Белавежскі алень

Ул. і З. Калеснікам

За спакоем тваім сонца майскае радасна сочыць,
Над табою ў блакіце бязмежных лясоў палавень…
Дык чаму ж у тузе твае мудрыя сумныя вочы,
Белавежскі алень.
І адказваюць вочы, рахманыя, поўныя жалю:
— Як схаваць мне тугу, і пакорлівасць лёсу, і жах,
Калі тысячы год маіх продкаў падступна хапалі,
Калі сто пакаленняў канчалі жыццё на зубах?
Я ляжу ля кармушкі. Лагодны і радасны ранак
Сотні сонечных зайчыкаў сыпануў мне на бок.
Але сню я бязлітасны пошчак крывавых маланак
І — ў зеніце прыпынены — мой апошні скачок.
І ў вачах маіх, чорных персідскіх,
тужліва-бяздонных,
Ёсць вышэйшая мудрасць пяшчотных і ўпартых істот,
Бо на гэтай няладнай зямлі мы ратуем ад вечнага
скону
І ўратуем наш добры, трывалы і моцны народ.
Ён ідзе да мяне і да друга, як сцішаны вецер,
Галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране:
«Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зберажэце?
Пашкадуйце мяне!
Калі ласка…
Пашкадуйце мяне…»

Упершыню — «Заря», 1964, 24 мая.
Аўтограф — у 81-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 9 мая 63 г., Брэст. 8-га ездзілі ў Белавеж.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 226.

Яндекс.Метрика