Васіль Зуёнак

Крылы над роднай зямлёй

І скажу — вельмі ж нялёгкая гэта справа: пісаць успаміны. Хочацца ўспомніць нешта эпахальнае — а ўспамінаецца ўсё, здаецца, зусім не вартае гэтага паважанага жанру.

Звычайна кажуць: пра нябожчыка — альбо добрае, альбо нічога. Чытаеш іншы раз важкі том — ледзь не поўны збор надмагільных слёз і літанняў, дзе ўсе змяшаліся — і сябры-аднадумцы, і зусім нядаўнія нядобразычліўцы, яўныя і прытоеныя, з кукішам у кішэні, — і ўсё больш настойліва аддзяляецца ад цябе той, пра каго ўспамінаюць, нейкай шкляною сцяной саладжава-клікунскіх фраз (быццам відаць, бачна, а дыхаць няма чым); характар вырываецца — як рэпка — з глебы: дзедка за рэпку, бабка за дзедку, унучка за бабку… і нават мышка прыбегла ўспомніць нешта сваё, — і выходзіць, што апошняе слова застаецца за ей, «слова ісціны»: яна вырвала рэпку…

«Эгацэнтрычная» справа — успаміны… Амаль усё — з нязначнымі выключэннямі — круціцца вакол восі «Я» і «N.». «Я» — на першым плане, разумеецца. І «Я» — у самым лепшым выглядзе: як і дзе, сустрэўшыся, «N.» хваліў гэтае самае «Я» (было такое пры жыцці альбо не — дзе і чым засведчана яно? — вазьмі правер, перапытай…). А ўжо заадно, зараз, пасля смерці, падзяка гэтага «Я» таму «N.»…

Сумна… Ды, відаць, законы жанру такія…

Вось і я — колькі разоў беручыся за «сціло» — упіраўся ў тое самае «я». Колькі разоў думаў: не ўмею, а дакладней — не магу пісаць успаміны…

Думаю і зараз… І суцяшаю сябе: гэта ж пішу я, — значыць, «я» павінна тут быць: як мне помніцца, як мне бачыцца…

Былі сустрэчы, былі размовы, а пачну з аднаго непаразумення, ці як яго назваць…

Угаварылі, а хутчэй, як гэта бывае, лёгка пагадзіўся Уладзімір Караткевіч напісаць для часопіса «Маладосць» эсэ (ці назавём — фотарэпартаж: здымкі рабіў Валянцін Ждановіч) да 1000-годдзя Турава. Зацягнуў да апошняга, а тады ў дзень здачы ў набор прыходзіць і давай папікаць, што больш ён так выкладвацца не намераны, ночы не спаць (хоць было 10 дзён камандзіроўкі і пасля яшчэ 20 дзён, — па звычайных журналісцкіх мерках тэрмін не сказаць каб казачна вялікі, але прыстойны), ну і ўсе ў гэтакім родзе… А ў рэдакцыі ўжо атмасфера была панічная: два дні сядзелі і чакалі (машыністка, карэктар, тэхрэд і г.д.), каб тут жа з машынкі вычытваць, размячаць — і ў набор. Пацягнула за язык — сказаў усяго толькі: «На каго ж ты крыўдуеш? Хутчэй мы ўсе крыўдзіцца павінны…» Як успыхне тут, як падхопіцца Валодзя: «Дык вы яшчэ так?!» — і грукнуў дзвярыма. Добра, што хоць рукапіс пакінуў…

А ўжо ці не назаўтра Уладзімір Сямёнавіч пераступіў парог рэдакцыі і, як ні ў чым не бывала, весела пытаўся, калі прыйдзе карэктура…

Ён быў крыўдлівы, як дзіця, і гэткі ж адыходлівы. У цукерачнай абгортцы любімай ім юнацкай вышыванкі (пазней зазвычай стаў абавязковы гальштук) была натура выбуховая, нечаканая, непрадбачаная і ў многім невытлумачальная, незразумелая для акаляючых, а таму — як і ва ўсякага мастака — нялёгкая, трэба думаць… Гэта пры чарачнай нагодзе, у бестурботнай кампаніі можна было гадзінамі лёгка слухаць яго рыцарскія эпапеі — у любым, што ні крані, пытанні. Але ж былі і гадзіны, суткі, тыдні знясільваючай працы. Нервы былі на абрыве. І не разумець гэтага — недаравальна. Недаравальна не «ўлавіў» гэтага тады і я. Натуральна ж і зусім па-чалавечы, па-мастакоўску хацелася яму пачуць у той момант (пасля касмічных перагрузак пакутных імгненняў творчасці) і словы ўдзячнасці, і словы здзіўлення — як гэта здорава, што ён, знясільваючыся, зрабіў усё ж абяцанае — і вось яно — на рэдакцыйным стале, гэтае і цяжкое бяссонне яго, і нялёгкая радасць выказанага: два дзесяткі старонак, усыпаных драбнюткім, каліграфічным бісерам літар… Ды і што той друкарскі графік, зрэшты!.. Трэба было думаць перш — хто напісаў (Уладзімір Караткевіч!) і як напісаў!..

