Валерый Мазынскі

Я табе напісаў «Барыса Гадунова»…

Упершыню я пачуў пра Уладзіміра Караткевіча ў самым пачатку сямідзесятага года — калі вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Першыя заняткі па сцэнічнай мове, абавязковыя і для будучых рэжысёраў, скіравалі нашу ўвагу і на беларускае прыгожае пісьменства. Хоць, па сутнасці, наш тэатральны факультэт ніколі не быў беларускамоўным, усё ж некаторыя выкладчыкі патрабавалі… Вось з гэтага і пачалося маё знаёмства з творчасцю У.Караткевіча. Яго прозу і вершы чыталі на ўроках, потым на заліках. Як цяпер усведамляеш, дык мала што тады мы адчувалі, разумелі з яго балючых радкоў. Нам трэба было яшчэ многа разоў сутыкнуцца з рэальным жыццём, каб усё тое, што ў яго словах здавалася толькі прыгожым, стала для нас балюча асабістым.

Памятаю, неяк Ілья Львовіч Курган, наш выкладчык па сцэнічнай мове, паведаміў, што на заняткі павінен прыйсці Уладзімір Караткевіч. З’явіліся яны ўтрох: Віктар Тарасаў, Ілья Курган і Уладзімір Караткевіч. Усе былі па-святочнаму ўрачыстыя. Тарасаў пачаў чытаць Караткевіча. Што рабіў сам аўтар, я не памятаю: здаецца, нічога не чытаў. Неўзабаве мы развіталіся, але цікавасць да гэтага чалавека ў мяне ўзрасла, а, магчыма, з гэтай сустрэчы яна толькі і пачалася. Памятаю, я ўзахлёб праглынуў яго «Чазенію». Некаторыя заўважалі, маўляў, гэта не з лепшага, але мне на душу лягло настолькі, што я, мусіць, з месяц не мог прыйсці ў сябе. Цяпер я разумею, гэта быў Караткевіч — вандроўнік далёкіх шляхоў, з шырокім чалавечым даляглядам, малады і прагны да любові. Дарэчы, гэтая прага, мабыць, і ёсць тое галоўнае і запаветнае, што бярэ цябе ў палон. Трапіў у палон і я — у 1974 годзе, калі ўжо быў у Віцебску і шукаў сабе матэрыял для дыпломнай работы.

…Неяк Геральд Асвяцінскі, наш дырэктар, прапанаваў мне п’есу і кажа: «Пачытайце, можа, за гэта возьмецеся?» Я не ведаў яшчэ, што ў кіраўніцтва горада і тэатра была дамоўленасць аб стварэнні спектакля да 1000-годдзя Віцебска. (Сёння ў гэта верыцца з цяжкасцю, але факт застаецца фактам. Дарэчы, п’еса «Званы Віцебска» адразу была ўзята ў работу, а не ляжала ў партфелі тэатра, як сцвярджае адзін з абаронцаў беларускіх драматургаў). І вось я трымаю таўшчэзную кнігу. Столькі аркушаў у п’есах было толькі ў Караткевіча — «дасведчаныя» ў тэатры людзі заўсёды пішуць старонак 60, не больш, а тут — 124! Рэжысёраў гэта страшэнна палохае. Тое самае здарылася і са мною, хоць рэжысёрам я тады яшчэ і не быў. Гэта быў мой пачатак. Мая першая сапраўдная сустрэча з таленавітым чалавекам, успамін пра якога і сёння кранае душу. Ён шмат у чым зрабіў мяне рэжысёрам.

Прачытаў я «Званы Віцебска»… Па-першае, твор мне спадабаўся ўвесь, ды толькі ад п’есы там было мала. Гэта быў… нейкі «п’есны раман». Божа! Чаго толькі там не было! Усё — і нават кінематограф! Пазней ён скажа: «Я табе напісаў „Барыса Гадунова“, дык ты стаў і не прыдумвай, а не хочаш, дык ідзі…»

Гэта будзе потым, а пакуль я іду да дырэктара ў складаным настроі, з раздвоенымі пачуццямі. З аднаго боку, страшэнна падабаецца, хочацца пачаць што-небудзь з ёю рабіць, а як і што, жахліва падумаць! Адно, што я выціснуў з сябе — буду працаваць!

