Летапіс жыцця і творчасці

1930
Лістапад 26

Нарадзіўся ў горадзе Оршы Віцебскай вобласці ў сям’і бухгалтара. (Пасведчанне аб нараджэнні, копія; 113-я папка хатняга архіва.)
«Я ўраджэнец той часткі Беларусі, якая ляжыць на Дняпры… Продкі мае таксама ўсе адсюль…
Маці мая, Надзея Васільеўна, нарадзілася ў 1893 годзе, у дзяцінстве засталася без маці, скончыла марыінскую гімназію ў Магілёве, некаторы час, кінуўшы дом, працавала вясковай настаўніцай у вёсцы Збароў, ля Рагачова, а пасла пазнаёмілася з маім бацькам, Караткевічам Сямёнам Цімафеевічам, і ў 1917 годзе выйшла за яго замуж (бацька нарадзіўся ў 1887 годзе, памёр у 1959-м).
У сям’і нас было трох. Старэйшы брат (загінуў на апошняй, спадзяюся, што апошняй вайне), старэйшая сястра і я».(Дарога, якую прайшоў, 1 снеж. 1964 // Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў. Мн., 1966. С. 190-191.)

1936-1941

«Пісаць (а спачатку „бубніць“) вершы пачаў год у шэсць, але, на шчасце, хутка кінуў гэты занятак. Трохі пазней спрабаваў пісаць апавяданні, прычым абавязкова іх ілюстраваў. Увогуле, усё гэта было разнавіднасцю дзіцячай гульні. Таленты выяўляў разнастайныя: і маляваў, і ў музычную школу хадзіў (прычым абсалютны слых спалучаўся ўва мне з гэткай жа абсалютнай лянотай), але ўсе гэтыя таленты пайшлі тунна». (Дарога, якую прайшоў. С. 192.)
«У 1938 годзе паступіў там жа, у г.Оршы, у школу (паводле слоў сястры Н.С.Кучкоўскай, у СШ № 3.— А.В.) і да вайны скончыў тры класы». (Аўтабіяграфія, 25 крас. 1957; СП БССР.)

1941-1944

Вайна застала ў Маскве, куды пасля заканчэння школы паехаў да сястры, якая там вучылася. (Паводле слоў Н.С.Кучкоўскай.)
«Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне. Пасля давялося ўцякаць і адтуль. На Урал, у наваколле Кунгура. Выпадкова даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу… (Паводле слоў сястры, яна прыехала па яго ў жніўні 1943 г., і яны з вялікімі цяжкасцямі дабраліся да бацькоў.— А.В.) У Арэнбургу скончыў шосты клас. Потым нядаўна вызвалены Кіеў».(Дарога, якую прайшоў. С. 192)

1944-1949

«Пасля вызвалення роднага горада пераехаў у Оршу і паступіў у сёмы клас сярэдняй школы, якую скончыў у 1949 годзе. У камсамоле з 1945 года». (Аўтабіяграфія, 25 крас.1957; СП БССР. Паводле слоў Н.С.Кучкоўскай, вучыўся ў СШ № 1, а 10-ты клас канчаў у СШ № 5 г.Оршы.)
«Восенню сорак чацвёртага пераехалі на Беларусь… І ўсё ж многіх з нас цягнула да вершаў. Столькіх, што мы нават выдалі некалькі нумароў рукапіснага часопіса „Званочак“…
Напісаў я тады, думаю, не менш за дзвесце вершаў, але нікому іх не паказваў. А потым прыйшла настаўніца, якую заўсёды памятаю дабром,— Е.І.Грыневіч. І неяк так атрымалася, што ёй некаторыя вершы паказаў. Яны і прыгодніцкая аповесць „Загадка Неферціці“ былі „надрукаваны“ ў нашым „Званочку“. І гэта была адзіная мая „публікацыя“ за дзесяць год. Цяпер усё гэта недзе згубілася і шкадаваць аб ім пэўна няма чаго». (Дарога, якую прайшоў. С. 192-193.)

1949-1954

Вучыўся на філалагічным факультэце рускага аддзела Кіеўскага дзяржаўнага універсітэта ім Т.Р.Шаўчэнкі.
«Вучыўся, быў шчаслівы, меў шмат сяброў і, усё ж, успамінаю гэты час са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты і сораму. Пяшчоты — таму, што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музеі, музыка, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. Сораму — таму, што нярэдка даводзілася тады сустракацца са звычайнай вульгарызацыяй навукі.
Мне хацелася самому зразумець, чаму і нашто, і таму на некаторыя лекцыі я не хадзіў, а, замест таго, сядзеў у публічнай бібліятэцы.
Як ні дзіўна, я не хацеў быць літаратарам. Вершы пісаў для сябе. А ў будучым хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Цёмныя месцы «Слова», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы», «Авакум і літаратура расколу», «Справа пра “Саборныя дзеянні».(Дарога, якую прайшоў. С. 193.)

1950
Лета

Напісаў першы варыянт аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». (Памета на карэктуры аповесці; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 53.)

1951
Ліпень, 29

У аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» надрукаваны вершы «Здесь будет канал» і «Якубу Коласу». Адзін з іх быў на рускай мове, другі — на беларускай.

З 29 ліпеня

Праходзіў вайсковыя дваццацідзённыя зборы. (Павестка; 113-я папка хатняга архіва)

1952
Чэрвень

Наведаў разам з сябрам-аршанцам, студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута В.Краўцом Вязынку, дзе нарадзіўся Янка Купала. (Паводле успамінаў В.Краўца, якія захоўваюцца ў аўтара «Летапісу…») Пасля паездкі даслаў нарыс «Вязынка» і суправаджальны ліст жонцы Янкі Купалы Уладзіславе Францаўне. (Рукапіс; 9-я папка хатняга архіва)

Лета

Даслаў свае раннія творы для ацэнкі Якубу Коласу. Прыклаў да іх суправаджальны ліст. Гэтыя творы (казкі, апрацоўкі казак, вершы і апавяданні) пад назвай «Казкі і легенды маёй Радзімы» (129 с.) змешчаны ў агульным сшытку, які захоўваецца ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, воп. 110.

1953
Пачатак сакавіка

Ездзіў з сябрамі-студэнтамі на пахаванне Сталіна. (Памёр 5 сакавіка.) «В 39-м вернулся из тюрьмы один из моих дядек, старый коммунист, перед арестом — заведующий камчатским облоно… несмотря на мой возраст, он ничего от меня не скрывал… Потому и на похороны Сталина поехал и подбил на поездку ребят из комнаты, не из-за скорби, а чтобы видеть собственными глазами. И увидел. И, вместе с хлопцами, помогал санитарам вытаскивать из давки людей. И попал в переделку в Ветошном переулке в день похорон. А это уже не оставляло никаких сомнений и вызывало одно желание: „Скорей бы покончили со всем этим“… Никаких сомнений в его „зрячестве“, к счастью, уже на втором курсе у меня не было». (Дорога, которую прошел (автобиография), 17 верас. 1964; Рукапіс; 21-я папка хатняга архіва.)

31 ліпеня

Праходзіў вайсковыя дваццацідзённыя зборы. (Павестка; 9-я папка хатняга архіва)

1954
Чэрвень

Абараніў дыпломную работу на тэму «Казка. Легенда. Паданне». (Рукапіс; 17-я папка хатняга архіва)

Верасень

Здаваў уступныя экзамены ў завочную аспірантуру па спецыяльнасці «Руская літаратура» ў Кіеўскі дзяржаўны універсітэт імя Т.Р.Шаўчэнкі. (Ліст да сябра ад 26 жн.: 9-я папка хатняга архіва)

1954-1956

Працаваў настаўнікам СШ у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці. (Аўтабіяграфія, 25 крас. 1957; Рукапіс)

1955
Сакавік 28 — май, 11

Здаў экзамены кандыдацкага мінімуму (дыялектычны і гістарычны матэрыялізм, нямецкая мова, гісторыя рускай літаратуры, спецкурс па гісторыі рускай літаратуры). (Пасведчанне ад 21 мая 1955; 113-я папка хатняга архіва.) «Пасля заканчэння універсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з’явілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год». (Дарога, якую прайшоў. С. 193.)

Да 17 ліпеня

Па запрашэнні Віцебскага інстытута удасканалення настаўнікаў працаваў на летніх курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў-філолагаў і прачытаў курс лекцый па рускай савецкай (32 гадзіны) і беларускай (36 гадзін) літаратурах. Курсы праводзіліся ў Оршы. У водзыве, падпісаным загадчыкам курсаў, членам метадычнага савета Віцебскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў М.Садавым, адзначалася, што лекцыі У.Караткевіча былі цікавымі і змястоўнымі. (Машынапіс; 106-я папка хатняга архіва)

Ліпень

У час. «Полымя», № 7 надрукаваны верш «Машэка».
«Напісаў я за дзевяць год — горы. Нават трагедыю белым вершам, жахліва тр-рагічную. Але друкавацца і не думаў. У канцы першага года маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Мінскі сябра (С.Карпенка.— А.В.) папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс „Полымя“.
І раптам улетку 1955 года я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам „Машэка“. Гэта пераламіла мой лёс. Потым з’явіліся яшчэ вершы ». (Дарога, якую прайшоў, С. 194.)

Верасень, 15 — 23

Быў удзельнікам рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў у Мінску, дзе былі высока ацэнены яго вершы. Удзельнікі нарады сфатаграфаваліся з Якубам Коласам. (Літ. і мастацтва, 24 верас.)

На працягу года

У кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта» надрукаваны нарыс «Вязынка».

1956
Сакавік

У час. «Полымя», № 3 надрукаваны вершы «Заяц варыць піва», «Орша». Напісаў у Лесавічах легенду «Маці Ветру». (Рукапіс; Хатні архіў.)

Верасень

У час. «Полымя», № 9 надрукаваны вершы «Балада пра паўстанцы Ваўкалаку», «Стаю ўначы ў завіруху…».

1956-1958

Працаваў настаўнікам 8-й сярэдняй школы ў Оршы. (Картка персанальнага ўліку члена Саюза пісьменнікаў СССР, 23 лют. 1978; СП БССР.)

1957
Студзень

У час. «Маладосць», № 1 надрукаваны вершы «Бацькаўшчына», «Ялінка», «Рута ў халоднай расе».

Сакавік, пачатак — сакавік, 14

Напісаў п’есу «Млын на Сініх Вірах». Дапрацоўваў у сакавіку і красавіку. (Рукапіс; Хатні архіў.) Упершыню — у яго кн. «Старыя беларускія хронікі» (Мн., 1988.)

Красавік

У час. «Маладосць», № 4 надрукаваны верш «Вясна».

З 20 красавіка

Быў удзельнікам рэспубліканскага семінара маладых паэтаў. (Літ. і мастацтва, 24 крас.) Знаходзіўся ў Каралішчавічах і Мінску амаль два тыдні. (Ліст да М.А.Садавога ад 14 мая.)

Красавік, 26

Прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Рэкамендацыі далі М.Лужанін, А.Вялюгін, А.Бялевіч. На пасяджэнні праўлення СП БССР ад 26 крас. з характарыстыкай творчасці У.Караткевіча выступілі А.Бялевіч і А.Вялюгін. (Асабістая справа; СП БССР.)

Май, 1

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны верш «Рыбы ў падводных лясах». (Вядомы пад назвай «З падсветам».)

Май

Закончыў аповесць «У снягах драмае вясна». (Рукапіс; Хатні архіў.) Упершыню — у час. «Полымя», 1988, № 4-5.

Чэрвень, 30

У газ. «Чырвоная змена» надрукаваны верш «Сплятайце рукі!», адзначаны дыпломам Усебеларускага фестывалю моладзі і студэнтаў.

Ліпень

У час. «Полымя», № 7 надрукаваны вершы «Вадарод», «Як размаўляюць звяры і птушкі», «Гісторыя з першым каханнем», «Песня шафёра», «Праменьчык», «Сырцовыя цагліны», «Лісце».

Верасень, 11

У газ. «Чырвоная змена» надрукаваны верш «У тую ноч».

Да 6 лістапада

Прысуджана заахвочвальная прэмія за п’есу «Млын на Сініх Вірах» на рэспубліканскім конкурсе на лепшую п’есу, опернае і балетнае лібрэта, прысвечаным 40-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. (Літ. і мастацтва, 6 лістап.)

Снежань

У час. «Полымя», № 12 надрукаваны верш «Спадарожніку Зямлі».

1958-1960

Вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. «Літаратурныя курсы шмат далі мне самой сваёй атмасферай, глыбінёй спрэчак, сяброўствам, шырынёй далягляду. Там я напісаў сваю другую кнігу „Вячэрнія ветразі“ (1960), некалькі апавяданняў і гістарычную аповесць „Сівая легенда“; разам з напісанай раней аповесцю „Цыганскі кароль“ яны склалі трэцюю маю кнігу „Блакіт і золата дня“. Акрамя таго, у Маскве быў задуманы першы мой раман „Леаніды не вернуцца да Зямлі“, надрукаваны пад назвай „Нельга забыць“ у часопісе „Полымя“ ў 1962 годзе». (Дарога, якую прайшоў. С. 194.)

