Валянціна Шчадрына
Як у Маскве выйшлі «Каласы Пад Сярпом Тваім»
Няхай будзе блаславёнай Крымская зямля і асабліва яе залаты куток Кактэбель, дзе восенню 1971 г. пазнаёмілася з Уладзімірам Караткевічам.
Да таго часу я ўжо тры гады працавала ў Саюзе пісьменнікаў СССР кансультантам па беларускай літаратуры, чытала шмат твораў Караткевіча, многа пра яго чула самых неверагодных гісторый. I наогул у Маскве Уладзіміра Сямёнавіча добра ведалі — ён вучыўся там на Вышэйшых літаратурных курсах і на Вышэйшых сцэнарных курсах. Здавалася, лёсу было б заўгодна, каб мы пазнаёміліся ў Маскве. Аднак знаёмства адбылося якраз у Кактэбелі…
Мяне цікавіў Караткевіч як асоба, як незвычайны пісьменнік са сваім поглядам на гісторыю беларускага народа, яго культуру і мову. Мяне цікавіў паэт, які апантана абараняў правы свайго народа на ўласную гісторыю, культуру і мову. Я ўжо ведала, што Караткевіч за ўсё гэта «ўганараваны» небяспечным тытулам — нацыяналіст… Усім вядома, што ён не адпавядаў партыйным стандартам савецкага пісьменніка і з гэтай немалаважнай прычыны цяжка ўваходзіў у родную літаратуру. I зусім не выпадкова тое, што нацыянальным геніем яго назвалі толькі пасля смерці. А што пры жыцці? Пры жыцці яго цкавалі амаль за кожны верш, за кожны нарыс, ужо не кажучы пра яго цудоўную прозу…
Дык вось, Кактэбель, восень… Я іду ў кіёск па газеты. Каля праломіны ў плоце, праз якую найхутчэй можна было выйсці на бераг мора, сустракаю дзвюх жанчын і мажнога мужчыну, які размаўляў па-польску. Мне саступілі дарогу (я яшчэ падумала: «Якія ветлівыя палякі»), раптам адна з жанчын павіталася са мной. Я прыгледзелася: гэта была Лідзія Арабей. Мы разам вучыліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, да таго ж адну з кніг пісьменніцы я пераклала для выдавецтва «Советский писатель». Мы даўно не бачыліся і, вядома, такая нечаканая сустрэча была прыемнай. Раптам Лідзія Арабей кажа: «Вы не знаёмыя з Караткевічам?» I знаёміць мяне з мужчынам, які так паспяхова выдаваў сябе за паляка, і з яго жонкай Валянцінай Браніславаўнай. У мяне адняло мову: вось дзе наканавана было збыцца маёй мары! І ўсё выйшла так проста, неяк так па-будзённаму, што мне зрабілася нават крыўдна. Шырока адкрытымі вачыма я глядзела на Караткевіча і не верыла, што гэта Караткевіч, а ён тым часам ужо нешта казаў па-беларуску, і я адказвала таксама па-беларуску, чым неверагодна яго здзівіла: «Адкуль Вы ведаеце беларускую мову?» Пачуўшы, што я з Палесся, з Нараўляншчыны, вельмі ўзрадаваўся, быццам сустрэў роднага чалавека. Размова пацякла далей, і тут Лідзія Арабей, дай Бог ёй здароўя, вазьмі і скажы: «Валя пераклала маю кнігу і зрабіла гэта нядрэнна. А чаму б і табе, Валодзя, не папрасіць яе перакласці свае „Каласы“?» Караткевіч адказаў: «А што — і сапраўды паляшучка павінна ведаць мову маіх „Каласоў“. Чаму б і не папрасіць?»
Мы дамовіліся сустрэцца вечарам.
Той вечар, здавалася, быў бясконцы. I бясконцай была пад добрае кактэбельскае віно гаворка пра літаратуру, пра жыццё. А пасля Валянціна Браніславаўна папрасіла мужа праспяваць яго любімую песню.
Як сёння памятаю: ласкавы подых мора і Караткевіч на балконе. Калі пачула моцны, прыгожы голас і словы: «Ой косю, мой косю, чаму ж ты не весел, чаму ж ты не весел, галованьку звесіў…» — то расплакалася. Гэта быў нейкі цуд, а я наогул люблю спевы, усё жыццё з задавальненнем спявала на розных бяседах, але тут, пасля шматгадовага маскоўскага жыцця мяне зачаравала невядомая беларуская песня і сам гэты незвычайны голас. I ў сваім захапленні я была не адзінокая. Ніхто з насельнікаў «Дома творчасці», што ўжо да гэтага часу паснулі, але прачнуліся ад песні Караткевіча, не выказаў свайго абурэння. Пэўна ж, усе слухалі гэты магутны голас, які пераймала горнае рэха.