Кажуць, тэатр можа ўсё. Гэта праўда. Але не ўсякі рэжысёр гэта «ўсё» адолее. Я не адчуваю ў сабе такой моцы, бо калі п’еса не кладзецца на маю «індывідуальнасць», рашыць яе мне вельмі цяжка. Тут быў іншы выпадак. Твор хваляваў, вабіў, спакушаў — і я пачаў прыдумваць. Потым усё, што было дадумана, вылецела, спектакль ішоў нармальна і без прыдумак, а пакуль у мяне з’явіліся папа рымскі і кароль Сігізмунд. Ні больш, ні менш. Яны і прывялі мяне да дзвярэй кватэры Караткевіча. Папярэдне пазваніў яму і дамовіўся аб спатканні — першым спатканні з «самім».

Упусціў у хату, прапанаваў распрануцца, пачаў мяне карміць. Я адмаўляўся, казаў, што сыты, аднак, пачуўшы дужа «ласкавае» слова, хуценька сеў да стала, стаў чакаць. Ён папытаў, якую каву я больш люблю — «па-турэцку ці па-грэчаску». Божа літасцівы! Я і па-мінску не п’ю, бо ў мяне ад яе пякота, але пра гэта гаварыць не стаў, чакаючы, што будзе далей. Мяне здзівіла, што ён зусім не пытаўся пра п’есу, пра тое, што я збіраюся з ёю рабіць. Чым больш доўжылася сустрэча, тым больш адчуваў я напружанасць атмасферы, напоўненай водарам кавы ці то па-турэцку, ці то па-грэчаску.

Нарэшце ён сказаў: «Паслухай, даражэнькі, што ты там выдумваеш. Я табе напісаў…»

Вось той ліст:

«Паважаны Валерый Яўгенавіч!

Адразу па атрыманні Вашага варыянту (у якім з сім-тым згодзен, у чым і Вы пераканаецеся) напісаў быў Вам ліст, але раздумаў яго адпраўляць. Калі захочаце — дам прачытаць па прыездзе.

Аддаў у перадрук трэці варыянт, зроблены ў Ялце і ўхвалены ўсімі кіраўнікамі семінара. Калі не памыляюся, недзе ў канцы месяца павінна быць нарада па тэатру… на якой Вы будзеце мець магчымасць выслухаць і пазітыўныя і негатыўныя водгукі пра маю працу.

Для мяне той варыянт, які мне даслалі — непрымальны. Пaпы, каралі, цытаты з «Беларусі ў эпоху феадалізму». Можаце мне верыць, што яны падабраны кампаніяй Л.Абэцэдарскага тэндэнцыйна. А я ніколі не плёўся ў хвасце ні ў яго, ні ў каго іншага. Не раю і Вам, калі хочаце быць самастойным і значным рэжысёрам.

Значыць, дамовімся так. Або прымаецца мой варыянт, або я — з надзвычайным жалем — вымушаны буду адмовіцца ад супрацоўніцтва.

У такім выпадку я (а і Вы таксама, за мяне) папрашу прабачэння ў гаркома, гарвыканкома і ва ўсіх тых людзей, якія так добра гаварылі са мной, і якім я даў слова, што зраблю да гадавіны горада ўсё магчымае.

Значыць, у маё апраўданне застанецца толькі эсэ аб горадзе ў адпаведным нумары «Маладосці». Так і перадайце.

А на будучае я — дзеля сябе — улічу, што мне (пра другіх не кажу) супрацьпаказаны кінастудыі і тэатры.

Таму што я выхаваны на павазе да аўтарскага права, да слова, да мазка, да думкі творцы, хай бы то быў пісьменнік, мастак або рэжысёр. Я ніколі не дазволіў бы сабе ўмяшацца ў Ваша рэжысёрскае бачанне рэчы. Я мог бы толькі недзе ў сяброўскай бяседзе з Вамі, мастаком або акторам спытацца: «А, як Вы думаеце, а можа лепей было б ТАК?» І не болей. Такія адносіны, па-мойму, і павінны быць між людзьмі ў мастацтве і проста між людзьмі.

Я хачу, каб была пастаўлена МАЯ рэч. Без лабавога націску, без дурных вонкавых эфектаў. Думаю, што на гэтым полі ёсць дзе праявіць сябе і мне і Вам. Іначай не варта гарадзіць гарод.

І яшчэ адна, апошняя мая парада.

На мой погляд, і Чайкоўскаму і Тасканіні хопіць на гэтай зямлі славы, калі кожны з іх праявіць на сваёй ніве, у сваёй галіне агульнай сатворчасці самастойнасць і талент. І падмяняць друг друга яны не павінны.

З павагай да Вас

Уладзімір Караткевіч«.