З Караткевічам было і лёгка і не лёгка. У працы Валодзя быў апантаны, у перакананнях цвёрды, у спрэчках няўмольны. І тыя «канфліктныя» ўспышкі былі не ад яго, не ад Караткевіча, а ад таго, дзе ён толькі што быў, перад якім бяздоннем стаяў, якія землятрусы скаланалі яго безабаронную душу, — гэта яшчэ пралятала над ёй «последняя туча рассеянной бури…». Душу паэтычную і ўражлівую.

Ён быў зменлівы ў настроях і нязменны ў адным — у любові да роднай зямлі, да Бацькаўшчыны. «Матчын дар» і «Матчына душа» — дзве паэтычныя кнігі (першыя — і ў Алеся Гаруна і ў Уладзіміра Караткевіча) паставілі побач са словамі «дар» і «душа» самае светлае і самае святое — маці, — невыпадкова і сімвалічна. І дар, і душа — гэта ўсё тое, што набыў чалавек з нараджэннем: маці родную, маці-Айчыну, песню яе, памяць, мову, мінуўшчыну і мройлівую будучыню, — усё тое, што назваў Янка Купала Спадчынай — «старонкай роднаю…». І ўсё тое, што прыносіць ён сам — чалавек — на гэты свяшчэнны алтар, — сваім жыццём, сваімі дзеямі. У Караткевіча яны — да астатка, да кроплі — былі ахвяраваны ёй — старонцы роднай. Ён не ўяўляў, проста не мог уявіць — ўсё было арганічна, крэўна — сваю існасць і сваю сутнасць без гэтага высокага служэння. Іншым ён быць не мог. Іншае для яго — небыццё.

У гэтых пачуццях яго — заўжды, у кожным душэўным руху, у кожным штрышку і памкненні — было штосьці адкрыта-непасрэднае, пяшчотнае, сардэчнае, — як да жывога, роднага чалавека, адзінага на ўсё жыццё і на вечнасць — маці…

Узнімаючыся аднойчы да кватэры Валодзі Караткевіча па нарматыўна-альпінісцкіх лесвічных пераходах у пад’ездзе дома яшчэ «дахрушчоўскай» муроўкі, я нечакана напаткаў дэталь, так сказаць, інтэр’ера, якая не тое што здзівіла, але неяк весела збянтэжыла: на лесвічнай пляцоўцы тулілася драўлянае, добрага веку, просценькае крэсла, што само па сабе магло б стацца звычайнай рэччу — «спісалі» гаспадары з-за непатрэбы ды ціхенька, каб ніхто з суседзяў не ўбачыў, выставілі з кватэры, — маўляў, не насіцца ж з ім, а так, можа, хто падбярэ, ці выкіне… Рэч звычайная, калі б… Калі б не моцныя, у колькі столак, драцяныя зaкруткі, якімі мацавалася крэсельца да радыятарных ацяпляльных труб, — не раўнуючы як бывала ў добрага дзядзькі жардзё да слупоў у плоце ці агароджы прыкручвалася адмысловымі ракітавымі віткамі… А разгадвалася ўсё проста і да слёз шчымліва. «Гэта я для мамы такі прыпынак абсталяваў, — тлумачыў Валодзя, — вельмі ж цяжка ёй узнімацца без ліфта па гэтых бясконцых лесвічных пралётах да маёй кватэрнай верхатуры. Ідзе яна, ідзе, прытоміцца, пасядзіць — і далей тупае…» — «А навошта ж зaкруткі такія?» — «А гэта ад шкадлівых бэйбусаў: колькі крэслаў стаўляў — усё пазносілі… Цяпер во хай паспрабуюць!..» — І весела, як бы пацяшаючыся з гэтых невядомых яму, збянтэжаных такой нечаканкаю, зламыснікаў, не пакідаючы ў запас ні макулінкі крыўды ці злосці на іх, засмяяўся.

А цяпер прачытаем: «Чырвоныя захады і пахілае дрэва восені, бэз ля закінутых капліц і сіні палёт сіваваронкі, туман і залаты лубін — гэта мы. Мы з нашай зямлі і з неба, з магутнасці ляснога зубра і пошчакаў салаўя, самых пяшчотных у свеце…» Не адно духоўнай, але радзіннай, існаснай крэўнасцю з роднай старонкай — як роднай маці — жыло сэрца Уладзіміра Караткевіча. Ён адчуваў яе фізічна — дыханнем, зрокам, кожным дотыкам. Ды не — нават не тое — «адчуваў». Гэта быў ён сам: ва ўсім гэтым, як гэтае ўсё — у ім. Яе боль быў яго болем, яе смутак быў яго смуткам. І кожнай хвіляй свайго жыцця, кожным радком сваім ён парываўся дапамагчы ёй, абнадзеіць і аблегчыць шлях на крутых прыступках гісторыі. Натуральна-будзённае, жыццятворнае, крывяноснае злівалася ў адзінства яго духу, неразгаданую касмічную сілу, намёртва прывязаную да роднай зямлі — маленькага кавалачка ў сусвеце — якая сама вырастала з ім у сусвет. Ён беражліва нёс гэты сусвет у сабе, ахвяруючы сабою дзеля яго ва ўсім — і ў вялікім, і ў малым. Тут не было для яго дробязяў. Як у стаўленні да маці, у самаадданым шанаванні і асланенні яе ад бяды…

Ён быў сутнасцю Радзімы, як Радзіма была сутнасцю яго.

