце не стрэнеш стрэх і кветак такіх,
Тут гусі такія паважныя, бы з Марса вывезлі іх,
І нідзе не песціў на свеце ніякі вішнёвы сад
Такіх немаўлят крыклівых і такіх пяшчотных дзяўчат.
Дзяўчат, што ўсю ноч да світання купальскай добрай
парой
Спяваюць зорныя песні пра вярбу над ціхай вадой.
Спявайце, дзяўчаты, спявайце, каб адпачыць салаўю,
Пра сон і вільготныя веі, пра апошнюю страту маю…
Нябачны нікому на свеце, стаю і слухаю вас,
Каб сэрца не сумавала ў чорны паўночны час…
Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары.
Вытокі яе — у горадзе, вусце яе — у Дняпры.
Направа — дамы і краны, і шызы з комінаў дым,
Налева — Дняпро і абрывы, і аблокі над гэтым усім.
Цяпер жа, далёка за поўнач, як згаслі агеньчыкі ўсе,
Над ёй беларускае неба ў сваёй адвечнай красе;
Зменліва ззяе Капэла, сінее віно ў Каўшах,
Шлях Чумацкі віхурыцца пылам, срэбны Батыеў Шлях.
Спявайце, дзяўчаты, спявайце — крылаты чакае лёс:
З вуліцы Касманаўтаў на срэбны гасцінец нябёс.
Дзякуй за адпачынак. Сад зацвіў недарма,
Я іду адсюль. Я спяшаюся. Дарозе канца няма.
І недзе далёка свеціць, як забыты цёплы маяк,
Вуліца Касманаўтаў —
пустая калыска мая.

Аўтограф — у ЦДАМЛМ, фонд 42, воп. 1, адз. зах. ?
Упершыню — «Полымя», 1962, № 3.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 372, 373.

Яндекс.Метрика