У другі раз мне давялося паспытаць яшчэ большай крыўды. Мала таго, што і кароль і пaпа рымскі набывалі акрэсленыя тэкставыя характарыстыкі і цікава (як мне здавалася) пабудаваныя мізансцэны, — ім знайшлася ў тэатры гатовая вопратка. Але мяне не пакідаў грозны аўтар і яго рашучая постаць. Я паспрабаваў зрабіць яшчэ адзін захад.

Унутрана падрыхтаваўся да сур’ёзнай размовы і прыехаў у Мінск. Націскаю на кнопку званка… Адказалі не адразу. Уладзімір Сямёнавіч падышоў да дзвярэй і запытаў: «Хто?», а праз паўзу: «Пaпа і кароль засталіся?» — «Засталіся», — выціснуў я. Чую цяжкія крокі — і цішыня… Потым зноў крокі і зноў яго голас: «Валерый! Выкінь гэта! Я не хачу сварыцца з Ватыканамі!» Я прамаўчаў, і зноў — крокі, і цяпер я зразумеў, што больш ён да дзвярэй не падыдзе.

Мяне апанаваў мярзотны настрой: і крыўда, і адчуванне сваёй непаўнацэннасці. І зусім мне не патрэбныя былі тыя кароль і пaпа, хоць я і не ведаў, як вырашыць апошнюю сцэну, якая ўсё-ткі павісае. (Я дагэтуль упэўнены, што там трэба было нешта рабіць). Хацеў яшчэ раз пазваніць, але ўспомніў яго «рост», і мне захацелася тут жа апынуцца ў Віцебску, каб ні хвіліны больш не затрымлівацца ў гэтым Мінску, дзе мяне так не зразумелі…

Пасля былі і рэпетыцыі, і здача спектакля. Юбілей горада, да якога рыхтавалася пастаноўка, прыспешваў нас, не даваў расслабляцца, хоць, іншым разам, вельмі хочацца зірнуць на створанае спакойна, без мітусні. Менавіта на апошнія прагоны я запрасіў Уладзіміра Сямёнавіча. Ён пасяліўся ў гасцініцы «Віцебск» і сказаў, што крыху адпачне, а потым, калі ўжо вельмі трэба будзе, падыдзе ў тэатр. На рэпетыцыю ён так і не прыйшоў, даўшы гэтым зразумець, што цяпер гэта не яго справа, а наша.

З’явіўся Караткевіч толькі на здачы спектакля. Дарэчы, быў даволі спакойны, не адчувалася таго «мандражу», які можна заўважыць у іншых драматургаў напярэдадні прэм’еры. А гэта ж быў яго дэбют на сцэне, мой — таксама! Толькі потым я зразумеў, што ён прыехаў не толькі п’есу сваю глядзець.ён прыехаў у тысячагадовы Віцебск, і гэта было для яго галоўным. Яго бачылі і на беразе Дзвіны, і ля муроў разбуранай царквы ХІІ стагоддзя, і ля касцёла святой Варвары. Ён проста хадзіў па горадзе. Павольна, няспешна, затрымліваючыся там, дзе затрымлівалася яго душа. Усе нашы абеды, вячэры з ім былі насычаны Караткевічам, яго памяццю і, у той жа час, выдумкай. Іншым разам здавалася, што ўсе яго расказы — неверагодныя фантазіі. Неяк сядзім у рэстаране, і ён, круцячы ў руках лыжку, кажа: «Да рэвалюцыі на ўсіх лыжках і відэльцах гэтага станцыйнага рэстарана было выгравіравана: «Украдзена на станцыі Віцебск»…

Другую п’есу, «Кастусь Каліноўскі», якая на самай справе доўга ляжала ў партфелях, мы прынялі пасля некалькіх захадаў: прасілі сёе-тое перарабіць, бо «кінематаграфічныя» адносіны аўтара да тэатра гэтага патрабавалі. Зноў пачулі аўтарскае «не!» і ў дадатак: «Рабіце, што хочаце! Я табе давяраю!»

Караткевіч не перапісваў і не дапісваў свае п’есы. Наконт «Барыса Гадунова» ён сапраўды не жартаваў, у ім «сядзеў» драматург, але драматург гэты, здавалася, драмаў. Вельмі шкада, што ён не дапрацоўваў свае творы. Думаю, што гэта магло б абудзіць у ім вялікую любоў да тэатра.