1958
Люты, 4 — май

У Мінску, у хаце В.Краўца, дзе некаторы час жыў, дапрацоўваў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». (Паводле паметы ў канцы рукапісу аповесці, які захоўваецца ў перакладчыка В.Сёмухі.) Дапрацоўвалася аповесць і ў маі. «Пішу зараз увесь вольны час… і за гэты час скончу сучасныя апавяданні і апрацую дзве-тры маленькіх аповесці пра шляхту. Адну амаль апрацаваў, апошнюю, пра васьмідзесятыя гады мінулага стагоддзя ў беларускай глушы: «Дзікае паляванне караля Стаха». (Ліст да Я.Брыля ад 10 мая.)

Люты

У час. «Полымя», № 2 надрукаваны вершы «Партызанская балада» і «На пачатку дарог».

Красавік

У час. «Маладосць», № 4 надрукаваны верш «На радзіме». (Вядомы пад назвай «У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы…»)

Май

У час. «Полымя», № 5 надрукаваны пераклад верша А.Жукаўскаса «Ты не пытай». (З літоўск.)

Жнівень, 16

Закончыў аповесць «Цыганскі кароль». (Машынапіс; ЦНБ БССР, Ф. 11, воп. 1. адз. зах. 67.)

Снежань

У час. «Полымя», № 12 надрукаваны верш «Дзень першы».

На працягу года

Выйшла з друку першая кніга, зборнік вершаў «Матчына душа».
У кн. «Галасы сяброў» (Мн., с. 127, 190-191) надрукаваны пераклады вершаў А.Малдоніса «Голас восені» і В.Рудокаса «Веснавая мелодыя». (З літоўск.)

1959
Сакавік

У час. «Маладосць», № 3 надрукаваны вершы «Балада пра смяротнікаў», «Баявыя вазы», «Вячэрнія ветразі».

Да 7 сакавіка

Беларускае тэлебачанне паставіла п’есу «Млын на Сініх Вірах». (Літ. і мастацтва, 7 сак.)

Сакавік, 22

У газ. «Чырвоная змена» надрукаваны верш «Як стажары ў небе заззялі…».

Красавік

У час. «Полымя», № 4 надрукаваны верш «Месяц над млынам». (Вядомы пад назвай «Было юнацтва».)

Май, 23

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны артыкул «Замарожаныя мільёны». (Сааўт. І.Чаранок, Т.Бойка, А.Прохараў, М.Сталяроў.)

Чэрвень, 10

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны нарыс «Пад зялёнымі шатамі паркаў». (Сааўт. А.Бажко, У.Ідэльсон, І.Цяцерын.)

Чэрвень, 14

Закончыў апавяданне «Мір і меч». (Пазнейшая назва «Аліва і меч»). (Машынапіс; 51-я папка хатняга архіва) Упершыню — у час. «Маладосць», 1990, № 11.

Чэрвень, 25

Закончыў у Оршы апавяданне «Белае полымя». (Машынапіс; ЦДАМЛіМ БССР, Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 110, с . 121-141.)

Жнівень, 7

Узнік пачатак рамана «Каласы пад сярпом тваім». «Пачатак рамана прыйш.[оў] у галаву 7 жн.[іўня] 59 г. ля Азярышча». (Запісная кніжка.)

Жнівень, 26

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны артыкул пра паэзію «Якім шляхам ісці?». Там жа як адказ У.Караткевічу быў надрукаваны артыкул Р.Бярозкіна «Міма паэзіі».

Верасень, 12

Закончыў сцэнарый мастацкага фільма «Дзеці вялікай ракі». (Рукапіс; 90-я папка хатняга архіва.)
У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны пераклад верша Е.Стулпана «Журавінка». (З латыш.)

Верасень, 21

Памёр бацька Караткевіч Сямён Цімафеевіч (Паводле слоў сястры Н.С.Кучкоўскай.)

Кастрычнік

У час. «Полымя», № 10 надрукаваны верш «Буслы вучаць дзяцей».

1960
Да 20 студзеня

Пачаў пісаць у Оршы аповесць «Сівая легенда». (Ліст да Е.Стулпана і яго блізкіх ад 20 студз.)

Красавік

У час. «Маладосць», № 4 надрукаваны верш «Ленін калыша дзіця».

Май

У час. «Маладосць», № 5 надрукавана апавяданне «У шалашы».

Май — чэрвень

У час. «Подъем», № 3 надрукавана апавяданне «Пылесос». (Пер. Ю.Ганчароў.) Упершыню на беларускай мове пад назвай «Як звяргаюцца ідалы» — у яго кн. «Блакіт і золата дня» (Мн., 1961.)

Чэрвень

У час. «Маладосць», № 6 надрукаваны вершы «Дзяўчаты», «Чайка», «О мой цудоўны край…», «Месяц заснуў на коміне хаты…», «Мімозы».

Верасень 1960 — да 15 лютага 1962

Напісаў раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»). (Памета на рукапісе; ЦДАМЛіМ БССР, Ф. 56, воп. 1, адз. зах. 1; Ліст да Е.Стулпана і яго блізкіх ад 15 лют. 1962.)

На працягу года

Выйшаў з друку зборнік паэзіі «Вячэрнія ветразі».

1960-1962

Вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве. З жніўня 1962 г. на творчай працы. Жыў у Мінску. (Картка персанальнага ўліку члена Саюза пісьменнікаў СССР, 23 лют. 1978; СП БССР.)

1961
Студзень

У час. «Полымя», № 1 надрукавана апавяданне «Каўчэг». (Вядома пад назвай «Блакіт і золата дня».)

Сакавік

У час. «Маладосць», № 3 надрукаваны пераклад навелы О.Іаселіяні «Белая дзяўчына». (З груз.)

Красавік

У час. «Полымя», № 4 надрукавана легенда «Раман Ракута». (Вядома як аповесць пад назвай «Сівая легенда».)

Май, 1

Закончыў апавяданне «Маленькая балерына». (Паводле паметы на рукапісе, які захоўваецца ў перакладчыка В.Сёмухі.) Упершыню — на рускай мове (аўтапераклад) — у час. «Нёман», 1987, № 8, на беларускай — у час. «Маладосць», 1988, № 1.

Май

У час. «Полымя», № 5 надрукаваны верш «Нявесце Кастуся Каліноўскага».

Кастрычнік, 7

Закончыў «Легенду аб бедным д’ябле і адвакатах сатаны» і сцэнарый па ёй для аднайменнага мастацкага фільма. (Машынапіс; 73-я папка хатняга архіва.)

На працягу года

Выйшаў з друку зборнік апавяданняў і аповесцей «Блакіт і золата дня».

1962
Сакавік

У час. «Полымя», № 3 надрукаваны верш «Вуліца касманаўтаў».

Красавік, 21 — май, 12

Пераклаў п’есу П.Антэаса «Праметэй перад трыбуналам». (З навагрэч.) (Лісты да Е.Стулпана ад 21 крас. і 12 мая.)

1962-1964

Напісаў раман «Каласы пад сярпом тваім». (Паводле памет у рукапісе, які захоўваецца ў 43-й папцы хатняга архіва). Памета ў канцы рукапісу сведчыць, што твор ствараўся ў Рагачове, Мінску, Каралішчавічах, Чэлябінску. Гэта першая кніга задуманай трылогіі пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Май — чэрвень

У час. «Полымя», № 5-6 надрукаваны раман «Нельга забыць». (Вядомы пад назвай «Леаніды не вернуцца да Зямлі».)

Ліпень

У час. «Маладосць», № 7 надрукаваў артыкул пра Янку Купалу «Пакуль гэта сэрца б’ецца» , дзе згадаў, што да вайны ў Оршы ён аднойчы бачыў паэта.

Да 25 ліпеня

Пісаў і ўжо амаль напісаў нарыс пра Латвію «Казкі Янтарнай краіны». (Ліст да Е.Стулпана і яго блізкіх ад 25 ліп.)

Кастрычнік, 5(?) — 25

Адпачываў у Кактэбелі. «Надо здесь кончить шлифовать первую книгу романа» („Каласы пад сярпом тваім“.— А.В.). (Ліст да Е.Стулпана ад 5 кастр.)

Снежань

У час. «Маладосць», № 12 надрукавана рэцэнзія «З любоўю да чалавека» на кн. А.Наўроцкага «Неба ўсміхаецца маланкаю» (Мн., 1962).
У час. «Полымя», № 12 надрукавана навела «Кніганошы».

1963
На пачатку года

У кн. «Выбранае» Д.Г.Байрана (Мн., с. 54 — 55, 127 — 133) надрукаваны пераклады верша «Паражэнне Сенахерыба» і ўрыўка з песні трэцяй паэмы «Паломнінцтва Чайльд Гарольда». (З англ.) (Паводле выхадных даных гэтай кнігі.)

Студзень, 21

Атрымаў аднапакаёвую кватэру ў Мінску па вул. Чарнышэўскага, д. 7, кв. 57. (Ордэр; 113-я папка хатняга архіва.) Перавёз з Оршы сваю маці, якая ў далейшым жыла пры ім. (А.Лабанок. Мой Караткевіч // Віцебскі рабочы, 1988, 22 ліп.)

Студзень, да 25

Працаваў у архівах Вільнюса, дзе збіраў матэрыялы для рамана «Каласы пад сярпом тваім». (Ліст да Е.Стулпана і яго блізкіх ад 25 студз.)

Люты, 1

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны раздзел з рамана «Каласы пад сярпом тваім» пад назвай «Студзеньскім цёмным світаннем».

Люты, 15 — сакавік, 5

Быў у Чэлябінску, дзе жыла сястра Н.С.Кучкоўская з сям’ёй. Напісаў там «Руну пра Кастуся», адзін з ранніх варыянтаў п’есы «Кастусь Каліноўскі», працаваў над раманам «Каласы пад сярпом тваім». (Запісная кніжка; Ліст да Е.Стулпана ад 3 сак.)

Люты

У час. «Полымя», № 2 надрукаваны нарыс «Казкі Янтарнай краіны».

Люты, 26

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны два раздзелы з аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» пад назвай «Прывіды знікаюць». Ва ўступнай нататцы да публікацыі адзначалася, што ў новую кнігу У.Караткевіча «Леаніды не вернуцца да Зямлі» ўваходзяць аднайменны раман і невядомая яшчэ чытачу аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха».

Чэрвень, 18 — 24

Разам з Я.Брылём і У.Калеснікам падарожнічаў па Беларусі (Баранавічы — Слонім — Кракотка — Зэльва — Ваўкавыск — Масты — Шчучын — Мала-Мажэйкава — Ліда — Наваградак — Валеўка — Свіцязь — Туганавічы — Загор’е — Мір — Стоўбцы.) (Запісная кніжка; Артыкулы пра Я.Брыля «Мой друг і мая зямля» // Маладосць, 1967, № 8 і пра У.Калесніка — «Шляхі ў палях» // Полымя, 1972, № 9; Я.Брыль. Пра Караткевіча // Літ. і мастацтва, 1985, 1 лістап.)

Ліпень, 8

На пасяджэнні секцыі прозы СП БССР адбылося абмеркаванне рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»). Выступілі Т. Хадкевіч, П.Броўка, А.Кучар, Я.Скрыган, Л.Арабей, А.Асіпенка, І.Мележ. (Запісная кніжка.)

Жнівень, 30

Закончыў у Тарусе п’есу «Кастусь Каліноўскі». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 135.) П’еса мела некалькі варыянтаў.

Кастрычнік

У час. «Полымя», № 10 надрукавана рэцэнзія «…Будзеш свой сярод чужых» на кн. Д.Г.Байрана «Выбранае» (Мн., 1963).

Кастрычнік, 30

Закончыў апавяданне «Барвяны шчыт». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 91. Запісная кніжка.)

Лістапад, 7 — 9

Напісана апавяданне «Залаты бог». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 74.)

Да 16 лістапада

«Набор моего романа (кнігі „Леаніды не вернуцца да Зямлі“.— А.В.) рассыпан (обвинили в абстрактном гуманизме и прочих смертных грехах). Кроме того, п’еса (“Кастусь Каліноўскі”.— А.В.) лежит в ЦК уже много недель… и оттуда опять-таки ни ответа ни привета. Сценарий („Гнеўнае сонца, пякучае“.— А.В.) все еще мучают и — не хочу быть пророком плохого — но, может быть, тоже зарежут это дело». (Ліст да сям’і Е.Стулпана ад 16 лістап.)

1964
Люты, 14

Закончыў апавяданне «Сіняя-сіняя…». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, вор. 1, адз. зах. 76.)

Сакавік

Працаваў у архівах Вільнюса, дзе збіраў матэрыялы для рамана «Каласы пад сярпом тваім». (А.Мальдзіс. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Сакавік, 10

Праз сто гадоў пасля смерці Кастуся Каліноўскага быў у Вільнюсе на месцы яго пакарання. [Вільнюс — частка душы маёй // Наўёс кнігос (Новыя кнігі), 1980, № 8. (На літ. мове.)]

