Лятаючы дурань

Ў парку, пад ліхтарамі
Клічуць агні да вітрын:
“Палёт дагары нагамі!
Тры рублі за дзесяць хвілін”.

Прывязаныя як трэба,
Пад крыкі дзяўчат і друзей
Людзі ў чорнае неба
Лятуць па стромай дузе.

Штодзённа ў змроку пахмурным,
Звысок аглядаючы свет,
Ў касу прыходзіць дурань,
Важна купляе білет.

І выкладае паважна
Схоўшчыку ў мяккі кулак
Грошы ў тугім бумажніку,
Пропуск і партабак.

І выкладае ў прыдачу
Дзесяць ключоў да ўсяго:
Ключ ад машыны, ад дачы,
Ключ ад сэрца свайго.

З годна падціснутым ротам
Ў неба ўзлятае цень.
Дзесяць мінут палёту:
Хопіць на цэлы дзень.

Ў зорным касмічным пыле
Боўтае пяткамі ён,
І за спіной, як крылы,
Драпавы палітон.

Па-над зіхоткім і хмурым
Горадам дзіўнай красы
Горды лятаючы дурань
Проста ў хмарах вісіць.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 3.VІІ.60 Орша.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 370, 371.

Яндекс.Метрика