Мне, як відаць, і шмат каму яшчэ, запомніўся той дзень і тая зала ў Саюзе пісьменнікаў менавіта першым знаёмствам — тады яшчэ не асабістым — з Уладзімірам Караткевічам: проста я ў ліку маладых суперажывальнікаў сядзеў і слухаў, як чытае ён перад шаноўнай пісьменніцкай публікай свайго «Машэку» — верш, нядаўна апублікаваны ў часопісе «Полымя», і, галоўнае, верш, які адразу зрабіў імя аўтару (адзін верш! — так па-сапраўднаму ўваходзілі і ўваходзяць у літаратуру: не доўгацярплівым тленнем, а маланкава, не крыклівымі абяцаннямі і дэкларацыямі, а справай):

Лісце алае засыпае роў,
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восенню мой лясны
будан…
… Ад усіх я ўцёк, ад усіх я
збег.

Буйным воласам да калень
зарос…

А ён стаяў — Караткевіч — перад першым радам, не там, на ўзвышэнні, на сцэне, дзе сядзеў прэзідыум, а тут, вочы ў вочы «з народам», стаяў у вышыванцы, сонцавалосы і з гэткім жа прасветленым тварам. І голас яго — па-юнацку высокі і звонкі, з ноткамі летуценнага трымцення ці хвалявання — неяк не стасаваўся да малюнкаў, якімі дыхаў верш: «З дзікім свістам я коні супыню, і спячэцца пан на маім нажы…»

Паэтычнае вучнёўства, літаратурная недаросласць ніяк не лучацца ў нашым уяўленні з Уладзімірам Караткевічам. Ён адразу прыйшоў і паўстаў як Майстар. Тады многае яшчэ не было вядома: ні грандыёзныя задумы яго на ніве гістарычнай прозы, не з’явіліся яшчэ на часопісных і кніжных старонках славутыя сёння раманы і аповесці «Каласы пад сярпом тваім», «Нельга забыць», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляванне караля Стаха», — усё гэта было наперадзе, а тады пісьменніцкая зала, праслухаўшы яшчэ колькі — пакуль што не друкаваных — вершаў паэта (помніцца, чытаў ён «Оршу» — пра горад, у якім нарадзіўся), аднадушна прынімала яго ў члены СП — Саюза пісьменнікаў.

І ў тым супастаўленні паэтычных вобразаў і вобліка паэта — як цяпер, па часе, усё добра відно — нібы ў кроплі чароўнага крышталю, адбівалася двухадзінства Уладзіміра Караткевіча — суровы рэаліст і летуценны рамантык. Такім быў яго творчы характар. І яшчэ было адно радасна-незвычайнае адчуванне — навізны, нестандартнасці мовы верша, — на фоне таго, шырока распаўсюджанага ў час нашага вучнёўства, рыфмаванага гладкапісу, абкатаных, аб’езджаных ды абслізганых фраз і трафарэтных слоў, з якімі мы зжыліся, да якіх, здавалася, безнадзейна і назаўсёды прывыклі… І тут гэтае — «Атачон з усіх чатырох бакоў», — «атачон»! — як яно велічна, сапраўды па-волатаўску выступае ў радку — слова, узнятае з глыбінных моўных пластоў. А з ім адкрывалася і нам, захапляла і клікала невычэрпнае багацце роднай, народнай мовы.

Душа Караткевіча сталася класічным узорам душы мастака, душы паэтычнай: «Пока не требует поэта к священной жертве Апполон, в заботы суетного света он малодушно погружен…» (хай прабачыць чытач гэтае міжвольнае адступленне, але паглядзіце, які — таксама класічны — узор даў Аляксандр Сяргеевіч для занудлівых крытыкаў — лаўцоў «блох», — жывое «саркастычнае» пытанне само бяжыць на пяро ці на язык: «А хто «он» — паэт альбо Апалон? — «в заботы погружен»? Самы раз усклікнуць, радасна і задаволена паціраючы рукі (вось якія мы!): «Яўная стылістычная нязграбнасць!..»).

Нешта такое даводзілася чуць і пра мову Уладзіміра Караткевіча, — не вышэй карэктарскай пазіцыі (зусім не хачу пакрыўдзіць прадстаўнікоў гэтай паважанай, патрэбнай, карпатлівай і шматпакутнай працы, — яны тут ні пры чым, яны чэсна робяць сваю справу, — тут «пры чым» шматпаважаныя і высокачынныя рэдактары, якім так і карцела (скажам: «так і карціць», бо з’ява гэта пастаянна і ўстойліва вечная) нешта падкрэсліць, падправіць, «падчысціць», нацягнуць на свой капыл, — тых «дырэктароў» «птушкаферм», што так любяць разводзіць і выпускаць з-пад сваіх алоўкаў на палі рукапісаў статкі «птушак»)…