Сакавік

У час. «Маладосць», № 3 надрукавана эсэ пра Т.Шаўчэнку «І будуць людзі на зямлі».
У час. «Беларусь», № 3 да 100-годдзя з дня смерці Кастуся Каліноўскага надрукаваны артыкул «Гэта было 10 сакавіка 1864 года…».

Да 21 красавіка

Быў у сястры Н.С.Кучкоўскай у Чэлябінску. Пісаў раман «Каласы пад сярпом тваім». (Паштоўка да Е.Стулпана ад 7 крас.)

Май, да 24

Разам з М.Лужаніным, С.Грахоўскім, Р.Барадуліным, Г.Кляўко, У.Калеснікам, Г.Васюковай выступаў у Брэсце на традыцыйным свяце «Брэсцкая вясна». (А.Павлов. День этот светел и радостен был // Заря, 24 мая.)

Май, 24

У газ. «Заря» надрукаваны верш «Белавежскі алень».

Да 28 мая

«Сидел в Челябинске, кончал роман, потом в Минске вычитывал, потом погнали меня в Брест, а сейчас снова с утра до ночи сижу над снятыми с машинки материалами». (Ліст да Е.Стулпана ад 28 мая.)

Май — верасень, да 18

Магчымы час напісання аповесці «Зброя», аб чым можа сведчыць памета да рукапісу двух раздзелаў другой кнігі рамана «Каласы пад сярпом тваім» («Брань»), які захоўваецца ў 74-й папцы хатняга архіва: «Пачаў 18 верасня 64 г., у 11 г. дня. Дагэтуль напісаны былі раздзелы аб Маскве і некаторыя другія». Рукапіс аповесці «Зброя» захоўваецца ў 15-й папцы хатняга архіва, паметы аб часе напісання няма.

Пачатак ліпеня

Ездзіў са здымачнай групай «Беларусьфільма» на Палессе пад Лельчыцы шукаць і здымаць шматсотгадовыя дубы для кароткаметражнага дакументальнага фільма «Сведкі вечнасці». (Ліст да Е.Стулпана ад 30 чэрв.)

Жнівень, 2

Закончыў у Рагачове «Ладдзю Роспачы». (Запісная кніжка.) Рукапіс захоўваецца ў Р.Барадуліна. Упершыню на беларускай мове — у яго кн. «З вякоў мінулых» (Мн., 1978.)

Пачатак верасня

Разам з аператарам «Беларусьфільма» А.Забалоцкім наведаў Кішынёў, дзе быў прагляд фільма «Праз могілкі». (Ліст да Е.Стулпана ад 14 верас.)

Верасень — снежань

У час. «Маладосць», № 9 — 12 надрукавана аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха».

Верасень

У час. «Беларусь», № 9 надрукавана апавяданне «Cіняя-сіняя…».
У час. «Полымя», № 9 надрукавана рэцэнзія «Бетховен б’е ў далоні…» на кн. У.Лучука «Полум’я мене овіюе» (К., 1963.)

Верасень, 17

Для Е.Ф.Нікіцінай напісаў аўтабіяграфію «Дорога, которую прошел». (Рукапіс; 21-я папка хатняга архіва.)

Снежань, 1

Напісаў аўтабіяграфію «Дарога, якую прайшоў» для кнігі аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў «Пра час і пра сябе» (Мн., 1966). (Паводле паметы ў кнізе.)

На працягу года

На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыі пастаўлены кароткаметражны дакументальны фільм «Сведкі вечнасці».

1965
Люты — чэрвень

У час. «Полымя», № 2-6 надрукаваны раман «Каласы пад сярпом тваім».

Сакавік, 14

У газ. «Ніва» надрукаваны артыкул пра Ф.Скарыну «Людзям простым к добраму навучэнню».

Сакавік — красавік

Знаходзіўся ў Чэлябінску ў сястры Н.С.Кучкоўскай, дзе 31 сакавіка закончыў першы варыянт сцэнарыя мастацкага фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (рукапіс захоўваецца ў ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 157) і дзе 7 красавіка пачаў пісаць раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». (Рукапіс невядомы; Машынапісы захоўваюцца ў ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 41-47, маюць памету ў канцы: 7 красавіка 1965 г. — 29 красавіка 1966 г. Чэлябінск (Шагол) — Рагачоў.)

Красавік, 25

У газ. «Ніва» надрукаваны верш «О вясна! Таполі! Свеце мілы!..», «Усё, што было, і ўсё, што часам сніцца…», «Цюляня», «Падымаюць жоўтыя галовы…».

Чэрвень, 2 — 9

Разам з Я.Брылём і Р.Барадуліным падарожнічаў па Магілёўшчыне і Віцебшчыне (Рагачоў — Кісцяні — Гарадзішча — Чэрыкаў — Крычаў — Орша — Полацк — Ушачы — воз. Вечалле — Лепель). (Запісная кніжка; Мой друг і мая зямля // Маладосць. 1967, № 8.)

Ліпень, 24

У газ. «Сов. Литва» надрукаваны артыкул «Люблю тебя, Вильнюс».

Жнівень — верасень

Разам з Р.Барадуліным і Г.Кляўко праходзіў вайсковыя зборы ў «Боевой вахте», штодзённай газеце Ціхаакіянскага флоту. За гэты час надрукаваў у газеце «Красное знамя» (Уладзівасток) пераклад верша «Партызанская балада», выступіў па тэлебачанні, напісаў некалькі нарысаў пра маракоў. Дапрацаваў раман «Каласы пад сярпом тваім», улічваючы заўвагі выдавецкага рэцэнзента М.Лужаніна. Даслаў твор у Мінск. Дапрацаваў сцэнарый фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і даслаў на студыю трэці яго варыянт. Падарожнічаў па Прымор’і і Усурыйскай тайзе, наведаў Бахайскае гарадзішча і запаведнік «Кедравая Падзь», хадзіў у мора. (Запісная кніжка.)

Верасень

У час. «Маладосць», № 9 надрукавана эсэ пра М.К.Агінскага «Песня з Паўночных Афін».

Кастрычнік, 27

У Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР адбылося абмеркаванне рамана «Каласы пад сярпом тваім». (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)
«З уступным словам выступіў кандыдат філалагічных навук П.Дзюбайла. Больш падрабязна прааналізаваў твор аспірант С.Андраюк.
У абмеркаванні рамана Ул.Караткевіча прынялі ўдзел доктар філалагічных навук Ю.Пшыркоў, кандыдат мастацтвазнаўчых навук С.Міско, кандыдаты філалагічных навук В.Зайцаў, А.Мальдзіс,. супрацоўнік Інстытута гісторыі М.Біч, супрацоўнік Інстытута мовазнаўства М.Шушкевіч, мастак Л.Баразна, кандыдат філасофскіх навук У.Конан, пенсіянер Язэп Сушынскі. У заключэнне выступіў Ул.Караткевіч». (Літ. і мастацтва, 29 кастр.)

Снежань

У час. «Маладосць», № 12 надрукаваны пераклады вершаў У.Лучука «Росы», «Калі б». (З укр.)

На працягу года

У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с. 78-80, 112-123) надрукаваны «Чорная балада Гаркушы» і нарыс «Балады каменя».

1966
Студзень, да 4

Быў на Астравеччыне, у Гудагаях і Расолах, на радзіме А.Мальдзіса. (Запісная кніжка.)

Студзень, 20

У газ. «Чырвоная змена» надрукаваны пераклады вершаў У.Лучука «Роздум пра сівыя косы», «Сняжычкі», «Павярнуся на вёску да мамы…». (З укр.)

Студзень — красавік

Быў у Рагачове ў дзядзькі І.В.Грынкевіча, брата маці, пісаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». (Лісты да Я.Брыля ад 28 студз., 19 лют., 4 мая; Ліст да М.Грынчыка ад 16 лют.)

Люты,. 8

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны верш «Слова беларускай бярозы».

Люты, 12

Закончыў эсэ «Дуб Крывашапкі (Апавяданне аб падарожжы ў стагоддзі)». (Пазнейшая назва «Дрэва вечнасці».) (Рукапіс; 82-я папка хатняга архіва.)

Люты

У час. «Беларусь», № 2 надрукаваны верш «Слова беларускай бярозы», «Раманс Марылі», «І сніў Адам…».

Канец лютага — пачатак сакавіка

Працаваў у архівах Вільнюса. (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Сакавік

У газ. «Ніва» надрукаваны верш «Трасцянец».

Красавік, 10

У газ. «Ніва» надрукаваны верш «Бацькі з магіл цяплом дыхнулі…».

Красавік, 24

У газ. «Ніва» надрукавана «Балада аб нашэсцях».

Май

У час. «Полымя», № 5 надрукавана ўступнае слова да твораў А.Міланава і пераклады яго вершаў і эпіграмаў «Праз што праходзяць межы», «Карчма для галодных», «Вольны пераказ андэрсенаўскай казкі пра голага караля», «Анафема», «Узаемнасць», «Ваенны паэт», «Свята паэзіі». (З балг.)

Май, 12-14

Быў дэлегатам V з’езда пісьменнікаў Беларусі з правам рашаючага голасу. (Пасведчанне, мандат; 106-я папка хатняга архіва.)

Май, другая палова — пачатак чэрвеня (?)

«У 1966 годзе Я.Брыль, Р.Барадулін і я калясілі па Налібоцкім пушчанскім наваколлі». (Шляхі ў палях // Полымя, 1972, № 9.)

Чэрвень, 14 — ліпень, 5

Наведаў Латвію. Быў у рыбалавецкім калгасе, у Латгаліі, у Рызе, на моры. (Запісная кніжка.)

Жнівень, 4 — верасень, 19

У складзе здымачнай групы «Беларусьфільма» наведаў многія мясціны Беларусі (Заслаўе, Залессе, Гудагай, Расолы, Міхалішкі, Варняны, Мала-Мажэйкава, Гародня, Свіслач, Сынковічы, Слонім, Ружаны, Брэст, Камянец, Мінск, Наваградак, Валеўка, Туганавічы, Нясвіж, Рагачоў, Гомель, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш.), Вільнюс, Маскву, дзе здымаўся кароткаметражны дакументальны фільм «Памяць каменя». (Запісная кніжка.)

Жнівень

У час. «Маладосць», № 8 надрукавана рэцэнзія «Крэсіва, іскры, агонь» на кн. В.Зуёнка «Крэсіва» (Мн., 1966).

Кастрычнік, 6

Напісаў эсэ «Земля под белыми крыльями». (Рукапіс; 105-я папка хатняга архіва.)

Кастрычнік

У час. «Полымя», № 10 надрукаваны вершы «Крокі ўначы», «Маленне да бога рэк» (вядомы пад назвай «Дняпро і Ака. Ён і яна»), «Бацькі з магіл цяплом дыхнулі…».

Лістапад, 11

Закончыў у Рагачове паэму «Чазенія». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 64.)

Лістапад, 19

Разам з Р.Барадуліным, Ю.Голубам, А.Разанавым, Я.Янішчыц выступаў у Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце. (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча; Запісная кніжка.)

Лістапад — снежань

У час. «Неман», № 11-12 надрукаваны ў скарачэнні на рускай мове раман «Хрыстос спусціўся ў Гародні». (Аўтарыз. Пераклад Н.Кісліка.)

Снежань, 10

Ездзіў з А.Лойкам у Мядзель. (Запісная кніжка; 112-я папка хатняга архіва.)

Снежань

У час. «Маладосць», № 12 да 75-годдзя з дня нараджэння М.Багдановіча надрукаваны артыкул «Летапісец».

На працягу года

У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с.99-101) надрукаваны вершы «Карадаг», «Трасцянец», «Безгаловая Венера».
У кн. «Пра час і пра сябе. Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў» (Мн., с. 190-195) надрукавана аўтабіяграфія «Дарога, якую прайшоў».

1967
Студзень, 29

Быў у Белдзяржфілармоніі на сустрэчы з экстрасенсам В.Месінгам. (Запіс «Прароцтва Вольфа Месінга наконт шляху будучага Ул.Караткевіча» і білет на сустрэчу захоўваецца ў 113-й папцы хатняга архіва.) «Дадаў (Месінг.— А.В.), што мае справу з творамі таленавітага чалавека. І пагадзіўся з прапановай Валянціны Ігнатаўны (Гапавай.— А.В.), каб назаўтра прыняць Караткевіча ў гасцініцы. Гаворка ў нумары працягвалася мінут сорак… Па словах Валянціны Ігнатаўны, якая чакала канца размовы на калідоры, Караткевіч выйшаў з нумара задуменны. Месінг жа выбег, нібы звар’яцелы, усклікнуў: «Вы правільна зрабілі, што прывялі яго. Гэта наш геній!» (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Люты, 7

У газ. «Правда Востока» надрукаваны нарыс «Земля под белыми крыльями».

Люты

У час. «Беларусь», № 2 надрукаваны верш «Каложа».

Люты — сакавік

У час. «Маладосць», № 2-3 надрукавана паэма «Чазенія».