Апошняя наша сустрэча адбылася ў Сімферопалі, куды Караткевіч прыехаў да нас чытаць «Маці ўрагану». Тэатр быў на летніх гастролях. Спёка! Усе мы марылі штодзень бываць на моры, але заміналі рэпетыцыі, спектаклі, — адным словам, праца.

Прыляцеў Уладзімір Сямёнавіч з жонкай Валянцінай. Уладкаваўшы іх у гасцініцу, мы хацелі пасядзець, пагаварыць ды і п’есу карцела глянуць. Гэта заўсёды так бывае: неадольнае жаданне прачытаць хоць бы старонку, і ў той жа час — страх. А што, калі не…

Ён быў, як заўсёды апошнім часам, стомлены, і, што самае дзіўнае, не зацікаўлены прадметам далёкай вандроўкі. Ні слова аб п’есе. Размовы ўвогуле. П’есу на ноч я ўсё ж выпрасіў, бо не ўмею слухаць чытку на аўдыторыі, не магу поўнасцю ўключыцца. Ён, праўда, адмаўляўся, кажучы, што сам будзе чытаць на трупе, дык і не трэба псаваць уражанне. Але п’есу даў. Я часта ўспамінаю той няшчасны вечар і, як заўсёды, доўгую п’есу Караткевіча. Недзе каля дзвюх гадзін ночы я зразумеў, што п’есы не ўспрымаю: мучу сябе, угаворваю, перачытваю па некалькі разоў старонкі. Сапсаваў сабе ноч, а назаўтра ж трэба нешта казаць самому Уладзіміру Сямёнавічу, шукаючы адпаведныя словы.

Раніцай сабраліся ўсе акцёры, дырэктар Асвяцінскі, мастак Салаўёў. Валодзя Ганчароў, убачыўшы мяне, адразу канстатаваў: «Што, не спадабалася?» Я ведаю, што ў мяне, як у бяздарнага акцёра, усё відаць па твары… Усё ж з надзеяй іду ў фае, спадзеючыся, што здолею інакш успрыняць п’есу, пачуўшы яе яшчэ раз. Учора быў цяжкі дзень: рэпетыцыі, спектакль, сустрэчы…

Чытае — слухаем. Сачу, як успрымаюць п’есу калегі. Недзе ў сярэдзіне першай дзеі пачалі варушыцца акцёры, паглядаюць на мяне. Імкнуся быць зацікаўленым. Не атрымліваецца! Караткевіч прыпыняецца і пытае: «Што, не цікава?» — «Не, не, чытайце!» — чуюцца галасы. Яшчэ засталася нейкая надзея ці аўтарытэт аўтара стрымлівае? Але гэта ненадоўга. Чуюцца цяжкія ўздыханні… Правал?! Якое гэта цяжкае адчуванне! Аднак думка свідруе: «Чалавек чорт ведае адкуль ехаў, кінуўшы справы, лепш бы ўжо гэта дома адбылося». Добра яшчэ, што ён Валянціне не дазволіў прысутнічаць. Можа, прадчуваў? Праз нейкі час нават пачаў патроху ўшчуваць няўважлівых слухачоў. У такія хвіліны вельмі шкада аўтара. Артысты ж, як дзеці. Супакояцца на хвіліну, а потым зноў працягваецца дыялог уздыханняў і пераглядак.

Закончыўшы чытанне, склаўшы старонкі сваёй п’есы, Караткевіч узняў галаву і ўсім сваім выглядам задаў пытанне: «Як?» Адказы ў такіх выпадках бываюць настолькі прымітыўныя і недарэчныя, што раздражняюць неверагодна. Бачу, што аўтар нервуецца, пачынае злаваць. І тут жа ўсё спыняе! Ну, не падабаецца, дык не падабаецца!

Караткевіч ёсць Караткевіч, ён не хоча фальшывых кампліментаў. Адчуў, што кантакту не атрымалася, і сам усё спыніў. Цяжка ўзняць галаву, паглядзець у вочы, быццам сам я ва ўсім вінаваты. Чаму, чаму ніхто не ўспрымае матэрыял? Усе ж так чакалі! «Званы» і «Кастусь» атрымаліся! Ізноў з удзячнасцю ўспамінаю Караткевіча. Ён падыходзіць да мяне і кажа: «Ну што, Валерый, паедзем у Ялту, я вас рыбай пачастую!» — «Якая Ялта, якая рыба, ды і дзе ён яе?..»

