Дарога, якую прайшоў

Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры. Люблю беларускае Палессе, і казачна мяккую Наваградчыну, і адзіную ў свеце Белавежу, і суровую прыгажосць паўночнаго азёрнага краю. Іх нельга аддзяліць ад мяне, але ў Прыдняпроўі мне неяк больш прытульна.

На Украіне берагі Дняпра нагія, а тут яны ўсе ў лясах, курганах, у вёсках на ўзгорках, у садах, у забытых гарадзішчах, густа ўкрытых шыпшынаю і чортапалохам, у запушчаных парках.

Калі раніцаю плывеш на чаўне праз рачны туман і бачыш след за галавою выдры, што пераплывае раку, або усплёск бабра — адчуванне шчасця, адзінства з гэтай зямлёй і любоў да яе перапаўняюць цябе.

Продкі мае таксама ўсе адсюль. Гісторыю маю можна было б пачаць з таго, што роўна сто год таму назад мая зямля была ахоплена паўстаннем. Гарэла ўсё: фальваркі, вёскі, цэрквы, нівы. Адна бітва адбылася на поўнач ад Рагачова. Паўстанцаў разбілі, камандзіра іхняга расстралялі ў Рагачове. Ён быў мне сваяк з боку маці і яе радні. І такіх было многа. Гэтую ж гісторыю я апісаў у пралогу да рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі».

Трэба было неяк жыць астатнім на спустошанай, выпаленай зямлі. І жыццё пачалося цяжкае. Пачалося збядненне, часамі настолькі вялікае, што ў асірацелых (а часам і не ў асірацелых) дзяцей не было чаго есці.

Дзед, бацька маёй маці (ён памёр у вайну), даслужыўся да павятовага казначэя і прытым быў атэіст і спачуваў марксістам, — магчыма, не столькі разбіраючыся ў гэтым, колькі ў памяць аб сямейнай трагедыі. У доме ў яго, калі верыць сямейнаму паданню, знаходзіў прыстанак П.Лепяшынскі.

Быў гэта чалавек уладны, разумны і з’едлівы. Ён цудоўна бачыў дурасць і ўмеў пусціць яе голай. Валодаў нязмернай духоўнай і фізічнай сілай, бязмежнай энергіяй і азартам. Калі ён, незадоўга да смерці, аслеп — я быў у яго чымсьці накшталт сакратара: чытаў яму, а часам і пісаў за яго. Таму што «непісьменным» сябе не памятаю. Маці кажа, што чытаць, непрыкметна для іншых, навучыўся ў тры з паловаю гады, а пісаць трохі пазней. І, здаецца, гэта быў першы і апошні мой подзвіг.

Маці мая, Надзея Васільеўна, нарадзілася ў 1893 годзе, у дзяцінстве засталася без маці, скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, некаторы час, кінуўшы дом, працавала вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў, ля Рагачова, а пасля пазнаёмілася з маім бацькам, Караткевічам Сямёнам Цімафеевічам, і ў 1917 годзе выйшла за яго замуж (бацька нарадзіўся ў 1887 годзе, памёр у 1959-м).

У сям’і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што апошняй, вайне), старэйшая сястра і я.

Я нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Тады гэта быў маленькі гарадок. Зялёныя вуліцы, рэшткі валоў замчышча, гудкі далёкіх цягнікоў і блізкіх параходаў (чыгунка і аўтобусы яшчэ не забілі раку), дубовыя лясы на берагах і ліпы на вуліцах, недалёкія парогі. І, вядома, сотні крыніц па берагах і нашы песні. І перш за ўсё кнігі. Кніг у доме было мноства: і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае.

Пісаць (а спачатку «бубніць») вершы пачаў год у шэсць, але, на шчасце, хутка кінуў гэты занятак. Трохі пазней спрабаваў пісаць апавяданні, прычым абавязкова іх ілюстраваў. Увогуле, усё гэта было разнавіднасцю дзіцячай гульні. Таленты выяўляў разнастайныя: і маляваў, і ў музычную школу хадзіў (прычым абсалютны слых спалучаўся ўва мне з гэткай жа абсалютнай лянотай), але ўсе гэтыя таленты пайшлі тунна.