Люты, 22

На аб’яднаным пасяджэнні сакратарыята, секцыі прозы і крытыкі СП БССР абмяркоўваўся раман «Каласы пад сярпом тваім» для таго, каб рэкамендаваць яго да выдання асобнай кнігай. Старшынстваваў І.Мележ. Выступілі М.Лобан, Г.Кісялёў, Л.Салавей (выдавецкі рэдактар, які абапіраўся галоўным чынам на палажэнні выдавецкай рэцэнзіі М.Лужаніна на гэты твор), А.Адамовіч, Я.Скрыган, В.Адамчык, І.Навуменка, А.Асіпенка, А.Мальдзіс, Н.Гілевіч, Я.Брыль. У абмеркаванні ўдзельнічаў У.Караткевіч. (Стэнаграма пасяджэння; 42-я папка хатняга архіва.)

Сакавік, 15 — красавік, 28

У складзе здымачнай групы фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» знаходзіўся ў Крыме, дзе напісаў многія вершы, якія склалі цыкл «Таўрыда» ў зборніку «Мая Іліяда» (Мн., 1969).
«Сакавік, 16. Чуфут-Кале, Бахчысарай… Ездзіў на дэкарацыі.
Сакавік, 19. Напісуў „Чуфут-Кале“, „Сумесь Бураціна з Аэлітай“, „За перавал сябрам“.
Сакавік, 23. Раскопкі таўраў. Ялта.
Сакавік, 25. Здымкі 2-й сцэны.
Сакавік, 27. Быў на магіле Багдановіча і ля доміка. Адвёз на магілу кветкі, наняў людзей дагледзець». (З запісной кніжкі.) У газ. «Коммунист Таджикистана» надрукаваны нарыс «Земля под белыми крыльями».

Вясной

Атрымаў разам з маці 2-х пакаёвую кватэру па вул. В.Харужай, д. 48, кв. 26. (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Май, 5 — 8(?)

Ездзіў з М.Грынчыкам у Мілавіды, дзе адбыўся бой паміж паўстанцамі 1863 года і царскімі войскамі, і ў яго вёску Бытэнь на Слонімшчыне. Па дарозе начаваў у Стоўбцах. (Запісная кніжка.)

Рэдагаваў з А.Мальдзісам раман «Каласы пад сярпом тваім». (Запісная кніжка.)

Май, 25 — чэрвень, 7

У складзе здымачнай групы фільма «Будзь шчаслівай, рака» наведаў Падняпроўе. Быў ў Рагачове, Азярышчы, Кісцянях, Жлобіне. (Запісная кніжка.)

Чэрвень, 25

У газ. «Чырвоная змена» надрукавана нататка-роздум аб прызначэнні чалавека «Твой зорны час».

Ліпень, 4

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукавана эсэ да 900-годдзя Оршы «Рша камен…».

Ліпень, 11

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны верш «Землятрус».

Ліпень, 21

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукавана інтэрв’ю «Каласы з цаліны». Запісаў А.Мальдзіс.

Жнівень

У час. «Маладосць», № 8 да 50-годдзя Я.Брыля надрукаваны артыкул «Мой друг і мая зямля».
У час. «Неман», № 8 надрукавана нататка пра Ф.Скарыну «Экзамен в Падуе».

Жнівень, 6

У газ. «Ніва» надрукаваны артыкул пра Ф.Скарыну «Людзям простым для добрага навучэння».

Жнівень, 29 — верасень, 4

Быў удзельнікам Дзён культуры і мастацтва Беларускай ССР у Маскве. (Пасведчанне Міністэрства культуры БССР; 106-я папка хатняга архіва.)

Лістапад, 2

У Брэсцкім педінстытуце адбылося абмеркаванне рамана «Каласы пад сярпом тваім». (Запісная кніжка.) Там пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, выкладчыцай гісторыі Брэсцкага педінстытута Валянцінай Браніславаўнай Нікіцінай. (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

На працягу года

У кн. «Горад і годы» надрукаваны артыкул «Горад паўстае. 1863-1854 гг.» (Сааўт. А.Мальдзіс.)
На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыі пастаўлены мастацкі фільм «Хрыстос прызямліўся ў «Гародні». (Першапачатковая назва «Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка»; Сааўтар сцэнарыя У.Бычкоў.) (Ліст да Е.Стулпана ад 9 снеж.) Фільм выйшаў на экраны ў 1989. (Літ. і мастацтва, 1989, 15 снеж.)
На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыі пастаўлены кароткаметражны дакументальны фільм «Будзь шчаслівай, рака». (Сааўтар сцэнарыя А.Ястрабаў.) (Картка персанальнага ўліку члена Саюза пісьменнікаў СССР.)
Выйшаў, адрэдагаваны У.Караткевічам на грамадскіх асновах, зборнік вершаў Л.Геніюш «Невадам з Нёмана».

1968
Студзень

У час. «Беларусь», № 1 надрукаваны верш «Я іду лугавою дарогай…».

Люты

У час. «Неман», № 2 надрукаваны пераклад на рускую мову легенды «Ладдзя Роспачы». (Пер. В.Сёмуха.) Упершыню на беларускай мове — у яго кн. «З вякоў мінулых» (Мн., 1978).

Красавік, 12(?) — 23(?)

Быў у Крыме. (Запісная кніжка.)

Да 15 мая

Быў удзельнікам семінара сцэнарыстаў у Доме творчасці ў Каралішчавічах. (А.Асіпенка. Святло блізкай зоркі // Літ. і мастацтва, 1988, 8 ліп.)

Май, 25 — 30

Быў запрошаны выступіць на семінары маладых работнікаў мастацтва, які праводзіўся на возеры Свіцязь. Наведаў Валеўку, Любчу, Шчорсы, Дзятлава і іншыя мясціны. (Ліст да В.Слюнчанкі ад 29 мая // Літ. і мастацтва, 1989, 19 мая; Запісная кніжка.)

Чэрвень, 11

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны артыкул «Аўтару «Вянка». (Сааўт. А.Мальдзіс.)

Жнівень, 4

Разам з Я.Брылём і Ф.Янкоўскім ездзіў у вёску Клетнае Глускага раёна на радзіму Ф.Янкоўскага. (Паводле слоў Я.Брыля.)

Кастрычнік, 1 — 3

Разам з Я.Брылём, У.Калеснікам, М.Аўрамчыкам наведаў Пружаны, Брэст, Камянец, Белавежскую пушчу. (Паводле слоў Я.Брыля.)

Кастрычнік, 25 — 27

Наведаў Белавежскую пушчу. (Запісная кніжка.)

Снежань

У час. «Маладосць», № 12 надрукавана эсэ «Дуб Крывашапкі». (Вядома пад назвай «Дрэва вечнасці».)

На працягу года

Выйшаў з друку раман «Каласы пад сярпом тваім» (Мн., у 2-х кн.)
У кн. беларус. народных казак «З рога ўсяго многа» (Для дашкольнага ўзросту) (Мн., с. 3-6) надрукаваны ўступны артыкул «А бадай вам цікава было».
У кн. «Краявіды Беларусі» (Мн., с. 10, 18-20; на беларус., рус., англ. мовах) надрукаваны ўступны артыкул «Калі на зямлі ёсць казачныя краіны…».

1969
Сакавік — красавік

Быў у Ялце. (Ліст да Я.Брыля ад 18 крас. з Ялты.)

Чэрвень, 5-22

Па заданні час. «Маладосць» падарожнічаў па Палессі, каб напісаць эсэ пра гэты край. Разам з ім на агітцеплаходзе «Маякоўскі» з Гомеля да Давыд-Гарадка плыў фотакарэспандэнт «Маладосці» В.Ждановіч, у дарозе далучыўся да іх мастацтвазнаўца З.Пазняк. Падарожжа закончыў у Брэсце. (Рукапіс; 52-я папка хатняга архіва.)

Ліпень, 20

Закончыў эсэ «Званы ў прадоннях азёр». (Рукапіс; 52-я папка хатняга архіва.)

Жнівень

У час. «Маладосць», № 8 надрукавана нататка пра мастака А.Кашкурэвіча «Князь і гусляр».

Кастрычнік, 15

Закончыў апавяданне «Краіна Цыганія». (Машынапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 77.)

Кастрычнік

У газ. «Голас Радзімы», № 41 надрукаваны верш «Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай…».
У газ. «Голас Радзімы», № 42 надрукаваны вершы «Беларуская песня», «Лебедзь», «Ты і я».

Лістапад

У час. «Полымя», № 11 да 60-годдзя М.Лужаніна надрукаваны артыкул «Цёплы жнівеньскі поўдзень».

Снежань

У час. «Маладосць»,. № 12 надрукавана эсэ «Званы ў прадоннях азёр».

На працягу года

Выйшаў з друку зборнік вершаў «Мая Іліяда».
У кн. А.Міцкевіча «Зямля навагрудская, краю мой родны…» (Мн., с. 9-24) надрукаваны пераклад паэмы «Мешка, князь Навагрудка». (З польск.)
У кн. Я.Судрабкална «Яшчэ адна вясна» (Мн., с. 13-14, 38-45, 68-70) надрукаваны пераклады вершаў «Сярэдневяковы чалавек», «Зломлены», «Лірычны скандал у бочцы».
Выйшаў на рускай мове зборнік вершаў «Вячэрнія ветразі». (Мн., пер. І.Бурсаў.)
Выйшаў на рускай мове зборнік прозы «Чазенія». (М., пер. У.Сяўрук.)

1970
Люты, 19

Закончыў апавяданне «Вока тайфуна». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 80.)

Сакавік, 28

Закончыў апавяданне «Вялікі Шан Ян». (Рукапіс; 70-я папка хатняга архіва.) Упершыню — у кн. «Шляхам гадоў». (Мн., 1990; укладальнік У.Мархель.)

Красавік, 2

Закончыў апавяданне «Былі ў мяне мядзведзі». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 85.)

Май, 23

Закончыў пераклад п’есы А.Н.Талстога «Цар Фёдар Іаанавіч». (Рукапіс; 92-я папка хатняга архіва.)

Чэрвень, 1 — 22

Удзельнічаў у турыстычнай паездцы на цеплаходзе па Чорным моры (Адэса — Севастопаль — Ялта — Сочы — Сухумі — Новарасійск — Ялта — Адэса). (Запісная кніжка.)

Ліпень, 9 — 25(?)

У складзе экспедыцыі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР даследаваў Пінскі і Столінскі раёны Брэсцкай вобл. (Запісныя кніжкі.)

Верасень, 1 — 25

Адпачываў у Доме творчасці Літфонду ў Гагры. (Запісныя кніжкі.)

Верасень

У час. «Маладосць», № 9 надрукавана апавяданне «Вока тайфуна».
У час. «Молодая гвардия» надрукавана нататка «Читателям «Чозении».

Снежань, 15

Закончыў першы варыянт лібрэта оперы «Сівая легенда». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 178.)

На працягу года

Выйшла з друку кніга прозы «Чазенія».
У кн. М.Гелавані «Клятва» (Мн., с. 15 — 16) надрукаваны пераклады вершаў «Асенні вечар», «Ля магілы». (З груз.)
У кн. С.Р.Дабравольскага «Як хлеб і сонца» (Мн., с. 50-56) надрукаваны пераклады вершаў «Навука», «Айчына», «Тут мой бацька…», «Хмары, хмары…», «Пытанні», «Маладым на прывітанне». (З польск.)

1971
Студзень, 1

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны адказ на навагоднюю анкету «Спадабалася і запомнілася».

Люты

У час. «Полымя», № 2 надрукавана эсэ пра Л.Украінку «Saxifraga».

Люты,17

Прысутнічаў на пасяджэнні секцыі драматургіі СП БССР, дзе абмяркоўвалася п’еса «Смерць і неўміручасць Кастуся Каліноўскага». У гутарцы прынялі ўдзел М.Танк, І.Шамякін, А.Макаёнак, А.Кулакоўскі, А.Кучар, Я.Семяжон, В.Каваленка, В.Зуб, А.Ставер, М.Гамолка, доктар філалагічных навук Ю.С.Пшыркоў, супрацоўнікі АН БССР кандыдат гістарычных навук М.Біч, кандыдат філалагічных навук А.Ліс, кандыдаты мастацтвазнаўчых навук А.Сабалеўскі і С.Міско. (Літ. і мастацтва, 26 лют.)

Люты, 19

Ажаніўся з В.Б.Нікіцінай. (Пасведчанне аб шлюбе; 113-я папка хатняга архіва.) Валянціна Браніславаўна працавала потым у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Люты, 26

У СП БССР (Энгельса, 9) адбыўся аўтарскі вечар У.Караткевіча пад назвай «Што створана, што пройдзена». (Запрашэнне; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 225.)

Сакавік, на працягу дзесяці дзён

Па прапанове Усесаюзнага бюро прапаганды мастацкай літаратуры ў складзе групы беларускіх літаратараў (А.Адамовіч, М.Аўрамчык, В.Вітка, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, А.Лойка, І.Навуменка, У.Паўлаў), якую ўзначальваў Я.Брыль, наведаў Урал (Магнітагорск). Уражанні ад паездкі выклаў у нарысе «Легенды і былі гары Магнітнай», які быў надрукаваны 26 сакавіка ў газ. «Літ. і мастацтва». (Сааўт. А.Грачанікаў, У.Паўлаў, М.Чурылін.)