Былі, помніцца, такія спробы і ў часопісах «Маладосць» і «Бярозка», дзе мне давялося не адзін год працаваць і прачытаць не адзін рукапіс Уладзіміра Караткевіча. Дык вось знаходзіліся там іншы раз «чыстапісальшчыкі» (асабліва ў «Бярозцы» на першым часе здзівіла мяне гэта шкалярская «тэндэнцыя» выстройваць словы па граматычным «ранжыры»: дзейнік, за ім выказнік, дапаўненне, перад ім, калі ёсць, азначэнне, і ні кроку ўбок… І гэта — у казках Караткевіча — іскрыстых, смяшлівых, вынаходлівых і на дзею, і на слова!.. Перамагала ж, аднак, асцярожнае стаўленне, можна сказаць, асабліва ахоўнае разуменне мовы і стылю пісьменніка. Што казаць, пры фармальным падыходзе даваў ён іншы раз і прастор і магчымасць сагнаць таму-сяму свой філалагічны «сверб». Але ж усе гэтыя «прыўкрасны» («Яна ўяўлялася мне тады па незямному прыўкраснай»), «нагія» («На Украіне берагі Дняпра нагія»), «тунна» («Гэтыя таленты пайшлі тунна»), — усё гэта таксама Караткевіч. Гэта і яго рамантычны палёт у вольным акіяне слова, і яго (можа, і падсвядомае) імкненне запоўніць пустоты ў асобных (асабліва ўзвышана-духоўных) лексічных пластах нашай літаратурнай мовы. Была тут, зразумела, і чыста характарыстычная неабходнасць выкарыстання таго ці іншага слова — аднаразавага, як у выпадку з апісаннем забавы ў аршанскім парку:

Прывязаныя як трэба,
Пад крыкі дзяўчат і друзей
Людзі ў чорнае неба
Лятуць на стромай дузе

Пастаўце замест «друзей» «правільнае» слова — і радок патухне, умомант зробіцца посным, знікне каларыт сённяшняга гараджаніна — учарашняга вяскоўца, з якога сама вёска вельмі дасціпна смяецца, перадаючы яго мову: «Іду я, гэта, бульбай, а тут з картошкі — заяц!..»

Мова пісьменніка такога рангу як Уладзімір Караткевіч павінна знаходзіцца пад ахоўнай граматай, — гэта свой, непаўторны свет.

Як непаўторны свет самога мастака, яго з’яўленне і быццё на гэтай зямлі. І цяпер з усёй выразнасцю і непапраўнасцю бачна, як трэба было берагчы, ахоўваць яго ад усяго наноснага, разбуральна-згубнага, чым адорвала яго асяроддзе ў хвіліны, калі «не требует поэта к священной жертве Апполон»… Не раз крыўдаваў Валодзя, што я рэдка заходжу да яго, як бы цураюся яго хаты, запрашаў, нават настойваў: «Во зараз і гайда…», а мне заставалася адно — знаходзіць часовыя адгаворкі, бо так жа не хацелася прынесці ў хату яшчэ адну зачэпку для «гасцявання»… Наіўна думаць, што гэтае маё «пасіўнае супраціўленне» магло нешта змяніць, але ўсё ж…

Светла ўспамінаецца адна — як тады было, яшчэ па старых маштабах Мінска, — загарадная вылазка, «Паехалі да Пушкіна!» — гукнулі Валодзя з Рыгорам Барадуліным. Паехалі — кудысьці ў раён Сляпянкі, у прыгарадную вёсачку (што цяпер, відаць, затоплена каменнымі аграмадзінамі), дзе кватараваў Пушкін — былы аршанскі вучань Караткевіча — журналіст Яўген.

Варылі бульбу на вогнішчы. Булькала ў саганку, весела скакала полымя, плыў над лугавінаю дымок, а Валодзя, папраўляючы паленцы («Заяц варыць піва», — жартавалі мы, бо надта ж падобны быў гэты абразок на той — з Валодзевага верша, — праўда, там была зябкая восень — «Павінна ж быць і ў зайца радасць перад халоднаю зімой…», — а тут буяла вясна, усё цвіло і спявала, сквірчэла і квакала ў цёплым надвячэр’і), захоплена і сур’ёзна чытаў лекцыю, як можна з бульбы прыгатаваць тысячу (не меней!) самых розных страў. У нас была адна — бядняцка-звычайная, будзённая, без прэтэнзій, — вараная. Але мы разумелі Валодзю. Ён расказваў смачна, артыстычна (былі тут і «клёцкі з душамі», і піражкі, фаршыраваныя грыбамі, і… ды што казаць — усё было на гэтым самабраным абрусе, раскінутым фантазіяй Валодзі Караткевіча), расказваў, быццам сам вось зараз быў найслыннейшым у свеце кухарам, гурманам (прынамсі, ён той хвілінаю шчыра верыў у гэта — і паспрабуй хто-небудзь засумнявацца…).

Ён заўсёды любіў маляваць пышныя, «арыстакратычныя» панарамы, а лад жыцця, побыт меў надзвычай просты, часам аскетычны, — ён, з шырокай, размашыстай натурай, не мог камусьці ў нечым адмовіць, і гэтым часта карысталіся… З «кіношных заробкаў», зазвычай, выходзіў ён «гол як сакол», пазычаў, каб разлічыцца з даўгамі (асабліва пасля экспедыцый «на натуру», — у Крым, скажам…).

