Балада пра развітанне

Над пушчаю вецер гудзе, бы ў бядзе,
І хмары імкнуцца рыссю.
— Бязлітасны, чорны вораг ідзе.
Бывай, о бывай, Марыся.

Тут нельга больш. У адказ на крык
Савіны рогат лунае.
І душаць мову, і рэжуць язык,
І шкаляроў разганяюць.

І нават апоўдні на гонях туман,
З адчаю хаця задавіся,
І сіл няма, і вояў няма,
І здрадзіла панства, Марыся.

— Куды ж вы ідзеце? З лязом па лязу.
Ноч. Месяц — і той змарыўся.
— Мы пойдзем у пушчу, ў густую лазу,
Ў разбойнікі пойдзем, Марыся.

— Якая ў вас сіла? Пад ветрам дым?
Князь першы — і той скарыўся.
— Здабудзем волю, пакажам ім
Ці косці складзем, Марыся.

— А што, калі ён не здыме нагі
З ніў, што зараз толькі чапае?
— Тады мы спалім свае ачагі,
Калыскі свае пашчапаем.

— О, муж мой мілы! Святы, залаты!
— О, бацька мой, праўдай абраны,
Куды ж мне ісці, як загінеш ты?
— У пушчу з сякераю, Яне.

— А што як абодва? І ўсё без змен,
Маліся ці не маліся?
— Ну што ж, браць табе тады цэп ці бязмен,
І ў пушчу ісці, Марыся.

І месяц між хмар, як адчаю знак,
І страшнае ў свеце світанне.
Крывавы ўсход.
І канчаецца так
Балада пра развітанне.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 8 лютага 84 г. 20.09.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 258, 259.