Сакавік, 12

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны з некаторымі скарачэннямі ліст да польскага вучонага Міраслава Ахоцкага «Задума: узнікненне і ўвасабленне».

Сакавік

У час. «Полымя», № 3 надрукаваны вершы «Месяц над садам, ад квецені белым…», «Домік Багдановіча», «Армянскі матыў».

Красавік

У час. «Полымя», № 4 надрукавана апавяданне «Былі ў мяне мядзведзі».

Чэрвень

Разам з Я.Брылём і У.Калеснікам падарожнічаў па Міршчыне і Навагрудчыне. (Шляхі ў палях // Полымя, 1972, № 9.)
У газ. «Голас Радзімы», № 23 надрукаваны верш «Шляхі Ігната Буйніцкага».

Чэрвень, 25

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукавана выступленне на пасяджэнні секцыі драматургіі СП БССР пад назвай «Драматург і тэатр».

Ліпень, 12

Закончыў нарыс «Зямля пад белымі крыламі». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 108.) Быў прызначаны для ўкраінскага чытача сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Для беларускага выдання дапрацоўваўся.

Ліпень, 22 — 31(?)

У складзе экспедыцыі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР даследаваў Бешанковіцкі, Чашніцкі і Лепельскі раёны Віцебскай вобласці. (Запісная кніжка; Ліст да М.Абала ад 11 лістап.)

Жнівень, 9 — не раней 17

У складзе здымачнай групы «Беларусьфільма» наведаў Бярэзінскі запаведнік. Лавіў на адсяленне баброў і са змеяловам А.Д.Недзялкавым — змей. (Запісная кніжка; Ліст да М.Абала ад 11 лістап.)

Лістапад

Адпачываў у Доме творчасці Літфонду ў Гагры. Хадзіў з рыбакамі ў мора. (Запісная кніжка; Ліст да М.Абала ад 11 лістап.)

Лістапад, 25 — снежань, 19

Па запрашэнні выкладчыка Ягелонскага універсітэта З.Нядзелі наведаў Польшчу. Да 17 снежня быў у Кракаве. 3 снежня падняўся на вежу Марыяцкага касцёла і пераначаваў там, наведаў Вавель, іншыя мясціны. Потым заехаў у Варшаву да сябра па Кіеўскім універсітэце, выкладчыка Варшаўскага універсітэта Ф.Няўважнага. (З.Нядзеля. Сентыментальнае падарожжа ў Мінск; Запісная кніжка; Білет выезду з Варшавы ад 19 снеж. 1971; 106-я папка хатняга архіва; А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Снежань, 5

У газ. «Ніва» надрукаваны верш «Маналог маці».

Снежань, 24

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны пераклады вершаў А.Паскробышава «Посцілка», «Конік», «Абдуванчык». (З рус.)

На працягу года

Выйшла з друку кніга Л.Дробава «Беларускія мастакі ХІХ стагоддзя». (Літ. апрацоўка У.Караткевіча.)

1972
Студзень, 14 — 20

У складзе кінагрупы, для якой пісаў сцэнарый «Сонцазварот» пра беларускія каляды, наведаў вёску Клетнае Пінскага раёна, а ў канцы студзеня на некалькі дзён з’ездзіў у вёску Тонеж, на Палессе. (Запісная кніжка; Ліст да М.Абала ад 27 студз.)

Студзень

У час. «Маладосць», № 1 надрукавана віншаванне Р.Р.Шырме ў сувязі з яго 80-годдзем.

Красавік, 7

Закончыў пераклад п’есы М.Карыма «У ноч зацьмення Месяца». (З башкірск.) (Запісная кніжка.)

Красавік, 25

«Быў на вечары ў завочнікаў універсітэта. Вельмі было добра». (Запісная кніжка.)

Красавік, 29

Закончыў сцэнарый поўнаметражнага мастацкага фільма «Рассказы из каталажки». (Рукапіс; 91-я папка хатняга архіва.)

Ліпень, 17 — 25(?)

У складзе экспедыцыі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР даследаваў Лепельскі, Башанковіцкі і Шумілінскі раёны Віцебскай вобласці. (Запісная кніжка.)

Верасень

У час. «Полымя», № 9 да 50-годдзя У.Калесніка надрукаваны артыкул «Шляхі ў палях».
Адпачываў з жонкай у Доме творчасці Літфонду ў Гагры, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з славацкімі пісьменніцамі Г.Крыжановай-Брындзовай і В.Адловай і іх сем’ямі, з чэшскім пісьменнікам І.Кржэнкам. (Г.Крыжанова-Брындзова. Наш дарагі сябра // Літ. і мастацтва, 1987, 25 крас.)

Кастрычнік, 11

У «Лит.газете» надрукаваны артыкул «Что случилось с рассказом?»

Кастрычнік, 24

Закончыў аповесць «Лісце каштанаў». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 62.)

Снежань, 19

У газ. «Віцебскі рабочы» надрукавана інтэрв’ю «Падарожжа ў будучую кнігу: У творчых лабараторыях землякоў». (Зап. Б.Фірштэйн.)

На працягу года

Выйшаў з друку раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с. 149-150) надрукаваны верш «Усход».
У кн. Р.Гамзатава «Высокія зоркі» (Мн., с. 199-201, 206-209) надрукаваны пераклады вершаў «Ці высокія горы…», «Бы ў вапне, у снезе…», «Па свеце я нямала вандраваў…», «Не ганарыся, час…», «Дзяцінства помню…», «Дом мой закінуты…», «Спытае дом мой…». (З аварск.)
У кн. «Горад мільённы і мы» (Мн., с. 97-100, 123-124, 177-180, 184-185) надрукаваны пераклады вершаў В.Мразоўскага «Успамінаю», «У жаўтозель нырнуць…», «Мой дом», Я.Гушчы «Прытча», «Неандэрталец ці ты, Адаме…», М.М.Шаргана «Сям’я», «Будаваў галубятню…», «Бальніца», «Бацька», А.Біскупскага «Садружнасць», «Мой знешні голас».
Выйшаў на ўкраінскай мове нарыс «Зямля пад белымі крыламі (Мая Беларусь)». (К., з рукапісу пераклалі В.Іскра, Г.Ткачэнка, К.Скрыпчанка, Н.Цішчанка.)
Выйшла на ўкраінскай мове кніга прозы «Чазенія». (К., пер. А.Лук’янчук, К.Скрыпчанка.)
Выйшла на чэшскай мове аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». (Прага, пер. В.Жыдліцкі.)
Беларускі тэатр імя Янкі Купалы паставіў п’есу М.Карыма «У ноч зацьмення Месяца». (Пер. з башкірск.)

1973
Студзень, 16

Закончыў лібрэта балета «Кастусь Каліноўскі». (Рукапіс; 6-я папка хатняга архіва.)

Студзень, 20

Закончыў апавяданне «Калядная рапсодыя». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 81.)

Люты, 7 — 10

Перакладаў вершы ўкраінскіх паэтаў У.Лучука, А.Сенатовіч, М.Зерава, В.Чумака, С.Літвіна, І.Гнацюка. (Запісная кніжка.)

Люты, 18 — 22(?)

Быў у Гродне. 22-га разам з А.Мальдзісам сустрэўся са студэнтамі Гродзенскага педінстытута. (Ліст да М.Абала ад 18 лют.; Успаміны А.Пяткевіча.)

Красавік, 25

Разам з маці Надзеяй Васільеўнай і жонкай Валянцінай Браніславаўнай усяліўся ў 3-х пакаёвую кватэру па вул. Карла Маркса, д. 36, кв. 24, якую абмяняў з Я.Скрыганам. (Ордэр; 113-я папка хатняга архіва.)

Май

У час. «Маладосць», № 5 надрукавана аповесць «Лісце каштанаў».

Ліпень, 1 — 29

Па запрашэнні славацкай пісьменніцы Гелены Крыжановай-Брындзовай і яе мужа Ёжы наведаў з жонкай Чэхаславакію. У Празе сустрэўся з перакладчыкам і даследчыкам беларускай літаратуры В.Жыдліцкім, з спеваком М.Забэйдам-Суміцкім. У Празе 5 ліпеня закончыў эсэ пра Ф.Скарыну «Вера ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі — сын Прагі». (Рукапіс; 21-я папка хатняга архіва.) Потым паехалі ў Браціславу. Ездзілі ў Высокія Татры, наведалі Дэманоўскія пячоры, горад Левачу. (Запісная кніжка; Г.Крыжанова-Брындзова. Наш дарагі сябра // Літ. і мастацтва, 1987, 25 верас.)

Жнівень — верасень, да 4

Быў у Крыме, дзе на схіле гары Карадаг здымаўся па яго сцэнарыі фільм «Чырвоны агат». (Ліст да Г. і Ё. Брындзовых ад 4 верас.)

Верасень, 16 — 24

У Караткевічаў гасцяваў выкладчык Ягелонскага універсітэта З.Нядзеля. (З.Нядзеля. Сентыментальнае падарожжа ў Мінск.)>

Верасень

У час. «Дружба народов», № 9 надрукаваны артыкул пра мастака А.Кашкурэвіча «Жажда».

Лістапад, 17

Закончыў п’есу «Званы Віцебска». (Рукапіс; ЦНБ АН БССР, Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 145.)

Снежань, на пачатку

Наведала Караткевічаў славацкая пісьменніца Г.Крыжанова-Брындзова. (Ліст да Г. і Ё. Брындзовых ад 17 снеж.)

Снежань, 20

Закончыў «Казку пра чортаў скарб». (Запісная кніжка.)

Снежань, 21

Закончыў «Казку пра Вераб’я, Саву і птушыны суд». (Рукапіс; 7-я папка хатняга архіва.)

На працягу года

Выйшаў з друку фотаальбом «Белавежская пушча». (На беларус., рус., англ. мовах. Аўтар тэксту У.Караткевіч.)
На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыі пастаўлены мастацкі фільм «Чырвоны агат».

1974
Студзень, 26

Закончыў пераклад на рускую мову для семінара драматургаў п’есу «Званы Віцебска». (Запісная кніжка.)

Люты, 1 — сакавік, 3

Быў у Ялце на семінары драматургаў, дзе абмяркоўвалася і была ўхвалена яго п’еса «Званы Віцебска». (Запісная кніжка; Лісты да Г. і Ё.Брындзовых ад 26 студз. і 26 лют. і Лісты да М.Абала ад 28 студз. і 7 сак.) Там здымаў праўкі ў рускім перакладзе рамана «Каласы пад сярпом тваім» і адправіў перакладчыцы В.Шчадрыной, закончыў эсэ пра Віцебск «1000 гадоў табе» і артыкул на рускай мове «Справядлівасць» пра зборнік Я.Сіпакова «Веча славянскіх балад» (Мн., 1973). (Запісная кніжка.)

Сакавік

У час. «Беларусь», № 3 надрукаваны артыкул пра М.Цюндзявіцкага «Адзін з паплечнікаў Каліноўскага». (Сааўт. А.Мальдзіс.)

Ліпень — жнівень

У Караткевічаў гасцявалі славацкая пісьменніца Гелена Крыжанова-Брындзова, яе муж Ёжы і іх зяць Ота. Наведалі вёску Мікалаеўшчына, дзе нарадзіўся Якуб Колас, возера Нарач, Нясвіж, Мір, Навагрудак. (Г.Крыжанова-Брындзова. Наш дарагі сябра // Літ. і мастацтва, 1987, 25 верас.; А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Жнівень

У час. «Маладосць», № 8 да тысячагоддзя Віцебска надрукавана эсэ «Тысячу стагоддзяў табе!».

Жнівень, 29

У Віцебскім тэатры імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера п’есы «Званы Віцебска» (рэж. В.Мазынскі), прымеркаваная да 1000-годдзя Віцебска. (Віцебскі рабочы, 31 жн.) У.Караткевіч быў на прэм’еры спектакля і з’явіўся ганаровым госцем на ўрачыстасцях у Віцебску. (В.Мазынскі. Я табе напісаў «Барыса Гадунова»… // Літ. і мастацтва, 1987, 4 верас.; Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 6 кастр. 1975.)

Кастрычнік

Адпачываў у Доме творчасці Літфонду ў Гагры. (Ліст С.Панізніка да У.Караткевіча ў Гагры ад 7 кастр.)
У час. «Бярозка», № 10 надрукавана казка «Чортаў скарб».

На працягу года

Выйшла з друку кніга апавяданняў і аповесцей «Вока тайфуна».
У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с. 64, 240-242, 248-249) надрукаваны верш «Закукавала зязюля…» і пераклады вершаў Г.Крыжановай-Брындзовай «Колькі тых навальніц», Я.Костры «Жанчына», Л.Навамеснага «Неіснуючы шынок», А.Плаўкі “Божае нараджэнне 1944-га«.(Са славац.)
Выйшаў на рускай мове раман «Каласы пад сярпом тваім». (М., пер. В.Шчадрына.)

1975
Май

У час. «Маладосць», № 5 надрукавана «Слова пра Шолахава».

