Абяцаюць нам новы раскошны дом

Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.
Яны аддалі нам меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых…
І нам немагчыма пайсці адсюль
І пакінуць са смерцю іх.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1980.
Чарнавы аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: Польшча. За Калюшкам 21.55 (наш час) [1979 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 247, 248.