Што ж тычыцца самога кінематаграфічнага пераўвасаблення прозы Уладзіміра Караткевіча, то поспехі ў пастаноўшчыкаў былі куды больш сціплыя (аб гэтым слушна пісаў у свой час Адам Мальдзіс). Усё, пераважна, зводзілася да знешняй эфектацыі, дзяжурнай кіношнасці, глыбінная нацыянальная сутнасць, боль і роздум пісьменніка неўпрыкмет выветрываліся. Не знайшлося між кінематаграфістаў мастака, роўнага талентам Уладзіміру Караткевічу, не дайшло да экрана багацце яго раманаў і аповесцей.

Самым частым і ўзаконена-пастаянным месцам сустрэч была рэдакцыя «Маладосці». Тады наогул звычай быў такі: у рэдакцыю ішлі, як у клуб — пагаманіць, пачуць навіны, свае прынесці. І нікога не здзіўляла гэта, нікому не перашкаджала, усе радаваліся такім сустрэчам…

Добра папрацаваўшы з раніцы, Уладзімір Караткевіч выходзіў «на людзі». А «на людзі» гэтыя, калі перабраўся ён у кватэру па вуліцы Карла Маркса, былі побач: прайсці Купалаўскім скверам да будынка ЦК камсамола, дзе месцілася рэдакцыя «Маладосці» (тут жа, на першым паверсе, была «Бярозка»).

Гэты голас і цяпер гучыць у вушах, чутно — яшчэ з-за дзвярэй: «Василий Васильевич дома?» То была яшчэ адна з незлічоных інтэрмедый-містыфікацый Валодзі. «Так, — гаварыў ён, — чуваш-сусед ідзе да суседа і яшчэ са свайго парога гукае на ўсю вуліцу: «Василий Васильевич дома?» (Быў і другі варыянт: «Поп Васька дома? — А кто спрашивает? — Василий Васильевич»…) Здаецца, больш за ўсё падабалася ў гэтай сцэнцы яму паўтараць «Василий Васильевич» — з націскам, з акцэнтаваным, дыстылявана правільным рускім вымаўленнем. Гэта была запеўка, пасля якой ён пачынаў расказваць, як хрысцілі папы чувашоў і чаму ў іх да нядаўняга бытавалі такія артадаксальна вывераныя, праваслаўнаасвечаныя імёны: «Иван Иванович», «Василий Васильевич», «Тимофей Тимофеевич»…

А я ў сваю чаргу прыгадваў, як пабываў нечакана ў калгасе «Самалёт» — таксама ў Чувашыі. На здзіўленае пытанне «Чаму такая назва незвычайная?» старшыня гаспадаркі патлумачыў, што было гэта ў час калектывізацыі: суседняя вёска назвала свой калгас «Трактар», тады тут рашылі — «Што мы, горшыя? Яшчэ хутчэйшую назву возьмем — «Самалёт»!

І Уладзімір Караткевіч пагаджаўся: так, гэта «парасткі» аднаго і таго ж кораня: перагнаць саміх сябе…

Чалавек энцыклапедычных ведаў — Уладзімір Караткевіч быў і неспатольным фантазёрам. Ён мог гадзінамі расказваць розныя гісторыі — і сур’ёзныя, і смешныя, мог ставіць сябе і сваіх герояў у самыя неверагоднейшыя сітуацыі, але ніколі, ні ў якім разе нельга было западозрыць яго, «злавіць» на нейкай таннай «мюнхаўзеншчыне», бо за кожнай абмаляванай ім сітуацыяй стаяла Праўда, якую называем мы ў мастацтве крыху высакамоўна, але па сутнасці дакладна — Праўдай Жыцця. Гэта — што звязана з вуснымі апавяданнямі Уладзіміра Караткевіча — больш за ўсё і найперш тычыцца і яго празаічных твораў, многія з якіх напоўнены адчайнымі прыгодамі, захапляюць напружанасцю сюжэта, таямнічасцю і загадкавасцю сітуацый і падзей, — словам, трэба прачытаць «Дзікае паляванне караля Стаха» ці «Чорны замак Альшанскі», каб на поўную меру адчуць самому і зразумець усё гэта. У той жа час за кожным з твораў стаяла дапытлівая, карпатлівая, цягам гадоў па-падвіжніцку здзяйсняемая пошукавая праца. Ён быў заядлы вандроўнік (з сябрамі-пісьменнікамі, журналістамі, навукоўцамі — у розных экспедыцыях — гісторыка-археалагічных, фальклорна-этнаграфічных, экалагічных) і нястомны чытач — з выключнай памяццю.