Ліпень, 1 — 24

Лячыўся ў санаторыі ім. 40-годдзя Кастрычніка ў Еўпаторыі. (Санаторна-курортная кніжка; Хатні архіў; Лісты да М.Абала ад 6, 13, 20 ліп.)

Жнівень — верасень

Наведаў з жонкай Чэхаславакію. (Картка персанальнага ўліку члена Саюза пісьменнікаў СССР; Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 27 крас. і 7 чэрв.; Ліст да М.Абала ад 20 ліп.)

Кастрычнік, 10

Быў на адкрыцці помніка заснавальніку сучаснага прафесійнага беларускага тэатра І.Буйніцкаму ў вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёна. На ўрачыстым мітынгу прачытаў свой верш, прысвечаны І.Буйніцкаму. (Літ. і мастацтва, 17 кастр.)

Кастрычнік, 12

Закончыў пераклад апавядання польскага пісьменніка Яна Гушчы «Энергія». (Запісная кніжка.)

Кастрычнік, 14

Пераклаў пяць вершаў літоўскага паэта Б.Мацкявічуса. (Запісная кніжка.)

Кастрычнік, 19

Адпачываў з жонкай у Доме творчасці Літфонду ў Гагры. (Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 6 кастр.)
На працягу года
Выйшла кніга для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Белавежская пушча».
У кн. «Украінская савецкая паэзія» (Мн., т. 1, с. 98-99; т. 2, с. 375-378) надрукаваны пераклады вершаў В.Чумака «Гоман вясенні», У.Лучука «Давер», «Клён на вятры гарыць…», «Барвы ценяў…», «Азбука», «Птушкі». (З укр.)

1976
Да 1 сакавіка

Стаў на Беларускім тэлебачанні вядучым праграмы «Спадчына».
«Пачаўся ў нас цыкл перадач „Спадчына“. Гэта пра мінулае Беларусі, яе музыку, кнігі, касцюмы, будынкі. Вядучы — я. Першая перадача, па Брэсту, прайшла. Шмат водгукаў. Цяпер мяркуем рабіць па Полацку і Полаччыне». (Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 1 сак.)

Сакавік, 12

У газ. «Знамя юности» надрукавана інтэрв’ю «Культурный человек: какой он?». (Зап. С.Алексіевіч.)

Май

У час. «Полымя», № 5 надрукавана рэцэнзія «Да новых, яшчэ шырэйшых даляглядаў» на кн. «Далягляды» (Мн., 1975).

Другая палова года

У час. «Тэатральны Мінск», № 2 надрукавана нататка пра Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа «Коласаўцы».

Верасень

Адпачываў з жонкай у Доме творчасці Літфонду ў Гагры. (Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 25 жн.)

Снежань — да 21 студзеня 1977

Знаходзіўся ў Дубултах у Доме творчасці імя Яна Райніса. (Ліст да Г. і Ё.Брындзовых канца ці пачатку 1977 года.) 9 снежня закончыў верш «Быў. Ёсць. Буду…». (Рукапіс; 2-я папка хатняга архіва.)
На працягу года
У кн. «Далягляды» (Мн., с. 286-288) надрукаваны артыкул пра мастака Г.Паплаўскага «Узыход на вяршыні».
У кн. Я.Гушчы «Пан Грыцыян і іншыя» (Мн., с. 232-287) надрукаваны пераклад апавядання «Энергія». (З польск.)
Выйшла на латышскай мове кніга прозы «Чазенія». (Рыга, пер. М.Абала.)
Выйшаў на польскай мове зборнік апавяданняў «Блакіт і золата дня». (Лодзь, пер. Я.Гушча.)

1977
Студзень

У час. «Полымя», № 1 надрукавана рэцэнзія «Шчыравала ў бары пчала…» на зборнік паэзіі Р.Барадуліна «Свята пчалы» (Мн., 1975).
Выйшаў на чэшскай мове раман «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць»). (Прага, пер. В.Жыдліцкі.)

Сакавік, 11

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукавана эсэ «Веру ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі, сын Прагі».

Сакавік, 12

Закончыў лібрэта оперы «Сівая легенда». (Запісная кніжка.)

Сакавік, 17

У газ. «Звязда» надрукаваны артыкул «Наш агульны клопат», прысвечаны стварэнню ў рэспубліцы музея народнай архітэктуры і быту.

Да 22 сакавіка

Разам з В.Быкавым, А.Карпюком, Д.Бічэль-Загнетавай, Ю.Голубам, В.Болтачам, У.Гніламёдавым, А.Гардзіцкім, А.Капусціным, М.Тычынам, А.Шаўнём удзельнічаў у рабоце семінара маладых пісьменнікаў, які праходзіў у Гродне. (Гродненская правда, 22 сак.)

Сакавік, 24

У газ. «Гродненская правда» надрукавана інтэрв’ю «Город моей любви…». (Зап. Л.Цыхун.)

Пасля 24 красавіка

Закончыў сцэнарый мастацкага фільма «Дзікае паляванне караля Стаха». (Запісная кніжка.)

Чэрвень

У час. «Полымя», № 6 надрукавана п’еса «Званы Віцебска».

Чэрвень, 24

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукавана рэцэнзія «Справядлівасць» на кн. Я.Сіпакова «Веча славянскіх балад» (Мн., 1973).

Жнівень — верасень

Лячыўся ў Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. (Лісты да Г. і Ё.Брындзовых і да М.Абала ад 5 верас.)

Верасень, 29 — кастрычнік, 23(?)

Наведаў з жонкай Польшчу. Спыніліся ў Варшаве ў сябра па Кіеўскім універсітэце Ф.Няўважнага. 1 — 14 кастрычніка былі ў Кракаве ў З.Нядзелі. Паглядзелі ў драмтэатры «Мазепу» Ю.Славацкага, хадзілі на Вавель, ездзілі ў Закапанэ. Потым вярнуліся ў Варшаву. (Запісная кніжка; З.Нядзеля. Сентыментальнае падарожжа ў Мінск.) 22 кастрычніка адбылася сустрэча з ім у памяшканні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Варшаве, куды «прыбыў ён са сваім добрым сябрам Ф.Няўважным». (Ніва, 11 снеж.)

Снежань, 16

Памерла маці Караткевіч Надзея Васільеўна. (Паводле слоў сястры Н.С.Кучкоўскай.)

На працягу года

Выйшаў з друку нарыс для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту «Зямля пад белымі крыламі».
У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с. 66-67) надрукаваны верш «Кнігі».
У кн. «Літоўская савецкая паэзія» (Мн., т. 2, с. 74-78) надрукаваны пераклады вершаў Б.Мацкявічуса «Я ведаю, ты часта ўспамінаеш…», «Балада пра Капцы Антакальніса», «Назаўсёды пайшла…», «Аднагодкі», «Пасля вяселля». (З літоўск.)
Выйшаў на рускай мове раман «Каласы пад сярпом тваім» (Мн., пер. В.Шчадрына), дзе была змешчана нататка У.Караткевіча «Замест пасляслоўя».

1978
Студзень — люты

Ляжаў у неўралагічным аддзяленні Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: параксізм, страта свядомасці, г.зн. часовае, праходзячае парушэнне мазгавога кровазвароту. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Сакавік

У час. «Бярозка», № 3 надрукавана казка «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў».

Сакавік, 23

У Беларускім тэатры оперы і балета адбылася прэм’ера оперы Д.Смольскага «Сівая легенда». (Лібрэта У.Караткевіча.) (Літ. і мастацтва, 31 сак.)

Красавік, 20 — май, 7

Ляжаў у 9-й бальніцы г.Мінска ў гепаталагічным аддзяленні. Дыягназ: хранічны халецыстыт, бескаменны хранічны гепатыт. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Май

«Паехаў у Планерскае, спрабаваў па старой звычцы ўзысці на Карадаг, але ўпаў, аступіўшыся… збіў галаву». (А.Мальдіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Май, 31 — чэрвень, 21

Знаходзіўся на стацыянарным лячэнні ў 6-й бальніцы г.Сімферопаля ў траўматалагічным аддзяленні. Дыягназ: закрытая чэрапна-мазгавая траўма і субарахнаідальнае кровазліццё. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Май

У час. «Маладосць», № 5 надрукаваны артыкул «І наш Фаўст» пра пераклад на беларускую мову «Фаўста» Ё.В.Гётэ. (Пер. В.Сёмуха, Мн., 1976.)

Ліпень

У час. «Бярозка», № 7 надрукавана казка «Кацёл з каменьчыкамі».

Жнівень, 3

Лечачы ўрач паліклінікі Беларускага Літфонду закрыў бальнічны лісток пасля чэрапна-мазгавой траўмы. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Жнівень, 14 — 28

Знаходзіўся на стацыянарным лячэнні ў хірургічным аддзяленні Рэспубліканскай бальніцы 4-га галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: абвастрэнне хранічнага халецыстыту і гепатыту. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Верасень

Наведаў з жонкай Сярэднюю Азію. «За гэтыя дзесяць дзён аб’ездзілі кавал Сярэдняй Азіі. Былі ў Душанбе, Гісары, на Нурэкскай ГЭС, дзе равуць-раўмя нашы пакутнічкі БелАЗы, і бог ведае ячшэ дзе. Учора прыляцелі ў Самарканд». (Паштоўка да А.Мальдзіса.)

Кастрычнік

Адпачываў з жонкай у Піцундзе. (Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 23 лют. 1979.)

Да 17 лістапада

Прысутнічаў на адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) у Радашковічах, дзе Ядвігін Ш. жыў і працаваў правізарам у аптэцы. Разам з М.Лужаніным, Я.Каршуковым, А.Мальдзісам, І.Чыгрынам, А.Лісам выступіў у Радашковіцкай школе. (Літ. і мастацтва, 17 лістап.)

Снежань

Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа паставіў п’есу «Кастусь Каліноўскі». (Рэж. В.Мазынскі.) (Паводле праграмы гэтай п’есы.)

На працягу года

Выйшла з друку кніга апавяданняў і аповесцей «З вякоў мінулых».

1979
Сакавік, 23

Быў удзельнікам IV пленума рэспубліканскага Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. (Запісная кніжка.)

Красавік, 4

Закончыў раман «Чорны замак Альшанскі» (Рукапіс; 62-я папка хатняга архіва.)

Май, 2

«Быў у Ракаве, Люцінцы, Івянцы, Дзяржынаве». (Запісная кніжка.)

Май, 15

Наведаў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе студэнты паказалі дзве сцэны з аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха»: «Баль у Яноўскай» і «П’янка ў Дубатоўка». (Ліст да М.Грынчыка ад 15 мая.)

Май, 22

У ЦНБ АН БССР сустрэўся з кнігалюбамі клуба «Натхненне». (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Май, 26

Пераклаў верш І.Франка «Каменяры». (Запісная кніжка.)

Май, 28 — чэрвень, 2

Быў у Кіеве на міжнароднай навуковай канферэнцыі пад эгідай ЮНЕСКА на тэму «Сучасныя славянскія культуры: развіццё, узаемадзеянне, міжнародны кантэкст», дзе з паведамленнем «Метадалагічныя асновы падрыхтоўкі «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» выступіла яго жонка В.Б.Караткевіч, супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. (Запісная кніжка.)

Чэрвень, 14 — 19

Ездзіў на Вілейшчыну. (Запісная кніжка.)

Чэрвень, 27 — ліпень, 20

Лячыўся ў санаторыі «Беларусь» у Друскінінкаі. (Запісная кніжка; Санаторная кніжка.)

Ліпень, 15

У газ. «Звязда» ў рубрыцы «Чытач крытыкуе, прапануе» надрукавана нататка «З вадой і без вады».

Ліпень — жнівень 1979, студзень — люты 1980

У час. «Маладосць», 1979, № 7-8; 1980, № 1-2 надрукаваны раман «Чорны замак Альшанскі».

Жнівень, 7 — 8

Ездзіў у Дзяржынскі раён па мясцінах, звязаных з К.Каганцом. (Запісная кніжка.)

Жнівень, 22

Закончыў пераклад аповесці славацкай пісьменніцы Э.Гашпаровай «Цяжка быць мустангам». (Запісная кніжка.)

Жнівень, 29 — верасень, 17

Наведаў з жонкай Чэхаславакію. Паехалі на Велеград, былы цэнтр Вялікай Маравы, хадзілі па Нізкіх Татрах, былі ў Добшынскай лядовай пячоры, у горадзе Левачы. (Запісная кніжка; Г.Крыжанова-Брындзова. Наш дарагі сябра // Літ. і мастацтва, 1987, 25 верас.)

Кастрычнік

Адпачываў з жонкай у Піцундзе. (Лісты да Р.Іванычука ад 26 жніўня і да Г. і Ё.Брындзовых ад 4 лістапада.)

