Са стэпавымі вятрамі

Са стэпавымі вятрамі,
З сухою спявучай травой —
Пайшла. І сэрца начамі
Нясцерпна плача крывёй.
Па той, з душою як камень,
Па той, забытай, другой.

Няхай. Ўсё было: і вецер,
І скалы, і караблі,
І мы кахалі, як дзеці,
І мы сапраўды жылі
Пад сонцам гэтага свету,
Ў шалёным бэзавым свеце,
На самым краі зямлі.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 8, с.30 [1968 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 203.

Яндекс.Метрика