Абмалёўка знешняга партрэта Уладзіміра Караткевіча была б не поўная без аднае дэталі — кніжкі ў кішэні ці згорнутага ў «трубачку» часопіса, апошнім часам найчасцей з новым дэтэктывам (у чэшскім, славацкім, польскім ці яшчэ якім выданні). На пытанне ці нават нясмелы пратэст: «Навошта табе гэтая мішура?» адказваў сур’ёзна: «Трэба распрацоўваць беларускі дэтэктыў, трэба заваяваць самага шырокага, дэмакратычнага чытача, а пасля гэтай «нажыўкі» ён абавязкова «клюне» і на сур’ёзнае. І спасылаўся на добры вопыт нашых блізкіх сяброў — славакаў, чый гістарычны лёс вельмі ж падобны на наш… У тыя дні Уладзімір Караткевіч пісаў раман «Чорны замак Альшанскі» — спецыяльна для часопіса «Маладосць». Тады ж распачаў ён захоплена працаваць над казкамі — для дзяцей, — з тымі ж намерамі: заваёўваць чытача з самага юнага ўзросту.

З мэтанакіраванай паслядоўнасцю і нязменным творчым і чытацкім поспехам распрацоўваў Уладзімір Караткевіч жанр гістарычна-прыгодніцкага рамана і аповесці. Яго Юрась Братчык («Хрыстос прызямліўся ў Гародні») стаў сапраўдным беларускім сабратам такіх сусветна вядомых літаратурных герояў як Ціль Уленшпігель ці Робін Гуд.

Ён, здаецца, ведаў усё. Толькі запасы гэтыя былі не акадэмічна-казённыя, а пранізаныя, як бы тут сказаць, нейкай рамантычнай узвіхуранасцю. Ён, быццам бы памяняўшыся сутнасцю, але не месцамі з самім богам, глядзеў не з неба на зямлю, а з зямлі ў неба. Гэта з асаблівай выразнасцю выяўляла яго далёкаўсходняя аповесць «Чазенія»: на «марскія», а асабліва на «таежныя» старонкі, як з меха, высыпаліся незлічоныя багацці звестак, фактаў, назваў і тэрмінаў, — іншы раз праз меру, і пачынала здавацца, што ўся гэтая «жыўнасць» «перасялілася» з запісных кніжак ці музейных стэндаў…

Так, акадэмічнай казёншчыны не было, але акадэмічная грунтоўнасць і дакладнасць Уладзімірам Караткевічам гарантаваная. Аднойчы ён даверліва гаварыў мне, а дакладней вучыў, дзяліўся вопытам, адчыняў акенца ў сваю лабараторыю: «Калі сказана ў мяне, што ў чацвер 6 ліпеня тысяча пяцьсот нейкага года мой герой прахапіўся на досвітку ад страшэннага навальнічнага грукату, то будзь пэўны, што чацвер той быў не 5 і не 7 ліпеня, а менавіта 6», — і па сакрэту дадаваў: «Можаш праверыць, а будзе патрэба і пакарыстацца: у святароў ды і ў багатых бібліятэках ёсць добрыя — вечныя — календары…»

Нядаўна, перачытваючы — ужо ў кніжным выданні, пасля ці не чвэрцьвекавога марынавання — раман Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць», я напаткаў малюнак: …узыходзіў круглы халодны месяц… замёрзлыя ставы… цені канькабежцаў… І раптам: «Ад зямлі ўздымаўся туман. Ганна сказала, што гэта на цяпло і ён (Андрэй Грынкевіч. — В. З.) згадзіўся, хоць добра ведаў, што наадварот, на холад…» Мароз і туман… Ды і гэтыя прыкметы… Добра пакорпаўся я ў спецыяльнай літаратуры, ды так і не натрапіў на пэўны адказ: усё ж — на цяпло ці на холад?.. Паверыў апошняму: за кожным словам Грынкевіча стаіць аўтар. Засумняваўся б, каб хто сказаў іншы… А Караткевіч… Помню яго «сакрэцік» пра той чацвер. І думаю: недзе ж ёсць пацвярджэнне… Вось толькі няма ўжо ў каго запытацца… Ён бы адкрыў таямніцу. Як шчодра адкрываў ён іх юным чытачам са старонак кнігі «Зямля пад белымі крыламі». Мы сёння шмат гаворым аб стварэнні падручнікаў па роднай гісторыі, па культуры, геаграфіі, прыродазнаўстве Беларусі. А гэтая ж кніга — гатовы — і ніякага перабольшання не будзе — выдатны навучальны дапаможнік па нашым краязнаўстве. Маленькая — займальная і змястоўная — энцыклапедыя для школьнікаў. Варта толькі завінуцца ды хутчэй перавыдаць яе, ды забяспечыць школы і бібліятэкі.

І наогул, як хацелася б, каб у кожнай беларускай сям’і быў томік з творамі Уладзіміра Караткевіча (як у любым армянскім доме ёсць кніга па гісторыі Арменіі, ці ў эстонцаў — Эстонская энцыклапедыя). Хацелася б сказаць: «Памаліцеся яго словамі за родную зямлю», — яна вартая гэтага — сваімі пакутамі і сваёю славаю.