Лістапад, 15 — 16

Прысутнічаў на пленуме праўлення СП БССР, які быў прысвечаны праблемам сучаснага беларускага рамана. Выступіў 16-га ў другой палове дня. 23 ліст. газ. «Літ. і мастацтва» змясціла нататку з яго выступлення пад назвай «Больш добразычлівасці», дзе адзначалася: «Трэба пісаць добрыя, вартыя часу творы, у тым ліку раманы. Гэтага за пісьменніка ніхто не зробіць, толькі адзін ён можа парадаваць чытача тым, што прыцягне яго ўвагу, што засяродзіць яго на праблемах важных і галоўных…
А, між іншым, мы ўсе… як тыя каменьчыкі ў мазаіцы. Выкінь адзін, і мазаіка распадзецца. У літаратуры адбываецца нешта падобнае. Яна складаецца з талентаў рознай велічыні. Адны пісьменнікі — больш таленавітыя, другія — менш. Але і без іх нельга мець поўнае ўражанне аб літаратурным працэсе, аб стане яго, аб перспектывах развіцця.
Больш добразычлівасці, уважлівасці адзін да аднаго… Ад гэтага толькі выйграе літаратура. І, вядома ж, чытач».

Снежань, 26

У «Настаўніцкай газеце» надрукавана апавяданне «Прыклад».

На працягу года

У кн. «Памяць зямлі беларускай» (Мн., с. 2-13; на беларус., рус., англ., франц., ням., ісп. мовах) надрукаваны ўступ «Я хачу правесці Вас па зямлі…».
Выйшла на рускай мове кніга «Белавежская пушча». (Мн., пер. У.Машкоў.)
Выйшаў на рускай мове раман «Каласы пад сярпом тваім». (М., пер. В.Шчадрына.)
Выйшаў на чэшскай мове раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». (Прага, пер. В.Жыдліцкі.)
Выйшла на латышскай мове кніга выбраных вершаў П.Броўкі «Дабрыня». (Рыга, складальнікі У.Караткевіч, Е.Стулпан.)
На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыі пастаўлены мастацкі фільм «Дзікае паляванне караля Стаха». (Сааўтар сцэнарыя В.Рубінчык.) (Звязда, 11 жн.)

1980
Студзень, 10

У газ. «Голас Радзімы» надрукавана інтэрв’ю «Паслужу да канца». (Зап. Г.Якаўлева.)

Студзень, 12

У газ. «Чырвоная змена» надрукавана інтэрв’ю «Нельга не быць гісторыкам». (Зап. А.Губіч.)

Студзень, 17

Закончыў эсэ «Подзвіг Францыска Скарыны». (Запісная кніжка.)

Студзень, 18

Закончыў артыкул «Абдуванчык на кромцы вады». (Рукапіс; 22-я папка хатняга архіва.)

Студзень, 27

Закончыў артыкул «Мова (што я думаю пра цябе)». (Рукапіс; 21-я папка хатняга архіва.) Упершыню ў кн. А.Бембеля «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» (Лондан, 1985).

Студзень, 29

Закончыў артыкул «Паўстанцам 1863 г.». (Запісная кніжка.)

Люты, 27 — сакавік, 18

Ляжаў у неўралагічным аддзяленні Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: атэрасклероз мазгавых артэрый з цэрабральнымі параксізмамі. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Сакавік, 24 — красавік, 2

Знаходзіўся ў бальнічна-клінічным аддзяленні санаторыя «Аксакаўшчына». (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Красавік

У час. «Беларусь», № 4 надрукавана эсэ «Подзвіг Францыска Скарыны».

Красавік, 20

Напісаў эсэ «Вільнюс — частка душы маёй». (Рукапіс; 21-я папка хатняга архіва.)

Май, 3 — 16

Аўтарызаваў пераклад рамана «Чорны замак Альшанскі», зроблены на рускую мову В.Шчадрыной.(Запісная кніжка.)

Май, 16

Наведаў Вязынку і яе наваколле. (Запісная кніжка.)

Май, 20

Выступіў у ракетчыкаў. (Запісная кніжка.)

Май, 21

Сустрэўся з медыкамі шпіталя для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах. (Запісная кніжка; А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча.)

Май, 26 — чэрвень, 2

Па даручэнні часопіса «Маладосць» ездзіў на Тураўшчыну (разам з фотакарэспандэнтам В.Ждановічам), каб напісаць эсэ да 1000-годдзя Турава. (Запісная кніжка.)

Чэрвень, 20

Закончыў эсэ пра Тураў «Сцюдзёная вясна, або Тысяча год і сем дзён». (Рукапіс; 22-я папка хатняга архіва.)

Чэрвень

У час. «Полымя», № 6 надрукавана п’еса «Кастусь Каліноўскі».
У час. «Беларусь», № 6 надрукаваны артыкул «Абдуванчык на кромцы вады».

Чэрвень, 29

Быў у Віцебску на Дні паэзіі. (Запісная кніжка.)

Ліпень, 9

Сустрэўся з чытачамі ў Доме культуры завода будматэрыялаў (Харкаўская, 116). (Запісная кніжка.)

Ліпень, 20 — жнівень, 12(?)

Лячыўся ў санаторыі «Беларусь» у Друскінінкаі. (Запісная кніжка; Санаторная кніжка.) Закончыў для час. «Вясёлка» казкі «Вясна ўвосень» (31 ліпеня) і «Жабкі і Чарапаха» (1 жніўня). (Машынапісы; 70-я папка хатняга аріхва.)

Да 15 жніўня

Беларускае тэлебачанне паставіла спектакль «Сіняя-сіняя…» па аднайменным апавяданні. (Літ. і мастацтва, 15 жн.)

Жнівень, 19

Закончыў для час. «Бярозка» казку «Нямоглы бацька». (Запісная кніжка.)

Жнівень

У час. «Маладосць», № 8 надрукавана эсэ «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», прысвечанае 1000-годдзю Турава.
У літоўскім часопісе «Наўёс кнігос» («Новыя кнігі»), № 8 надрукавана эсэ «Вільнюс — частка душы маёй». Упершыню на бел. мове — у газ. «Чырвоная змена», 1989, 1 жн. (Пер. Я.Кісялёвай.)

Верасень, 16 — 24

Ездзіў у Арменію да паэта А.Пагасяна, з якім вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Быў у Ерэване. Наведаў музеі, паглядзеў многія помнікі архітэктуры Арменіі. (Запісная кніжка.)

Кастрычнік, 17

Прысутнічаў на пленуме праўлення СП БССР. (Запісная кніжка.)

Лістапад, 14 — 15

Удзельнічаў у студэнцкай навуковай канферэнцыі па яго творах, якая адбылася ў Брэсцкім педінстытуце. (Просьба на імя старшыні праўлення СП БССР Максіма Танка аб камандзіроўцы ў Брэст У.Караткевіча, падпісаная рэктарам Брэсцкага педінстытута Г.П.Андраюком, ад 31 кастр. 1980 г.; 107-я папка хатняга архіва.) Выступіў на Брэсцкай студыі тэлебачання. (Машынапіс, ЦНБ АН БССР. Ф. 11, воп. 1, адз. зах. 221.)

Лістапад

У час. «Бярозка», № 11 надрукавана казка «Нямоглы бацька».
У час. «Вясёлка», № 11 надрукавана казка «Вясна ўвосень».

Лістапад, 25

За заслугі ў галіне савецкай літаратуры і ў сувязі з 50-годдзем з дня нараджэння Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР узнагародзіў У.Караткевіча ордэнам Дружды народаў. (Звязда, 26 лістап.)

Лістапад, 28

У Доме літаратара адбыўся вечар, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння У.Караткевіча. (Паводле запрашэння на гэты вечар.) «Пра сілу і красу караткевічаўскага слова гаварыў, адкрываючы юбілейны вечар пісьменніка ў Доме літаратара, В.Быкаў. Шчыра віталі пісьменніка-юбіляра ў гэты вечар першы сакратар праўлення СП БССР Н.Гілевіч, Я.Брыль, А.Юшчанка (Украіна), І.Пташнікаў, Р.Барадулін, А.Мальдзіс, Г.Бураўкін, В.Зуёнак, Н.Пашкевіч, А.Кудравец, А.Жук, А.Шабалін, У.Ліпскі, мастакі Н.Шчасная і У.Басалыга, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» М.Дубянецкі, рэжысёр тэатра імя Якуба Коласа В.Мазынскі. З тэлеграмамі, якія паступілі ў адрас юбіляра, пазнаёміў прысутных А.Вольскі.
На вечары прысутнічалі загадчык аддзела культуры ЦК КПБ І.І.Антановіч і загадчык сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ С.І.Законнікаў.
У другой частцы вечара — мастацкай — гаспадарылі на сцэне артысты з Віцебска. Былі паказаны ўрыўкі са спектакляў «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі». (Літ. і мастацтва, 5 снеж.)

Снежань, 4

У «Сельской газете» надрукавана інтэрв’ю «Люблю свою Белую Русь…». (Зап. Р.Станкевіч.)

На працягу года

Выйшлі з друку «Выбраныя творы» ў 2-х тамах. (Т. 1: Апавяданні, Аповесці; Т. 2: раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».)
У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с. 89-92) надрукаваны вершы «Надпіс на камені над крыніцай», «Афіцэру Лісаневічу», «Абяцаюць нам новы раскошны дом…», «Радок бяззбройны і бясспрэчны…», «Ворыва на валах».
У кн. «Высокае неба» (М., с. 53-55) надрукаваны пераклад верша М.Біблавай «Дзеля будучыні». (З чэшск.)

1981
Студзень, 10

Скончыў упарадкаванне архіва для перадачы ў аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ АН БССР. (Запісная кніжка.)

Красавік, 14 — 15

Прысутнічаў на VIII з’ездзе пісьменнікаў Беларусі. Выступіў на ім. 24 крас. газ. «Літ. і мастацтва» змясціла нататку з яго выступлення пад назвай «Пісаць цікавей, з большай адказнасцю», дзе адзначалася: «Сапраўды, большасць таго, што мы пішам і друкуем, сведчыць толькі пра тое, што мы ўмеем пісаць. Але ўмелі пісаць таксама і валасныя пісары… Бяда наша — сярэдні ўзровень, шэрасць… Мы ўсе павінны знайсці слова для новых з’яў, для новых рэчаў, новага свету. Трэба памятаць, што мы самі шкодзім і сабе, і народу нашаму, пішучы рэчы пасрэдныя. Пісаць трэба цікавей, пісаць з большай адказнасцю».

Красавік, 10 — 23

Напісаў п’есу «Калыска чатырох чараўніц». (Рукапіс; 16-я папка хатняга архіва.)

Ліпень, 9 — жнівень, 4

Адпачываў з жонкай у Доме творчасці ў Дубултах. (Ліст В.Б.Караткевіч да Г. і Ё.Брындзовых ад 4 снеж.)

Жнівень

У час. «Вясёлка», № 8 надрукавана казка «Жабкі і Чарапаха».

Жнівень, 31 — пачатак верасня

Ездзіў з А.Кулагіным у Слонім і на Слонімшчыну. Сустрэўся там з А.Іверсам і А.Лойкам. (Запісная кніжка.)

Кастрычнік

У час. «Маладосць», № 10 надрукавана аповесць «Зброя», дзе было змешчана ўступнае «Слова ад аўтара».

Да 30 кастрычніка

Беларускае тэлебачанне паставіла спектаклі «Ладдзя Роспачы» і «Лісце каштанаў». (Літ. і мастацтва, 30 кастр.)

Лістапад, 20 — 26

Напісаў больш за 20 вершаў, такіх, як «Гляджу на тую, што спіць», «Страціў лес свой летні чуб», «Віно армянскай гісторыі» і інш. (Запісная кніжка.)

Снежань, 8

Быў на адкрыцці выстаўкі ў Палацы мастацтваў, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння М.Багдановіча.

Снежань, 9

Прысутнічаў на вечары, прысвечаным М.Багдановічу, у Беларускім тэатры оперы і балета.

Снежань, 12

Выступіў на свяце ўгодкаў М.Багдановіча ў майстэрні А.Марачкіна. (Запісная кніжка.)

На працягу года

Выйшаў для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту раман «Каласы пад сярпом тваім».
Выйшла з друку аповесць Э.Гашпаровай «Цяжка быць мустангам». (Мн., пер. са славац.)
Выйшла на рускай мове кніга аповесцей «Сівая легенда». (М.,.. пер. В.Шчадрына.)
Выйшаў на літоўскай мове нарыс «Зямля пад белымі крыламі». (Вільнюс, пер. А.Янайцітэ.)
Выйшаў на французскай мове нарыс «Зямля пад белымі крыламі». (Мн., пер. С.Батура и М.Захаркевіч.)
Выйшла на балгарскай мове аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». (Сафія, пер. Р.Яўцімава.)

1982
Студзень, 8 — 10

Ездзіў у Мсціслаў збіраць матэрыялы для будучага нарыса пра гэты горад. (Запісная кніжка.)

Люты, 15

Закончыў п’есу «Маці ўрагану». (Рукапіс; 33-я папка хатняга архіва.) Упершыню — «Маладосць», 1985, № 12. Пастаўлена Мінскім аматарскім тэатрам «Золак» (рэж. Г.Прыма) у крас. 1988. (Чырвоная змена, 1988, 29 чэрв.)

Сакавік, 1

Закончыў эсэ пра Украіну «Абраная». (Рукапіс; 22-я папка хатняга архіва.)