А потым пачалася вайна. Бамбёжкі. Эшалоны. Пачуццё бездапаможнасці падлетка, які ўжо не дзіця, што спакойна пакладаецца на старэйшых, але яшчэ і не мужчына, каб так ці іначай дзейнічаць і, магчыма, вырашаць свой лёс. Бунтаваў супраць гэтага пачуцця. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт. Затрымлівалі, вядома. А з інтэрната таму, што здарылася звычайная на вайне рэч: доўгі час не ведаў, дзе бацькі і ці жывыя яны наогул, а калі жывыя, то дзе, за лініяй фронту або паспелі эвакуіравацца.

Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне. Пасля давялося ўцякаць і адтуль. На Урал, у наваколле Кунгура. Выпадкова даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. З вялікімі цяжкасцямі (без пропуска і білета) дабраўся да іх. У Арэнбургу скончыў шосты клас. Потым нядаўна вызвалены Кіеў (Беларусь яшчэ была акупіраваная).

Крашчацік ляжаў у руінах. Па бульвары Шаўчэнкі некалькі разоў на суткі праходзіў трамвай. У руінах універсітэта мы разважаліся, шукаючы міны. Як не трапіў у «палату мінёраў» (па выразу майго друга паэта Р.Барадуліна), сам не ведаю.

А горад, нягледзячы на запусценне, быў прыгожы. Такія залатыя каштаны на вуліцах, такія пустыя здзічэлыя паркі!

Восенню сорак чацвёртага пераехалі на Беларусь. І вось тут упершыню ўбачыў сапраўдны разор, «зону пустыні», некалькі ўскраінных завулкаў, як канцы галінак ля згаслага вогнішча. Гарады, дзе нават руінаў не было. (Немцы разабралі іх на цэглу для абаронных патрэб.) Да голаду і холаду было не звыкаць, але тут, на выпаленай зямлі, так намерзліся, што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы.

Але ад работы не бегаў. І сябры-аднакласнікі былі такія самыя. Надзіва згуртаваны, вясёлы і сумленны народ. І не змяніліся за дзевятнаццаць год. Мы, вядома, агрубелі. І ўсё ж многіх з нас цягнула да вершаў. Столькіх, што мы нават выдалі некалькі нумароў рукапіснага часопіса «Званочак».

Чамусці вершы былі патрэбней за многае. А пісаліся ж пры святле гільзы на нямецкіх бланках ці на звароце доўгіх жоўтых канвертаў, таксама нямецкіх. Аддавалі перавагу канвертам, з-за добрай паперы. Большасць вершаў, якія тады друкаваліся, мы не любілі: такая ў іх была бесшабашнасць. А былі яшчэ вершы саладжавыя.

А добрыя вершы любілі вельмі. З беларускіх, напрыклад, вершы Пімена Панчанкі, некаторыя вершы Танка часоў вайны і ўсе, амаль без выключэння, ягоныя даваенныя вершы.

Напісаў я тады, думаю, не менш за дзвесце вершаў, але нікому іх не паказваў. А потым прыйшла настаўніца, якую заўсёды памятаю дабром, — Е.І.Грыневіч. І неяк так атрымалася, што ёй некаторыя вершы паказаў. Яны і прыгодніцкая аповесць «Загадка Неферціці» былі «надрукаваны» ў нашым «Званочку». І гэта была адзіная мая «публікацыя» за дзесяць год. Цяпер усё гэта недзе згубілася, і шкадаваць аб ім пэўна няма чаго.

У сорак дзевятым годзе я паступіў у Кіеўскі універсітэт на філалагічны факультэт. Вучыўся, быў шчаслівы, меў шмат сяброў і ўсё ж успамінаю гэты час са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты і сораму. Пяшчоты — таму, што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музеі, музыка, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. Сораму — таму, што нярэдка даводзілася тады сустракацца са звычайнай вульгарызацыяй навукі.

Мне хацелася самому зразумець, чаму і нашто, і таму на некаторыя лекцыі я не хадзіў, а замест таго сядзеў у публічнай бібліятэцы.

Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Цёмныя месцы «Слова», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы», «Авакум і літаратура расколу», «Справа пра «Саборныя дзеянні» (гісторыя палітычнай падробкі і яе выкрыцця, як «кнігі ў паўдзесць, старажытным беларускім характарам пісанай»).

Пасля заканчэння універсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год. Над гэтым раманам — «Каласы пад сярпом тваім» — працую і зараз.

