Корчмы

Дарогі… Корчмы… Ліра за спіною…
Ў гадах Хрыстовых — бедным шкаляром…
Заспее ноч, заспее дзень слатою —
Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом.
У торбе за спіной — пяшчоты словы,
Для песняў клетка, соль, тытунь, цацні,
Кашуля, нож і вышыты, суровы,
Нескарыстаны за гады ручнік.
І горкіх жартаў поўныя кішэні
Замест манет. Хто хоча — той бяры.
А ўцерціся дадуць у кожных сенях,
А не дадуць — абсохну на вятры.
На кожным дрэве — дамавіты свепет,
А я — па людзях мёд разношу свой.
Палі, лясы з няроўным сілуэтам
І крумкачыны грай над галавой.
Пярун злуецца на мае справункі.
Дзьме ў грудзі мне раз’ятраны Пахвіст,
А я нясу на веях — пацалункі,
Ў расколе вуснаў — салаўіны свіст.
Адбітая у зрэнках, бы ў палонцы,
Зямля мая ўстае перада мной,
Высокая і чыстая, як сонца.
Чысцейшая, бо плям няма на ёй,
Бязлітасная, добрая, святая,
Ўся зведаная, як дзядоў палі,
І кожны дзень нязнаная, як тая,
Што не суседзі, а багі далі.
Па ёй іду ад самага світання,
Рукамі гладжу глог і жаўтазель,
Каб кожны вечар за смугой барвянай
Убачыць грыб страхі і журавель.
І сесці пад страхой, што пахне дымам,
І песняю нягучнай ля агню
Аддзякаваць шматлікім гаспадыням
За горкі хмель і вуснаў дабрыню.
Ласкавыя, як жнівеньскае лета,
Адданыя, як спелыя палі,
Глядзяць, на рукі ўспёршыся, кабеты
І ўспамінаюць, што было калісь.
Трывожныя, няўтульныя, як сломкі,
Яны ў адрынах кудлы гладзяць мне…
Густыя сцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй сваёй азёрнай старане.
І што мне недзе за высокай брамай
Чырвоных, прагных вокан каламуць,
Што ў ноч глядзяць, і чамкаюць грыбамі,
І думаюць, што з часам праглынуць?
Што мне яны, калі, як дар адзіны
За тую песню, што нясу ў карчму,
Чырвоных, горкіх вуснаў арабіны
Мне свецяцца — не ведаю чаму.
Калі за простую прыпеўку тую
Ва ўсіх хацінах у маіх краяx
Мяне, здаецца, песціць і цалуе
Уся зямля мая. Зямля мая.
Калі яна, Любоў, рукамі ломкімі
Ва ўсіх адрынах кудлы гладзіць мне.
Густыя сцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй маёй азёрнай старане.

Упершыню — У кн.: Мая Іліяда.
Аўтограф — у лісце да Янкі Брыля ад 14.09.1964.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 223, 224.