Са старонак твораў Караткевіча гаворыць сама Беларусь. І ён гаворыць — вуснамі сваіх герояў, іх думамі і ўчынкамі. Калі хочаце скласці партрэт Уладзіміра Караткевіча — складзіце яго з характараў Алеся Загорскага, Андрэя Грынкевіча, Юраса Братчыка, урэшце, — у кожным з іх яго часцінка…

А яшчэ ва ўсёй велічы паўстае духоўны воблік Караткевіча са старонак кніг яго паэзіі, асабліва апошняй — «Быў. Ёсць. Буду.», кнігі спавядальнай і развітальнай, кнігі, якую ён не паспеў патрымаць у руках…

Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але ТУТ нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі
забытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.
Яны аддалі нам меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых…
І нам немагчыма пайсці адсюль
І пакінуць са смерцю іх.

Наогул, паэзія Караткевіча заўжды — ад першага радка да апошняга — гучала тастаментна. Ён быў дакладны і строгі, — як у змесце, так і ў форме, ніякага фармальнага штукарства, ніякіх бразготак і танных упрыгожанняў — верш класічна стройны, з каранямі ў глебе, з кронаю — пад аблокі:

У векавечнай бацькаўшчыне клёны
Нячутна пачынаюць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць.
Зямля глядзіць азёрамі-вачыма
На ясны свет…

Тут нельга разменьвацца на звонкую дробязь, бо слова — пра самае святое: пра векавечную Радзіму, пра народ, пра яго лёс.

Радзіма, народ, нялёгкія і няпростыя шляхі яго гісторыі сталі нялёгкай і няпростай доляй творчага шляху Уладзіміра Караткевіча. Ён нястомна даследаваў, вывучаў і натхнёна вяртаў нам у мастацкім слове спадчыну — напаўзабытую і забытую, згубленую і прададзеную, абылганую і зганьбаваную. Але — неўміручую. Яна паўставала з цямнот і лёхаў мінуўшчыны перад намі, нашчадкамі, у велічных, гераічных і светлых вобразах, створаных Уладзімірам Караткевічам. Тут ён быў першапраходцам. Ён першы ў нашай літаратуры разгарнуў шырокую мастацкую панараму пярэдадня паўстання Кастуся Каліноўскага. І сёння застаецца толькі горасна шкадаваць, што раман «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік не змог, не паспеў закончыць — засталіся нам толькі два яго тамы, астатнія адышлі разам з творцам.

Розныя выказваюцца цяпер меркаванні, чаму не быў завершаны раман. Адны сцвярджаюць: «Надышлі, неадступна апанавалі новыя задумы…» Другія: «Жыццё так склалася, павярнулася нейкім неўладкаваным бокам, закруціла, панесла…» Трэція «здагадваюцца»: «Спыніўся перад самым галоўным — перад паўстаннем, не хапіла грамадзянскай рашучасці, гістарычнага грунту…»

Вось дзе ўжо адразу хочацца катэгарычна запярэчыць!..

Запярэчыць і прыгадаць, з якой насцярожанасцю сустракалі чыноўныя выдаўцы і знаўцы літаратуры, «спецы» па нашай гісторыі дзве першыя кнігі рамана. Колькі было запланаваных «давыдавецкіх» і «паслявыдавецкіх» абмеркаванняў… Вынікалі такія мнагаакрутныя рэестры заўваг і прапаноў наконт таго, як трэба было і як надалей варта пісаць Караткевічу свой раман, што заставалася толькі параіць іх сачыніцелям: ці не лепш самім сесці і напісаць твор — ад сябе, а не за іншага, выказаць усё, што вы так добра ведаеце і мудра разумееце, — вам і пяро ў рукі… Як гаварыў Міхась Ціханавіч Лынькоў, «дзярзайце, уюнашы»… А Уладзімір Караткевіч сказаў сваё.

Ды хоць была і гарачая падтрымка, але камень халаднавата-прафесарска-разважлівых меркаванняў упаў на душу мастака. Ён не даваў паварушыцца. Ён ціснуў шматпудовым, гнятлівым цяжарам… Як гэта спрыяе працы, творчаму настрою ў самым іх зеніце, — можна толькі ўявіць… Не вытрымала душа, надтрэснулася пад гэтаю халоднаю глыбай… А няскончанасць рамана застаецца фактам гісторыі літаратуры, вялікаю стратаю і для сучаснікаў, і для нашчадкаў. Для сучаснікаў жа яшчэ і — хай сабе прыхаванай — пакутай сумлення…

Прырода надзяліла Уладзіміра Караткевіча багаццем і шматграннасцю душы. Як трохі насмешліва прызнаваўся ён у аўтабіяграфічнай нататцы — «таленты выяўляў разнастайныя: і маляваў, і ў музычную школу хадзіў (прычым абсалютны слых спалучаўся ўва мне з гэткай жа абсалютнай лянотай)…»

Народную песню, як і наогул народную творчасць, Валодзя знаў дасканала, шанаваў, любіў апантана. І ўмеў спяваць. Згадваю адно позняе вяртанне з літаратурнай паездкі. Аўтобус імчаўся праз ноч, і праз усю ноч амаль, усю дарогу гучалі песні — беларускія, украінскія, рускія, польскія, балгарскія… Спявалі Уладзімір Караткевіч з Іванам Антонавічам Брылём. Спявалі нястомна, захоплена. І таленавіта, з душэўным пранікненнем у песню. Колькі іх было — не злічыць… Толькі і чулася: «А гэтую, Валодзя …» «А гэтую, Янка…»

