Надзея лістападу

Лістапад маё сэрца забіў, забіў,
Я іду ў зімовую бель,
Згубіўшы ўсё, што магчыма згубіць,
Акрым вечнай веры ў цябе.
Я веру, ты недзе жывеш, жывеш,
Ты таксама пакуль што спіш,
Да леснічоўкі глухой ідзеш
Або ў ззянні сафітаў стаіш.
Магчыма сярод чужынскіх снягоў,
Магчыма ў родных лугах,
Магчыма ў доме сябра майго,
Як дух яго ачага.
І спяшаюцца ногі ў зімовую бель
Насустрач вясне і ільду.
Я іду ў сваю восень шукаць цябе.
Здолею — значыць знайду.
Ты — заранкі апошняя паласа,
Ты — рабіна ў асенніх палях,
Вецер надзеі ў маіх валасах,
Росы слёз на маіх нагах.
І мне нельга згубіць цябе.
Ў цемры вякоў
Атрымаць замест вуснаў жывых
Адчай Алімпа, дзе з вольных ваўкоў
Робяць дачных псоў вартавых.
Ў валасах маіх снежная восып руж,
У душы замест снежня — май.
Я знайду цябе, сонца, вазьму, забяру,
Бо мяне без цябе няма.
Ты чуеш? Я грозную песню вяду,
І лясы забываюць свой сон.
Я іду — ты чуеш мяне? — я іду,
Твой меч, твой пярун, твой агонь.
Я іду, каб навекі абняць твой стан,
Я іду, як шчасце і жах,
Закаханы ў цябе асенні буран
З пялёсткамі ў валасах.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 225.

Яндекс.Метрика