А тады я проста сабраўся і паехаў настаўнікам у глухую вёску Лесавічы, што ля Тарашчы. Працаваў там два гады. І, нягледзячы на ўсё, удзячны і вёсцы і універсітэту. Удзячны многім сумленным хлопцам, кнігам, пошукам. Удзячны настаўнікам і старэйшым сябрам: А.А.Назарэўскаму, А.І.Бялецкаму, Л.А.Па- намарэнка, С.І.Маславу. Іх я любіў, і яны мяне любілі. Хто жывы — тым сто год жыцця. Хто памёр — пухам ім зямля.

І яшчэ за адну рэч я ўдзячны тым гадам. Здалёку я асабліва палюбіў Беларусь і яе людзей. Яна ўяўлялася мне тады па незямному прыўкраснай. Уся зялёная, вільготная, з азёрамі, з народам, з ягонай пявучай і звонкай мовай, з легендамі і палямі, курганамі і рэкамі.

Напісаў я за дзевяць год — горы. Нават трагедыю белым вершам, жахліва тр-рагічную. Але друкавацца і не думаў. У канцы першага года маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Мінскі сябра папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс «Полымя».

І раптам улетку 1955 года я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам «Машэка». Гэта пераламіла мой лёс. Потым з’явіліся яшчэ вершы. За два гады, што (пасля вёскі) працаваў у Оршы, я падрыхтаваў першы зборнік «Матчына душа» і атрымаў прэмію за п’есу «Млын на Сініх Вірах» (паставіла яе беларускае тэлебачанне).

У 1957 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў, а праз год — на Вышэйшыя літаратурныя курсы. Трохі пазней выйшла першая кніга. У тым жа годзе, яшчэ да курсаў, напісаў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Доўга яе нікуды не аддаваў, і толькі ў гэтым годзе пачаў яе друкаваць часопіс «Маладосць».

Літаратурныя курсы шмат далі мне самой сваёй атмасферай, глыбінёй спрэчак, сяброўствам, шырынёй далягляду. Там я напісаў сваю другую кнігу «Вячэрнія ветразі» (1960), некалькі апавяданняў і гістарычную аповесць «Сівая легенда»; разам з напісанай раней аповесцю «Цыганскі кароль» яны склалі трэцюю маю кнігу «Блакіт і золата дня». Акрамя таго, у Маскве быў задуманы першы мой раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі», надрукаваны пад назвай «Нельга забыць» у часопісе «Полымя» ў 1962 годзе.

Працаваў і ў кіно. Зрабіў тры кароткаметражныя сцэнарыі. Апошнім з іх задаволены. Гэта — «Сведкі вечнасці», аб беларускіх славутых дрэвах. Напісаў і поўнаметражны сцэнарый «Гнеўнае сонца» аб пераадоленні страху чалавекам, аб раскутасці чалавецтва.

Цяпер працую над гістарычным кінасцэнарыем «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Гэта гісторыя бадзягі, які воляй лёсу быў названы Хрыстом, вымушаны быў рабіць «цуды» і, урэшце, узначаліў паўстанне супраць царквы і караля. Такі сапраўдны факт адзначаны ў старажытных беларускіх хроніках.

Гэта будзе не камедыя і не трагедыя, а трагікамедыя, смех праз слёзы, народная драма, калі хочаце. Героі яе перажываюць самыя незвычайныя прыгоды, сутыкненні, сустракаюцца з жорстасцю і дабрынёй, подласцю і сапраўднай высакароднасцю і паступова з махляроў, круцялёў, бадзяг ператвараюцца ў сапраўдных людзей.

Пасля двух год перапынку здаў у «Полымя» новы свой раман «Каласы пад сярпом тваім». Здаў першы том. Другі не выпускаю з рук, дапрацоўваю. Пастараўся заплаціць гэтай кнігай доўг Дняпру, людзям паўстання 1863 г., Беларусі.

Калі б мне ўдалося пасля «Каласоў» напісаць некалькі раманаў і аповесцей і давесці дзею да нашых дзён, я б лічыў, што справа жыцця зроблена. Але да гэтага так далёка! Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца.

1. Упершыню — у кн.: Пра час і пра сябе. — Мн.: Беларусь, 1966.
2. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 5 — 10.

Яндекс.Метрика