Сакавік, 2 — 5

Перакладаў вершы ўкраінскай паэтэсы М.Львовіч. (Запісная кніжка.)

Да 12 красавіка

Разам з Д.К.Міцкевічам, сынам Якуба Коласа, і Г.Кісялёвым і супрацоўнікам Літаратурнага музея Якуба Коласа І.Курбекам выступіў на вечары, прысвечаным 100-годдзю песняра, які адбыўся ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. (Літ. і мастацтва, 26 сак.)

Сакавік, 17

Закончыў эсэ пра Кіеў «Мой се градок!». (Рукапіс; 82-я папка хатняга архіва.)

Да 26 сакавіка

Беларускае радыё паставіла спектакль «Паром на бурнай рацэ». (Аўтар У.Мехаў, рэж. А.Вавілаў.) (Літ. і мастацтва, 12 сак.)

Сакавік, 26

Закончыў пераклад верша Махтумкулі «Лёс туркмена». (З туркм.) (Рукапіс; 2-я папка хатняга архіва.)

Красавік, 15

У газ. «Интеграл», органе вытворчага аб’яднання г.Мінска, надрукавана інтэрв’ю «Каждая книга — часть жизни». (Зап. В.Аляшкевіч.)

Май

У час. «Маладосць», № 5 надрукавана эсэ пра Кіеў «Мой се градок!».

Чэрвень, 2

Напісаў ліст «Господину Председателю ІІ специализированной сессии Генеральной Ассамблеи ООН по разоружению — от белорусского писателя В.Короткевича». (Рукапіс; 82-я папка хатняга архіва.)

Чэрвень, 8

Закончыў сцэнарый фільма «Чорны замак Альшанскі». (Рукапіс; 35-я папка хатняга архіва.)

Чэрвень

Ездзіў з жонкай у Сімферопаль, каб пазнаёміць трупу Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа, які знаходзіўся там на гастролях, з п’есай «Маці ўрагану». У гэты час абакралі іх кватэру. (А.Мальдзіс. Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча; В.Мазынскі. Я табе напісаў «Барыса Гадунова»…) (Літ. і мастацтва, 1987, 4 верас.)

Ліпень, 9

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукаваны ўрывак з п’есы «Калыска чатырох чараўніц».

Ліпень

У час. «Бярозка», № 7 надрукаваны артыкул пра Янку Купалу «Зліццё з душой народнай».

Жнівень

У час. «Маладосць», № 8 надрукавана п’еса «Калыска чатырох чараўніц».

Жнівень, з 20

Ездзіў у Мсціслаў і на Мсціслаўшчыну збіраць матэрылы для будучага эсэ. (Запісная кніжка.)

Верасень, 4

Закончыў эсэ «Мсціслаў — дыяментавы горад». (Рукапіс; 98-я папка хатняга архіва.) Упершыню — ў мсціслаўскай раённай газеце «Святло Кастрычніка» пад назвай «Дыяментавы горад» 7 лістап. 1984 — 12 лют. 1985.

Верасень, 9

«Да 12 г. хадзіў у мастацкі музей і гаварыў для тэлебачання перадачу пра партрэты для Радзівілаўскай галерэі». (Запісная кніжка.)

Кастрычнік

У час. «Новый мир», № 10 надрукаваны артыкул пра Янку Купалу «Он один такой — Янка Купала».

Снежань, 3

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукавана інтэрв’ю «Любую справу рабіць хвацка». (Зап. Р.Станкевіч)

На працягу года

Выйшаў з друку раман «Нельга забыць».
У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с. 23, 141 — 147) надрукаваны вершы «Армянскі матыў», «На Беларусі бог жыве», «Новая Атлантыда», «Бог пайшоў, жыццё ідзе пад кручу…», «Наследаванне Байрану», «Данеслі добрыя людзі…», «Два наследаванні сярэднявяковым прытчам» (вядомы пад назвай «Армянскія ананімныя прытчы»), «Дарогі ўсёй зямлі маёй…», «І тады закахалася хмара…», «Страціў лес свой летні чуб…», «Гляджу на тую, што спіць», «З амбона хтось крычаў пра шлях да раю…», «Склероз».
У кн. «Братэрства» (Мн., с. 111-114, 257-267) надрукаваны пераклады вершаў М.Львовіч з цыкла «У вянок Максіму Багдановічу»: «На Волзе, у Ніжнім, змалку ўзрос сабе…», «Так, сыну не перашкаджалі жыць вы…», «Падалі бомбы на вуліцы Менска…», «Ужо не расплюшчваючы вочы…», «Далягляд шырокі, вольны, ясны…», «Апошні міг згарае ўшчэнт…» (З укр.) і эсэ пра Украіну «Абраная».
У кн. «Далягляды» (Мн., с. 20-21) надрукаваны пераклад верша К.Цвейна «Хатынь». (З чэшск.)
Выйшла на ўкраінскай мове аповесць «Лісце каштанаў». (К., пер. К.Скрыпчанка.)
Выйшла на балгарскай мове кніга апавяданняў «Паром на бурнай рацэ». (Сафія, пер. С.Уладзіміраў, І.Дайчынаў, М.Дзімітрава, П.Кынева.)
Выйшаў на англійскай мове нарыс «Зямля пад белымі крыламі». (Мн., пер. А.Вайсэ, У.Мэй.)
Мінскі тэатр юнага гледача да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы паставіў п’есу «Калыска чатырох чараўніц». (Рэж. У.А.Караткевіч.)

1983
Люты, 8

Прысуджана літаратурная прэмія імя І.Мележа за раман «Нельга забыць». (Выпіска з пратакола № 1 пасяджэння сакратарыята СП БССР ад 8 лютага 1983 г.; СП БССР.)

Люты, 18

У газ. «Літ. і мастацтва» надрукавана інтэрв’ю «Найперш — судзіць чытачу». (Зап. У.Ягоўдзік.)

Люты, 28

Памерла жонка Караткевіч Валянціна Браніславаўна. (Паводле слоў Н.С.Кучкоўскай.)

Сакавік, 10 — 17

Знаходзіўся ў Доме адпачынку «Сосны» на Нарачы. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Красавік, 26

«Застаўся я адзін і не ведаю, як мне быць далей.
Дома пустыя сцены, і быць у іх мне пакуль што дужа цяжка». (Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 26 крас.)

Чэрвень, 1 — снежань, 4

Паехаў у Оршу. Жыў у сям’і пляменніцы, у хаце бацькоў. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага літфонду.) «Сядзеў на радзіме, у Оршы. І — ані радка. Толькі ўсё думаў і спаў, спаў і думаў». (Ліст да Г. і Ё.Брындзовых ад 13 мая 1984.)

На працягу года

Выйшла з друку кніга «Чорны замак Альшанскі», куды былі ўключаны аднайменны раман і аповесць «Зброя».
У кн. Махтумкулі «Салавей шукае ружу» (Мн., с. 19-20) надрукаваны пераклад верша «Лёс туркмена». ( З туркм.)
У кн. І.Франка «Каменярі» (мовамі народів світу) (К., с. 47-48) надрукаваны пераклад верша «Каменяры». (З укр.)
Выйшла на рускай мове аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». (Мн., пер. В.Шчадрына.)
Выйшла на эстонскай мове аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». (Талін, пер. Л.Соэ.)
Выйшаў на балгарскай мове раман «Чорны замак Альшанскі». (Сафія, пер. П.Кынева.)
Выйшаў на нямецкай мове нарыс «Зямля пад белымі крыламі». (Мн., пер. У.Чапега.)

1984
Да 27 студзеня

Беларускае радыё падрыхтавала трохсерыйны радыёспектакль паводле рамана «Чорны замак Альшанскі». (Літ. і мастацтва, 27 студз.)

Люты, 4 — 9

Напісаў вершы «Стары певень», «Старажытны беларус», «Паэт», «Балада пра развітанне», «Смяротная страта». (Паводле рукапісаў, якія захоўваюцца ў 1-й і 2-й папках хатняга архіва.)

Люты, 25

Шпіталізаваны ў рэанімацыю Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. Дыягназ: цыроз печані, пячоначная кома.

Сакавік, 20

Пераведзены з рэанімацыі ў агульную палату.

Красавік, 3

Выпісаўся з бальніцы. Знаходзіўся на стацыянарным лячэнні ў Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Да 29 сакавіка

На кінастудыі «Беларусьфільм» па яго сцэнарыі пастаўлены мастацкі фільм «Чорны замак Альшанскі». (Сааўтар сцэнарыя М.Пташук.) (Чырвоная змена, 29 сак.)

Красавік, 19 — 28

Знаходзіўся ў бальнічна-клінічным аддзяленні санаторыя «Аксакаўшчына». (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Май, 1

Закончыў складанне і вычытку зборніка паэзіі «Быў. Ёсць. Буду». (Запісная кніжка.) Выйшаў у 1986 г.

Май, 22

Закончыў вычытку кнігі п’ес «Старыя беларускія хронікі». (Запісная кніжка.) Выйшла ў 1988 г.

Чэрвень, 21

Прысутнічаў на вечары, прысвечаным 60-годдзю з дня нараджэння В.Быкава, які адбыўся ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы, а таксама на юбілейным банкеце. 19 чэрвеня да юбілею пісьменніка напісаў верш «Васілю Быкаву».

Чэрвень, 28 — ліпень, 2

Ездзіў у Кіеў на юбілейную сустрэчу выпускнікоў Кіеўскага універсітэта імя Т.Р.Шаўчэнкі. (Паводле слоў Н.С.Кучкоўскай.)

Ліпень, 12

Разам з фотакарэспандэнтам В.Ждановічам і мастаком П.Драчовым накіраваўся ў падарожжа на плыце па Прыпяці. Там яму стала дрэнна, 20 ліпеня вярнуўся ў Мінск. Прапаноўвалася бальніца, ад чаго катэгарычна адмовіўся. (З запісных кніжак // Полымя, 1989, № 3; Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Ліпень, 23

Раніцай развілося страўнікавае кровацячэнне. Па неадкладнай медыцынскай дапамозе ў цяжкім стане шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы 4-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства аховы здароўя БССР. (Медкарта № 27 паліклінікі Беларускага Літфонду.)

Ліпень, 25

Беларуская, уся шматнацыянальная савецкая літаратура панесла вялікую страту. 25 ліпеня на 54-м годзе жыцця пасля цяжкай і працяглай хваробы памёр выдатны беларускі паэт, празаік, драматург і публіцыст, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. (Літ. і мастацтва, 27 ліп.)

Снежань

Прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларускай ССР імя Якуба Коласа (пасмяротна) за раман «Чорны замак Альшанскі». (Пастанова ЦК КП Беларусі і Савета Міністараў Беларускай ССР // Звязда, 30 снеж.)

На працягу года

У кн. «Дзень паэзіі» (Мн., с. 137-143) надрукаваны вершы «Паэт», «Разведчык», «Быў. Есць. Буду…», «Стары певень», «Амаль хрысціянскі тост за ворагаў», «Хан і хабіб».
У кампл. А.Кашкурэвіча «Ілюстрацыі да трагедыі Гётэ «Фаўст» (Мн., вокл.; беларус., рус., ням.) надрукавана нататка «Наш Фаўст».
У кн. «Латышская савецкая паэзія» (Мн., 1984, т. 1, с. 172-173, 235-236; т. 2, с. 21-25) надрукаваны пераклады вершаў В.Руі «Цыган у трамваі», Е.Стулпанса «Журавінка», Я.Плотніекса «Балада пра дуб», «Пытанне сабе», «Балюча?..». (З латыш.)
Выйшла на рускай мове кніга «Чорны замак Альшанскі», куды былі ўключаны аднайменны раман і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». (Мн., пер. В.Шчадрына.)
Выйшла на ўкраінскай мове кніга «Чорны замак Альшанскі», куды былі ўключаны аднайменны раман і аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». (К., пер. К.Скрыпчанка.)
Выйшаў на чэшскай мове раман «Чорны замак Альшанскі». (Прага, пер. Е.Мюлерава.)
Савет Міністраў БССР прыняў 11 чэрвеня 1985 года Пастанову (№ 180) аб ушанаванні памяці вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. (Захоўваецца ў СП БССР.) Згодна з гэтай Пастановай, імя Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча нададзена сярэдняй школе № 3 г.Оршы, устаноўлена мемарыяльная дошка на доме № 36 па вуліцы Карла Маркса, дзе жыў пісьменнік, на яго магіле на Маскоўскіх могілках устаноўлены надмагільны помнік работы А.Анікейчыка.
У 1987-1991 гадах выдадзены збор твораў пісьменніка ў 8-мі тамах, яго імя прысвоена вуліцам у Оршы і Віцебску, у сярэдняй школе № 3 г.Оршы адкрыты мемарыяльны музей Уладзіміра Караткевіча, мемарыяльныя пакоі пісьменніка адкрыты ў інтэрнаце будаўнікоў г.Маладзечна і ў інтэрнаце вытворчага аб’яднання «Інтэграл» у Мінску.

1. Аўтар-складальнік летапісу — Анатоль Верабей.
2. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 428 — 480.

Яндекс.Метрика