Наташы ў яе шэсцьдзесят

Вакол нас шляхі і дарогі
І пройма людзей ля двара…
І ўсё ж такі перад богам
Адны мы з табою, сястра.
Нянька мая дарагая,
Мой абаронца ў бядзе.
Каменні няхай не трапляюць
Пад ногі твае нідзе.
Ні табе, ні тваім дзіцяткам
Каб ніколі не быць у журбе…
Ат, падумаеш, шэсць дзесяткаў —
Яшчэ шэсць дзесяткаў табе.
Сто год яшчэ хай дарогі
Вядуць цябе на гару,
Хай убачыш праўнукаў многіх,
І хай любяць цябе, мой друг.
Як жнівеньскі добры вецер
На радасць усім жыві.
Але ўсё ж мы адны на свеце
Такой вось адной крыві.
І калісьці — аж страшна расказваць —
Воддаль парасцяў нашых жывыx
Сядзем недзе на прызбу разам
І прыпомнім свой шлях векавы.
Оршу ўспомнім, тую, зялёную,
Бег крыніц ля Дняпра-ракі,
І уральскія эшалоны,
І ў цяплушках салдатаў палкі.
Гэта — наша.
Нашы дарогі.
Тут з табою мы лёсу багі.
Тут з табой мы адны перад богам,
Сястрычка, мой друг дарагі.

Аўтограф — у старэйшай сястры пісьменніка Наталлі Сямёнаўны Кучкоўскай. Напісаны 20 лістапада 1982 г. да дня яе нараджэння.
Упершыню — У кн.: Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы.
Набор зроблены па тым жа выданні. С. 393, 394.

Яндекс.Метрика