Кінааслы

Пад стромай эфемерныя кварталы,
Б’е ў дыхту сценак вецер-дрэвачос.
Па вузкіх сцежках, зарасцях і скалах
Я еду на асле, нібы Хрыстос.
І на шырокіх ветраных палянах,
Дзе адступаюць дубнякі і глог,
Махаюць лаўры мне галлём «асанну»…
Ну, хло-опцы, сорам!.. Ну за што, дальбог?
За гэты горад?.. То не горад — гора…
Ўся гэта фальш з павапленай сцяной
І я, што дурам на асла успёрся, —
Ўсё гэта называецца — кіно.
І помніце, што маскі і катурны
Не ўсё ў жыцці, — паверце мне, не ўсё, —
А на аслах часцей бывалі дурні,
І не адзнака для Хрыста — асёл,
Нашто «асанну» ліць бяззменнай хваляй?
Глядзіце лепш, як на мяжы імглы
Над безданню вячэрняй, над правалам
Па сцежцы едуць два кінааслы.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.28, з паметай: 29 красавіка 67 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 203, 204.

Яндекс.Метрика