Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу

Бог пайшоў. Жыццё ідзе пад кручу.
Але йдзі і не губляй спакой.
Ёсць замест прыватнай неўміручасці —
Бессмяротнасць нацыі тваёй.
Ты памрэш. Але ў бязмежным свеце
Будуць працвітаць твой Люд і Край…
Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым
Шчасце пасмяротнае і рай.

Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 22.І.82. 17.40.
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 394.