Пасля былі іншыя вечары, іншыя песні, але той вечар застаўся ў памяці назаўсёды. Калі мы развітваліся, Уладзімір Сямёнавіч з упэўненасцю прамовіў: «Значыць так, прыеду ў Мінск і адразу ж напішу ў „Советский писатель“, каб пераклад майго рамана даручылі вам».
6 кастрычніка 1971 г. ён паведаміў мне:
«Паважаная Валянціна Міканораўна! Усё дамоўлена. Напісаў пра ўсё С.Л. Кір’янаву і вельмі прашу Вас узяцца за нялёгкую працу — перакласці маю салому на каласы „великого, могучего, правдивого и свободного“. Раблю гэта з палёгкай, даверам і надзеяй.
Абдымаю Вас я, жонка і, хоць мы яе й не бачылі, спадзяюся, Лідзія Арабей.
Ул. Караткевіч».
І пачалося змаганне за кнігу. Я ж не ведала, што раман «Каласы пад сярпом тваім» ляжыць у выдавецтве з 1969 г., што на яго ўжо арганізаваны тры адмоўныя рэцэнзіі (3 жніўня 1969 г. — Д. Осіна; 5 мая таго ж года — М. Гарбачова і 22 студзеня 1973 г. — П. Заянчкоўскага). Рэдактарам была прызначана А. Часнакова. Калі Д. Осін яшчэ больш-менш па-чалавечаму абышоўся з аўтарам (звярнуўшы ўвагу на апісальнасць і не шматлікія стылістычныя хібы, раіў яму скараціць раман на 10 друкаваных аркушаў, бо ўсё ж бачыў у ім будучую кнігу), то М. Гарбачоў проста заявіў, што ў рамане не адлюстраваны прыгнечаны народ, шматтысячныя масы не раскрыты ў штодзённым жыцці і ў змаганні за свае правы. Адзін-два бунты супраць паноў не вырашаюць праблему… Аўтар захапіўся апісаннем жыцця буйна- і сярэднепамескага шляхецтва, ён стварае ідылічныя малюнкі баляў і прыёмаў, піша пра шыкоўныя асабнякі i карцiнныя галерэі, паэтызуе сцэны палявання. Усё гэта зніжае напал i складанасць змагання народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Алесь Загорскі і малады Кастусь Каліноўскі разам са сваімі сябрамі, студэнтамі гутараць і спрачаюцца пераважна пра беларускую культуру і родную мову, пра адукацыю і інтэлегенцыю" (курсіў мой. — В. Ш.). I далей М. Гарбачоў пісаў: «…па гэтых прычынах, мяркую, не варта выдаваць раман на рускай мове. Раман „Каласы пад сярпом тваім“, нягледзячы на вялікі аб’ём, не дасць усесаюзнаму чытачу глыбокага, дакладнага, гістарычна-канкрэтнага ўяўлення аб жыцці і змаганні беларускага народа ў 50 — 60 гг. мінулага стагоддзя».
Аднак заяўка У. Караткевіча на пераклад рамана ўсё ж была прынята, і рукапіс яго аддалі мне.
Пачалася праца.
17 красавіка 1972 г. ад Караткевіча я атрымала такі ліст: «…дазволь цябе павіншаваць. Пераклад проста цудоўны. Гэта й прымусіла мяне па цэлым дню сядзець над кожнай старонкай і… нічога не мяняць. Калі й рабіў якуюсь праўку, то заўсёды з пытальнікам — гэта значыць, тлумачыў сваё сумненне на тваю карысць. Табе б трэба самой пісаць. Гэта на самай справе добра і, галоўнае, — рэдкая асаблівасць — з павагай адносіцца да самога сябе і ў той жа час — да аўтара. Так і трэба. Усе заўвагі ў дадатку. Заўвагі падрабязныя, бо я паставіўся да тваёй цудоўнай працы не абы-як, як гэта робіцца звычайна. Аднак жа заўвагі мае маюць неабавязковы характар…»
Мне было прыемна чытаць працытаваныя радкі, бо перакладу рамана я аддавала ўсю сябе, увесь свой час. Я шчыра радавалася кожнаму лісту Караткевіча і кожнай новай перакладзенай старонцы «Каласоў». Аднак не ўсё складвалася добра. Творчыя цяжкасці спатыкалі мяне на кожным кроку. Справа ў тым, што Караткевіч пісаў пра Падняпроўе, я ж нарадзілася на Палессі, і мне не заўсёды быў зразумелы той ці іншы выраз пісьменніка. Асабліва гэта тычылася назваў адзення, рэчаў хатняга ўжытку і, вядома ж, мовы герояў. Караткевіч цярплівы быў у сваіх цікавых і заўсёды арыгінальных тлумачэннях. Якая гэта была асалода — працаваць з такім дасведчаным аўтарам! З беларускай мовы я пераклала больш за 25 кніг, але, прызнаюся, такой творчай радасці, якую зведала ад прозы Караткевіча, не мела ад іншых твораў.