Аднак выпраўляемся. Настрой пакрысе паляпшаецца — увагу прыцягваюць навакольныя краявіды і сам Караткевіч. Ізноў жарты, анекдоты, цікавыя гісторыі, былі і байкі, якіх у яго было многа. Пад’язджаючы да Ялты, Уладзімір Сямёнавіч засвяціўся ўвесь, узрадаваўся, хоць надвор’е нас сустрэла зусім не ялцінскае: вецер наляцеў і нават ці не на дождж збіралася. Найперш ён павёў нас на кірмаш. Ялцінскі кірмаш! Колькі ён напярэдадні расказваў пра яго, ды неяк не верылася. А тут і сапраўды! Адразу захацелася ці то піць, ці то есці, а, можа, і ўсё разам?! Ён ішоў наперадзе, у гэты час яго трэба было бачыць, каб адчуць асаблівае натхненне, незвычайны настрой. Як ледакол сярод натоўпу, імкнуўся наперад, выглядаючы нешта ці некага. Адно мы ведалі — шукае рыбу! Праўда, ніякай рыбы не было. Было ўсё! А рыбы не было! Я недаўменна паціснуў плячыма і глянуў яму ў вочы. «Пачакайце мяне тут, а то нас многа!» — адказаў ён на маё маўклівае пытанне і знік.

Пахадзіўшы з паўгадзіны, сабраліся — яго няма. Раптам бачым, шпарка ідзе, заціскаючы пад пахай скрутак. Падышоў, сунуў яго нам і, як запраўскі дэтэктыў, паведаміў, што яму трэба назад, у яго — справы. Усё! Ён завёўся! Яшчэ ў мора, можа, паедзе. Я неяк ад яго чуў, што ён хадзіў тут з рыбакамі ў рыбу.

Страшэнна хацелася есці. Распальвалі апетыт пачастункі на прылаўках, а тут яшчэ ў дадатак — рыбны пах са скрутка. Мы ўзмаліліся, маўляў, хопіць і гэтага, трэба ісці, падсілкавацца. Ён спачатку здзівіўся, і тут жа на яго твары з’явіўся здзеклівы выраз. Мы былі для яго «чорнай масай, якая толькі і хацела жэрці». «Я павінен схадзіць да аднаго чалавека. У яго з сабой больш няма. Ідзіце ў рэстаран, які вунь там, на набярэжнай, я зараз», — адказаў ён на нашы ўговоры і зноў знік. Усё гэта адбылося так хутка, што мы нават не сталі абмяркоўваць яго ўчынак, а пасунуліся ў напрамку набярэжнай. Вялікай чаргі ў рэстаране не было, мы хутка ўжо сядзелі і адпачывалі. Ногі ўсё ж набіць паспелі.

Чакалі яго досыць доўга. Выходзілі, глядзелі. Абед пакуль не заказвалі. Урэшце цярпенне скончылася, мы заказалі стравы на ўсіх, толькі яму прасілі пакуль не несці. І тут я ўбачыў (каторы раз выскачыўшы на вуліцу), як ідзе наш Уладзімір Сямёнавіч. «Вышагвае» сярод ялцінскага карагоду з мехам на плячы. Ну, дальбог, мех — як з бульбай. Я ледзь стрымаўся, каб не рассмяяцца. Убег у рэстарацыю і паведаміў навіну. Выйшлі ўсе. Здзіўленню нашаму не было канца, ды толькі дзівіцца трэба было паціху, што яшчэ больш гэтае здзіўленне «распаляла»…

Рыбы мы атрымалі ўсе і самай рознай: вялікай і малой, шырокай і вузкай, кароткай і доўгай… Ён стаяў такі па-дзіцячы шчаслівы, як быццам зрабіў нешта вельмі важнае і вельмі патрэбнае. Так, патрэбнае. І ў першую чаргу яму самому. Ён быў шчаслівы, калі радаваў іншых, няхай хоць чым-небудзь маленькім. Я зноў успомніў пра п’есу — не па сабе зрабілася.

Пасля мы хадзілі па Ялце, ён расказваў шмат цікавага. Пілі піва. Яму гэта было забаронена, але ўсё-такі ён яго піў… Потым мы ехалі дамоў, хоць які гэта быў дом… Седзячы з ім побач у тралейбусе, стаміўшыся ўшчэнт, я захацеў сапраўды дамоў, у Віцебск. Ці, яшчэ лепш, да бацькі ў Вялікі Стахаў. Я зноў думаў пра «Маці ўрагану».

Думаў і пасля. Думаю і цяпер…

1. Упершыню — «Літаратура і мастацтва», 1987, 4 верасня.

Яндекс.Метрика