Шайтан-Мярдвень
Чортавы сходы, Шайтан-Мярдвень,
Вымерлых таўраў спаруда.
Ледзьве ляплюся… Ой, справы дрэнь!..
Людзі! Ратуйце, людзі!
Ў сажань прыступкі. Зараз бы мул,
Асёл або хто заўгодна, —
Я б ухапіўся за хвост яму,
Нібы за маму родную.
Тытанаў шлях паўтарыць захацеў —
Ляцець, як арол, над абвалам…
Арол, ён ляціць, а вось ты каб зляцеў?
Чорт занёс цябе ў гэтыя скалы!!!
Строма — семдзесят градусаў. Ў прорве цень.
І з-пад ног туды камні прамуюць.
Кляты, чортаў Шайтан-Мярдвень!
Каго хочаш на морд замардуе.
Вецер і сцюжа ў кішках аж да дна.
Сцяна, і канца ёй не будзе.
Дамоў бы зараз, ды шклянку віна…
Людзі!
Ратуйце, людзі!
Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.29, з прысвяч. Андрэю Макаёнку і паметай: 29 красавіка 67 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 204.