Уладзімір Сямёнавіч быў вельмі акуратны ў сваіх адказах, тлумачыў не толькі значэнне таго ці іншага слова, але і рабіў малюнкі, графічныя накіды розных невядомых мне прадметаў. Асабліва гэта тычылася старога посуду і зброі. Як каштоўную рэліквію захоўваю старонкі, спісаныя яго выразным почыркам, яго прапановы і абавязковыя варыянты перакладу таго ці іншага слова і канчатковае — маё слова, узятае з тэксту перакладу з характэрнай прыпіскай: «А, можа, так і лепей, хай застаецца».
У той час мы вельмі часта вырашалі пытанні па тэлефоне, званілі ў любую гадзіну сутак. Працавалі як шчаслівыя вар’яты і не адчувалі, што нас чакае бяда. 22 студзеня 1973 г., калі пераклад быў зроблены, нашы «добразычліўцы» з выдавецтва «Советский писатель» заказваюць новую рэцэнзію прафесару П. Заянчкоўскаму, якую той піша на адзінаццаці старонках. Прысуд прафесара безапеляцыйны: раман трэба цалкам перапісаць, бо ён не адпавядае гiстарычным фактам.
Дык вось, выдавецтва не пашкадавала грошай, каб раман аб’ёмам у 40 друкаваных аркушаў адрэцэнзаваць тройчы. Відавочна, што некім была пастаўлена задача: ні ў якім выпадку не друкаваць раман на рускай мове, не дапусціць яго да рускага чытача. А тут яшчэ пасыпаліся абсалютна недарэчныя заўвагі рэдактара рукапісу А. Часнаковай.
Дарэмна было спадзявацца на Караткевіча як на дыпламатычнага абаронцу свайго твора. У адным з лістоў ён мне пісаў (ліст, на вялікі жаль, без даты): «Калі кожнае палажэнне кнігі, дзеля якой я працаваў у архівах 12 гадоў, трэба даказваць людзям, якія ў архівах і дня не пабывалі, — то гэта ўжо занадта. Падыміце і старыя мае доказы, я не баюся, што яны выказаныя рэзка, пакажыце і яму [Лесючэўскаму, дырэктару выдавецтва „Советский писатель“. — В. Ш.] і Часнаковай. Можа, будзе горш. Але няхай. Я паважаю рэдактараў, але, не менш, паважаю і сябе. I я ведаю, што напісаў добрую кнігу, якую ў добрым перакладзе з задавальненнем прачытае і рускі чытач» (падкрэслена Караткевічам. — В. Ш.).
За дапамогай звярнулася да Івана Мележа, які заўсёды высока ацэньваў творчасць Уладзіміра Сямёнавіча. Мележ прасіў пазваніць нашаму знакамітаму гісторыку Мікалаю Улашчыку, які жыў у Маскве. Я з удзячнасцю выкарыстала гэтую параду. Угаварыўшы чыноўнікаў выдавецтва аддаць рукапіс на рэцэнзію ў Інстытут славяназнаўства і балканістыкі (не паведаміўшы, вядома, што там працуе прафесар М. Улашчык), мы неўзабаве, гэта значыць — 31 кастрычніка 1973 г., атрымалі цудоўны справядлівы водзыў М. Улашчыка. Рыпучая выдавецкая брама мусіла адчыніцца. Але не надта шырока. Нас чакалі новыя цяжкасці. «Пільнасць» пані Часнаковай не мела межаў, і ў літаральным сэнсе рэдактарка чаплялася за кожнае слова. Па маёй просьбе Уладзімір Сямёнавіч прыехаў у Маскву. Ён настаяў на тым, каб памянялі рэдактара.
Як бы там ні было, але ў 1974 г. раман «Каласы пад сярпом тваім» выйшаў у «Советском писателе», а пасля неаднаразова быў перавыдадзены ў Беларусі.
Уладзімір Караткевіч быў адданым сябрам і гэтакім жа адданым аўтарам. Усе творы, якія з’явіліся да нашага знаёмства ці пасля яго і не былі яшчэ перакладзены на рускую мову, выйшлі з цягам часу ў маім перакладзе. А гэта — аповесці «Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Цыганскі кароль», раман «Чорны замак Альшанскі», а таксама шэраг апавяданняў, нарысаў, казак. Наша сумесная работа перарасла ў моцнае сяброўства, і доўжылася яно да апошняга для Уладзіміра Сямёнавіча, да сумнай для ўсіх нас даты — 25 ліпеня 1984 г.
1. Апублікавана ў кн.: УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ І ЯГО ТВОРЧАСЦЬ У ЕЎРАПЕЙСКІМ КУЛЬТУРНЫМ КАНТЭКСЦЕ: НАВУК. ЗБОР. / Рэдкал. А. Мальдзіс (гал рэд.) і інш. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — С. 63 — 66.