Калі чытаеш творы пісьменніка паасобку, з разбежкай у часе, многія дэталі «праходзяць» аўтаномна, не так бачна кідаецца ў вочы іх тыповасць, характарыстычная адметнасць. А вось калі ўсё ахопліваеш адразу, у сістэме, выяўляюцца моманты дужа цікавыя і нечаканыя. Раптам заўважаеш, напрыклад, колькі сапраўды яркіх твораў выяўленчага мастацтва здзейсніў у слове Уладзімір Караткевіч. Ён любіў маляваць — алоўкам, пяром. Імгненныя накіды: дакладная лінія, штрых — і праступае профіль, сілуэт, характар… Берагу адзін такі ягоны малюнак — жаночы партрэт, выкананы лёгкім, слухмяным, спеўным пяром аўтаручкі. Ёсць віншавальныя паштоўкі — самаробныя Валодзевы маляванкі.

Але вось — проза, слова: «Усё было проста: насычанае чырвоным неба, барвовы адбітак у спакойнай вадзе, схіленая пад уласным цяжарам вадзяная чарацінка, што перакрэсліла палосу…» — выдатная кампаноўка! А фарбы можна ўявіць. Гэтую карціну Караткевіч «стварыў» за свайго героя «Ідылія ў духу Вато». А тут — калі ласка — партрэтны жывапіс: «Празрыстыя славянскія вочы, — быццам майскае неба ў ранішнім тумане, тупы носік, румяны рот з мяккімі ямачкамі ў куточках вуснаў. І лепей за ўсё была каса. Таўшчынёю з руку, залацістая, як сухі ліст каштана»; — знаёмцеся, хто не паспеў: Наталька з апавядання «Блакіт і золата дня». Ці гэты манументальны малюнак з рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»: «Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямного шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі…» — выразна, рэльефна, жыва…

Яшчэ адна мая памятка пра Уладзіміра Караткевіча — хоць і нейкім чынам ускосная, не прамая, але затое штодзённая. На сцяне ў маім пакоі, у невялікай багетавай рамцы, вісіць партрэт Максіма Багдановіча. А гісторыя яго — чыста караткевічаўская.

Святкаваўся Валодзеў юбілей. Пяцідзесяцігоддзе. Вечар у Доме літаратара быў шматлюдны. Валодзя губляўся ў гэтым тлуме, і смутак ляжаў на яго твары, сцінаў душу, такую няўрымслівую раней… Хвароба трымала яго ўчэпістымі рукамі… Падыходзілі сябры, знаёмыя, чытачы. З віншаваннямі было шмат сувеніраў. Валодзя ўзяў з маіх рук канверт з кніжачкай, механічна паклаў у кішэню, не зазірнуўшы нават, што ў тым канверце. Мабыць, і забыўся пра яго ў віншавальным патоку. І толькі праз нейкі час, як схлынуў натоўп з вестыбюля — усе падаліся ў залу, з гасцёўні раптам, дзе ўтварыўся цэлы сувенірны Эльбрус, выбухнуў голас Караткевіча: «А гэта хто мне прынёс?» А потым, відаць, прачытаўшы надпіс, кінуўся да мяне з паўторнымі — ужо не віншавальна-юбілейнымі — абдымкамі…

Была гэта «Жалейка» Янкі Купалы…

А партрэт Багдановіча — ён неяк выпраменьваўся насустрач з падаруначна-сувенірнага вэрхалу, і ў мяне вырвалася амаль тое ж самае здзіўленае пытанне: «А гэта хто табе прынёс?»

Тут быў Максім зусім не той хрэстаматыйны, з афіцыйна-сур’ёзным, застылым тварам. Тут свяціўся ён нязмушанай, цёплай, быццам да цябе звернутай, усмешкай. І рукі — артыстычна вытанчаныя рукі музыкі, — ці не таго скрыпача, пра якога пісаў Максім…

Зрабілі партрэт — паводле адшуканага нядаўна калектыўнага фотаздымка з юнацкіх гадоў Багдановіча — фотакарэспандэнт «Маладосці» Валянцін Ждановіч і мастак Пятро Драчоў. Ціхенька ўгаварыў я хлопцаў і займеў дублікат… Так і глядзіць, усміхаецца з рамкі Максім Багдановіч — даверлівай усмешкаю Караткевіча, і чупрына, здаецца, такая ж — неслухмяна-караткевічаўская…

«Зямля пад белымі крыламі» — так любіў яе, так славіў Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч…

Лунаюць над ёй, ахінаюць яе — прыгожую і векавечную — крылы добрай надзеі. А нам уяўляецца, нам бачыцца, што ў гэтай чарадзе гордых птушак ляцяць і светлыя думы паэта. Ляцяць над роднай зямлёю. Яны — разам, яны — не могуць разлучыцца. Толькі гукаюць-пераклікаюцца — жывая з жывым: «Як ты, маці-Беларусь?..» — «Помню, сыне…»

1. Апублікавана — «Літаратура і мастацтва», 1989, 21 ліп.

Яндекс.Метрика